Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Такіх людзей на жыцьцёвым шляху Барыса Кіта шмат. Можа, аж занадта шмат, і таму віною — вайна. Меркаваньне Боскае і чалавечай справядлівасьці вымагае слова праўды пра іх.
Тым болей ці не ад таго, апошняга, хто гэта слова можа сказаць.
Падзел беларускай дыяспары. Доктар Шчорс. Настаўнікукраінскай гімназіі ў Мюнхене. Каталікі і праваслаўныя. Леў Гарошка — закладнік уніяцкага руху ў Амэрыцы. Бацька і сын Каўшы.
Ліст доктара Шчорса да спадара Чаропкі. Беларускі кангрэсавы камітэт і спадар Завістовіч.
— Можна так меркаваць, што пад уплывам нейкіх прычынаў, у тым ліку і вонкавых, беларусы ў Амэрыцы падзяліліся прыблізна на тры часткі: крывічоў (людзі, якія падтрымлівалі абноўленую раду БНР Абрамчыка), зарубежнікаў (тыя, што гуртаваліся каля Астроўскага і БЦР) і беларусаў наогул. Зарубежнікі лічылі, што БЦР, якая склікала Усебеларускі кангрэс, найбольш выказвае волю беларускага народу. Аднак вялікая частка гэтых людзей у Амэрыцы стварыла так званую «тэстамэнтную» БНР. Натуральна, што згоды між імі было мала. Але я ніколі ня браў удзелу ў іхнім канфрантаваньні, па магчымасьці шанаваў і адных і другіх, лічыў іх за патрыётаў Беларусі. Можна сказаць, што я належаў да трэцяй групы, якая ладзіла беларускую справу без якой бы там партыйнасьці. Дзякаваць Богу, што мяне не ўцягнулі ў БЦР, і я ня меў у гэтых адносінах ніякога клопату. Яшчэ калі пачыналася рада БНР у Нямеччыне, мой вялікі прыяцель Калодка, які прысутнічаў на першым сходзе БНР у Мюнхене, сказаў, што трэба паклікаць Барыса Кіта. Але хтось запярэчыў, быццам я шмат працаваў з Астроўскім, таму мяне клікаць няварта. Я рабіў беларускую справу без усялякіх партыяў, без усялякага ўплыву. У 48 годзе, калі я прыехаў у Амэрыку як адзін з першых беларусаў, дык да 50 году, да выезду ў Каліфорнію, рабіў беларускую справу адзін, бо нікога болей не было. А трэба было прысутнічаць на розных імпрэзах, як напрыклад, на маніфэстацыях паняволеных народаў у Нью-Ёрку. Тое рабіў пры падтрымцы ўкраінцаў, за што вялікі ім дзякуй. Асабліва прафэсару Дабраньскаму і спадарыні Скубе.
Цікава, што, канфрантуючы між сабой, і староньнікі БІІР і староньнікі БЦР усе беларускія сьвяты спачатку адзначалі разам, а затым бэнээраўцы — у Нью-Ёрку, а бэцээраўцы — у Саўт-Рывэры, хоць БЦР на другім кангрэсе запісала ў пратакол, што яна падтрымлівае і працягвае справу БНР, закладзеную ў 18-м годзе.
Тут я хацеў бы распавесьці пра спадара Шчорса.
Я яго выпісаў у Амэрыку адным зь першых, можна сказаць, за тое, што ён уратаваў маё жыцьцё. Калі я ўцякаў на Захад і дабраўся да Варшавы, дык перш за ўсё пайшоў у Беларускі камітэт, на чале якога стаяў Шчорс, а ягоным сакратаром быў Ханяўка, таксама вядомая асоба ў гісторыі Заходняй Беларусі. Рэч у тым, што я не належаў да якіх-небудзь арганізацый і таму ня меў ніякіх дакумантаў. Але старшыні камітэту на той дзень не было, быў толькі сакратар, якога я папрасіў даць мне дакумант, каб я мог ехаць далей. Але Ханяўка даў мне такі дакумант, што я мог трапіць толькі ў лягер остарбайтараў. Амаль што на сьмерць. Тады я паехаў у шпіталь, дзе працаваў Шчорс, і той страшэнна зьдзівіўся, даў мне легішы дакумант, зь якім я ўжо меў магчымасьць дабрацца да Бэрліну.
Спадар Шчорс рабіў вялікую беларускую справу і ў Амэрыцы. Можа, найбольшая яго заслуга ў спробах кансалідацыі беларускіх груповак, між якімі ішла дробная, але несканчоная палітычная барацьба.
