Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Барыс Кіт, Вольга Іпатава і бургамістр горада Ляймена сп. Эрбар
знайсці ўзаемаразуменне з польскімі ўладамі. Рабіў ён гэта, бо стараўся захаваць надта патрэбную для нацыянальнай справы беларускую гімназію. Аднак не ўсе ягоныя сучаснікі разумелі яго. Праз шмат гадоў Васіль Рагуля з непрыязнасцю ўзгадае ў сваіх мемуарах: «Астроўскі застаўся верным сабе: «На бе-
ларускую справу буду браць грошы не толькі ад бальшавікоў, але і ад чорта».
Барыс тады не надта задумваўся, адкуль дырэктар бярэ грошы. Ён быў шчаслівы тым, што мае працу, што яго сярод многіх выбраў аўтарытэтны ў яго вачах чалавек, што Р. Астроўскі ставіцца да яго шчыра і прыязна. Дарэчы, да таварыскага, адкрытага душою хлопца па-сяброўску ставіліся і іншыя, напрыклад Мікола Шчорс, які вучыўся на медычным факультэце і прыехаў у Вільню на два гады пазней за Барыса, скончыўшы тую ж Наваградскую гімназію. Сябрам стаў яму і Хведар Ільяшэвіч, таленавіты паэт, і ягоны брат Мікола. Жыццё ў гэты час сутыкнула яго з многімі людзьмі, якія сталі знакавымі постацямі ў краіне, а то і ў свеце. Яшчэ ў 1930-м годзе на кватэру каля Вострай Брамы, якую традыцыйна займалі студэнты Віленскага універсітэта і дзе кватараваў Барыс, прыйшоў жыць малады хлопец з вострым позіркам шэрых вачэй, хуткі і іранічны. Звалі яго Ежы Путрамант. Аднагодак Барыса, ён скончыў Лідскую гімназію і, хаця нарадзіўся ў Мінску, цяпер не меў там родзічаў, якіх параскідала па свеце, а найбольш у Польшчу. Ежы таксама пісаў вершы, але на польскай мове, і адразу ўліўся ў паэтычную групу польскіх вершатворцаў. У тым жа 1930-м годзе ён стаў рыхтаваць свой першы зборнік, аднак стала друкавацца стаў пазней, ужо ў 1932 годзе. Кватэра, якую яны займалі, была зручнай, да універсітэта было зусім блізка, аднак часам даводзілася прадзірацца скрозь агромністы натоўп вернікаў, што збіраўся на пакланенне цудатворнай іконе Вострабрамскай Божай Маці. Пазней Путрамант увайшоў у нелегальную арганізацыю «Фронт», якая супрацоўнічала з кампартыяй Польшчы, але на час сяброўства
з Кітам быў проста маладым вальнадумцам, які не стамляўся рыфмаваць бясконцыя строфы нават падчас хады да універсітэта.
У гімназіі Кіт з першых жа крокаў стаў карыстацца павагай. Урокі яго заўсёды былі жывыя і цікавыя. Часам, захапіўшыся, ён на ўроках матэматыкі дэкламаваў беларускіх паэтаў — таго ж Хведара Ільяшэвіча, чыя паэзія яму надта падабалася, Наталлю Арсенневу, Хмару. Любіў, успомніўшы Наваградак, згуляць з падлеткамі ў футбол альбо па выхадных днях вандраваць па слынных мясцінах Віленшчыны, звязаных з жыццём і дзейнасцю славутых дзеячаў Беларусі, — такіх, напрыклад, як Уладзіслаў Сыракомля.
Гэтыя вандроўкі згадаюць пасля многія, хто быў на іх разам з маладым настаўнікам. Згадаюць вясновы дождж, пасля якога ў каменных старажытных дворыках на маленькіх лапіках незабрукаванай зямлі буйна прабіваецца трава, першыя пралескі, якія прадаюць на вуліцах, шпілі касцёлаў, што выразанкамі чарнеюць на ружовым небасхіле... Але асноўным былі размовы, жарты, спрэчкі — увесь набор агульных зацікаўленняў і агульных спраў, ды яшчэ маладая закаханасць дзяўчат у настаўніка і захапленне ім з боку падлеткаў-гімназістаў.
