Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Лёс мне даў магчымасьць жыць на Беларусі толькі 20 год. Але ўсе тыя беларускія дзеячы, што прайшлі каля мяне, засталіся вельмі для мяне пашаноўныя, я ўсіх іх люблю — і Тарашкевіча, і Астроўскага. Яны прысьвяцілі свае жыцьці барацьбе за беларускую справу. Гэта значыць, што Беларусь жыве і будзе жыць заўсёды.
У Варшаве Шчорс з жонкай працаваў тады ў шпіталі, але ён адначасна быў старшынёй Беларускага камітэта. Што яны рабілі? Памагалі беларусам, якія ўцякалі на Захад. Гэтыя камітэты былі і ў Варшаве, і ў Вене, і ў Бэрліне. Вось там, у Варшаве, я атрымаў афіцыйную паперку, зь якой мог ехаць далей. У Бэрліне мяне спаткаў у камітэце Букатка, які даў новую паперку, і я паехаў далей — у Вену. Цікава, што маё прабываньне ў Бэрліне супала зь вядомай спробай нямецкіх генералаў забіць Гітлера 20 ліпеня 44-га года. Але мы таго і не заўважылі з свайго лягеру. Дзіўна, аднак, што цяпер немцы недастаткова шануюць тых герояў, асабліва графа Штаўфенберга, які з бомбай у партфелі прайшоў да самага Гітлера і, па сутнасьці, ахвяраваў сваім жыцьцём. Хоць і няўдала. Гэтая няўдача каштавала жыцьцяў яшчэ мільёнаў людзей.
Зь Вены мы пайшлі пехатой да Зальцбурга. Чыгункі не працавалі, бо амэрыканцы разбамбілі ўсе станцыі. Ля Зальцбурга спыніліся ў перасяленчым лягеры, дзе спаткалі шмат беларусаў. Я спаткаў там Міколу Хмыза, цудоўнага чалавека, які належаў да БЦР і якога я пасьля выпісаў у Амэрыку. Але з Зальцбурга я мусіў вярнуцца ў Вену па рэчы. Там на станцыі рабілася неверагоднае, выехаць зь Вены было ўжо немагчыма, і я ўзяў білет на мясцовы цягнік да Сан-Пельтэна. Далей цягнікі не хадзілі.
Але, гляджу, стаіць санітарны цягнік з параненымі. Я між вагонамі і сунуўся. Усю дарогу ішла бамбардыроўка, чыгунку штурмавалі амэрыканскія самалёты. У час налёту ўсе пасажыры выскоквалі зь цягніка і беглі ў лес. I мы так даехалі зноў да Зальцбурга. Хмыз кажа: «Барыс, я ніколі не магу прабачыць сабе, што дазволіў табе вярнуцца ў Вену». Я надта запаважаў яго за тыя словы. Зноў пайшлі пехатой да Баварыі, і там сядзелі ў баўэра, пакуль не дачакаліся канца вайны. To была французская зона, а пасьля мы перайшлі ў амэрыканскую. У Мюнхене я тры гады працаваў ва ўкраінскай гімназіі, а яшчэ запісаўся ва ўнівэрсытэт на факультэт мэдыцыны. У Мюнхене быў заснаваны міжнародны ўнівэрсытэт, дзе я вучыўся год на мэдыцыне. Але немцы не маглі сьцярпець таго, націснулі на амэрыканцаў, каб зачыніць унівэрсытэт, чаго і дамагліся. На факультэт мэдыцыны ў нямецкім унівэрсытэце ў Мюнхене было 30 кандыдатаў-беларусаў, зь іх прынялі двох — Рамука і мяне. Доктар Рамук цяпер жыве ў Чыкага. Толькі я пачаў навуку, як прыйшоў дазвол выехаць у Амэрыку, што я і зрабіў. А Рамук застаўся.
Я ўжо распавядаў, што на тым часе пачаў дзейнічаць Барыс Рагуля, які праз Рым дамогся магчымасьці навучаньня для беларусаў у Бэльгіі, у горадзе Лювэне. А ў Мюнхене ў той час быў заснаваны беларускі студэнцкі саюз пад старшынствам Калодкі, майго добрага сябра. У Амэрыку было выехаць цяжка, у іншыя краіны лягчэй, таму шмат паехала ў Англію на вугальныя шахты, а таксама ў Аўстралію. Некаторыя адтуль хутка паўцякалі, бо працаваць там было дужа цяжка. Прэзідэнт Амэрыкі Труман выдаў дэкрэт — дазвол на прыём 200 тысяч эмігрантаў. Гэты акт дужа паспрыяў прыёму беларусаў у Саўт-Рывэр, дзе першым апынуўся я. Я меў прывілею, бо ў адрозьненьне ад іншых праследваўся немцамі. Зноў жа існавала сістэма квотаў — колькасьць эмігрантаў залежала ад памеру краіны, а таксама ад таго, у якой краіне нарадзіўся. Я скарыстаў расейскую квоту, бо нарадзіўся ў Расеі, але заўсёды лічыў сябе беларусам. I я першы пачаў беларускую справу ў Амэрыцы. А як паз’язджаліся іншыя, пачалі ствараць партыі ды сварыцца між сабой, дык я ад усяго гэтага ўцёк у Каліфорнію. Ну, але пра тое пасьля.
