• Газеты, часопісы і г.д.
  • Барыс Кіт — Грамадзянін свету

    Барыс Кіт — Грамадзянін свету


    Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
    Памер: 432с.
    Мінск 2004
    112.97 МБ
    Польскі ўрад быў занепакоены хуткім ростам Грамады, і гюльская прэса загаварыла аб небяспецы для самой Рэчы Паспалітай. У праграме Грамады былі рэчы простыя і зразумелыя для ўсіх — самавызначэнне Заходняй Беларусі, перадача зямлі сялянам без выкупу, знішчэнне асадніцтва, стварэнне ўрада, які будзе выказваць спадзяванні беларусаў.
    У гімназіі быў арганізаваны гурток грамадоўцаў, і яго маладыя энергічныя ўдзельнікі ўзяліся за справу. Перш за ўсё сталі ладзіць канцэрты, найчасцей у пажарным дэпо. Калі вясёлыя, бойкія дзяўчаты і хлопцы ў нацыянальным адзенні выходзілі на сцэну, каб прачытаць верш па-беларуску, праспяваць песню альбо станчыць, зала як узгаралася: шмат апладзіравала, вітала воклічамі. Моладзь вярталася з такіх сустрэч натхнёнаю, імкнулася рыхтаваць новыя спектаклі і імпрэзы. Са спектакляў найбольшым поспехам карыстаўся «Мікітаў лапаць» ці «Птушка шчасця». Часта граў на сцэне музыка Васіль Бахар з Сулятыч, які, апроч здольнасцяў да малявання, любіў і музыку і, акампануючы сабе, спяваў народныя быліны. Мог ён і выступіць з гарачай прамовай аб барацьбе з тымі, хто перашкаджаў беларусу на роднай зямлі пачувацца сваім, а не чужынцам. I калі са сцэны гучаў верш заходнебеларускага паэта з Гродзеншчыны Міхася Васілька
    Ці ёсць сіла, каб стрымала Смелы бег ракі бурлівай, Што магутным, грозным валам Лёд скрышыла ў час разліву?
    то ўсім, хто гэта слухаў, было зразумела, пра што ідзе гаворка.
    Барыс з ахвотай удзельнічаў у канцэртах і спектаклях. Аднак душу яго поўніла і яшчэ адна музыка — музыка слова, і іскры, што палілі сэрцы слухачоў, нібы адгукаліся ў ім стокроць. Аднак жа не толькі бурапенныя словы аб барацьбе, а найперш лірычныя прызнанні, зачараванасць прыродай і дзявочай прыгажосцю поўнілі ягоныя першыя вершы. Ды каханне пакуль не мела канкрэтнай увасобленасці ў некім, яно прысутнічала ў вершах як патрэба душы, і старадаўні велічны горад узносіў душу і мары ў нейкі іншы, дзівосны свет. Наведваючы бацьку ў Агародніках, ён ішоў пехатою ажно да самых Карэлічаў. Дарога была доўгаю, але за гэтыя гады яму стаў знаёмы кожны камень, кожная паваротка, і калі сядаў адпачыць, самі сабой складаліся паэтычныя радкі.
    Беларускі бальшак надаў натхнення не аднаму маладому беларусу, які, цяжкай працай здабываючы адукацыю, імкнуўся ў далёкі свет. А гэтая дарога — з Наваградка да Карэлічаў — усё ж была асабліваю для краіны, для яе гісторыі: па ёй да сваёй Варуты (ці Руты) ішоў на княжанне Міндоўг. Грукаталі капытамі першэронаў крыжакі, уцякаючы ад Давыда Гарадзенскага. Падарожнічаў вялікі Вітаўт з жонкай Ульянай, даўшы ёй грамату на валоданне Наваградкам... Постаці мінулага ажывалі перад наваградскім гімназістам, які басанож крочыў па дарозе, закінуўшы за спіну клунак з няхітрымі сваімі рэчамі. Бывала, што шлэпаў па бальшаку і ўзімку, калі ад марозу трашчалі таўшчэзныя разлапістыя дрэвы, а чырвоная паласа на захадзе так хутка апускалася ў цёмную бездань ночы, падганяючы запазнелага падарожніка. Спяшаўся з дому на заняткі і ўвосень, калі чыстымі залатымі палосамі стаялі ўздоўж шляху бярозы, а скрозь іх чырвонымі гронкамі палымнелі рабіны. Курлыкалі над галавою журавы, як прагюрваючы чыстую сіняву сваімі тужлівымі клінамі, ляцелі ў далёкія невядомыя краіны, і не раз хлопец, забыўшыся на колькі імгненняў, сачыў за іх хуткім і таямніча-дасведчаным палётам, у думках малюючы ўласную будучыню.
