Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Але ў Вільні чакалі непрыемнасці: у акруговую кураторыю прыйшла гнеўная заява, хутчэй падобная да даносу, якую напісаў дырэктар польскай гімназіі з Наваградка. Там былі словы «падрыў польскай дзяржаўнасці», «антыўрадавая дзейнасць» і іншае, за што можна было ў момант выкінуць з гімназіі і пакінуць без працы смелага настаўніка. Час для гэтага быў самы спрыяльны: на чале гімназіі, якая стала дзяржаўнай, цяпер стаяў Жэрабецкі, які строга сачыў за тым, каб настаўнікі былі лаяльныя да ўлады.
Радаслава Астроўскага выклікалі ў кураторыю.
— Мабыць, гэта была вашая ідэя — паслаць у Наваградак настаўніка? — сустрэў яго пытаннем куратар Шэленгоўскі.
Астроўскі стаў тлумачыць сітуацыю, хаця на душы ў яго было неспакойна. Праўда, ён ведаў, што спакойны, зычлівы Шэленгоўскі — чалавек ліберальны, разумее беларускія праблемы. Ды і не раз сустракаўся з ім у клубе, дзе часта па запрашэнні польскіх прафесараў выступаў з лекцыямі
ці прамовамі. Ён рашуча адпрэчыў данос. Нічога страшнага ў Наваградку не здарылася. Кіт агітаваў не супраць палякаў, а за беларусаў — і ў гэтай вялікай розніцы і ёсць праўда.
— Гэтыя правінцыялы! — з прыкрасцю прамовіў Шэленгоўскі, выслухаўшы, як усё адбывалася. Ён нейкі час глядзеў на заяву, пасля грэбліва парваў яе.
— Працуйце спакойна, пане Астроўскі, — сказаў ён рашуча. — Няхай не надта перажывае ваш малады калега. Я на яго месцы паступіў бы гэтак жа. Нібыта патрыётам не можа быць беларус. Што за дзікунства!
Аднак гэтак думалі далёка не ўсе. Віленскі ваявода Бацянскі, які прыйшоў у гэтыя гады да ўлады, зрабіў ганебную заяву аб тым, што зробіць усё, каб у Віленскім краі не засталося ніводнага беларуса.
.. .0, колькі іх, з самых даўніх часоў і ажно да канца стагоддзя, працягваюць ставіць перад сабою задачу — знішчыць гэты народ, які чамусьці перашкаджае і сёння вялікім дзяржавам адчуваць сябе вялікімі без гэтай мэты!
Нягледзячы на заступніцтва куратара, дырэктар гімназіі Жэрабецкі — каржакаваты, кучаравы і грубы, знелюбіў маладога выкладчыка. Дробныя прыдзіркі замяніліся заўвагамі па выкладанні. Ён рыхтаваўся скінуць Кіта з працы — не мог дараваць яму паездку ў Наваградак.
Кожны ведае, што значыць выклікаць незадавальненне кіраўніка. Прыдзіркі — спачатку па дробязях, потым усё болей і болей: то ўрок праведзены не надта прафесійна, то вучні на перапынку шумелі болей, чым астатнія.
Барыс цярпліва выслухоўваў натацыі, але добра разумеў: да яго прыдзіраюцца, а хутчэй, дабіраюцца. Было ясна, чаму і за што чапляецца пан дырэктар, але вонкава ўсё выглядала так, нібы старэйшы клапатлівы настаўнік вучыць малодшага. Часам Барыс ажно кіпеў ад абурэння: о, гэтыя па-езуіцку ветліва-кплівыя заўвагі, наскрозь прасякнутыя атрутай! А дырэктар паступова пераходзіць да таго, што настаўніку Кіту трэба яшчэ вучыцца, бо веды яго не адпавядаюць узроўню гімназіі.
Становішча рабілася амаль адчайным. Куды ісці, калі звольняць з гімназіі? Наўрад ці возьмуць дзе настаўнікам — звальненне ёсць тое самае, што атрымаць воўчы білет. Палякі не возьмуць нідзе: яны так зацяліся ў сваёй варожасці, што найат самая думка аб тым, як ісці ў нейкую канцылярыю, нешта тлумачыць і сустракаць не толькі непрыветныя, але і варожыя погляды і словы — была ўжо невыноснай.
Ён перастаў спаць па начах. Чытаў, рыхтаваўся да заняткаў, прадумваў кожнае слова, каб не даваць зачэпкі, але развязка блізілася. Пакуль
трымаў «Дэкрэт стабілізацыі», які пацвярджаў яго вартасць як выкладчыка. Таму звольніць без згоды міністэрства яго не маглі. Але што, калі энергія пана начальніка адужае і міністэрскія сцены?
