• Газеты, часопісы і г.д.
  • Барыс Кіт — Грамадзянін свету

    Барыс Кіт — Грамадзянін свету


    Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
    Памер: 432с.
    Мінск 2004
    112.97 МБ
    нібы прымервалі яго да сям’і. Другая дачка, Ліда, падавала стравы. Калі нахілялася над сталом, кранаючыся ягонага пляча, адчуваў, як трапеча гэтае дзяўчо. Але ён адчуваў сябе побач з ёю спакойна. I — усё адышло, так і не здзейсніўшыся...
    ...Лёс гэтай непрыгожай, але вельмі абаяльнай дзяўчынкі склаўся нешчасліва: падпарадкоўваючыся бацьку, выйшла за паліцэйскага суддзю, атрымаўшы ў пасаг гэты дом на Карэліцкай вуліцы. Але калі прыйшлі Саветы, муж быў арыштаваны і недзе знік, а яна неўзабаве памерла — ці то ад адчаю, ці проста не змагла знайсці сабе месца ў новым, нязвыклым свеце... Але тады, седзячы ў ціхім утульным доме, ён ніякавата жартаваў, а сам у душы жадаў Лідзе шчасця і ўдачы...
    ... У Калоніі Віленскай сосны калыхаліся каля самых вокнаў, зверху бачыўся суцэльны лес, з якога вытыркаліся востраверхія, на заходні манер, дахі. Калі бывалі хвіліны, стаяў ля акна, углядаўся ў вуліцу, у дамы, нібы хацеў убачыць будучыню. Чаму няма на душы шчасця, хаця, здаецца, ёсць усё для таго, каб адчуваць паўнату жыцця? Ён — малады, поўны сіл. ГІаважаны чалавек у грамадстве — выкладчык матэматыкі ў пмназіі. Жыве ў месцы, дзе не мог бы марыць нават завесці знаёмствы яшчэ дзесяць гадоў таму. Бацька ў вёсцы з гонарам расказвае, што яго сын стаў вучоным чалавекам. I ў параўнанні з катаржнай сялянскай працай на сваіх валоках заробак яго неблагі. Чаму ж так шчыміць сэрца, асабліва ў перадсвітальныя гадзіны, калі, прачнуўшыся, ён чуе, як, сонна заварушыўшыся недзе блізка ў кусце, спрабуе свой танюткі галасок нейкая птаха, спачатку нясмела, пасля ўсё больш настойліва? Прачнуўшыся на дасвецці, ён доўга ляжыць, не варушачыся — нібы вандроўнік, які напачатку ўспамінае, куды занёс яго лёс напярэдадні і дзе ён апынуўся.
    Можа, прычынай гэты вечны цяжар над душой — заўтра зачыняць гімназію альбо яго выставяць за дзверы. Так, і гэта надае трывогі. А можа, справа ў тым, што такімі трывожнымі робяцца патроху газетныя паведамленні — немцы набіраюць сілу, ужо крычаць аб тым, што трэба вярнуць землі, якія цяпер належаць Польшчы. Значыць, магчымая вайна? А можа, справа яшчэ і ў тым, што ў маладосці так хочацца шчасця? А яно не толькі ў добрай кар’еры. Шчасце так і не прыйшло да яго, хаця лёс даў яму каханне. Так, кахаў Рэбеку, вельмі пакутаваў, калі жыццё развяло іх. А пасля памёр Мікола Ільяшэвіч, і гэта як ударыла па сэрцы з новай сілай.
    У іхнім доме тым часам з’явіўся кватарант — прафесар Зыгмунд з сям’ёй. Хлопчык часта хварэў, Барыс часам прыносіў лекі, спачуваў прафесару. Але спачуванне было таксама патрэбна і яму самому.
    У 1937 годзе нападкі на беларускае дасяглі такога напалу, што выкладчыкі гімназіі на сходзе пастанавілі паслаць некалькіх сваіх калег у Варшаву, каб там данесці да ўладаў праўду аб становішчы беларусаў і паспрабаваць неяк паўплываць на сітуацыю. Вырашылі, што паедуць утрох — Радаслаў Астроўскі, Барыс Кіт і Кастусь Глінскі. Кіт спрабаваў адмовіцца, але яму нагадалі, што ён знаёмы з сенатарам Зыгмунтам Бэчковічам. Апроч таго, усе ведалі, што ягонае гожае, прыязнае абыходжанне заўсёды прыцягвала людзей, і спадзяваліся, што гэта дапаможа справе.