Што да ўкраінцаў, дык быў яшчэ адзін цікавы момант у маім жыцьці. Пасьля вайны ў Мюнхене мяне запрасілі ва ўкраінскую гімназію выкладаць матэматыку. Хоць я і ня ведаў украінскай мовы, але нічога, украінцы мяне разумелі, і я цэлы год выкладаў па-беларуску. Пазьней перайшоў ужо на ўкраінскую мову. А перад самым ад’ездам у Амэрыку мне прапанавалі стаць дырэктарам тае гімназіі. Я быў дужа зьдзіўлены і пытаюся: чаму? А яны кажуць: «Дзеля палітычнай згоды. Бо ўкраінцам, дзе адны — бандэраўцы, іншыя — канавальцы або мельнікаўцы, цяжка прыйсьці да згоды. А вы — чалавек нэўтральны, болей для таго прыдатны». Вельмі шкада, адказваю, але я ўжо атрымаў візу ехаць у Амэрыку. Мушу сказаць, што я заўсёды быў страшэнна захоплены ўкраінцамі, іхнімі адносінамі да беларусаў, інтэлектуальнаю сілай іх інтэлігенцыі, якая куды мацнейшая, чым у нас.
Яшчэ з часоў маёй працы ў Вільні я адчуваў пэўную непрыязь між каталікамі і праваслаўнымі. Так сталася, што статыстычна каталікі болей прычыніліся да беларускай справы, чым праваслаўныя. Я вельмі паважаў дзейнасьць каталіцкіх ксяндзоў Гадлеўскага, Глякоўскага, Абрантовіча, якіх ведаў асабіста. Пазьней пачаліся нашы ўніяты. Леў Гарошка — незвычайны чалавек, мой калега па гімназіі, які пачаў новы ўніяцкі беларускі рух на Захадзе. Спадар Надсан ёсьць ягоны нашчадак, калі так можна сказаць. У той час, як вельмі мала можна назваць слынных прозьвішчаў нашых праваслаўных сьвятароў, хіба абавязкова ўспомніць Аляксандра Каўша. Я ведаю ўсю яго дзейнасьць, выпісаў ягонага сына і майго вучня Сьвятаслава ў Саўт-Рывэр, дзе ён заклаў і будаваў царкву. I хоць каталікоў
сярод сьвятароў была прыблізна адна траціна, яны зрабілі больш, чым астатнія, праваслаўныя. 3 боку каталікоў, можа, з гэтай прычыны, была пэўная засьцярога да праваслаўных, лічылася, што каталікі болей шчырыя беларусы. Я сам праваслаўны, але заўсёды стараўся быць шчырым беларусам. Хаця і сярод беларусаў былі выдатныя праваслаўныя дзеячы, як названы ўжо доктар Шчорс ды іншыя.
Доктар Шчорс самааддана змагаўся за кансалідацыю беларусаў у Амэрыцы, шукаў нейкі супольны грунт для абедзьвюх груповак. Самым надзейным, на думку Шчорса, было паяднаньне на культурніцкай глебе. Ён вельмі добра выказаў гэта ў сваім лісьце да спадара Чаропкі, які нядаўна быў надрукаваны ў часопісе «Архэ». Вось што ён піша: «Ваша дастойнасьць. Беручы пад увагу выказанае Вамі падчас мае бытнасьці ў Чыкага заінтарасаваньне справай кансалідацыі нашага грамадзянства ў межах ЗША, нягледзячы на неатрыманьне адказу на мой апошні да Вас ліст, пішу ізноў. Хацеў бы давесьці да Вашага ведама факт спатканьня і адбыцьця даўжэйшае гутаркі між Вашым слугою і старшынёй Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня сп. Інжынэрам Гарошкам. Хаця гутарка насіла, так сказаць, шчупальны характар, можна, аднак, на яе падставе зрабіць наступныя вывады: незаінтарасаваньне ў кансалідацыі нашых сьціплых сілаў гэтак званае крывіцкае стараны. Спадар Гарошка на проціўлеглым ад майго пункце гледжаньня. Я прапанаваў і далей прапаноўваю кансалідацыю й супрацоўніцтва на плошчы нацыянальна-грамадзкіх і культурных дачыненьняў, уважаючы, што апошняе ёсьць шмат лягчэйшым да прывядзеньня ў практычнае жыцьцё з прычыны адсутнасьці спэцыяльных разыходжаньняў. Сп. Гарошка ўважае, што трэба спачатку скансалідавацца на палітычным адрэзку, і нават запрапанаваў «просты» рэцэпт практычнага яго вырашэньня: зьліквідаваць БЦР і прызнаць БНР.
