Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Над карэліцкім хлопчыкам, Што выганяе карову I бяжыць басанож Па асенняй жарстве.
Ён запальвае свечку, I цемра ў куткі адступае. Колькі ж ён у жыцці Усё адужваў яе Дзе як мог...
А найбольш на радзіме, якая, Ачмурэлая прышлымі, Толькі чужых прызнае.
Дык запальвайце свечку, Настаўнік, асветнік, вучоны! Колькі год паміж намі Калолася дротам сцяна!
Зараз разам ідзем
Па дарозе і гразкай, і чорнай Ратаваць Беларусь — А яна ў нас, як доля, адна...
Я прачытала гэты верш пры нашай наступнай паездцы ў Дармштадт, у старажытным замку, і гэта таксама было незабыўна і прыгожа. Хвалявалася, нібыта і я была ягонай вучаніцай. 1 была шчаслівая, што верш яму спадабаўся.
Мабыць, узнёслы, высокадухоўны настрой, які ўмее ствараць сваімі размовамі і цёплым сяброўскім стаўленнем Барыс Уладзіміравіч, паспрыяў стварэнню яшчэ аднаго верша — радкі яго нарадзіліся на кірмашы, які тады якраз толькі распачынаўся перад самымі вялікімі святамі ў Нямеччынс — Weihnacht, каляднай ноччу, калі нарадзіўся Хрыстос. Я збіралася ад’язджаць, і мы ў апошні раз усе разам — спадарыня Тамара, Барыс Уладзіміравіч і я — пайшлі гуляць па вуліцах і нібыта трапілі ў казку.
Мяне гэты святочны перадкалядны кірмаш незвычайна ўразіў — ён гудзеў на пляцы перад высокай гатычнай ратушай недалёка ад самых старажытных рэшткаў горада яшчэ рымскага часу. I чаго там толькі не было! Спявалі дуды, круцілася карусель, скакалі і радаваліся дзеці. I ўсё гэта — з раніцы да гадзін адзінаццаці вечара. Пад снегам, дожджыкам, у любое надвор’е. Што толькі не зробіць разняволеная ініцыятыва і патрэба самому вызначаць свой лёс! Паспрабуй прымусіць нашых гандляроў гэтак цярпліва выстойваць гадзіну за гадзінай! А побач, праехаць які прыпынак
на метро, стаялі велізарныя будынкі банкаў, сімвалы вядомай ва ўсім свеце біржавой дзейнасці франкфурцкіх банкіраў, якія, амаль зведзеныя ў адно на велічным даляглядзе, здаліся мне своеасаблівымі «стрэлкамі фінансавагаЧасу».
Пакуль мы пілі каву ў кавярні на пляцы і цешыліся кірмашом, я накідала на папяровай сурвэтцы яшчэ адзін «франкфурцкі» верш. Усяго іх атрымалася пяць. Я неяк даўно не пісала вершаў, бо з галавой увайшла ў працу ў газеце «Культура». А журналістыка не пакідае часу на вершы. Тое, што вершы напісаліся, надало мне і настрою, і жадання пісаць. 1, прыехаўшы дадому, я напісала яшчэ цэлы тузін вершаў — пра нашу незалежнасць, пра светлыя надзеі на будучыню, якая тады ўяўлялася куды больш светлаю, чым сталася на справе...
А потым быў ягоны другі прыезд на Беларусь у 1996 годзе. Цяжка сказаць чаму, але так выйшла, што ягоным падарожжам на Карэліччыну, Наваградчыну і Горадню заапекаваліся не нашы грамадскія арганізацыі, якія, здаецца, у той момант перажывалі фінансавыя цяжкасці, а мы з маім мужам і Лідзія Савік. Так і паехалі — учацвярых. Муж, Ягор Ягоравіч, за рулём.
Тое падарожжа, ужо апісанае Лідзіяй Сымонаўнай, было сапраўды незвычайным. Я ўбачыла старых людзей, якія прыехалі ў Карэлічы і Наваградак на сустрэчу са сваім былым настаўнікам і калегам з іншых гарадоў, у тым ліку і з-за мяжы, з Вільні, як, напрыклад, ягоны вучань Пётра Новік.
Карані Пятра Новіка — таксама з Карэліччыны. Яго бацька працаваў тут шаўцом, і, як успамінае сястра Барыса Уладзіміравіча Ірына, Уладзімір Кіта у свой час быў яму кумам, хрысціў амаль усіх ягоных дзяцей, так што пачуваў сябе віленскі госць у сям’і Кітаў амаль родзічам.
