Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Барыса, як і іншых, спачатку прывезлі ў вязніцу на Стэфанскай вуліцы. Першую ноч не мог заснуць: за сценкаю стагнаў і вохкаў дырэктар танцавальнае часткі шырмавага ансамбля Хвораст. Бедалага ніколі не лез у палітыку, але скокі надта любіў, збіраў па вёсках найбольш арыгінальныя народныя танцы і апантана займаўся справамі ансамбля. Цяпер, трапіўшы ў зняволенне, ён, мабыць, зусім страціў над сабой кантроль і не думаў пра тое, што ягоныя енкі дадаюць прысутным тут людзям нервовай узрушанасці. Барыс мусіў яму крычаць, каб той замоўк і не нерваваў людзей. Шырма, які сядзеў (як пасля даведаўся Барыс, усяго за дзве камеры ад яго) трымаўся мужна і суцяшаў навакольных. А суцяшэнні маладым людзям былі патрэбныя. Ім пагражала зняволенне ў Лукішках. Усіх, хто чуў пра гэтую страшную вязніцу, якая загубіла не адно жыццё патрыётабеларуса, адольваў страх.
— Толькі б не Лукішкі! — думаў Барыс. — Адтуль можна і не выбрацца. Колькі ж вязняў не выйшлі адтуль жывымі!
Аднак яго аптымістычная натура пераадольвала ліпкі страх перад турмою, ён чытаў пра сябе вершы — і свае, і тыя, якія дэкламаваў на сцэне. Прыходзіў спакой, праўда, не надоўга, бо найбольш мучыла думка, як паставіцца бацька да таго, што сын арыштаваны. Спадзяваўся, што доўга тут не прасядзіць. I гэта спраўдзілася, аднак не так, як ён спадзяваўся — Барыса, а разам з ім яшчэ больш за паўсотні арыштаваных, усё ж перавялі ў Лукішкі.
Шмат разоў звонку бачыў Барыс гэтую турму, адну з самых змрочных, увекавечаную ў вершах беларускіх пісьменнікаў, з якіх шмат хто сядзеў у гэтых страшных засценках. Цяпер жа і ён апынуўся тут як адзін з тых тысяч вязняў, што прайшлі праз гэтыя калідоры ці згаслі ў цесных, задушлівых камерах. Сярод вязняў пазнаў малады выкладчык аднаго з актывістаў ТБШ Ханяўку, які скурчыўся ў куце і спалохана азіраўся на кожны
скрып дзвярэй. Барыс стаў яго суцяшаць, але той ніяк не рэагаваў на гэтыя суцяшэнні. На шчасце, яго выпусцілі праз пару дзён, мабыць, улічыўшы тое, што хлопец толькі нядаўна прыйшоў у Таварыства. Барыса ж пакінулі ў камеры, і ён дзень за днём чакаў новых допытаў.
Аднойчы, калі шпацыраваў па турэмным двары, нехта крануў яго за плячо. Вязень узрадаваўся, пазнаўшы аднаго з беларускіх сенатараў Васіля Рагулю, свайго земляка. I адначасова засмуціўся — калі за краты садзяць такіх людзей, то што ўжо казаць пра яго! Рагуля распытаў, дзе і з кім сядзіць малады настаўнік і паабяцаў, што будзе хадайнічаць, каб таго перавялі ў камеру, дзе сядзеў ён сам. I сапраўды — неўзабаве Барыса перавялі ў камеру да гэтага найцікавейшага і, бадай што, самага адметнага сярод усіх, хто быў абраны ад беларусаў у польскі Сейм і хто выказваў там іхнія інтарэсы. Рагуля пачуваў сябе ў вязніцы амаль па-гаспадарску: мусолячы алавік, адзначаў на шматку паперы чарговы дзень, праведзены ў зняволенні, а ўстаючы, як і ўсе, на дасвецці, ніколі не забываўся паглядзець у вузкае акенца наверсе і адзначыць сённяшняе надвор’е.
Селянін, адарваны ад звыклай сваёй працы, Рагуля нудзіўся ў змрочнай, цёмнай камеры і адводзіў душу ў размовах з маладым суразмоўцам, якога лічыў за аднаго з тых, хто годна і цвёрда прадоўжыць беларускую справу.