    Заходняя Беларусь віравала супраціўленнем, арышты сталі звыклаю з’явай. Урад Пілсудскага спрабаваў задушыць нацыянальны ўздым тэрорам, і турмы былі перапоўненыя. Але ў гэтых цяжкіх умовах раслі гурткі Таварыства беларускай мовы і Таварыства беларускай школы. ТБШ узначаліў Радаслаў Астроўскі. На самым уздыме была Грамада. Вучні гімназіі ездзілі па школах і агітавалі за яе. Як жа было не стварыць гурток у Агародніках? I ў адзін з прыездаў Барыса ў бацькавай хаце сабралася ледзь не ўся вёска і гурток такі быў створаны. За старшыню абралі Уладзіміра Кіта, чым Барыс вельмі ганарыўся.
    Ганарыўся сваім сынам і бацька. Гараваў, што не можа шмат чым дапамагчы свайму прыгожаму таленавітаму хлопцу, таму стараўся хаця б напакаваць ягоную валізку перад чарговым адыходам у Наваградак.
    Абодвум ім у будучым было наканавана дзесяцігоддзі пражыць, нічога не ведаючы адзін пра аднога, і нават не пабачыцца перад адыходам бацькі ў вечнасць. Але лёс быў усё ж літасцівы да Уладзіміра Кіта — ён памрэ, пабачыўшыся з унукам і дазнаўшыся, што сын яго стаў у Амерыцы знаным чалавекам...
    А пакуль яны доўга размаўляюць пра трагічны лёс свайго народа, пра яго страты на раздарожжах гісторыі. Пра ўцяканне і вяртанне, пра надзею пераадолець чужую, варожую нацыянальным інтарэсам народа сілу. Пра тых, хто стаў на самае вастрыё гісторыі — Браніслава Тарашкевіча і Антона Луцкевіча, Францішка Аляхновіча і Радаслава Астроўскага, многіх іншых. Некаторыя з іх прыязджалі ў Наваградак, каб сустрэцца з тымі, у кім яны бачылі сваю надзею на шчаслівую будучыню Беларусі. Адным з такіх дзеячаў быў Браніслаў Тарашкевіч.
    Ягоны трагічны лёс вядомы сёння не ва ўсіх падрабязнасцях. Даследчыкі адзначаюць, што, калі ў Заходняй Беларусі ўзмацніўся прасавецкі ўплыў, Тарашкевіча ўсяляк імкнуліся залучыць у адну з палітычных партый — ці то Заходняй Беларусі, ці то Польшчы. Што пад канец 1925 года ён прыняў удзел у нелегальных IV канферэнцыі КПП і III канферэнцыі КПЗБ, якія адбываліся ў Маскве. У 1925 годзе ён уступіў у камуністычную партыю Польшчы, што, дарэчы, пазней стала яшчэ адной падставай для разгрому Грамады. Але 1925-1927 гады былі для гэтага палітыка і навукоўца часам яго найвялікшай папулярнасці. Таму ў Наваградку сустракалі яго з вялікай радасцю і пашанай, нягледзячы на небяспеку з боку ўладаў. Тарашкевіч быў заклапочаны гэтай небяспекай для гімназістаў:
    — Будзьце вельмі асцярожныя. Схавайце свае грамадоўскія білеты і проста рабіце далей беларускую справу, — сказаў Браніслаў Адамавіч у час сустрэчы.
    Барыс, як і іншыя, прагна лавіў кожнае ягонае слова. Хіба думаў ён тады, што праз некалькі гадоў сустрэнецца з Тарашкевічам у двары Лукішскай турмы ў Вільні ў той кароткі час, калі таго перавозілі з месца на месца — то ў Вронкі, то ў Грудзенцы, то зноў у Вільню! Чаго так баяліся польскія ўлады, Барыс зразумеў пазней. I не толькі польскія. Выменяны 7 верасня 1933 года на Францішка Аляхновіча, Браніслаў Тарашкевіч урэшце згінуў у турмах СССР — краіны, куды ён так імкнуўся і пра якую расказваў гімназістам як пра месца, дзе ажыццяўляецца мара беларусаў аб сваёй незалежнасці. Шмат хто быў ашуканы гэтымі спадзяваннямі ў тыя
    часы, але Тарашкевіч заплаціў за сваю памылку асабліва пякельнымі пакутамі ў засценках азвярэлых энкавэдэшнікаў...