Яны абняліся і доўга не выпускалі адзін аднаго з абдымкаў.
Пётра Новік з гумарам апавядаў, што яго, нягледзячы на тое што жыве ён цяпер за мяжой, літоўскія мытнікі спакойна выпусцілі ў Беларусь:
— Дзядзька, колькі табе гадоў? — запытаўся ў мяне мытнік.
— Ды ўжо, сынок, за семдзесят, — адказаў.
— Тады едзь куды хочаш!
Якраз нядаўна была дасягнутая дамоўленасць паміж нашай краінай і Літвой, паводле якой людзі пенсійнага веку маглі свабодна перасякаць мяжу, а ў Літве, як вядома, жыве шмат этнічных беларусаў. Дарэчы, Пётра Новік стаў пасля той сустрэчы часта прыязджаць у Беларусь, у свае родныя Карэлічы (пра гэта пісала нам Ірына).
Яна і сама разам з мужам прыйшла на тую сустрэчу, як і многія іншыя людзі, хто памятаў свайго земляка, хто хацеў яго ўбачыць. Зала была перапоўненая.
Стаяў вераснёўскі дзень, і па вуліцах гуляў сапраўдны залаты лістапад. Агульны ўздым быўтакі, што, прачытаўшы верш «Доктар Кіт запальвае свечку ў Майнцкім саборы» і слухаючы ўспаміны землякоў, я там жа, на вечарыне, напісала яшчэ адзін верш — гэтым разам пра Удадзіміра Кіта, якога бачыла толькі на фотакартках, але нібыта ўжо і добра ведала па аповедах ягонага сына. Якраз перад тым мы былі на карэліцкіх могілках, дзе вечным сном спачывае бацька Барыса Уладзіміравіча — чалавек, чыё доўгае жыццё было запоўненае цяжкай працай і стойкасцю ў любых жыццёвых выпрабаваннях. Доктар Кіт не ўбачыў бацьку жывым пасля свайго ад’езду ў 1944 годзе на эміграцыю, і ў яго самотнай паставе над бацькавай магілай адчувалася нейкая горкая віна, хаця — якая віна? Жалезная заслона не дала магчымасці ім сустрэцца, вось толькі ўнук наведаў Беларусь як амерыканскі службоўца і яшчэ заспеў дзеда ў жывых. Думалася пра тую даўнюю сустрэчу беларускага чалавека, які глядзеў на свайго ўнука-амерыканца. Пра што ён думаў? Якая крыўда на лёс раздзірала яму грудзі — на лёс, які гэтак раздзяліў яго і ягоны парастак? А мо — гонар за тое, якім вырас гэты хлопец за акіянам?
Гледзячы на фотакарткі старога Уладзіміра Кіта, я адчувала, які гэта быў чалавек — крэмень, і захаплялася ім, селянінам-інтэлігентам, які, служачы на тэлеграфе, вёў сваю гаспадарку і быў «класным спяцом», як казалі пра яго дачка і вяскоўцы.
Лідзія Сымонаўна маляўніча і дакладна апісвае тую паездку, пытанні, што задавалі студэнты Гродзенскага педагагічнага універсітэта, інтэрв’ю, якія даваў Барыс Уладзіміравіч. Мне яны добра помняцца, але былі і іншыя моманты — больш эмацыянальныя, якія мне нярэдка ўспамінаюцца і сёння.
Ехалі мы на чырвоным «Масквічы», які належаў газеце «Культура», дзе я тады працавала галоўным рэдактарам. I трэба ж было здарыцца, што па дарозе ў Горадню недзе блізу Біскупцаў у Лідскім раёне лопнула кола — муж ледзь паспеў затармазіць. Толькі замяніў кола і паехаў — нешта здарылася з тармазнымі ліхтарамі, якія адрамантаваць не ўдалося, бо мы спяшаліся на сустрэчу. 3 гэтае прычыны трэба было выехаць з Гродна як раней, каб унікнуць аварыі. Таму на сяброўскім абедзе, дзе ўсе, у тым ліку і рэктар Ківач (з якім, дарэчы, мы хадзілі разам у дзіцячы садок у Наваградку) стараліся сказаць добрае слова Барысу Уладзіміравічу, мне давялося ўжыць амаль «драконаўскія» меры, каб ледзь не вырваць доктара Кіта з сяброўскіх абдымкаў гродзенскай інтэлігенцыі. Гэта ўдалося не адразу, і на зваротным шляху мы ехалі-такі ў цемры без тармазных ліхтароў. Я дрыжэла ўсю дарогу і ціха малілася Богу — не хапала яшчэ трапіць у аварыю...
