Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Відавочна было, што кожны радок успамінаў Б. Кіта — бясцэнны, ён павінны быць занатаваны. Апроч таго, кожны месяц і год прыносіць нешта новае — жыццё ж сапраўды ідзе, як піша на заканчэнне «Космасу беларуса» Лідзія Сымонаўна Савік. Прыходзяць новыя лісты, новыя маладыя энтузіясты едуць да патрыярха астранаўтыкі і беларускага школьніцтва, чакаюць ягоных парад, абагачаюцца ягоным досведам. I адразу бачны вынік кніг, што напісала пра яго Л. Савік, а таксама шматлікіх артыкулаў: пры канцы 1998 года я была ў Лідзе і выступала там перад школьнікамі і інтэлігенцыяй. Маладыя людзі, школьнікі, падышлі да мяне і запыталіся, калі лепей тэлефанаваць Барысу Уладзіміравічу — яны збіраліся цэлым аўтобусам у Франкфурт-на-Майне, каб там сустрэцца з Б. Кітам. I я зразумела — тое, што ў мяне назапашана, не павінна адлежвацца ў архівах.
Так нарадзілася гэтая кніга. Думаецца, і гэтая кніга пра Барыса Кіта будзе не апошняя. На чарзе — мастацкія творы: апавяданні, п’есы, новыя
вершы, якія напішуць, магчыма, новыя пакаленні, асэнсоўваючы ягоны шлях.
А нам, яго маладзейшым сучаснікам, пашанцавала сустракацца, бачыцца, гаварыць з ім і праз яго ўглядацца ў бурлівае, трагічнае, жорсткае і ўжо разам скончанае стагоддзе, меркаваць, што яно дало нашаму народу, як павярнула ці зыначыла ягоны лёс.
Ахоўная зона над кожным народам, яго, кажучы сучаснай мовай, эгрэгар, складаецца з духоўных высілкаў кожнага з нас. Усе мы патрэбныя Беларусі, кожная наша думка, наша імкненне зрабіць нешта для роднай зямлі не прападаюць, а нібыта складваюцца ў жывую душу народа і вызначаюць, якім будзе ягоны далейшы шлях.
Непавага да прарокаў, да лепшых з тых, каго нарадзіла родная зямля, да традыцый народа, да маральнасці і боскіх запаветаў прыводзіць да цяжкіх наступстваў. Часам думаеш — ці не таму абрынуліся на нас войны і Чарнобыль, што не хочам слухаць і чуць тое, што нам кажуць нашыя мудрацы і паэты.
Барысу Уладзіміравічу лёс даў магчымасць выказацца праз найвялікшага беларускага пісьменніка — Васіля Быкава. А яшчэ праз усіх нас, хто любіць яго і хоча, каб праз ягонае жыццё праступілі абрысы мінулага дзеля таго, каб навучыць нас усіх жыць па сумленні і па любові да Беларусі.
Жыве ягоная справа...
(3 размоваў Барыса Кіта пра сваіх вучняў)
«Кітаваць трэба... вокны Беларусксіе хаты.
Як зямля ўся
Нсі трох кітах, Беларуская На Барысе!»
Рыгор Барадулін
«Пасля выхаду ў свет кнігі Лідзіі Савік «Космас беларуса» да мяне прыйшло шмат лістоў ад знаёмых і незнаёмых людзей. Я вельмі ўдзячны ўсім, хто знайшоў час, каб напісаць мне і падзяліцца сваімі ўражаннямі.
Але найбольшую радасць і ўзрушэнне далі мне лісты маіх былых вучняў. Яны мне пісалі, узгадвалі нейкія эпізоды, на якія я даўно забыўся. I апавядалі пра сваё жыццё.
Прайшло амаль пяцьдзесят гадоў з таго часу, як я пакінуў радзіму. Фантастычны тэрмін для чалавечага жыцця! Мне здавалася, што на дарагой мне зямлі ніхто ўжо не помніць мяне, а калі хто і застаўся, то ўмовы нялюдскага жыцця вытруцілі з яго памяці ўсё тое, што было звязанае з беларускім асветніцтвам перад вайной і асабліва ў час вайны. Ажно не! Лісты выразна засведчылі — яны, мае былыя вучні, засталіся непахіснымі.
