Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Але тады, калі ён пабачыў залатыя купалы старажытнай царквы, руіны замка, недалёка ад якога месцілася гімназія, хлопчык найбольш хваляваўся ад таго, што наперадзе былі іспыты. I хаця настаўнік Рамановіч казаў, што яму дарога ў гімназію адчыненая, Барыс супакоіўся толькі тады, калі ў спісе прынятых убачыў сваё прозвішча. Тады ж ён пазнаёміўся з некаторымі гімназістамі, сяброўства з якімі захаваў на ўсё жыццё. Сярод іх быў Аляксей Анішчык, які праз шмат гадоў напіша пра сваю родную гімназію ў многіх вершах і празаічных творах. Пра экзамены ж, пра настаўнікаў гімназіі ён у сваёй паэме «Мондзінская балада» напісаў наступныя гумарыстычныя радкі:
Выклікалі і мяне.
Выйшаў, стаў я пры сцяне, I калоціцца ўсё цела, — К чорту веда паляцела. Штось гавораць: «Гу-гу-гу», Зразумець жа не магу... Чубрык аж пачырванеў, Сціснуў жаль яго і гнеў... Руку ўзяў маю Скрабец: «Колькі у гняздзе яец У вароны? — раскажы, Перш падумай, не дрыжы. Ты адкуль? 3 якое вёскі?
Ёсць сябры там? Можа, цёзкі?»
Узгадваючы там пра сваіх сяброў, Анішчык піша пра Кіта як пра лепшага футбаліста гімназіі. Але праз доўгія дзесяцігоддзі кніга яго, прысвечаная выдатнаму свайму земляку, будзе расказваць пра Барыса Кіта
як пра славутага вучонага, зорная дарога якога пачыналася ў сценах роднай для іх абодвух Наваградскай беларускай гімназіі... Абодва гэтыя вучні праславілі і сваіх настаўнікаў, пакінуўшы іхнія імёны ў спісе слынных беларускіх дзеячаў. Хведар Чубрык, якога ўзгадвае ў «Мондзінскай баладзе» А. Анішчык, быў яго першым вясковым настаўнікам, які прывёз свайго вучня на іспыты. А Пётра Скрабец (чый далёкі родзіч з Любчы праз многія гады стане дэпутатам парламента і стане змагацца за незалежнасць Беларусі ў нашай найноўшай гісторыі) быў спачатку выкладчыкам, а потым дырэктарам гімназіі, чалавекам, удзячнасць да якога пранясуць праз усе свае гады многія гімназісты, бо дзякуючы яму ўсталявалася ў гімназіі тая асаблівая духоўная блізкасць паміж педагогамі і навучэнцамі, якая праславіла гэтую навучальную ўстанову і здабыла ёй бясспрэчны аўтарытэт.
Развітваючыся з сынам, пакідаючы яго ў сценах гімназіі, Уладзімір Кіта і ганарыўся сваім першынцам, і трывожыўся за яго будучыню — ці здолее ён здабыць стыпендыю як здольны вучань, ці зможа сам пайсці па дарозе ведаў? I трывога гэтая вылілася ў словах, якія сталі для Барыса праграмнымі:
— Цяпер ужо, сынок, караскайся сам...
Першыя прыступкі
«Тут першыя ягоныя прыступкі Да славы, да свабоднага жыууя»
Самсон Пярловіч
Старажытны Наваградак, першая сталіца Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, чыё 950-годдзе адзначалася ў 1995 годзе і куды з гэтае нагоды прышле сваё прывітанне акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, заслужаны прафесар Мэрылендскага універсітэта, залаты медаліст навуковага таварыства імя Германа Обэрта Барыс Кіт, у 30-х гадах мінулага стагоддзя быў ужо звычайным мястэчкам — тлумным, з забітай фурманкамі плошчай, са шматлікімі крамкамі і падслепаватымі дамкамі мяшчан, з разнастайнымі гандлёвымі шыльдамі і зарослым бур’янам гарадзішчам. За гады панавання тут Расейскай імперыі забыліся яго былая слава велікакняжацкай сталіцы, яго гераічная мінуўшчына, толькі невялікая частка якое апетая геніяльным Адамам Міцкевічам. Ужо слоўнік Брокгауза і Эфрона апісвае яго так: «Жыхароў было ў 1861 годзе 6 379, да 1 студзеня 1886 года 13 656, з іх 6 965 мужчын і 6 691 жанчына... праваслаўных 1 788, каталікоў 2 976, пратэстантаў 83, яўрэяў 8 137, магаметан 545, іншых веравызнанняў 65. Дваран 948, духоўнага саслоўя 42, ганаровых грамадзян і купцоў 58, мяшчан 12 135, ваеннага саслоўя 311, іншых саслоўяў 52. Праваслаўных цэркваў 2, адна з іх, Барысаглебская, заснаваная ў глыбокай старажытнасці, больш за 200 гадоў была уніяцкаю манастырскай царквой і затым зноўку абернутая ў праваслаўную. Касцёлаў 2, сінагога 1, малітоўных школ 6, мячэць 1».
