Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Барыс быў занадта малы, каб па-сапраўднаму зразумець усю горыч свайго бацькі. Але смерць маці ён запомніў як вялікую страту. Яны засталіся з бацькам удвух, і на кожным кроку гэтая страта нагадвае пра сябе. Бацька кожную раніцу цярпліва паліць печ, часам прыязджаюць ягоныя сёстры што-колечы дапамагчы, але ў кожнай свая сям’я і гаспадарка. Дзесяцігадовы Барыс дапамагае чым можа, але ўсё часцей цёткі заводзяць гаворку пра тое, што хаце патрэбная гаспадыня, называюць лепшых нявест у ваколіцы і на адгаворы бацькі даказваюць, што мужчын і хлопцаў значна меней, чым дзяўчат і маладзіц: тых забіраюць ваенныя мітрэнгі, што ніяк не скончацца... Цётка Анюта працуе ў заможнай сям’і ў вёсцы Ятры, там прыгледзела ў ятраўскіх Шведаў Алену. У сям’і Шведаў тры сыны і дзве дачкі — Каця і Алена. Каця замужам за дыяканам мясцовай царквы, а бацька дыякана святар. Чым не пара? Алене, праўда, ужо дваццаць восем гадоў, яна была ва ўцекачах, скончыла настаўніцкія курсы, вучоная. Добра спявае, дапамагае сястры Каці, што прыслужвае ў царкве вёскі Валеўка.
Барыс не хоча слухаць іхніх размоваў, уцякае з хаты, кіруе на могілкі, дзе пад драўляным крыжам вечным сном спіць матуля. Аднак праходзіць месяц за месяцам, і ў душы яго нараджаецца жаль да бацькі, які цягне на сабе нялёгкі воз і мужчынскай, і жаночай працы. Таму, калі аднаго разу цёткі, наперабой аглядаючы святочна апранутага бацьку, абмяркоўваюць дэталі будучых заручынаў і вяселля, ён не пярэчыць, хаця сэрца сціскаецца ў балючы камяк. Дарослыя едуць у Ятру і прывозяць адтуль невысокую жанчыну з карымі вачыма. Гэта — яго мачыха Алена.
I яшчэ ўспамін: трапеча ў печы вясёлае зыркае вогнішча, за сталом сядзіць Алена, трымаючы на руках маленькі крыклівы камячок. У яго брат, яго назвалі Левам. Праходзіць не так і шмат часу, як у сям’і нараджаецца Ірынка. Працы пабольшала, але Барысу гэта не замінае вучыцца, хаця стабільнасці як не было, так і няма. He паспеў пачаць працу гэтак званы Генеральны камісарыят усходніх зямель, што сурова караў усіх, хто паспеў пакарыстацца панскай зямлёй, як у ліпені 1920 года перайшла ў наступ Чырвоная Армія. Кароткае адступленне — і войска Тухачэўскага пацясніла палякаў ужо ў самой Польшчы. Здавалася, вайна прайшла, дасхочу насыціўшыся ахвярамі. Аднак у жніўні 1920 года няўдалыя баі на Вісле і
адступленне Чырвонай Арміі ад Варшавы зноў вярнулі яе на землі Заходняй Беларусі. Адступаючы, кожнае войска пакідала шмат зброі — гарматы, кулямёты, патроны, снарады. Мясцовыя стараліся выкарыстаць усё — з гільзаў рабілі газнічкі, колы ішлі на фурманкі. Аднак найбольш радаваліся ўсім ваенным знаходкам хлапчукі. Пасвячы кароў, яны шнарылі па кустах, а пасля, сабраўшыся ля вогнішча, калупаліся ў патронах, дастаючы порах, каб ладзіць свае няхітрыя феерверкі. Як аб цудзе, расказвалі ў вёсцы аб жалезных птушках — самалётах, а старыя людзі хрысціліся і казалі, што гэта і ёсць прадказаны ў Бібліі канец свету.