Лепшы сябра Барыса Мікола Ільяшэвіч, брат Хведара, некалькі разоў бываў у такіх вандроўках, але хутка стамляўся — як высветлілася пазней, у яго былі сухоты. Але тады, у 1932-1934 гадах, гэты выпускнік Пражскага універсітэта, які яшчэ ў 1928 годзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Беларусь як антрапагеаграфічная адзінка», яшчэ мог шмат працаваць, нібыта адчуваў, што нядоўга ён зможа рабіць гэта: выкладаў геаграфію і гісторыю ў гімназіі і праваслаўнай семінарыі, шмат пісаў. Аднак рэдагаванне часопіса «Саха», якім ен займаўся ў 1930-1931 гадах, паступова спыніў — не ставала сіл.
Барыс надта паважаў свайго старэйшага (праўда, усяго на сем гадоў) сябра: пад яго старшынствам у Празе было заснаванае беларускае культурнае таварыства імя Францішка Скарыны, у энцыклапедычных выданнях Чэхіі ўвесь час друкаваліся ягоныя артыкулы па гісторыі Беларусі, а праца «Культурна-геаграфічны характар Беларусі» атрымала там шырокую вядомасць. Шырокую вядомасць набывала і паэзія Хведара. Той ужо меў два зборнікі вершаў — «Веснапесні» і «Зорным шляхам.»
Калі ж Барыс пачынаў засцерагаць Міколу ад празмернай працы, той заўсёды пярэчыў: маўляў, Беларусь мае вялікую патрэбу ў навуковых працах па гісторыі і культуры, што ёй трэба настойлівей даказваць сваім суседзям і найперш сабе, што яна краіна з тысячагадовай гісторыяй і ўласнай мовай.
— I ўсё ж ты зрабіў непараўнальна больш за ўсіх нас, — казаў яму Барыс. На што Мікола адказваў:
— Твой час наперадзе. Ты таленавіты матэматык і настаўнік, вучні ходзяць за табою як прышытыя. За мной так яны не ходзяць.
Тое было праўдай. I Барыс змаўкаў. Ён не мог ведаць, што жыццё дасць яму ўсё — і любоў вучняў, і прызнанне многіх краін, дзе будуць вучыцца па яго падручніках. А яшчэ шчасце, якое не зведаў Мікола, — шчасце кахання і ўзаемаразумення. Яго час — час вялікага прызнання і захаплення ягонай дзейнасцю — сапраўды быў наперадзе.
Але тады ён шчыра радаваўся і таму, што меў — цікавую працу, прызнанне вучняў, універсітэт. У Агародніках бацька ганарыўся ягонымі поспехамі. Для маленькіх жа брата і сястры ён быў амаль што казачным прынцам з далёкае Вільні — прывозіў цацкі, розныя падарункі. Аднаго разу прыехаў з фотаапаратам, сфатаграфаваў шасцігадовага Лёву і чатырохгадовую Ірынку. Малыя стаялі перад камерай не дыхаючы, баяліся міргнуць. Іхняя хата ўвогуле рабілася цэнтрам прыцягнення для навакольных: на Раство Хрыстова тут абавязкова ставілі ялінку, і дзеці з усяе вёскі вадзілі карагоды, чыталі вершы. Прыходзілі маладыя распытаць пра Віленскі універсітэт, а сталыя сяляне — паслухаць, што скажуць у хаце Кітаў пра палітыку ўладаў. Прыходзілі да Алены: у яе былі залатыя рукі, яна лоўка перашывала старыя паліто і гарнітуры. Бывала, будзілі і сярод ночы, прасілі даць якіх зёлак хвораму ці паставіць банкі. Алена скончыла вышэйшую настаўніцкую школу ў Саратаве, давала аднавяскоўцам розныя карысныя парады, аднак працаваць настаўніцай у Карэлічах не змагла: не ведала дасканала польскай мовы.
Барыс вяртаўся ў Вільню з разуменнем, як важна для бацькі тое, што ягоны сын атрымлівае не проста адукацыю, але вышэйшую — тую, якую сам ён не змог атрымаць. I можа, ад гэтага Вільня здавалася асабліва дарагой і любай. У вольныя хвіліны любіў блукаць па яе вулачках альбо гадзінамі сядзець у бібліятэцы, гледзячы, як за акном паступова гасне святло і ўзоры каменных будынкаў насупраць зліваюцца з цемрай, а пасля выступаюць на фоне заўсёды падсвечанага агнямі гарызонта, надаючы гораду чароўную таямнічасць. Але вольнагачасу было замала. Таму пазней, у 1933 годзе, калі скончыў вучобу ва універсітэце, адчуў, што з плячэй нібыта зваліўся цяжар. Той цяжар не быў непрыемным, але заканчэнне універсітэта нібыта ставіла кропку ў доўгім часе ягонага юнацтва — рамантычнага, запоўненага вучобай і працай, але ўсё ж досыць спакойнага. Прыходзіла сталасць, а з ёю і адказнасць за іншыя лёсы, за вучняў гімназіі, якой з кожным годам было ўсё цяжэй выжыць. I калі гэтыя клопаты раней як
бы абыходзілі яго, бо і дырэктар, і выкладчыкі разумелі, што ён усё ж яшчэ студэнт, то цяпер ён рабіўся паўнапраўным сябрам гэтага новага калектыву і разам з ім напоўніцу браў на свае плечы нялёгкую ношу беларускага школьнага асветніцтва.