Нядаўна прыйшла сумная вестка пра смерць маёй былой вучаніцы Жэні Шостак. Гэтая дзяўчынка мне асабліва запомнілася яшчэ па Віленскай, а пасля Наваградскай беларускай гімназіі сваёй сціпласцю і нейкім светлым, шчырым позіркам. Пра яе ўжо напісана ў кнізе «Космас беларуса», але ў асноўным у дачыненні да часоў гімназіі. Аднак жыццё яе вартае таго, каб пісаць пра яго. Я нагадаю толькі кароткія эпізоды. Можа, нехта з пісьменнікаў ці журналістаў і возьмецца некалі за біяграфію Жэні...
Як настаўніца беларускай мовы і ўдзельніца Другога Усебеларускага кангрэса яна была асуджаная на 25 гадоў сталінскіх канцлагераў і адбывала пакаранне ў Казахстане. Якой яна была, сведчаць яе былыя таварышкі па няволі. Мяне да глыбіні душы ўсхваляваў аповед Надзеі Дземідовіч,
змешчаны ў газеце «Народная воля» 8 мая 1998 года. Вось што яна піша пра Жэню: «Як і ўсе іншыя, трымаліся зямляцкім колам. Праўда, спецыфіка нашай нацыі і тут праявілася. Мы зарганізаваліся апошнімі. А калі б не Жэня Шостак, то, можа, і яшчэ пазней арганізаваліся б... Жэня была нашай апорай, нашаю душою — самай разумнай, самай непахіснай... Вершы пісала. Такія цудоўныя! Радкі з аднаго яе тагачаснага верша-звароту да маці я памятаю да гэтай пары».
У другіх успамінах пра яе расказваецца, як яна дзялілася сваім кавалкам хлеба і цукарам з маладзенькай маці, у якой было сямімесячнае дзіця. Прывяду канец верша, прысвечанага гэтай малой дзяўчынцы:
Дай Бог хутчэй дачакаць той хвіліны, Каб татка і мама вярнулісь дамоў, Каб ты не расла, як у полі быліна, Каб воля і радасць служылі нам зноў. Ці ж выказаць можа ўсім сэрцам матуля Свайму дзіцятку жаданне заўжды?..
Ці згінуць прыйдзецца нявінна ў няволі, Ці прыйдуць шчэ светлага шчасця гады?
Яна напісала гэты верш у канцлагеры Кенгір, і ён, як і іншыя яе вершы, сагрэў спакутаваную душу не адной беларускай дзяўчыны...
Жэня.прыйшла на сустрэчу са мной у Наваградку, і я праз многія гады ўбачыў на яе твары — вядома ж, пастарэлым, спакутаваным — усё той жа светлы, мілы погляд. Яна працавала лекаркай ў Наваградку ўсе гады пасля лагеру і нікому не расказвала пра яго і пра тое, што перажыла, а таксама не паказвала свае вершы. У вершах жа чалавек выказвае ўсю сваю душу, а яе душу сперазалі калючым дротам і не далі ёй у поўную моц выпрастацца. Людзі, што прыйшлі са сталінскіх канцлагераў, мусілі маўчаць. Так, яны маўчалі ўсе гэтыя гады — але і само маўчанне іх было поўнае супраціўлення. За мяжой жылі і змагаліся за незалежную Беларусь іх суродзічы і сябры — і водгук той барацьбы даносіўся да іх скрозь «глушылкі» і патаемна перададзеныя газеты і часопісы, за перавозку якіх сурова каралі.
і ці не яны і былі той сілай, якая пры першых жа прыкметах ідэалагічнай адлігі зноў паўстала з той жа, трагічна перапыненай для нашага пакалення ідэяй — незалежнай, самастойнай Беларусі? Абвешчаная маладзейшымі, гэтая падзея 27 ліпеня 1991 года была б немагчымая без папярэднікаў.
А іх было ў дваццатым стагоддзі нямала — тых, хто пранёс праз усё сваё жыццё светлае і чыстае пачуццё да сапраўднай, сваёй, а не чужацкай, Бацькаўшчыны.
Так склалася маё жыццё, што я бачыў Браніслава Тарашкевіча і Васіля Рагулю, сябраваў з Радаславам Астроўскім і Хведарам Ільяшэвічам, а цяпер — з вядомымі беларускімі дзеячамі, якія прысвяцілі мне — я маю на ўвазе найперш народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава — добрыя, шчырыя словы.
Аднак жа ў бездані Часу зніклі, як праваліліся, і тыя не вядомыя шырокаму чытачу людзі, якія таксама рабілі беларускую справу, спакойна і годна неслі яе ў сваіх сэрцах праз усе пакуты і нястачы, уключаючы і майго бацьку — актывіста ТБМ.