1 ў гады юнацтва Барыса Кіта па-ранейшаму жыла тут вялікая частка яўрэйскага насельніцтва, яна надавала гораду той своеасаблівы каларыт, які адлюстраваў той жа Аляксей Анішчык:
А народу тут — як мора! Мацае курэй там Сора, Побач качку цягне Роха, На іх едзе воз Цімоха, I за ім вазы... вазы... — «Сто вязес там? Паказы!..»
Нэвах, Ічка, Гірш глухі Хапаюцца за мяхі...
Барыс хутка ўвайшоў у жыццё і вірлівыя будні гімназіі, захапіўся вучобай. У вольныя ж хвіліны разам з новымі сябрамі хадзіў на Замкавую гару і, караскаючыся па шчарбатых цаглінах падвалін, магутных некалі сценаў, задумваўся над тым, хто і калі пабудаваў іх. Зрэшты, пра гэта гаварылі на ўроках гісторыі — пра Міндоўга і Войшалка, якія зрабілі гэты горад першай сталіцай Вялікага княства, збіраючы вакол Наваградка землі Дзяволтвы, Нальшчанаў, Дайновы. Казалі і пра Альгерда, які акунуў сваю дзіду ў Чорнае мора, а пасля прынёс яе да сцен Крамля, прымусіўшы трэсціся Дзмітрыя Данскога. А яшчэ ўзгадвалі пра Вітаўта Вялікага, які здабываў славу пад Грунвальдам, дзе стаялі супраць крыжакаў найперш беларусы, каму належала гэтая зямля. Пра Рыгора Цамблака, мітрапалітапісьменніка з далёкай Візантыі, што засноўваў тут самастойную Наваградскую метраполію, пісаў Вацлаў Ластоўскі. Некаторыя сцвярджалі, што гэты славуты чалавек памёр і пахаваны ў Наваградку. Але магіла яго не захавалася...
Вучні хадзілі і на старажытныя могілкі, дзе некаторыя надмагіллі былі сапраўднымі творамі мастацтва. Надпісы на польскай, рускай мовах апавядалі аб нейчых жыццях, што скончыліся тут, а пачыналіся, мяркуючы па эпітафіях, у далёкіх краях. Могілкі выглядалі сапраўдным некропалем, з іх далёка бачная была даліна ў напрамку да славутага возера Свіцязь. Наогул, усё тут дыхала старажытнасцю, нават у банку «Спулдзельчым», што стаяў недалёка ад касцёла, вокныі дзверы паўставалі як мастацкія вырабы, а дзяўчаты, што пырхалі па вуліцах, выглядалі на сапраўдных паненак.
Гімназія, куды паступіў Барыс, месцілася напачатку ў старых мурах ля замка. Раніцай тут працавала яўрэйская школа, у другую змену прыходзілі сюды беларусы.
Прыцягальнасць гімназіі для навакольных вёсак і мястэчкаў грунтавалася не толькі на досыць даступнай для местачковых людзей аплаце — блізу 300 злотых у год, што адпавядала кошту шасці кароў. Важным было найперш тое, што якасць навучання была высокая, веды тут давалі грунтоўныя, і гэта адчыняла дзверы ў будучыню. Нямала значыла і тое, што выкладчыкі, пачынаючы ад дырэктара, з вялікім клопатам і любоўю вучылі сваіх выхаванцаў, стараліся ўнікнуць у іхнія патрэбы, дапамагчы ім. Першым дырэктарам гімназіі быўЯн Цеханоўскі. На выгляд строгі, нават суровы, ён, як засведчылі многія яго выхаванцы, валодаў словам і на ўроках гісторыі літаральна зачароўваў вучняў аповедамі аб крывавай, але і
гераічнай барацьбе за волю, якую праз стагоддзі вялі беларусы. У такія хвіліны, як піша А. Анішчык, «сціскаліся ад болю нашы ўражлівыя сэрцы, і гатовы быў памерці за край родны кожны з нас». Яго замяніў на гэтай пасадзе Пётр Скрабец (1881-1962 гг.) Высокі, мажны, з празрыстымі зеленаватымі вачамі пад густымі чорнымі бровамі, ён адразу стаў для Барыса абаронцам і памагатым: у той час як іншыя вучні шукалі прыватныя кватэры ў горадзе, ён, убачыўшы бядотнае становішча хлопца, ведаючы, што той не мае маці, уладкаваў яго ў інтэрнат пры гімназіі, нягледзячы на тое, што гімназія не мела дзяржаўных датацый, яе ўтрымлівалі пераважна на грошы бацькоў. Бывала, заробак настаўнікам сплачвалі бульбай, салам ці жытам — тым, што маглі даць сяляне як плату за навучанне сваіх дзяцей. За арэнду таксама даводзілася плаціць, гаспадары — Нохім і ягоная жонка Цыля — сачылі за парадкам у класах. He даваў спатолі аматарам што-небудзь надрапаць на дзвярах ці парце і школьны вартаўнік Федзя — каларытны, як мастак, з вечнай люлькай у жоўтых зубах, з бірулькамі замест гузікаў, у шарачковых портках і ботах, густа намазаных дзёгцем.