    Наваградскіх гімназістаў ён папярэджваў нездарма: неўзабаве арышты пачаліся і сярод навучэнцаў гімназіі. Паколькі Барыс лічыўся сярод самых актыўных, арыштавалі і яго, а таксама настаўніка Міхася Чатырку, чыя старэйшая дачка Вера ўжо скончыла гімназію, але дзве дачкі і два сыны яшчэ былі яе навучэнцамі. Бацьку іхняга абвінавачвалі ў прыналежнасці да КПЗБ, у тым жа хацелі прымусіць прызнацца і арыштаваных вучняў. Настаўнік паспеў перадаць гімназістам папярэджанне, каб яны не прызнаваліся ні ў чым, бо ўсё сказанае могуць накіраваць супраць іх жа. Аднак псіхалагічны шок ад допытаў, якія вялі спрактыкаваныя следчыя, то пагражаючы пажыццёвым зняволеннем, то ласкава ўгаворваючы і абяцаючы свабоду ў абмен на шчырыя прызнанні, зламаў некаторых, і яны пачалі гаварыць усё, што ведалі. Гэта сталася для іх брутальным — турма, зняволенне, якое пасля 1939 года працягвалася ўжо ў савецкіх турмах. Выжылі ў суровых сібірскіх канцлагерах адзінкі. Барыс страціў многіх сваіх сяброў, сярод якіх і праз дзесяцігоддзі ўзгадваў найперш тых, з кім паступаў у гімназію. Іхнія лёсы былі трагічнымі — Гоцку пазней забілі немцы, Васілеўскі згубіўся на Захадзе, Аркадзя Вярбіцкага судзілі праз некалькі гадоў за прыналежнасць да КПЗБ, і ён загінуў ужо ў СССР, куды і пайшоў, спакусіўшыся абяцанкамі, што шчодра давалі заходнебеларускім камсамольцам і камуністам.
    Барыс, як і іншыя, адчуваў вялікі нервовы стрэс. Упершыню пабачыў ён турэмныя камеры і карцэры, першы раз сядзеў на нарах, адчуваючы сябе злоўленаю птушкай, і са страхам думаў, як успрыме ягоны арышт бацька. He раз гаварылі яны пра тое, як лёгка вялізнай дзяржаўнай машыне перамалаціць чалавека і як важна не даць сябе зламаць. Тут, у турме, ён адчайна прыкідваў, як трымацца. Як вытрымаць. А гэта было няпроста.
    — He прыкідвайся дурнем! — крычаў следчы і грукаў па стале кулаком. — Ты ёсць савецкі шпіён! Вашай Грамадой упраўляюць з Масквы!
    — He ведаю ні пра якіх камуністаў, — адказваў Барыс. — У нас гурткі спеваў і танцаў. Што тут благога?
    Трымаўся гэтай лініі. He казаў нічога лішняга. I яго ў рэшце рэшт адпусцілі. Пакінулі тых, хто ў нечым прызнаўся.
    Ранак — халодны, з марозным пранізлівым ветрам і апошнімі парудзелымі лістамі, што безупынна матляліся на дрэвах, — Барыс запомніў назаўсёды. Ён амаль бег па пустэльных яшчэ вуліцах, спяшаючыся ў інтэрнат, які здаваўся там, у бруднай камеры, такім цёплым і прыветным. Мроілася, што ўсё страшнае ззаду, што яно хутка развеецца. I ўсё цела
    трапятала ад таго, што ён — свабодны, што здолеў выстаяць і нічога не сказаць ні пра Грамаду, ні пра настроі гімназістаў і настаўнікаў
    Бурлівая культурна-асветніцкая дзейнасць гімназістаў усё ж не сцішылася. Яны, наадварот, сталі выступаць усё часцей. Барыс стаў на чале літаратурнага гуртка. Многія вучні пісалі вершы, найлепей за іншых — Леанід Барысаглебскі. Было каму і дэкламаваць вершы, і спяваць. Таму кожны тыдзень рыхтавалася нейкая вечарына. На іх часта прыходзіла жонка павятовага старасты Тэкля Грынеўская. Яна любіла мастацтва, ёй падабаліся беларускія танцы, спевы. Паступова на гэтыя канцэрты стаў зазіраць і ейны муж. Разам з усімі смяяўся над прыгодамі пана Быкоўскага ў «Паўлінцы»,
    пляскаў у ладкі прыгожым дзяўчатам-гімназісткам, што ладзілі на сцэне карагоды. Увогуле пан Грынеўскі з прыхільнасцю ставіўся да ўсяго беларускага, і таму стаў паступова дапамагаць навучэнцам гімназіі, ды і самой гімназіі. Адзін з тых, каму дапамога павятовай улады была вельмі дарэчы, быў выдатнік-старшакурснік Барыс Кіт. Ён стаў атрымліваць спецыяльную стыпендыю і нарэшце ўздыхнуў з палёгкай: хаця рашэнне бацькоўскага камітэта давала яму права бясплатна вучыцца ў гімназіі і жыць у інтэрнаце, аднак яно ў любы момант магло быць скасаванае. Нялёгка было не толькі вучням, але і настаўнікам, таму стыпендыя была надта дарэчы. Цяпер ён мог, збіраючыся ў Агароднікі, хаця зрэдзь, але прывезці нейкія падарункі брату Лёве і сястрычцы Ірынцы. Мог купіць кнігу. Любіў чытаць, хаця быў адначасова і спартоўцам. Гуляў у футбол, спрытна адводзячы мяч ад братоў Плескачоў, якія лічыліся ў гімназіі лепшымі футбалістамі, вырабляў на гімнастычных снарадах лоўкія выкрутасы. А вечарамі рыхтаваў рэферат пра творчасць Шатабрыяна, раздумваючы над бессмяротнай магутнасцю Слова, якое не падпарадкоўваецца ні часу, ні межам.