I ўсё ж яму шанцавала. Якраз у гэты час пачалася чарговая праверка гімназіі. 3 Варшавы прыехаў інспектар Юліус Баліцкі, ён ціхенька хадзіў на заняткі, сядзеў, не пытаючыся ні гіра што, толькі нешта запісваў. Настаўнікі спрабавалі наладзіць з ім кантакты, але ён адказваў коратка і неахвотна, нейчую прапанову — пайсці куды выпіць разам піва — адхіліў так жорстка і рашуча, што спарадзіў нават нейкі страх. Чакалі разгромных наступстваў. Нават Жэрабецкі прыціх і хадзіў са змрочным выглядам, як прыгаломшаны.
Сапраўды, у часе разборкі выкладання многім дасталася. Але, як ні дзіўна, болей польскім выкладчыкам. Што ж да беларускага філіяла, то найлепшую атэстацыю даў ён настаўніку матэматыкі.
— Пан Кіт зрабіў сваё выкладанне паэзіяй, — казаў інспектар. — Я праходзіў падчас заняткаў па калідоры, дзе чуваць, ці добра разумеюць гімназісты тое, што тлумачаць, і ці слухаюць яны выкладчыкаў. Стаяў такі гармідар, што ўзнікала сумненне: няўжо ў гэтых сценах працуе навучальная ўстанова Польшчы! А вось у пана Кіта вучні слухаюць матэматыку, як казку.
I ён падрабязна разабраў методыку выкладання, аналізуючы той ці іншы ўрок. Жэрабецкі сядзеў чырвоны, як бурак. Ён, праўда, спрабаваў пярэчыць, калі Баліцкі закрануў аднаго з ягоных улюбёнцаў. Але варшаўскі інспектар разбіў усе ягоныя довады.
— Калі пан дырэктар нязгодны,— сказаў ён пры канцы,— то хай падае апеляцыю. Тады сюды прыедзе камісія. Але думаю: яна пацвердзіць мае высновы.
Камісію, вядома, ніхто не захацеў. Затое акцыі маладога выкладчыка ўраз пайшлі ўгару. Ягоныя сябры радаваліся, а некаторыя старэйшыя калегі сталі вітацца з падкрэсленай павагай.
Радаслаў Астроўскі пасля пасяджэння падышоў да яго, цёпла паціснуў РУКУ-
— Шэленгоўскі пытаўся пра вас, — сказаў ён.— Да яго дайшлі чуткі, што Вас збіраюцца звальняць. Але ён стараўся стрымаць гэтага шалёнага Жэрабецкага, які сапраўды гатовы ўсё падмяць пад сябе, як неўтаймоўны жарабок. Прагне кар’еры, шукае, на каго стаць, як на цагліну, каб падняцца вышэй...
Было прыемна, што Астроўскі падтрымлівае яго. У свой час гэтак жа падтрымалі самога Астроўскага маладыя выкладчыкі гімназіі падчас
вялікага канфлікту паміж ім і іншымі настаўнікамі. Канфлікт быў такі моцны, што вырашана было падаць на Астроўскага ў суд. Была заведзеная судовая справа.
Барыс тады моцна перажываў. Наконт усяго таго, што мутнай хваляй узнялося падчас гэтых падзей, адвакат Астроўскага, паляк Крыжаноўскі, выказаў вялікае здзіўленне: «Уся справа высмактаная з пальца, а беларусы проста перагрызліся паміж сабой». Потым, калі суд не знайшоў у дзеяннях Астроўскага ніякага крыміналу, усім было горка і непрыемна. Думалася — чаму найшло на ўсіх нейкае ачмурэнне, і колькі сіл патрачана на не вартыя такіх эмоцый дробязі.
