Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Я спадзявалася на ўсё гэта, калі тэлефанавала яму на другі дзень па прыездзе ў Нямеччыну, але і хвалявалася: што ён за чалавек, ці захоча гаварыць са мною? Услухоўвалася ў голас, які быў па-маладому бадзёры і вельмі зычлівы. Мы дамовіліся сустрэцца на «Гауптвахэ» —сярэднявечны гэты будынак, дзе некалі месцілася гарадская варта, правяраючы ўсіх, хто ехаў у Франкфурт-на-Майне, цяпер быў заняты пад рэстаран і стаў візітнай карткай гэтага буйнейшага ў Еўропе біржавога цэнтра. Я нядоўга ішла ўздоўж невысокага карычневага будынка з выгнутымі гатычнымі аканіцамі — Барыс Уладзіміравіч з’явіўся перада мною нечакана.
Я міжволі здзівілася. Хоць і чула ад сына пра незвычайную бадзёрасць і маладжавасць нашага земляка, але ўсё ж ён ніяк не выглядаў на свае гады. Добрая, шчырая ўсмешка, ясныя, мудрыя і адначасна маладыя вочы...
— Вы — Вольга Міхайлаўна?
— Так.
— Рады вітаць Вас як пасланца нашай Беларусі.
Ад першых ягоных слоў мне стала так лёгка і проста, нібыта я апынулася ў даўняга родзіча. Мы былі на адной хвалі — гэтаю хваляй была агульная гарачая любоў да Беларусі, любоў, якую не так часта сустрэнеш і на роднай сваёй зямлі. А тут усё адбываецца, нібыта ў казцы: вакол чужая гаворка, экзатычныя хлопцы з напалову выбрытымі галовамі і пеўнікавымі чубамі, выфарбаванымі ў розныя колеры, хіпі і жабракі ў шыкоўных замшавых куртках, гамана і ярка асветленыя вуліцы — і пявучая беларуская мова, ад якой мы ўжо і адвыклі ў роднай краіне, дзе штодзень ліецца нават з экранаў тэлевізара нейкая скалечаная, засмечаная трасянка! (Вымушана зазначыць: сёння, у 2004 годзе, не чуваць і трасянкі — за вельмі рэдкім выключэннем, амаль усе, хто з’яўляецца на беларускім тэлеэкране, размаўляюць па-руску.)
Я расказала пра свае курсы і папрасіла, калі можна, дапамагаць мне арыентавацца ў незнаёмым горадзе.
— Ну, часу ў нас шмат, я пакажу Вам Германію. I не тую, што прапануюць турыстам. Я ж тут ужо быў — амаль пяцьдзесят гадоў таму, толькі не ў Франкфурце, а ў Мюнхене.
— Дзе працуе радыёстанцыя «Свабода»?
— Дзе часта выступаў і я, калі там супрацоўнічаў мой сябра Масей Сяднёў.
— Масей Сяднёў — Ваш сябра?
— 3 даўніх пасляваенных гадоў. А яго жонка Вольга — мая былая вучаніца.
He ведала, пра што і пачынаць пытацца. Перада мной сядзеў чалавек, пры жыцці якога была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка (БНР)
і які добра ведаў некаторых яе стваральнікаў. Які ўдзельнічаў у сходзе, дзе былі абвешчаны паўнамоцтвы БЦР. Які арганізоўваў настаўніцкія семінарыі, адміністрацыйна-гандлёвы інстытут пры немцах, а пасля, праз многія гады, стаў акадэмікам Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі і адным са славутых вучоных Амерыкі.
Яго званні і заслугі можна пералічваць доўга, але пытанні тут, на «Гауптвахэ», лепей не задаваць. Няхай гаворка ўзнікае і льецца нібы сама сабой. А я буду проста запамінаць і слухаць, слухаць...
Пацягнуліся дні і тыдні. Барыс Уладзіміравіч жыў (як і цяпер) у двух кроках ад Паўднёвага вакзала, па другі бок якога месціцца Франкфурцкі філіял Інстытута Гётэ. Таму пасля заняткаў я прыходзіла на вакзал, і мы ехалі то да Гауптвахэ, то, бывала, на абед да спадарыні Тамары Казевіч, якая заўсёды гасцінна прымае беларусаў Там, дарэчы, я ўпершыню ўбачыла карціну, намаляваную Барысам Уладзіміравічам, там ён заўсёды знаходзіць цеплыню і ўвагу.
Размовы за абедам — самыя змястоўныя і нечаканыя. Заўважала не раз— хочаш узяць інтэрв’ю, настройваешся на адпаведны лад, але, бадай, нідзе чалавек так не раскрываецца, як у нязмушанай сяброўскай атмасферы. Але, на жаль, тады звычайна пад рукой не бывае ні дыктафона, ні нататніка.