Барыс не мог сачыць за хуткаплыннымі падзеямі, што разгортваліся на ягонай Бацькаўшчыне і што зрабілі на лёс яго пакалення свой уплыў: абвешчаная ў другі раз 31 ліпеня як незалежная, Беларуская Савецкая Рэспубліка ў такой якасці ў самой Расіі не ўспрымалася, таму ўжо з самага пачатку перамоваў паміж ёю і Польшчай, якія пачаліся 17 жніўня 1920 года, нікога з самой Беларусі на іх не было. Да таго ж ужо ў лістападзе 1920 года III з’езд кампартыі Расіі прызнаў БССР састаўной часткай РСФСР. Але яшчэ раней, 12 кастрычніка 1920 года, па дамове, складзенай у Рызе (у склад дэлегацыі ўвайшлі А. Іофе, С. Кіраў, Д. Мануільскі, А. Абаленскі), ад Беларусі былі адарваныя вялікія кавалкі тэрыторыі, супраць чаго рэзка пратэставала Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак і праз пяць месяцаў, пры падпісанні канчатковай мірнай дамовы, якая ўвайшла ў гісторыю як Рыжская, інтарэсы Беларусі не былі ўлічаныя. Больш за тое — ёю расплаціўся за свае вайсковыя няўдачы і бяздарную палітыку ўрад Леніна.
Заходнія землі Беларусі з насельніцтвам больш за чатыры мільёны адышлі да Польшчы. БССР, што стала часткай Расіі, займала ўсяго шэсць паветаў, дзе пражывала крыху болей за паўтара мільёна чалавек. Абодва бакі дэкларавалі часткам разрэзанай па жывому Беларусі свабоднае развіццё культуры, мовы, вольнае выкананне рэлігійных абрадаў. Аднак у рэальным жыцці ўсё сталася іначай.
На Карэліччыну вярталіся былыя ўладальнікі зямель, польскія асаднікі, якім аддавалі лепшыя надзелы зямлі. Затое беларусы не атрымлівалі нічога, зноў працуючы на чужынцаў. Зноўку сталі па-драпежніцку вывозіцца з Беларусі яе багацці: лес, лён, зерне, а людзі — выязджаць у Амерыку, Канаду ды іншыя багатыя краіны, каб зарабіць грошы і купіць свой уласны кавалак зямлі. Уладзімір Кіта выбраў іншы шлях — ён застаўся на радзіме. Трое малалетніх дзяцей і жонка не маглі ўтрымліваць гаспадарку. Таму гібеў на сваім малазямельным надзеле, цяжкаю працай зарабляючы на хлеб і на тое, каб вывучыць сваіх дзяцей. У школу Барыс пайшоў
адразу ў чацвёрты клас — бацька змог добра падрыхтаваць яго да заняткаў. Школа ўжо была польскай, аднак нейкі беларускі дух у ёй яшчэ захоўваўся: пасведчанне аб заканчэнні навучальнага года надрукаванае па-беларуску і па-польску. Сярод пяцёрак школьніка Кіта толькі па гісторыі Польшчы, Закону Божаму ды фізіцы больш нізкія адзнакі. Цікава і тое, што тады ў звычайнай школе вывучаліся латынь і, апроч польскай ды беларускай моваў, яшчэ руская, французская ды нямецкая. «У чым не адмовіш палякам, дык гэта ў якасці выкладання», — зазначае і сёння Барыс Уладзіміравіч.
Але тады яму было вельмі нялёгка. Вучыцца амаль на выдатна было няпроста: даводзілася шмат дапамагаць па гаспадарцы. Адна нарыхтоўка сена для селяніна чаго каштавала — у час і па-майстэрску скасіць траву, выкладваць край стажка так, каб ён не абваліўся, каб дождж не трапіў унутр тарпы, каб зімовыя сцюжы і завірухі не растрэслі стажок, бо калі не хопіць карове сена, то прыйдзецца ўвесну закупляць яго ўтрая даражэй.
Улетку ён пасвіў кароў і даводзілася пільна глядзець, каб на вузкіх шнурках каровы не ўлезлі ў чужое. Ухітраўся яшчэ і часцяком зазіраць у кніжку, бо чытанне стала для яго жыццёвай неабходнасцю і асалодай. А чытаць хацелася, перад усім пра тое, што рабілася навокал і пра што казалі і пісалі палымяныя патрыёты — беларускія паслы ў польскім Сейме Фабіян Ярэміч, Сяргей Баран, Васіль Рагуля, Пётр Мятла і іншыя. Пазней, ужо ў гімназіі, уздымалі вольны дух і прамовы Браніслава Тарашкевіча, кіраўніка Грамады, чые шэрагі імкліва папаўняліся, так што да канца 1926 года яна налічвала сто тысяч сяброў. Грамадоўскі рух быў пратэстам супраць палітыкі нацыянальнага ўціску, якую праводзілі польскія ўлады, і пратэст гэты падзяляла ўся нацыянальная інтэлігенцыя.
