Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Гэты рэферат меў асаблівы поспех падчас двухтыднёвых экзаменаў, якія праходзілі ў 1928 годзе ў Наваградскай гімназіі. Клопатамі наваградскага ваяводы Зыгмунта Бэчковіча прыватнай беларускай гімназіі павінны
быў быць нададзены статус дзяржаўнай, што значна палепшыла б яе становішча. Але для гэтага патрэбна было правесці іспыты па дзяржаўных праграмах Міністэрства адукацыі Польшчы, і беларуская гімназія рабілася б філіялам польскай гімназіі, аднак пры захаванні беларускай мовы навучання. Гэта было найлепшым у тых умовах выйсцем для гімназіі, якая трымалася на ахвяраваннях бацькоў і самаадданай працы настаўнікаў.
Хваляваліся ўсе — вучні, настаўшкі, дырэктар. Прымаць экзамены прыехала дзяржаўная камісія з Вільні пад кіраўніцтвам прарэктара Віленскага універсітэта, прафесара Масоніуса. I хаця далёка не ўсе прыезджыя сімпатызавалі беларускай справе, аднак яны былі змушаныя прызнаць, што навучэнцы Наваградскай беларускай гімназіі ні ў чым не адсталі ад сваіх равеснікаў, якія вучацца ў дзяржаўных установах, што яны добра валодаюць замежнымі мовамі і веданнем прадметаў. і як прыклад гэтых ведаў якраз і фігураваў рэферат пра Шатабрыяна гімназіста Барыса Кіта. А за ўсім гэтым стаяла тое, што беларуская гімназія сцвердзіла сваю патрэбу для беларускай нацыянальнай справы, што яна пакінула ў дзіцячых flymax свой духоўны запал і годнасць. I як часта пасля ў жыцці даводзілася ім, былым гімназістам, зноў і зноў даказваць гэтыя свае якасці — гатоўнасць стаяць за родную мову і культуру, не здраджваць нацыянальнай ідэі і быць патрыётамі Бацькаўшчыны...
Пасля ўрачыстага ўручэння выпускнікам атэстатаў сталасці яны апошні раз сабраліся на Замкавай гары, адкуль, нібыта ў загадкавую і прывабную будучыню, пазіралі ў неабсяжную далячынь, што як на ладоні ляжала перад імі. Сіняватая смуга лясоў злівалася на гарызонце з небам, а ўнізе зелянелі палеткі, сярэбраным люстэркам ляжала возера і гарбаціліся, выстаўляючы сонцу спіны, пагоркі. Яснавокія, бадзёрыя, поўныя гарачых маладых жаданняў, стаялі хлопцы і дзяўчаты, адчуваючы і сум ад развітання, і радасць ад таго, што скончыўся пэўны перыяд іхняга жыцця. Яны сцішыліся і гаварылі пра свае планы.
Яны не маглі ведаць, як складуцца іхнія лёсы. А ў многіх яны сталіся трагічнымі. Такі час выпаў ім на долю — з войнамі, са страшнымі наступствамі і пераследамі таталітарнай сістэмы. Побач з Барысам стаяла Аня Катковіч. Яна будзе працаваць у час вайны перакладчыцай, паедзе на Захад, але там, у савецкай зоне акупацыі, вымушаная будзе вярнуцца ў Польшчу. Але і там яе знайшоў СМЕРШ, і яна памерла ў далёкай агромністай Сібіры... А хацелася жыць і працаваць для Беларусі, марылася пра шчасце... Барыс будзе ўзгадваць пра яе не аднойчы, як і пра многіх сваіх сяброў і вучняў, тым нібы вырываючы іх з небыцця, даючы магчымасць нашчадкам асэнсаваць іхнія лёсы і іхні шлях.
А тады, на Замкавай гары, не казаў пра свае планы нічога — усе і так ведалі, што ён разам з некалькімі хлопцамі будзе паступаць у Віленскі універсітэт.
Ад’язджаючы з Наваградка, Барыс падзякаваў усім настаўнікам, асабліва Цеханоўскаму. Той, выйшаўшы з-за стала, абняў выпускніка.
— Я ў цябе веру, Барыс. У цябе — вялікая будучыня!
Словы яго сталі прарочымі. Ды наперадзе чакалі вялікія клопаты — новыя іспыты, хваляванні. Аднак у Агароднікі рыхтавацца да іспытаў Барыс прыехаў як акрылены. Там адчуў, як змянілася ўсё наўкол яго, як ставяцца да яго вяскоўцы — з павагай, як да дарослага, як да чалавека, які пойдзе далей, як казалі, «у людзі.»