Таму, пачуўшы нешта цікавае, я, вяртаючыся дамоў (у пакойчык да фрау Бэкер, якая, правучыўшыся некалькі гадоў у школах былой ГДР, часам іранічна спявала мне рускія песні, хаця я ўпарта даказвала, што я з Беларусі), запісвала імёны і прозвішчы, каб пасля даведацца, што яны азначаюць для нашай культуры.
Я лічыла, што многае ведаю пра папярэднікаў. Аднак гэта было не так. Многія прозвішчы я сапраўды чула ўпершыню. Крыху пазней, ды за апошнія дзесяць гадоў, з’явіліся шматлікія публікацыі пра беларусаў у Амерыцы, Аўстраліі, Канадзе, Нямеччыне. Тады толькі пачынаў сваю велічэзную працу нястомны Адам Мальдзіс, паднімалася «Бацькаўшчына», іншыя грамадскія арганізацыі.
I ўсё ж пра некаторых слынных дзеячаў нашай культуры, такіх, як паэт Хведар Ільяшэвіч, любімы многімі на эміграцыі, пра кампазітараў Міколу Шчаглова-Куліковіча і пра некаторых іншых я ўпершыню пачула ад Барыса Уладзіміравіча Кіта.
Са здзіўленнем даведалася таксама, што добры мой знаёмы паэт Самсон Пярловіч з Наваградка быў адным з вучняў Барыса Уладзіміравіча. Больш за тое — яго вучнем быў вядомы празаік і крытык Уладзімір
Віктар Чайчыц, обербургамайстарЛяймэнсі Е. Хербар, Вольга Іпатава, Пётр Садоўскі, БарысКіт. Ляймэн, / 993 г.
Калеснік, з якім некалі ў гады вайны сябравалі мае бацька і маці. А тая гімназія, да будаўніцтва якой прыклаў свае намаганні і Барыс Уладзіміравіч, стаяла зусім блізка ад маёй першай школы... Праўда, яна даўно носіць імя Адама Міцкевіча і перастала быць беларускамоўнай ужо недзе з шасцідзесятых гадоў.
Прастора, у якой мы існавалі, выглядае, была непадзельнаю. Справы далёкіх, як здавалася раней, часоў станавіліся блізкімі і дарагімі.
Сваім гасцям Барыс Уладзіміравіч звычайна паказваў славуты горад, дзе ён жыве, і ягоныя ваколіцы, пра якія ў мінулым стагоддзі шмат пісалі класікі рускай літаратуры Ф. Дастаеўскі (чые продкі, як вядома, паходзілі з Беларусі), а таксама I. Тургенеў. Усё гэта, па сутнасці, хоць я і не была ягонай госцяй, чакала і мяне.
Заняткі на курсах вымагалі шмат часу і высілкаў, але субота і нядзеля былі вольныя, і мы пачалі вандраваць па ваколіцах горада, які я адкрывала найперш з дапамогай Барыса Кіта. Дом, дзе нарадзіўся Гётэ, 1 Іаульскірхэ, якую называюць калыскай еўрапейскай дэмакратыі, Alte Орег... Гэты маршрут быў для ўсіх гасцей Барыса Уладзіміравіча ўжо звыклым — БадэнБадэн, Дармштадт, Вісбадэн і іншыя, знаёмыя паводле рускіх класічных твораў гарады. Знаёмымі сталі і для мяне гэтыя маршруты ў наступныя гады, але ўсё роўна — кожны раз, збіраючыся ў дарогу, адчувала моцнае хваляванне і натхненне, бо кожная паездка не толькі адкрывала нешта новае ў самім горадзе, але і рабілася падзеяй сама па сабе. Часта мы ездзілі ўтрох — Барыс Уладзіміравіч, спадарожніца яго жыцця і каханая жанчына Тамара Казевіч — заўсёды спакойная, элегантная, нястомная, і я. Аднойчы, ужо праз тры гады пасля майго першага прыезду, да такой паездкі далучыўся і мой сын, які на той час працаваў над доктарскай дысертацыяй у Гётэ-клініцы, і ўчатырох мы паехалі на сустрэчу ў Дзюсельдорф да беларускага навукоўца Уладзіміра Платонава, былога прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі.