Недзе на дарозе каля паста ДАІ нас перахапілі міліцыянты і збіраліся аштрафаваць, але нам удалося пераканаць іх, што мы едзем ціха і асцярожна. Вядома ж, сказалі, каго вязём. I трэба было бачыць, як яны, маладыя гэтыя хлопцы, глядзелі на нашага госця! Далі нам магчымасць вы-
Барыс Кіт на фоне Карла Вялікага. Фота I. Вяршыцкай
ехаць і папярэдзілі па рацыі наступную дарожную інспекцыю, каб не за-
трымлівалі.
За ўвесь гэты час Барыс Уладзіміравіч не выказаў ні слова якога-небудзь папроку ці перасцярогі. I я, шчыра кажучы, вельмі здзівілася і гэтаму — чаму няма ў яго ніякага страху, нібыта нешта («Ці Анёл, што трымае апеку?») падказвае яму, што ўсё абыйдзецца? А можа, гэта было ўменне трымаць сябе ў руках у любой сітуацыі, нажытае гадамі? 1 сапраўды, мы прыехалі хаця і позна, але ўжо без аніякіх іншых прыгод.
Тыя сустрэчы ў Карэлічах з мясцовай інтэлігенцыяй, ціхае стаянне каля бацькавай магілы, старанна дагледжанай сястрой Ірынай, зноў усхвалявалі маю душу. Шмат думала пра сялянскія карані сям’і Кітаў. Гісторыя іхняга роду тыповая для многіх іншых беларускіх карэнных жыхароў — бясконцыя войны, страта дзяцей (дзякуй Богу, калі іх усё ж вярталі бясконцыя дарогі), выпрабаванні, вечны «разрыў» нацыі, што апынулася між дзвюх вялікіх дзяржаў...
I ў гэтай сям’і лёс адзінакроўных братоў, якіх развяло жыццё, быў таксама досыць драматычны. Лёва Кіта стаў расейцам, якога праз многія гады моцна пацягнула дадому, на радзіму, але, вярнуўшыся, ён ужо не знайшоў тут ні роднае мовы, ні тых моцных беларускіх каранёў, якія прымушалі ягонага бацьку стаць адным са старшыняў суполкі Таварыства беларускай мовы. Сялянства атрымала прышчэпку жаху ад калектывізацыі, а інтэлігенцыя амаль уся была знішчаная як «нацдэмы». Па сутнасці, толькі вяртанне брата дало магчымасць Льву Уладзіміравічу таксама заявіць аб сабе як аб свядомым беларусе. I ён адкрыўся — стаў выступаць на вечарынах з уласнымі песнямі, якіх у яго, самадзейнага кампазітара, назбіралася за
гады. Таксама таленавіты, ён не змог поўнасцю выказаць сябе як творчая асоба — работа інжынерам вымагала іншых крытэраў жыцця. Але і тое, што ў яго назапашана ў сшытках, сведчыць: гэтая звычайная сям’я ўсё ж незвычайна багатая духоўна. Мы пазнаёміліся з ім дзякуючы ягонаму брату.
Леў Уладзіміравіч шмат расказваў пра сям’ю сваёй маці, пра землякоў. Спяваў песні, якія сам складаў. Апошнім часам, калі пачаўся «адкат» Адраджэння, ён зноў неяк заціх. I яго можна зразумець: колькі ж разоў нам адраджацца і зноў вяртацца да старога!
3 Кітам жа пасля той паездкі мы сустракаліся яшчэ не раз. У часе гэтых сустрэч, калі я прыязджала ў Франкфурт-на-Майне, ён працягваў апавядаць пра сяброў маладосці, пра свае душэўныя перажыванні падчас вайны.
Нягледзячы на цудоўную кнігу Лідзіі Савік, усё ж гэтыя духоўныя перамогі і ўнутраная праца душы Б. Кіта як бы засталіся не асветленымі. He дзіва — вонкавая канва ягонага жыцця настолькі багатая і разнастайная, што выказаць яе нават у адной кнізе немагчыма.
А ў мяне заставаліся запісы, дыктафонныя плёнкі з інтэрв’ю, якія я брала падчас гэтых сустрэч, рыхтуючы да друку артыкулы. Кожная сустрэча давала нешта новае, дапаўняючы тое, што ў кнізе было абазначана некалькімі сказамі — напрыклад, увесь складаны шлях Б. Кіта ў беларускім школьніцтве падчас вайны, яго асабістае жыццё ў Амерыцы і стасункі з іншымі беларусамі, перыяд з 1972 года, калі ён прыехаў у Германію, ды многае іншае.