Двухгадовы Лёва смешна тэпаў па хаце, цягнуўся да брата, вымаўляючы свае першыя словы. Шчыравала ля печы гаспадыня хаты, часам брала на рукі дзіця, і ціхі сум агортваў Барыса. Ужо аддалены ад яе сваім уласным лёсам, бачыў мачыху як Мадону Максіма Багдановіча, а не як звыклую прыналежнасць свайго жыцця. Калі б Барыс паглыбіўся ў рэфлексію, ён бы зразумеў, што вось гэтае рыцарска-рамантычнае стаўленне да мачахі і сталі той мяжою, якая аддзяляе ўчарашняе сялянскае дзіця ад звыклага пласта жыцця і, уздымаючы яго на іншы ўзровень. лепіць з яго інтэлігента, што тонка адчувае прыгажосць ва ўсім, імкнецца да яе, але паступова страчвае повязь з зямлёй, на якой вырас.
Тое лета было гарачым і шчодрым на ўраджай. Ішлі спорныя дажджы. Напоеная вільгаццю зямля курылася парай, калі з імклівай чырвані на ўсходзе вырывалася сонца і безліччу расінак успыхваў луг, на які выганялі кароў. У поўдзень духмяны водар рабіўся густым, як у прылазніку. Млява буркаталі галубы, каровы мерна хрумсцелі травой. Клаліся пад густы цень сасняку пастухі. Барыс паглыбляўся ў кніжку, забываючыся на ўсё. Марыў аб Вільні — горадзе, пра які шмат расказвалі на ўроках гісторыі, уяўляў Віленскі універсітэт. Пачуцця трывогі і няўпэўненасці, як некалі перад іспытамі ў гімназію, ужо не было. Быў, наадварот, упэўнены ў сваіх сілах. У яго верылі і настаўнікі, і сябры. Вера Чатырка паўтарыла яму тое, што сказаў Цеханоўскі: «У цябе вялікая будучыня!» I гэта надавала сілы.
Часта іграў на скрыпцы. Вучыў яго студэнт Варшаўскай кансерваторыі, свой, мясцовы. На гэта не шкадаваў часу. Хацеў ведаць і спазнаць як мага болей.
Лета праляцела так хутка, што, калі сабраўся ехаць у Вільню і апрануўся ў дарогу, не мог паверыць, зірнуўшы ў люстэрка, што стаў выглядаць як дарослы хлопец, хаця быў яшчэ зусім малады гадамі. 3 часам ён
стане выглядаць, наадварот, маладзейшым за свае гады. Але гэта зноў жа будзе пазней — у новым жыцці, куды ён так імкнуўся з гэтай маленькай ужо для яго росту хаты ў Агародніках...
Вільня
«Гзты горад іпа сёння длямяне дарагі...»
Барыс Кіт
Вільня... Першыя крокі па вузкіх сярэднявечных вулачках, дзе рэха падхоплівае кожны гук і нібы акругляе яго. Захоплены позірк адзначае ўсё: адпаліраваныя часам драўляныя парэнчы ў глыбіні дворыка, чыгунную пасму старажытнага балкончыка, выяву «Пагоні» высока ўверсе на таўшчэзнай, прысадзістай Медніцкай браме XVI стагоддзя, праз якую ішоў Скарына... Вядома ж, ён ішоў тут, бо непадалёку месціўся дом, дзе была ягоная друкарня. Зрэшты, у даўняй сталіцы Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага усё было недалёка адно ад аднаго, усё месцілася напачатку вакол Туравай гары, празванай пасля Гедзімінавай, дзе гэты ўладар бачыў вешчы сон пра жалезнага воўка, і гэты сон змог разгадаць толькі звяздар Ляздзейка. Вострабрамская Божая маці над галавой, а побач базыльянскія муры, дзе месціцца славутая Віленская беларуская гімназія. Універсітэт ніжэй, але таксама блізка. Сюды будуць паступаць Аркадзь Вярбіцкі і Язэп Гоцка. Што ж, разам лягчэй рабіць беларускую справу. Тут, пры універсітэце, дзейнічае Беларускі студэнцкі саюз, беларуская студэнцкая карпарацыя «Скарынія», выдаюцца часопісы «Студэнцая думка», «Новы шлях».