— Беларус у сваёй краіне як чужы, — казаў ён з горыччу. — Вазьмі нават зняволеных: я тут сядзеў разам з тымі, хто ні з палякамі, ані з камуністамі не звязаныя. Дык яны ледзь зубы на паліцу не паклалі з нэндзы. Яны ж на дваццаць дзве душы атрымлівалі тут толькі дзве мопраўскія пачкі на тыдзень, а камуністы па адной на кожнага. Але, браце ты мой, як аб роўнасці на кожным рагу шпарыць, дык яны майстры. А каб падзяліцца з іншымі, калі тыя не камуністы, —дык дзе там! Я дык свой пачак, што мне Ярэміч выбіў, клаў у агульны кацёл. За тое ж, ды яшчэ за мае лекцыйныя заняткі — бо я там ім гёаграфію, арыфмэтыку ды геаметрыю выкладаў, — мяне ад хлопцаў нашых, наваградчан у большасці, і перавялі.
Ён расказваў пра высілкі старшыні Віленскага апеляцыйнага суда Бохвіча, які спяшаўся хутчэй вынесці прысуд.
— Ён на мяне зуб мае яшчэ з таго часу, калі ягоныя сын і зяць аднаго селяніна ў лесе задушылі,— усхвалявана прамаўляў ён і, устаючы, пачынаў мераць камеру дробнымі крокамі.
— Я тады, як пасол, умяшаўся ў тую справу, бо хацеў дапамагчы сям’і няшчаснага. А цяпер, бач, я ў ягонай уладзе апынуўся...
Барыс слухаў аповеды Васіля Рагулі з вялікай цікавасцю. Гэты саракадзевяцігадовы чалавек, адзін з лідэраў беларускага нацыянальнага руху,
быў вельмі папулярны на Наваградчыне. Выпускнік Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі і Віленскага настаўніцкага інстытута, ён працаваў настаўнікам, пасля быў сілком мабілізаваны ў Чырвоную Армію, адкуль вярнуўся дадому, на гаспадарку, каб цяжкай працай утрымліваць малых дзяцей. Абраны ўвосень 1922 года беларускім паслом польскага Сейма, горача бараніў там інтарэсы беларускага народу. Асаблівую вядомасць прынесла яму прамова аб асадніцтве на Беларусі, дзе ён заявіў, што беларускі народ са становішчам, калі лепшыя беларускія землі са згоды ўрада займаюць палякі-асаднікі, не пагодзіцца ніколі. Барыс прыпамінаў зараз некаторыя асабліва яркія мясціны. Як гэта там? Здаецца, так: «Беларускі народ свае зямлі, якую ён заўсёды абрабляў уласным мазалём, паліваў крывёю і потам, не аддасць нікому, незалежна ад таго, хто б яе ні прысабечваў, і ўласнымі рукамі сам яе возьме бяз ніякіх выкупаў ці адплатаў.»
Рагуля быў расчулены, калі Барыс працытаваў гэтыя словы.
— Я хачу хутчэй выйсці адсюль, каб добра насаліць нашым ворагам. Яны не прызнаюць таго, што мы народ. Але калі ёсць у нас такая моладзь, то беларуская справа не загіне! — прашаптаў ён. I дадаў: «Раскажы мне ва ўсіх падрабязнасцях, за што трапіў на Лукішкі, што яны могуць ведаць пра цябе. Кажы ўсё. Можа, што змагу парадзіць.»
Барыс і сам здагадваўся, што не проста так сышлося ў адно і іхняе затрыманне, і амаль адначасовы арышт членаў ТБШ. Але канчаткова ўпэўніўся ў гэтым, калі Рагуля сцвердзіў: «Тут і думаць няма чаго! Ім, каб пачаць працэс, трэба як мага болей мець так званых «савецкіх шпіёнаў». Тады можна на ўвесь свет крычаць аб небяспецы для дзяржавы, а тым часам канчаткова задушыць усё беларускае! Але ты, калі і праўда не з гэтымі камуністамі, кажы адно: нічога не ведаю, прыйшоў па запрашэнні сябра, думаў, гаворка пойдзе пра культурнае асветніцтва. I на гэтым трымайся хоць і зубамі, не мяняй у паказаннях ні слова, іначай саб’юць і заблытаюць так, што не разбярэшся, на якім ты свеце! Тут, браце, следчыя — як ваўкі. А мы перад імі — як зайцы.»
Вы мяне з сабой не раўняйце, — запярэчыў Барыс. — Вас уся Беларусь ведае. А мне... Прышыюць мне што хочуць.
Рагуля сумна ўсміхнуўся.
— Як будзеш баяцца, дык і прышыюць. А ты набярыся духу, як вось хлопцы скачуць у раку: страшна, пакуль не даў нырца. А пасля — трымайся ды не плач надта. Раз узяўся за беларускую справу — будзь мужным, браток. Узыйдзе сонца і над нашай старонкай, як той казаў...