    Едучы ў Варшаву, перабіралі ўсіх, да каго маглі б звярнуцца. Напачатку перамовіліся з сенатарам Вандай Пэлчынскай. Яна, прынамсі, выказвала сябе ў выступленнях прыхільніцай беларусаў. Пані Ванда запрасіла да сябе дадому. Яна і муж — начальнік польскай разведкі — прынялі трох віленскіх «хадакоў» прыязна, сенатарка абяцала дапамагчы. Але іншыя, да каго даводзілася звяртацца, выслухоўвалі скаргі холадна, стараліся спаслацца на няведанне справы ды нежаданне «умешвацца ў палітыку». У міністэрстве таксама не пажадалі слухаць пра «беларускія справы» — маўляў, усё робіцца па закону, чаго вы толькі тут лямантуеце?
    Прадчуванне, што гэтая цяжкая, невыносна доўгая паездка не прынясе ніякага плёну, спраўдзілася. Больш за тое: амаль адразу Радаслава Астроўскага ўвогуле вызвалілі ад працы, перавёўшы настаўнікам матэматыкі ў Лодзь, а на яго месца паставілі Анцукевіча — панурага негаваркога настаўніка, які не асабліва выказваў дзе свае погляды. Дырэктар жа, незадаволены скаргамі, стаў часцей ездзіць у Варшаву, і ўсе ведалі: ён дабіваецца, каб беларуская гімназія была зліквідаваная ўвогуле. Куратар Хадэцкі ва ўсім падтрымліваў дырэктара.
    Цяпер, прыязджаючы ўвосень з вакацый у Вільню, выкладчыкі з трывогай чакалі — а ці «жывая» яшчэ гімназія, ці не пакажуць ім на дзверы і з радасцю паведамяць, што паводле «законнага» распараджэння няма ўжо болей у польскай гімназіі імя Міцкевіча беларускага асяродку?
    Барысу падавалася недарэчным і адначасова надта сімвалічным тое, што імя Міцкевіча — нашчадка беларускай, пазней апалячанай шляхты, стала сімвалам пяршынства польскасці над кволай, за стагоддзі змізарнелай беларускай ідэяй. Прыходзячы ў гімназію, ваявода Бацянскі амаль заўсёды голасна рабіў заўвагу наконт таго, чаму на сценах вісяць партрэты Янкі Купалы і Якуба Коласа.
    — Тут павінны быць Міцкевіч і Славацкі! — патрабаваў ён, і трэба было, стараючыся не паказваць гневу і абурэння, тлумачыць, што ў кожнага народа ёсць свае святыні, якія трэба аберагаць.
    .. .Побач з ваяводам альбо, хутчэй, заўсёды за ім ззаду трымаўся хударлявы, гнуткі і лісліва-прыязны рэферэнт Сарока. Ён шэптам падказваў ваяводзе нейкае, на ягоную думку, парушэнне. Сарокі асцерагаліся болей, чым самога Бацянскага.
    Аднойчы, калі ваявода інспектаваў гімназію, ён убачыў у кнізе выдаткаў вялікую, як ён меркаваў, суму на правядзенне свята 25 сакавіка.
    — He ведаю такога свята! — грымеў ён, размахваючы кнігай. — Ёсць толькі адно дзяржаўнае свята — Дзень польскай незалежнасці!
    — Але гэта дзень абвяшчэння Беларускай Народнаіі Рэспублікі, — ціха, але цвёрда заўважыў дырэктар беларускага філіяла. Яго звычайна спакойны твар збялеў, адчувалася — ён ледзь стрымліваецца.
    — Досыць мне гэтага беларускага шавінізму! — зароў Бацянскі і з размаху шпурнуўшы аб падлогу клятчастую кнігу выдаткаў, шпарка пайшоў па калідоры. Сарока затрымаўся:
    — Да чаго давялі пана ваяводу! — з дакорам, так, каб чуў гэта Бацянскі, прамовіў ён, кіруючыся следам за раз’юшаным начальнікам.
    Дырэктар падняў растрапаную кнігу. Усё ў ім кіпела. Працягнуў тоўсты сшытак Барысу, які паказваў уладам гімназію разам з ім:
    — Адкуль браць сілы, каб спакойна гаварыць з такой навалаччу?! — вырвалася ў яго.
    Барыс упершыню бачыў свайго старэйшага калегу ў такім узбуджэнні і гневе. Ён і сам адчуваў, што яму як быццам наплявалі ў душу. Дырэктар філіяла падабаўся яму, як і многім маладым выкладчыкам, хаця той заўсёды трымаўся з імі як бы на дыстанцыі. Нягледзячы на тое, што гэта пагражала яму асабіста, ён часта зноў браў у гімназію вучняў, якія сядзелі ў турме як камсамольцы альбо члены КПЗБ. Шмат нерваў каштавала яму аднаўленне Міколы Засіма, які пасля стаў пісьменнікам.