Барыс уздыхнуў вальней. Аднак бяссоніца пакінула яго не хутка. Усё яшчэ прачынаўся недзе блізу трох начы, шмат думаў пра падзеі і людзей, якія яго атачалі. На Піўной вуліцы гарэлі ліхтары, цёмны сілуэт Вострай Брамы лёгка ўгадваўся сярод маўклівых дамоў, блішчэла глянцавае каменне бруку. Вуліца тут загіналася і нібы прападала за камяніцамі. Вось так і ягонае жыццё. Што чакае наперадзе? Адзінота запалоньвала душу, і ён ратаваўся ад яе паэзіяй. Браў кніжачку, чытаў вершы. Дзіўна, што менавіта паэзіі, мастацтву часам адкрываецца няведамае, тое, што тоіцца глыбока ў чалавеку і чалавецтве. Але галасоў паэтаў не чуваць ва ўсеагульным азвярэнні, якое нападае часам на цэлыя народы. Тады пачынаецца вайна. Можа, дасць Бог, ніколі болып не паўторыцца ў Еўропе тое, што было на пачатку веку. Успаміналіся снарады, з якіх яны, хлапчукі, здабывалі порах у часе польскага адступлення. А да гэтага старэйшыя хлопцы рабілі гэтаксама ў час нямецкага наступу, а таксама пасля іхняга ж адступлення. Затым прыйшла Чырвоная Армія, пасля яна зноў адыходзіла, як і сама вайна. Яна, вайна, ні ў кога з мясцовых людзей не пыталася, ці хочуць яны яе, яна толькі патрабавала і забірала — хлеб, зерне, адзенне, жыцці...А яны, як трава, толькі гнуліся ніжэй, каб выжыць, ацалець. I так ад стагоддзя да стагоддзя... Што ж дзіўнага, калі ўжо нават не ўсведамляюць сябе як народ і даводзіцца стукацца ў кожнае сэрца, а яно часта і не хоча адгукацца — прывыкла не давяраць нікому, апроч сябе ды, можа, самых блізкіх?
О, каб быў ён вялікім паэтам, валодаў словам, ды так, каб прабіць скамянелы панцыр, што нібы скаваў народ! Хаця ж вось камуністычнай прапагандзе вераць, спадзяюцца, што прыйдзе нешта добрае з Усходу. Наўрад ці будзе нейкі ратунак адтуль, але каб дакладна ведаць, што там на самой справе ствараецца, якое грамадства і якая дэмакратыя, якой яшчэ нібыта не было на свеце! Няўжо і сапраўды якраз у гэтым стагоддзі і папраўдзе ажыццяўляецца мара чалавецтва, пра якую так мараць многія маладыя, гарачыя галовы і тут, у гімназіі?... Аднак прыгадваліся артыкулы ў газетах
В. Іпатаваз братам Б. КітаЛьвом Уладзіміравічам. Нсіваградак, верасень / 995 г.
пра рэпрэсіі, арышты, і хацелася засцерагчы моладзь ад нечага страшнага, што нібы навісала над усімі.
Неба пачынала святлець, ён спрабаваў заснуць. Кароткія хвіліны трывожнага сну — і трэба было ўжо ісці ў гімназію.
Дні стаялі светлыя, сонечныя, яны нібы сцішалі чорны тлум роздумаў, светлыя імгненні надзей перапляталіся са змрочнымі хвілінамі недаверу. Польская прэса пісала пра трывожныя, a то і трагічныя падзеі ў Савецкім Саюзе, але ці было тое папраўдзе?
3 уласцівым юнацтву захапленнем і прагай змяніць свет хацеў у тое верыць. Але нешта насцярожвала: занадта агрэсіўнымі, нецярпімымі да іншых здаваліся камсамольцы. Выкладчыкі спачувалі маладым людзям, якія траплялі пад падазрэнне і за якімі сачыла
дэфензіва, але з кожным месяцам стараліся ўсё меней паказваць сваю прыязнасць: гэта рабілася ўсё больш небяспечным.
Можа, ад усяго гэтага моцна цягнула ў Наваградак. Прыязджаў туды часта, каб дапамагчы вучням улетку здаць матуральныя экзамены. Бывала, браў з сабою калег з Віленскай гімназіі, каб наваградцы атрымалі парады і кансультацыі па розных прадметах. Калі замяняў хворага Мілова, жыў на яго кватэры. Дырэктар Цеханоўскі, выкладчыкі гімназіі, асабліва Пётра Скрабец, сустракалі віленскіх калег з пашанай. Абедаць вялі ў рэстаран. Там пачціва абслугоўвалі іх афіцыянткі, шапталіся паміж сабою, гледзячы на прыгожага стройнага віленчука. Пыталіся пачціва, падаючы карту найперш яму: «Што пан прафесар жадае?» Вучаніцы ж гімназіі зусім жаночымі позіркамі ўпотай сачылі за Барысам, чырванелі, сустрэўшыся з ім поглядам, і часам малады выкладчык адчуваў сябе ніякавата.
Адной з лепшых вучаніц-выпускніц была худзенькая, з паходкай балерыны, танклявая Ліда Дзяковіч. Ейны бацька, які працаваў у гарадской управе, на выпускны (матуральны) вечар запрасіў да сябе віленчука і выкладчыкаў гімназіі, распытваў іх пра сталіцу, частаваў. Сямейства — жонка, строгая кабета ў сукні з белым каўняром, сын і дачка, глядзелі дапытліва,