Словы былога пасла былі простыя, можна сказаць, самыя звычайныя, аднак Барыс адчуў палёгку. Ён добра ведаў, колькі мужнасці было ў самога
Рагулі, калі той і ў час перадвыбарчай кампаніі, і пазней, ужо будучы ў Сейме, гаварыў пра гаротны лёс беларусаў. Памятаў і ягонае выступленне ў Наваградку на Спас. Рагуля быў абуты ў скураныя лапці і нейкі шынель, было бачна, што гэта — ад скрайняй беднасці. Людзі казалі, што, пакуль ён гвалтоўна ўтрымліваўся ў Чырвонай Арміі, загінула, згарэўшы ў хаце, ягоная жонка. Гаварыў ён проста, даходліва, і, можа, якраз гэтая яго манера прыцягвала да яго сэрцы слухачоў. Пасля, стаўшы паслом, атрымліваючы тысячу злотых на месяц, ён, як і іншыя беларускія паслы і сенатары, 30 працэнтаў з іх аддаваў на нацыянальную справу, у тым ліку і на беларускія гімназіі. Даведаўшыся пра гэта тут, у турме, Барыс быў моцна ўражаны. Раней ён неяк не задумваўся аб тым, як цяжка было здабываць грошы на такіх, як ён, маламаёмасных навучэнцаў, каб яны маглі жыць у інтэрнаце, харчавацца, наведваць заняткі.
— Я ж думаў, што гэта ўсё на складкі бацькоў, — вырвалася ў яго.
— I на складкі бацькоў таксама атрымала адукацыю шмат беларусаў, — растлумачыў яму Васіль Рагуля. — Аднак усе мы тутака, на гэтай разбуранай зямлі, ледзь ліпеем. Гэта не тое, што ў багатых краінах, дзе ёсць мільянеры, што могуць кінуць на асвету які мільён даляраў. Mae трыццаць працэнтаў — гэта ўсяго якіх шэсцьдзесят даляраў, а ад усіх паслоў і сенатараў — гэта недзе дзевяцьсот. А колькі ж усяго трэба — і на беларускія газеты, і на перадвыбарчую працу! Я, бач, калі ў паслы выбіраўся, дык колькі лапцяў знасіў, пехатой кіламетры па акрузе вымяраючы.
Так, міжволі, Барыс глыбей спасцігнуў таямніцы вялікай палітыкі, куды ў канцы 30-х гадоў пачалі выбівацца беларусы, каб на ўвесь свет заявіць аб сабе і сваёй нацыянальнай і культурнай адметнасці. Спасцігнуў і тое, што кожны народ павінны прайсці пэўны перыяд выспявання, але надта ж жорстка лёс паставіўся да беларусаў, заціснутых паміж двума вялікімі народамі, кожны з якіх у розныя часы прыкладаў намаганні атаясаміць яго з сабою.
— I ты паглядзі, хлопча, да чаго мы даведзеныя! — працягваў сваю гаворку са студэнтам усхваляваны Рагуля, нават калі яны крочылі па турэмным двары ў час кароткай прагулкі, на якую два разы ў дзень выводзілі зняволеных. — У нашага народа знікла нават жаданне абараняць свае спрадвечныя правы, а філасофіяй стаўся выраз «Не, нябось так не будзе, нябось прыйдуць, нябось зробяць, нябось дадуць». А хто прыйдзе і хто, апроч нас, зробіць? Мы, праўда, трохі ўсё ж людзей разварушылі...
— I Грамада таксама...— уставіў Барыс.
— He кажы мне пра Грамаду! — узбурыўся Рагуля. — Яна пацягнула за сабою ў зняволенне, на пакуты столькі маіх сяброў! А хто яе арганізаваў? Камуністы!
— He можа гэтага быць! — запярэчыў Барыс.— Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі дый Мятла — камуністы?
— Ды гэта пры мне і адбылося.
Голас у Рагулі задрыжаў. Было відно, што ён моцна перажываў за сваіх сяброў, якія цяпер, як і ён, пакутавалі ў турме, але з якімі, у адрозненне ад яго, былога пасла, паліцыя не надта цырымонілася, а ўжывала катаванні і розныя вытанчаныя правакацыі, каб прымусіць іх нагаворваць на ўласных аднадумцаў. I ён расказаў, як аднойчы да яго ў памяшканне, якое ён займаў як пасол, зайшоў нейкі чалавек, што адрэкамендаваўся прыезджым з Саветаў, і папрасіў сабраць беларускіх уплывовых людзей.