Тэарэтычна рэцэпт сапраўды просты, нават вельмі просты — толькі што нерэальны. Кансалідацыя і супрацоўніцтва нармальна базуюцца на пэўных кампрамісах, уступствах кантрагентаў, а не на бескампрамісных праэктах самаліквідацыі. Каб апошняя наступіла, ня трэба гутарак аб супрацоўніцтве. Патрэбна толькі перакананьне аб фальшывасьці займанага становішча, а гэта ніхто зь людзей, гуртуючыхся вакол БЦР, ня мае і мець ня будзе. БЦР — гэта не тэстамэнтавы твор, гэта таксама і ня твор эміграцыйны, падобна гэтак званай Радзе БНР, якая паўстала ў сарамлівых абставінах і паўканспірацыйна праведзеным зьездзе аднае крывіцкай групоўкі ў Остэргофэне (Нямеччына). БЦР — гэта ўстанова, пакліканая і пацверджаная воляй, калі ўжо не ўсяго беларускага народу, то прынамсі ўсяго яго актыву. 1039 дэлегатаў у сталіцы Беларусі Менску — гэта ня
некалькі дзесяткаў эмігрантаў аднае групоўкі ў задрыпаным нямецкім гарадзішку. Параўнаньня тут ня можа быць ніякога! БЦР не паўстала воляй эміграцыі й ня можа быць воляй эміграцыі зьліквідавана. Яе можа зьліквідаваць III Усебеларускі Зьезд на Бацькаўшчыне, толькі і вылучна.» Гэты ліст пацьвярджае, як Шчорс заўсёды імкнуўся да кансалідацыі.
Спадар Шчорс прыехаў у Саўт-Рывэр, дзе мной быў закладзены Беларуска-Амэрыканскі дапамогавы камітэт, які выпісваў людзей зь Нямеччыны. Але калі я ў 50-м годзе паехаў у Каліфорнію, ён пераняў усе мае беларускія справы і стварыў яшчэ лепшую арганізацыю (Беларускі кангрэсавы камітэт), што мела на мэце вось гэтую кансалідацыю ўсіх беларускіх партыяў (спадар Барыс Кіт смяецца, робячы паўзу). Пасьля ягонай сьмерці і да канца гэтай арганізацыі яе прэзыдэнтам быў спадар Завістовіч у Вашынгтоне. Ён таксама вельмі шмат зрабіў, прэзентуючы беларусаў у сталіцы ЗША, у спадара прэзыдэнта Клінтана. А сам спадар Завістовіч быў нават абраны прэзыдэнтам Камітэту ўсіх паняволеных народаў, што было вялікім гонарам для беларусаў. Мяне завочна абралі віцэ-прэзыдэнтам гэтага камітэту.
А доктар Шчорс, апроч таго, быў выдатны хірург і шмат каго зь беларусаў лячыў у Саўт-Рывэры. Яго там памятаюць і дагэтуль. Апошнія дні ягонага жыцьця прайшлі на поўначы ЗША — у Пляцбурзе, дзе ён таксама меў уласны мэдычны цэнтр. За яго выдатную лекарскую дзейнасьць быў абраны віцэ-прэзыдэнтам Амэрыканскай хірургічнай асацыяцыі, што ёсьць вялікім гонарам і для нас, беларусаў.
Аповяд восьмы
1 жніўня, гатэль «Хілтан»
Барыс Кіт зь яго несумненнай беларускай мэнтальнасьцю змалку выхоўваўся ў поліэтнічным асяродку. Ягоныя адносіны да іншых рэлігіяў склаліся самыя талерантныя і дэмакратычныя. Праваслаўны паводле паходжаньня, ён цьвяроза ацэньвае ролю гэтай канфэсіі ва ўласным жыцьці, таксама як і іншых канфэсій для іншых людзей і нацый. У гэтым сэнсе ён чалавек XX стагодзьдзя, надзелены пэўнаю доляй жыцьцёвага скептыцызму. Ён не абагаўляе ніводзін народ і валодае даўняй, пацьверджанай жыцьцём прыхільнасьцю да народаў-суседзяў — украінцаў, летувісаў, расейцаў. I габрэяў таксама, зь якімі беларусы цягам стагодзьдзяў мірна дзялілі гаротны лёс на агульнай зямлі.
Мы зноў — ва ўтульным прахалодным холе Хілтан-гатэлю, дзе па-ранейшаму гасьцінна і ўтульна ў гэты сьпякотны дзень незвычайнага для Эўропы сьпякотнага лета. Спадар Кіт нязьменны ў сваім маладым аптымізме зь яго хай сабе маленькімі, даступнымі радасьцямі жыцьця. Высокія келіхі вайцан-біру, як заўжды, вільготна спатнелі па бакох — што можа быць болей зваблівае ў гэты душны час лета. Сёньня намі паслугоўваецца маленькая чарнавачка-тайландка, якая так радасна ўсьміхаецца, бы нецярпліва чакала нас зранку. А можа, і сапраўды чакала? Калі і не нас, дык таксама няблага. Галоўнае — каб дачакалася, — па-маладому белазуба сьмяецца спадар Кіт.