За межамі Бацькаўшчыны жывуць мае сябры. Цяжкую ношу давялося ім несці ўсё жыццё -— забыццё на Радзіме, невядомасць для шырокага кола грамадскасці іх штодзённай, тытанічнай працы дзеля Беларусі. Я трохі расказваў пра іх у кнізе « Космас беларуса», аднак жа за гэты час праз успаміны іншых паўсталі нейкія новыя старонкі майго жыцця, высвяціліся лёсы былых вучняў, маіх калег па беларускаму школьніцтву. I, узгадваючы наноў сваё жыццё, я шырэй бачу ўсю панараму гэтага пакутнага, крывавага стагоддзя, якое мне давялося перасягнуць. Хай чытач гэтай кнігі разам са мной угледзіцца ў твары цудоўнай беларускай моладзі, якая пачынала свой шлях у 20-я гады дваццатага стагоддзя, марачы пра незалежную Беларусь, і якая амаль уся пагінула альбо ўжо скончыла свой зямны шлях. Лёс склаўся для мяне надзвычай літасціва — я жыву, ужо сустрэў сваё 94-годдзе.
Можа, мяне пакінулі на гэтай грэшнай зямлі так надоўга якраз для таго, каб я, апроч усяго іншага, змог пакінуць сведчанні пра іх — дарагіх майму сэрцу, незабыўных, светлых людзей?»
Вытокі
«Нас нарсідзіла адна зямля, мілая сэрцу Карэліччына»
Уладзімір Калеснік
Наш славуты зямляк Барыс Кіта нарадзіўся аб 11 гадзіне ўвечары, 24 сакавіка (6 красавіка) 1910 года ў доме на Сувораўскім праспекце СанктПецярбурга. Пры рэгістрацыі хлопчыка пецярбургскі пісар замест «а» на канцы невядомага яму прозвішча КІТА (што азначала ў наваградскіх гаворках бярэмца сена ці саломы) паставіў цвёрды знак, зрабіўшы тым нованароджанага Барыса K1TAM.
Першы ягоны ўспамін: шматгалосы людскі гоман, крыкі, чырвоныя сцягі...1 холадна. Холад нібыта працінае наскрозь, і хлопчык туліцца да бацькі, які высока ўздымае яго над галовамі і нешта ўзбуджана кажа.
Толькі стаўшы дарослым, Барыс даведаецца, што ён, яшчэ дзіцём, быў сведкам лютаўскай дэманстрацыі ў Пецярбургу і што менавіта там праз некалькі месяцаў адбыўся пераварот, які семдзесят з гакам гадоў будуць называць Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыяй.
Праз шмат гадоў тое, што ён нарадзіўся ў Пецярбургу, дапаможа яму самым нечаканым чынам: менавіта па расейскай квоце выедзе ён з Нямеччыны ў Злучаныя Штаты Амерыкі, каб там стаць адным з шаноўных яе грамадзян, вучоным з сусветным імем. Але гэта будзе нашмат пазней таго часу, калі ён, яшчэ малое дзіця, разам з бацькамі вернецца на радзіму бацькі ў Агароднікі, што на Карэліччыне.
Маці Ксенія Дзмітраўна Зурава запомніцца мала — нейкія кароткія эпізоды ласкавых слоў, абдымкі. Найбольш запаў у душу эпізод нібыта нязначны: як яна, ужо смяротна хворая, заказала для яго абутак. Чакала заказу з нецярпеннем — хацела парадаваць малога сьгна. Шавец прынёс выдатна пашытыя чаравічкі ўвечары, але яны былі занадта малымі для Барыса. Маці надта ўсхвалявалася, не магла заснуць. А недзе апоўначы ў яе пачалася агонія. Да раніцы яна не дажыла. Смерць была жорсткая і, як усе кажуць, несправядлівая, бо замала гадоў пражыла на свеце маладая жанчына, якую ў Пецярбургу сустрэў і пакахаў беларус Уладзімір Кіта, што прыехаў у вялікі расейскі горад у пошуках сваёй долі, а пасля звёз яе
ў Беларусь. Пахавалі яе ў Руціцах. Везлі з саміх Карэліч, бо на той час сям’я месцілася ў агромністым будынку, прыстасаваным пад склад, дзе раней была фабрыка слуцкіх паясоў. Бацька марыў пра ўласную хату, адкладваў на яе кожную капейку. Але Ксенія пайшла ў іншую, вечную дамавіну...