• Газеты, часопісы і г.д.
  • Барыс Кіт — Грамадзянін свету

    Барыс Кіт — Грамадзянін свету


    Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
    Памер: 432с.
    Мінск 2004
    112.97 МБ
    Барыс, пераступаючы парог гімназіі, доўга ўспамінаў Міколу Ільяшэвіча. Сэрца яго сціскалася і ад непрыемных навін — непрыемных і нядобрых для гімназіі. Але трэба было працаваць. I ён яшчэ з большым імпэтам кідаўся ў справы гімназіі, часта заставаўся са сваім класам, прыдумляючы нешта, каб зрабіць жыццё змястоўным, не даваць застыць гарэнню юных душаў, якія — і гэта радавала яго сэрца —раслі патрыётамі.
    Кожную нядзелю ў гімназіі рабілі нейкую імпрэзу — так павялося ад самых першых гадоў, і традыцыю тую, устаноўленую яшчэ Луцкевічам, ніхто не парушаў.
    Кожны клас рыхтаваў нешта сваё. Аднойчы той, дзе класным кіраўніком быў Кіт, выбраў абразок «Нёман».
    Рыхтаваліся старанна, шмат хваляваліся. Хваляваўся і малады выкладчык: першы раз ён рэжысіраваў. У пастаноўках браў удзел не адзін раз, але заўсёды пад нейчым кіраўніцтвам. Але цяпер усім кіраваў ён сам, сам і адказваў за ўсё. Яны з артыстамі-вучнямі часта заставаліся пасля заняткаў. Прыгадаўшы свае гімназічныя малюнкі, Барыс маляваў дэкарацыі, майстраваў уборы. Асабліва прыгожым удаўся жоўты маладзік, пад якім разгортвалася дзея: ён нібы наяве асвятляў юную актрысу, якая выконвала галоўную ролю.
    Пасля спектакля да рэжысёра-дэбютанта падышла выкладчыца Лекант.
    — He ведала, што Вы ў нас такі таленавіты рэжысёр, — сказала з усмешкай.
    Барыс уважліва паглядзеў ёй у вочы. Мо смяецца? Колькі часу таму у яго, звычайна ветлівага і таварыскага з усімі, менавіта з ёю адбыўся прыкры канфлікт. Прызначаны загадчыкам інтэрната, ён з гатоўнасцю ўзяўся за сваю новую справу, сачыў, каб усё было як найлепей. Але і жонка Астроўскага Антаніна, і гэтая паўнаватая, мілавідная, вельмі энергічная жанчына ўсё прыходзілі па старой звычцы ў будынак інтэрната, нібы правяраючы, як ён спраўляецца. Лекант аднойчы зрабіла заўвагу, і Барыс, пакрыўджаны, адпарыраваў, што тут ён разбярэцца і сам. I ўвогуле — гэта ягоная справа.
    Магчыма, гэта супала — назаўтра яго звольнілі з пасады загадчыка. Гэта была неспадзяванка — тут Барыс меў дармавое жытло, і гэта было важна для яго: наймаць кватэру каштавала дорага. Аднак ён ніводным словам не папракнуў Лекант, нават не сказаў, як цяжка яму было некалькі тыдняў і якою крыўдаю поўнілася душа. Аднак неўзабаве знайшоў сабе новую кватэру і пастараўся на ўсё забыцца. Мабыць, жанчына помніла пра тое здарэнне: вочы ў яе былі прыязныя і трохі вінаватыя. Яны пагаварылі пра пастаноўку, і з таго часу гэтая старэйшая за яго, але маладжавая і прывабная выкладчыца стала для яго добрым сябрам і часта дапамагала ў розных сітуацыях, якія надараюцца ў кожнага маладога і яшчэ не надта вопытнага выкладчыка.
    1934 год асабліва быў неспрыяльным для беларускай справы: польскія ўлады зачынілі Наваградскую беларускую гімназію, пастанавіўшы, пад выглядам дакладнага выканання новага школьнага заканадаўства, замяніць яе польскай дзяржаўнай гімназіяй імя Адама Міцкевіча. Усе добра разумелі, што гэта азначае. Будзе праз кароткі час знішчана ўся вялізная праца па выхаванні нацыянальнай беларускай моладзі. Зноў чужымі для роднай зямлі вырастуць яе сыны і дочкі...
    На сходзе педагогаў Віленскай беларускай гімназіі пастанавілі паслаць у Наваградак яго ўраджэнца. Барыс Кіт быў, да таго ж, выпускніком Наваградскай гімназіі, ім ганарыліся і настаўнікі, і вучні.