I якая ж гэта была шчырая размова і гаворка! Я назірала за вучонымі двух розных пакаленняў, гістарычных эпох, нават светаадчуванняў (вядома ж, Платонаў застаўся ў многіх сваіх выказваннях і нават спадзяваннях савецкім чалавекам, якому на працягу ўсяго ягонага жыцця даводзілі, што тыя, хто застаўся на чужыне, ворагі). 1 толькі калі сам ён, нягледзячы на тое, што тады не з’яўляўся эмігрантам, а ўсяго толькі выкладаў за мяжой, ужо ў поўнай ступені адчуў савецкую нецярпімасць і нават атрымліваў ад сваіх калег кляймо «здрадніка», толькі тады, як мне падалося, ён па-новаму асэнсаваў, якой трагедыяй было для такіх людзей, як Барыс Уладзіміравіч, развітанне з радзімай, і ўсё яшчэ асэнсоўваў, чым была для іх Беларусь і яе незалежнасць. Для гэтага, нібыта беларускага інтэлігента радзімай сталася не сама Беларусь, а Савецкі Саюз, і ён, як і пераважная большасць яго калег, не адчуваў ад таго ніякага ўціску і не лічыў неверагоднай недарэчнасцю занядбанне сваёй собскай мовы. Аднак розум і талент пераважылі ідэалагічныя штампы, і ён спрабаваў гаварыць, як і мы, па-беларуску. А Барыс Кіт, які сядзеў насупраць, быў усё ж іншы — у ім адчуваўся той арыстакратызм, які даецца альбо нараджэннем, альбо доўгімі духоўнымі высілкамі і свабодай, у ім была нязмушанасць і ўнутраная разняволенасць.
Мой сын маўчаў і толькі слухаў агульную гаворку. Думаецца, што ён, малады вучоны, назаўсёды запомніў кожнае слова і адчуў непаўторны смак высокаінтэлектуальнай гаворкі, гэтак жа, як адчувала і я тую размову Платонава і Кіта ў невялікім рэстаранчыку ў Дзюсельдорфе, амаль пустынным, бо ўсе наведнікі сядзелі на адкрытых пляцоўках, на набярэжнай... Сонца клалася яркімі плямамі на сталы, накрытыя асляпляльна белымі сурвэткамі, цьмяна адблісквалі карціны на сценах, скрозь зачыненыя вокны даляталі бесклапотныя галасы людзей, што з асалодай бавілі час, не надта задумваючыся над палітычнымі калізіямі, а тут ішла страсная гаворка пра будучыню Беларусі, пра знікненне яе патэнцыялу — таленавітых вучоных, пра тое, што ў аспірантуру прыходзіць усё менш маладых, а самыя знакамітыя людзі навукі вымушаны зарабляць на хлеб за межамі краіны. Ішла гаворка і пра нядаўнюю сустрэчу Платонава з прэзідэнтам краіны, які шмат чаго наабяцаў вучонаму. Ды на той час ніводная ягоная прапанова не была прынятая...
Для многіх беларусаў менавіта Б. Кіт «адкрываў» Захад — раней грозны і недаступны, ён рабіўся калі і не звыклым, дык, прынамсі, больш зразумелым.
Адкрываў Барыс Уладзіміравіч Захад і для мяне. Слухаючы яго, я заўсёды ўспамінала словы незабыўнай Ларысы Антонаўны Геніюш, якая
аднойчы ў размове пра дэмакратыю сумна сказала: «Усе вы, хто вырас пры гэтай уладзе, ніякага ўяўлення не маеце, што такое дэмакратыя».
Сам ён быў жывым увасабленнем таго, што дэмакратычны свет можа даць чалавеку таленавітаму і энергічнаму. Пачаўшы жыццё наноў у трыццаць з гакам, прыехаўшы ў чужую, незнаёмую краіну, ён здолеў зрабіць выдатную навуковую кар’еру, праславіцца, а пасля, выйшаўшы на пенсію, пачаць яшчэ адзін круг жыцця — абараніць у 72 гады доктарскую дысертацыю, набыць мноства самых прэстыжных званняў і ўзнагарод у Еўропе!
Апроч таго, ён быў носьбітам і тых даўніх, нам ужо недаступных традыцый вытанчанай, элітарнай культуры, амаль паўсюль знішчанай войнамі сярэдзіны стагоддзя.
Калі ў заходніх абласцях Беларусі сяляне яшчэ ў пяцідзесятых гадах здымалі шапкі перад доктарам ці настаўнікам (гэтыя прафесіі сёння маюць ці не самы нізкі рэйтынг сярод маладых), то можна сабе ўявіць, кім былі ў вачах грамадства выкладчыкі унівсрсітэтаў, прафесары! Адзін з вучняў Барыса Уладзіміравіча, акадэмік Алесь Раковіч прыгадваў, якой пашанай і павагай было абкружанае імя Б. Кіта — спачатку студэнта універсітэта Стэфана Баторыя, а пасля — дырэктара Віленскай беларускай гімназіі ў вачах вяскоўцаў у яго родных Агародніках пад Карэлічамі. Сын селяніна, ён, як і вялікі Якуб Колас, здолеў уласнымі намаганнямі падняцца да ўзроўню сапраўднага інтэлігента, патрыёта сваёй занядбанай радзімы.