У шостым класе Барыс Кіта стаў значна вылучацца сярод іншых. Асабліва любіў яго настаўнік матэматыкі Данілевіч. Часам, абвёўшы клас вачыма і ўбачыўшы, што не ўсе зразумелі новы ўрок, ён выклікаў да дошкі Барыса, ведаючы, што той схоплівае ўсё імгненна. Заўсёды выклікала яго падчас інспектарскіх праверак і настаўніца французскай мовы Жазефіна Запольская. Нават строгі фізік Міхал Чатырка, які спачатку мог і паставіць непаслухмянага гімназіста ў кут, даўшы яму ў рукі цагліну, быў ласкавы да Барыса. Настаўнікаў у гімназіі паважалі, а многіх любілі. Шкадавалі гімназісты, напрыклад, маладога педагога Мілова, якога прыгнала ў Наваградак ваеннае ліхалецце і які памёр, прыгнечаны нягодамі жыцця. Аднак у знак пратэсту шмат дурэлі на ўроках польскай мовы, якую выкладала пані Зося Барановіч. Паступова, калі пераходзілі ў старэйшыя класы, усё болей адчувалі сябе дарослымі, і ў класах панавала атмасфера годнасці і павагі.
Вучыцца было цікава. Разам з творамі Я. Купалы, М. Багдановіча, Ф. Багушэвіча, Я. Коласа на мове арыгінала вывучалі творчасць Байрана і Шатабрыяна, Вісліцкага і Міцкевіча, Дастаеўскага і Талстога. Адтуль, з часоў гімназіі, з’явілася ў Барыса любоў да музыкі, асабліва да творчасці Чайкоўскага, Шапэна, Бетховена, Моцарта. Калектыў педагогаў з цягам часу мяняўся. Прыйшоў Антон Валынчык, які ў 1935 годзе скончыў вышэйшыя музычныя курсы Варшаўскай кансерваторыі пры Крамянецкім музычным ліцэі. Ён арганізаваў хор, які з поспехам выступаў у горадзе і які
надта любілі наваградцы за песні, што Валынчык пачаў пісаць менавіта ў свае наваградскія гады. Яшчэ пазней з’явіўся ў гімназіі Язэп Драздовіч. Высокі, тонкі, як бы адрачоны ад навакольнага, ён апантана маляваў тое, што бачыў у часе вандровак па Беларусі: Віленскія краявіды, ваколіцы Свіцязі... Барысу ўзгадваліся ягоныя дзіцячыя малюнкі, у яго душы матэматыка і мастацтва змагаліся паміж сабою. Тым болей што Драздовіч быў паглыблены ў свае праблемы — збор этнаграфічных матэрыялаў, якія ён пазней перадаў у фонды Віленскага беларускага музея, удзел у рэгіянальнай і Пазнанскай усеагульнай выставах. Гэта, дарэчы, выклікала незадавальненне кіраўніцтва. Мастаку давалі меней урокаў (у 1929 годзе ён, напрыклад, меў 13 гадзін у тыдзень і, адпаведна, атрымліваў толькі 80 злотых штомесячна).
Барыс, павагаўшыся крыху, усё ж цалкам аддаўся матэматыцы, і жывапіс застаўся ў ягонай душы як даўняе юначае захапленне. Да таго ж душы гімназістаў былі акрыленыя змаганнем за родную мову і нацыянальнае самавызначэнне.