У Агародніцкай школе паўшэхнай асабліва вылучаўся сваімі крытычнымі настроямі настаўнік Сцяпан Рамановіч. Аднойчы, калі ён выклікаў да дошкі Барыса, задаў яму наступную задачу: «Кіта, уяві, што ты ёсць польскі асаднік на Беларусі. Увосень ты нажаў пэўную колькасць жыта. Як робяць пераважна асаднікі, ты паленаваўся, не змалаціў яго, а проста вывез у мястэчка і прадаў за пэўную колькасць злотых, ну няхай за 500. Дзеля таго, што гэта быў чысты прыбытак, паставім перад гэтай лічбай знак плюс. Атрымаўшы гэтыя грошы, ты пайшоў у карчму і парадкам выпіў гарэлкі, ну скажам, на 50 злотых, таму паставім перад 50 знак мінус. Колькі засталося?»
Дзеці асаднікаў паскардзіліся бацькам, якімі гультаямі і п’яніцамі выстаўляе іх настаўнік матэматыкі, скарга пайшла далей у вышэйшыя школьныя інстанцыі. Пачалося следства.
Дзеці-беларусы сабраліся пасля ўрокаў і дамовіліся ратаваць любімага настаўніка, адмаўляючы ўсё, у чым яго абвінавачвалі. Але паколькі адным з лепшых вучняў быў Барыс Кіта, то для высвятлення ўсіх абставінаў выклікалі менавіта яго. Увай-
шоўшы ў кабінет, ён В. Іпатава і Б. Кіту Вісбадэне
пабачыў, якім віна-
вата-спалоханым выглядае іхні дырэктар Дулемба, і зразумеў, наколькі ўсё сур’ёзна.
— Мы ведаем, што ты добра малюеш, маеш добрую будучыню, — лагодна загаварыў адзін з правяральшчыкаў, — раскажы нам усё, як было, бо гэта ў тваіх інтарэсах...
Але Барыс трымаўся загадзя абдуманай версіі — пра польскіх асаднікаў на ўроках матэматыкі не было ніякай гаворкі! I, пастрашыўшы яго ды памучыўшы, прыезджыя мусілі адпусціць хлогіца. Тое ж сказалі і астатнія беларускія вучні, не даўшы падставаў для звальнення настаўніка. Аднак гэты выпадак не прайшоў для Рамановіча лёгка: яго ўсё ж перавялі ў іншую школу. А Барыса Кіта пазбавілі стыпендыі, якую яму амаль абяцалі як адоранаму ў мастацтве вучню. Аднак удзячны за заступніцтва настаўнік Рамановіч вырашыў дапамагчы чатыром найбольш актыўным вучням — Барысу Кіту, Кастусю Васілеўскаму, Аркадзю Вярбіцкаму і Язэпу Гоцку — падрыхтавацца да паступлення ў Наваградскую беларускую гімназію. Там квітнее беларускі дух, там іх змогуць накіраваць у рэчышча нацыянальнай самасвядомасці, без якой не можа быць незалежнай Беларусі. Там выхоўваюць будучых змагароў за ўласную дзяржаву і родную мову...
Лета, калі яны рыхтаваліся да ўступных экзаменаў, добра запомнілася Барысу. Гэта быў час нацыянальнага ўздыму. Грамада, паводле слоў даследчыцы Заходняй Беларусі Аляксандры Бергман, «пачала вырастаць у такім надзвычайным тэмпе, што паліцыя страціла кантроль над сітуацыяй. Шмат абшарнікаў і асаднікаў уцякло ў Польшчу цэнтральную. Сяляне ў многіх мясцовасцях не пушчалі на свае сходы паліцыю». Нацыянальны ўздым найболып уражваў тым, што на яго адгукнулася моладзь.
Узрасла цікавасць да роднага слова, яно стала ўспрымацца як першаступенная каштоўнасць. Пра гэта часта гаварылі паміж сабой юнакі, і заўсёды да іх далучаўся Сцяпан Рамановіч, які бачыў у іх надзею Беларусі.
Яны адчувалі ў сабе сілы нешта зрушыць у навакольным, але спачатку трэба было стаць гімназістамі. На гэта ж нацэльваў бацьку і дзед, Аляксандар Кіта. Некалі ён, малазямельны селянін, змог даць адукацыю сыну Уладзіміру. Цяпер была чарга за ўнукам Барысам.
Бацька сам адвёз яго на іспыты ў Наваградак, дзе ён паступаў адразу ў шосты клас гімназіі. Тады Барыс упершыню ўбачыў месца, пра якое даўно і доўга марыў. Куды праз семдзесят гадоў ён прыедзе, каб прыняць званне ганаровага грамадзяніна гэтага старажытнага горада, былой сталіцы Вялікага княства...