Разам са сталасцю прыходзілі і першыя страты. Моцным ударам для яго сэрца стала развітанне з Міколам Ільяшэвічам. Усе апошнія месяцы Барыс бяссільна назіраў, як згасае яго сябра. Той ужо не проста змаўкаў падчас самай захапляльнай, шчырай размовы, але часта сядзеў не зважаючы на іншых, у нейкім цяжкім здранцвенні, стараючыся стрымаць пакутлівы кашаль, што, здаецца, выварочваўусё ягонае нутро. Твар яго з кожным днём рабіўся бляднейшым, на ім залягалі цені, а сінеча вакол вачэй рабіла яго падобным да пакутніка. Апошнія ж два тыдні ён ляжаў амаль не ўстаючы, і Барыс бачыў, што Мікола, яшчэ такі малады (яму быў усяго 31 год) ужо змірыўся са сваім немінучым адыходам у незваротлівую страхотную бездань. I ўсё адно смерць яго была нечаканай, бо душа Барыса ніяк не хацела з тым мірыцца. Такі таленавіты! Так патрэбны сваёй Бацькаўшчыне!
Хавалі Ільяшэвіча ўрачыста. Ішлі праз горад вялікай грамадой, пад гукі жалобных мелодый, якія іграў духавы аркестр Віленскай беларускай гімназіі. На могілках Барыс стаяў ля самай труны, углядаючыся ў твар таварыша. Як праз сон, чуў словы Астроўскага аб жыццядайным таленце Ільяшэвіча.
Вераснёўскае сонца прабівалася скрозь лісце, там-сям пажаўцелае. Яму было маркотна і адзінока.
У жыцці яго з’явілася Галіна Швед, і ён пераехаў жыць у ейны дом у Павільні. У гэтым доме час ад часу, асабліва на святы, збіраліся яго калегі — дырэктар Астроўскі, ягоная асістэнтка Лекант, іншыя выкладчыкі. Па-сяброўску абмяркоўвалі справы гімназіі. Астроўскі расказваў пра свае сустрэчы з польскай інтэлігенцыяй, выступленні ў клубе Влучэнгі. I раней Барыс чуў, як мужна крытыкаваў Астроўскі палякаў за іхнюю палітыку ў дачыненні да беларусаў. Аднойчы нават пабачыў, як віленскі ваявода Кірцікліс даволі нервова перапыніў выступленне, у якім Астроўскі казаў пра абяцанне прэзідэнта Польшчы Ігнацы Масціцкага, які прысутнічаў пры адкрыцці новага будынка Наваградскай беларускай гімназіі, ніколі не зачыняць яе. «Як вам можна верыць?» — пытаўся Астроўскі, бо ўлады усё ж адабралі ў беларусаў той будынак.
Тады нават задаваць такія пытанні было небяспечна. Небяспека нібыта лунала над усімі, хто так ці іначай быў прылучаны да беларускай
справы, да супраціўлення шалёнай паланізацыі. Прыйшла яна і да Барыса Кіта...
Пачалося ўсё з прапановы аднаго са студэнтаў — Юліяна Саковіча — сабрацца разам і пагаварыць наконт стану беларускай справы ва універсітэце. Першы ж прамоўца задаў рэзкі тон асуджэння ўладаў. Студэнты, якія ўваходзілі ў пракамуністычныя гурткі, ажыўлена падхоплівалі словы прамоўцаў, кідалі гарачыя лозунгі. Іншыя моўчкі слухалі. Кіт належаў да тых, хто вырашаў для сябе, што канкрэтна можа ён зрабіць у дадзеных умовах, і быў гатовы да дзеянняў, якія прапаноўвалі ў якасці пратэсту. Ды на наступны дзень усіх, хто быў на той сходцы, арыштавалі. Дадаткова схапілі і многіх сябраў Таварыства беларускай мовы на чале з Рыгорам Шырмам.