    Шанавалі маладыя калегі і дар красамоўства, якім валодаў дырэктар. Ціхі і непрыкметны ў звычайным жыцці, ён, выступаючы, як быццам прыбаўляў росту, рабіўся непадобны да сябе ранейшага.
    — Пан дырэктар, супакойцеся, — сказаў ён мякка.— Мы ўсё ж даб’емся, каб нас паважалі...
    — Беларусь, твой народ дачакаецца залацістага, яснага дня... — з горкай іроніяй пачаў той цытаваць Максіма Багдановіча, але раптам спыніўся. Прызнаўся:
    — Усё ж ёсць тут нейкае чарадзейства, у гэтай паэзіі. Паверыце — гнеў як растварыўся. I дадаў сцішана:
    — Яму было цяжэй, чым нам. Ён адзін паміраў у Ялце, мала каму вядомы, дваццаціпяцігадовы. А мы з вамі вунь колькі юных душаў маем,
    каб у іх укласці ўсё гэта! (Лёс не аднойчы звядзе іх зноў. Апынуўшыся ў ліку першых у Амерыцы, Кіт выпісаў туды сына Астроўскага Віктара, яго дачку Галіну і жонку Антаніну. Сын пасля жыў у Англіі, напісаў кнігу пра бацьку.)
    У 1938 годзе адбыўся выпадак, які яскрава паказаў стаўленне ўладаў да выкладчыкаў гімназіі. Мелася быць матэматычная канферэнцыя ў Парыжы, куды быў разам з групай польскіх матэматыкаў запрошаны і Кіт. Аднак начальнік бяспекі Віленскага ваяводства Ясіньскі ўласнаручна выкрасліў Барыса са спіса. Зроблена гэта было дэманстратыўна: тлусты чырвоны аловак, якім рабіў тое галоўны паліцэйскі, фігураваў у гэтым спісе як наўмысна пастаўлены. Такога раней не было. Усё ж Польшча старалася перад цывілізаваным светам не надта паказваць парушэнні правоў чалавека. Але наступаў час, калі рэжым узмацняўся...
    Кастусь Калоша, які меўся сустрэць Барыса, дарэмна чакаў свайго сябра ў Берліне. Зайшоўшы ў вагон, даведаўся, што Кіта ў дэлегацыі няма. 3 гэтага вынікала, што малады выкладчык рабіўся небяспечнай персонай для Рэчы Паспалітай...
    Абараняцца даводзілася цяпер паўсюль — у 1939-м у царкве Святога Духа, куды хадзілі праваслаўныя віленчукі, упершыню выйшаў святар казаць казань па-польску. Усе выкладчыкі, а за імі і прысутныя, абурана выйшлі з царквы. Але гэта не падзейнічала. Польская мова па-ранейшаму гучала ў паўпустой царкве, а ў іншую трэба было ісці на другі канец горада. Вядома, агульнае абурэнне вылівалася на сходах і падчас заняткаў.
    Гэта надавала яшчэ большага імпэту афіцыйным асобам — яны ўсё настойлівей імкнуліся перавесці ўсю гімназію цалкам на польскую мову.
    — Аднак бацькі згадзіліся, каб дзеці іхнія вучыліся па-беларуску! — абураліся выкладчыкі філіяла. — Па законе вы не маеце права пераводзіць нашых вучняў на іншамоўнае навучанне!
    Тады разам з міністэрствам узгаднілі формы агульных паводзінаў. Ваявода дзеля гэтага вылучыў нават сваіх падначаленых, якія паехалі на Наваградчыну. Там, сустракаючыся з бацькамі навучэнцаў беларускага філіяла гімназіі, страшылі тых і нават, пра што даведаўся Кіт пазней, часам выдавалі сябе за саміх выкладчыкаў гімназіі, якія нібыта папярэджваюць пра небяспеку і таму просяць загадзя абысці падзеі. Адным з гэтых памагатых быў той самы, добра знаёмы Кіту Сарока. Ягонае нахабства і схільнасць інтрыгаваць прывялі да таго, што дзе-нідзе ён нават называў сябе Барысам Кітам. Бацькі слухалі гэтыя правакацыйныя выпады, рабілі свае высновы. Было відавочна — беларускасць становіцца ыебяспечнай,
    турмы перапоўненыя. А каму не хочацца спакою і дабрабыту для свайго дзіцяці? Перад пачаткам новага навучальнага года патрэбная колькасць подпісаў на перавод навучання па-польску была сабраная. Загад пра тое ў Віленскую кураторыю прыйшоў 12 верасня 1939 года. Але было запозна. Усё гэта ўжо сталася гісторыяй перад тым, што абрынулася на ўсіх: адбыўся напад Германіі на Польшчу, і было відавочна — вайна пойдзе далей.