    У ясны, задуменны, з першай жаўцізною лісця жнівеньскі дзень па вузкакалейцы прыехаў Барыс у горад, які за гады вучобы стаў родным. Драўляныя дамкі з высокімі дахамі і калонамі пад навіссю ўваходу нібы драмалі ў спакойнай ляноце, вакзал, як звычайна ўлетку, поўніўся прыезджымі: вясковыя дзядзькі, трывожна прыціскаючы торбы, натужліва чыталі расклад, кабеты ў доўгіх сукенках і капялюшыках трымалі за рукі дзяцей.
    Усюды чулася польская гаворка, але час ад часу гучала і свая, родная мова. Барысу шчымліва сціснула горла. Якая ж яна прыгожая, сакаўная, багатая на пералівістасць і мяккасць! Чаму ж яе чужаюцца, стараюцца, хай сабе і няўмела, але гаварыць «па-панску»? Вунь кабета распавядае спадарожніцы нейкую гісторыю, але час ад часу не-не, дый прагаворыць словы з тым мілым з дзяціства вымаўленнем, якое беспамылкова выдае ў ёй мясцовую, сваю: «цётко, злоё, волё (валляк)»... А дзядзька ў нізка насунутай на лоб магерцы, у клятчастай кашулі, шчыльна зашпіленай на загарэлай шыі, гучна гаворыць суседу, і гаворка яго нібы масла па сэрцы маладому настаўніку: «На Купалё, калі нашы гулянё рабілі, матка мая зелё збірала. Я ўчора ўзёў, запарыў — ногі перасталі балець. Як малады пабёг!»
    I так захацелася Барысу дадому да бацькі, які гаворыць з той жа разважлівай, нібы задуменнай інтанацыяй. Аднак сягоння перад ім цяжкі, а можа, і небяспечны дзень. I ён, пастаяўшы яшчэ крыху на вакзале, пакрочыў па Валеўскай вуліцы наверх, да плошчы, каля якой мясцілася польская гімназія.
    Дзверы былі яшчэ зачыненыя, аднак двое хлопцаў ужо стаялі непадалёку. Барыс прыгледзеўся — у хлопцаў самаробныя, шарачковыя порткі, хаця кашулі крамныя. Хутчэй за ўсё, гэта беларусы з недалёкай вёскі. Прыслухаўся. Хлопцы ціха гаварылі паміж сабой, і ўсё тая ж, родная, наваградская гаворка ў іх, хаця часам прамаўляюць «па-гарадскому», па-польску: «Як се хцэш». I зноў глыбокае шкадаванне ахапіла Барыса: вырастуць яны, адчуваючы сябе астатняе жыццё палякамі, і, як і тысячы і сотні тысяч да іх, пачнуць пагарджаць сваім, родным, якім так патыхае зараз іхняя простая гаворка. I стануць саромецца мовы бацькоў, дый і на бацькоў забудуцца, бо як не тыя ўжо для іхніх душаў стануць бацькі з рукамі, дзе навекі ўраслі мазалі... А разам са шкадаваннем адчуў малады выкладчык і гнеўную рашучасць. I ўжо з ёю падышоў да хлапцоў, умяшаўся ў іхнюю гаворку:
    — Хлопцы, нашто вам ісці ў польскую гімназію? Вы ж беларусы. Я паслухаў, як вы гаворыце — гэта ж няпроста будзе на чужы лад перакруціцца.
    Яны маўчалі, гледзячы на яго, нібыта стараючыся зразумець, што хоча ад іх гэты малады, франтаваты, у модным гарнітуры чалавек. Нарэшце адзін з іх, з цёмнымі рашучымі вачамі, запярэчыў:
    — А куды нам дзецца? Тут, у I Іаваградку, няма куды больш падацца. А гной вазіць усё жыццё таксама не хочацца.
    — У Вільні ёсць беларуская гімназія. Яна мае правы дзяржаўнай. I там свае, беларускія людзі, там будуць пра вас клапаціцца лепей!
    Барыс пачаў расказваць пра Віленскую гімназію. Хлопцы слухалі ўважліва. Аднак, калі ён скончыў, другі, бялявы, безнадзейна махнуў рукой:
    — Грошай не набярэшся ездзіць у тую Вільню. А без шматка сала, што бацька дасць, як пражывеш?
    I зноў Барыс пачаў даказваць, што вучоба ў Вільні таннейшая, чым тут, да таго ж магчымая і дапамога бацькоўскага камітэта. Так на так яно і выходзіць. Але затое не трэба ламаць сябе, падстройвацца «пад паноў».
    Тым часам да гімназіі падыходзілі ўсё новыя і новыя вучні. Хутка каля Барыса ўтварыўся цэлы гурток. Першыя два слухачы сталі пераказваць тое, пра што гаварылася раней.