Вечарам перад іспытамі загадаў: калі прысніцца нешта добрае — паступіць. Калі ж сон будзе цяжкім — мо і «зрэжацца». Але назаўтра зусім забыўся на тое і толькі калі ўбачыў сваё прозвішча ў ліку студэнтаў фізікаматэматычнага факультэта Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя, узгадаў, што тою ноччу яму, здаецца, сніліся Агароднікі і Замкавая гара, дзе ён стаяў высока-высока. Разам з сябрамі, якіх таксама залічылі ва універсітэт, назаўтра ж пайшоў на гару Гедзіміна, каб там палюбавацца на Вяллю, што сярэбрана блішчэла між лугоў, на чырвоныя дахі слыннага горада і радасна адчуць сваю прыналежнасць да яго.
3 таго часу на ўсё жыццё ён пакахаў Вільню. ГІалюбіў універсітэт, яго вольналюбны дух, бібліятэку і строгую цішыню аўдыторый. «Хаджу ва універсітэт, як у здзейсненым сне» — напісаў Барыс у лісце дадому. I гэта было праўдай.
Заснаваны ў 1570 годзе як калегіум будучым каралеўскім прапаведнікам, езуітам Пятром Скаргам (Павенскім), які пяць гадоў быў тут першым рэктарам, універсітэт захаваў у сваіх абрысах суровую засяроджанасць установы, пакліканай узгадоўваць будучых барацьбітоў за адзінства каталіцкай царквы на землях, дзе наступала рэфармацыя і моцна трымала свае пазіцыі праваслаўная царква як асноўная рэлігія Вялікага княства. Аднак пасля таго як Скарга з’ехаў у Кракаў, кароль Стэфан Баторы, што гераічна змагаўся з рускім царом за Полацк і вярнуў яго Княству, даў гэтай навуковай установе прывілей, які ператварыў яе ў акадэмію. Гэты прывілей 1578 года даваў акадэміі уласную юрысдыкцыю і адміністрацыю, якая выбіралася студэнтамі і адстойвала правы гэтай лепшай у краі навуковай установы. Віленскі магістрат паважаў правы акадэміі, і гэты дух вольналюбства, павагі да правоў студэнтаў прысутнічаў усюды. Перад уваходам тут вісела дошка з імёнамі ўсіх былых рэктараў, сярод якіх былі славутыя вучоныя. Ганарыўся універсітэт і многімі выпускнікамі, такімі, як Сімяон Полацкі, Іяхім Лелявель, Мялецій Сматрыцкі, Адам Міцкевіч. Паводле традыцыі навучальны год пачынаўся ў вялікай зале, дзе са сценаў на студэнтаў глядзелі фрэскі, а на сцяне вісеў партрэт караля Баторыя, які сам быў выпускніком Падуанскага універсітэта і браў за ўзор для Вільні тамтэйшыя правілы. Прафесары і дэканы, напрыклад, прыходзілі на адкрыццё навучальнага года ў тогах, чатырохканцовых старажытных уборах, прамову рэктара слухалі з вялікай увагай і доўга абмяркоўвалі пасля як прапанаваны на сёлета ўзор красамоўства (ва ўсе часы рыторыка была тут ганаровай госцяй). Паліцыя, як і ў часы старажытнасці, права заходзіць сюды не мела (правы гэтыя былі адноўлены ўсяго восем гадоў таму, але ўспрымаліся як даўнія і заслужаныя прывілеі).
«Іяхім Храптовіч быў, аказваецца, куратарам нашай акадэміі, — пісаў дадому Барыс, паведамляючы аб сваім жыцці. — Цікава было б больш даведацца пра гэты род, які панаваў і на нашых карэліцкіх землях. Дзед калісьці расказваў, колькі кніг было ў Храптовічаў у Шчорсах. Можа, там якраз тыя кнігі, якія ён выдаваў тут, у Вільні?»
Прага новых ведаў перапаўняла хлопца. Ён запісаўся ў Беларускі студэнцкі саюз, стаў удзельнікам Таварыства беларускай школы, адным з кіраўніком якога быў Рыгор Шырма, актыўны аўтар часопіса «Беларускі летапіс». Трыццацігадовы Шырма, вясёлы, гаваркі, якраз нядаўна арганізаваў сярод студэнтаў хор, які хутка стаў знакамітым ва ўсёй Заходняй Беларусі. Выступленні хору суправаджаліся лекцыямі, на якія сыходзілася шмат народу. Вечары патрабавалі вялікіх намаганняў: трэба было ўпрыгожваць залу, рыхтаваць праграмкі, разносіць запрашальныя білеты,