    — А чаго вы так за Вільню агітуеце? — недаверліва запытаўся бялявы. — Мабыць, не такая і добрая тая гімназія. 1 хто вы такі? Мо хлусіце ўсё?
    Калі Барыс назваў сваё прозвішча, пачуліся галасы:
    — Дык Вы — Кіта? Гэта ж наш, наваградскі! Ён не будзе хлусіць. Давайце, хлопцы, думаць. Мо і праўда не варта лезці ў гэтыя цянёты, што паны нам тут раскладаюць. Бач ты, беларускую гімназію закрываюць, каб нам ходу не даваць!
    Аднак былі і іншыя галасы і настроі. Частку вучняў, большасць з якіх былі гараджане, суправаджалі бацькі. I, пачуўшы, аб чым ідзе размова, некаторыя з іх, асабліва маці, абураліся:
    — Няўжо хтосьці і сапраўды пойдзе ў тыя хлопскія класы?
    Барыс бачыў, як нібыта цямнелі твары ў тых, хто толькі што слухаў яго з радаснай надзеяй у вачах. Яны адыходзілі, пасля зноў вярталіся да дзвярэй. Некаторыя, паслухаўшы яго, у роздуме маўчалі, потым, павагаўшыся, усё ж ішлі ў дзверы, што былі ўжо шырока адчыненыя. Але былі і такія, хто, паслухаўшы яго, ужо не адыходзіў і, нібы дапамагаючы, сустракалі тых, хто прыходзіў, зняважлівым:
    —-1 вы прыйшлі ў палякаў ператварацца?
    Адзін жа, высокі, трохі як сонны юнак, ужо запісаўшыся ў польскую гімназію, раптоўна нырнуў назад і, вярнуўшыся, паказаў дакументы, спытаўшы:
    — А дзе будзеце запісваць у беларускую?
    Кіт, ужо радасна ўзбуджаны, растлумачыў. Увогуле, настрой яго, спачатку прыгнечаны нярадаснымі думкамі, імкліва падвышаўся. Ён так і правёў цэлы дзень ля гімназіі, толькі раз схадзіў у сталоўку, каб выпіць халоднага ліманаду і крыху асвяжыцца. Яму было радасна, што ягонае імя было вядомае гэтым выпускнікам, і ён здагадваўся, чаму — іхнія старэйшыя браты, а мо і сёстры, мабыць, вучыліся ў беларускай гімназіі. А можа, бачылі калі яго на сцэне, калі чытаў вершы ці ўдзельнічаў у абразках.
    Прыклад беларуса, такога ж, як яны, сялянскага сына, што не толькі скончыў гімназію, але і стаў студэнтам універсітэта ў сталічнай Вільні, моцна іх уражваў. А можа, уражваў яшчэ і тым, што, выйшаўшы ў людзі, ён не толькі не адцураўся роднай мовы, але і стаяў за яе гарой?
    Усім, з кім размаўляў малады выкладчык, было сказана, што збор заўтра, ля памяшкання беларускай гімназіі. I калі Кіт назаўтра прыйшоў да знаёмага будынка, ён з радасцю ўбачыў, што вучняў — хлопцаў і дзяўчат — набралася каля трыццаці. А тых, хто жадаў вучыцца ў беларускай гімназіі ў Вільні — каля сотні.
    Гэта быў поспех, ён акрыліў Барыса. Вось што можна зрабіць, калі ўпэўнены ў сваіх сілах! 1 ён думаў аб тым, што трэба будзе рабіць так штогод — каб не даць тут уладарыць чужынцам, каб моладзь адчувала, дзе яна жыве.
    Паехалі ў Вільню па той жа калейцы. Настрой быў прыўзпяты. Ехалі разам, спявалі беларускія песні, шмат жартавалі. Забіўшыся ў куток, ля акна сціпла сядзела невысокая дзяўчына з кірпатым носікам, з дапытлівымі вачамі. Гэта была Ніна Тарас — у будучым вядомая беларуская паэтка, і, патаемна ад сваіх сяброў-гімназістаў, камсамолка. Зрэшты, многія з тых, хто ехаў у Вільню, былі членамі камуністычнай ці камсамольскай арганізацыі. Каб жа толькі ведалі гэтыя даверлівыя, натхнёныя новай, заваблівай ідэяй роўнасці і брацтва школьнікі, колькі ж няўдзячнасці і падазронасці, a то і варожасці, жорсткасці давядзецца ім паспытаць за адданасць гэтай ідэі! А яшчэ праз трагічныя выпрабаванні спаўна адчуць, якая яна чужая ўсяму беларускаму — таму, што было ім аднолькава блізка і дорага!