А ў Мюнхен Аляксандр Калодка прыехаў не з Беларусі, а зь нямецкага канцлягера Аўшвіц, дзе ён сядзеў. Раней ён быў у Вялейцы ўпаўнаважаным пры гебітскамісары. Але там на яго данесьлі, мабыць, з АК, і ён апынуўся ў канцлягеры. Пасьля ён выехаў у Аўстралію, дзе і памёр. (Як мяне прывезьлі скутага з Глыбокага ў Вялейку, дык я кажу следчаму: можа, Калодку трэба паклікаць? Ён, можа, нешта зрабіў бы. А той зьдзіўлена: што-о? Калодка твой даўно ў Аўшвіцы).
Перад адпраўкай зь Мюнхена ўсе павінны былі прайсьці праверку. Мяне праверылі і знайшлі, што ўсё ў парадку. Самае галоўнае — яны не хацелі браць камуністаў. Калі камуніст, дык нават не пачыналі гутаркі. Быў такі закон, паводле якога сябрам кампартыі не дазвалялася эміграцыя ў Амэрыку. Я ўжо гатовы быў да паездкі, але патрэбны быў хтось у Амэрыцы, каб згадзіўся падтрымаць, апеквацца на першым часе. А я нікога ня меў. Адно выйсьце — арганізацыі: яўрэйская, каталіцкая, пратэстанцкая і праваслаўная. Быў прысланы дырэктар, які дапамагаў пратэстантам і праваслаўным. Пайшоў я па адпаведную паперку, але мне адмовілі. Маўляў, настаўнік, не ведаеце ангельскай мовы, што вы будзеце там рабіць? Вярнуўся дахаты. Аднак празь нейкі час чую: той дырэктар зьехаў, прыехаў новы — жанчына. А беларус такі чалавек, што калі яго выганяць празь дзьверы, дык ён улезе ў вакно. To наша беларуская рыса. Пайшоў я да новай дырэктаркі. Неспадзяваная перашкода: сакратарка памятала, што той раз мне адмовілі, і папярэдзіла дырэктарку. Зноў паехаў дахаты. Празь нейкі час чую, што прыехала новая дырэктарка. Цудоўная такая жанчына, амэрыканка Рут Прагер. Зноў еду туды трамваем, а тая самая сакратарка, латышка па нацыянальнасьці, зьдзівілася: што вы зноў тут? I пайшла па калідоры ў прыбіральню. Дык я хуценька за яе сьпіной — да дырэктаркі. Тая паглядзела мае дакуманты і засталася задаволеная. Сказала, што заўтра прышле выклік, каб прыехаў з сям’ёй. Вось так усё павярнулася дзякуючы выпадку: латышка ў пэўны момант пайшла ў прыбіральню. Але назаўтра выкліку няма, няма і пасьлязаўтра. Паехаў я туды зноў. Што ж аказалася? Mae дакуманты ляжаць у шуфлядцы ўсё ў той сакратаркі. Тады я — да дырэктаркі ўжо з жонкай і шасьцігадовым сынком. Тая захапілася асабліва сынам, «такі прыгожы хлопчык!», дала яму шакалядку. Усё а’кей. Пасьля я тую дырэктарку спатыкаў у Каліфорніі, яна прыязджала да мяне на госьці...
Аповяд чацьвёрты
7ліпеня, кавярня «Шнайдар»
За акіянам усё інакшае — і зямля, і клімат, і побыт. Гаспадарка і людзі. Нават сваё звыклае, прывезенае з сабой, робіцца іншым. Найперш тыя самыя людзі, землякі, што разам перажылі ваенныя драмы і трагедыі, цяпер хочуць быць лепшымі адзін да аднаго, болей талерантнымі і спагадлівымі. Ды, на жаль, далёка ня ўсе.
Старое жыцьцё, як і старыя адносіны, упарта не пушчаюць на волю ўжо, здавалася б, зусім вольных людзей, якімі толькі можна зрабіцца ў Амэрыцы. Сталася так, што канфлікт наміж БНР і БЦР у Амэрыцы, мяркуючы па ўсім, абвастрыўся. Цяжка вытлумачыць, кажа спадар Кіт, што на тое паўплывала. Ці асабістыя адносіны кіраўніцтва, ці ідэёвыя разыходжаньні, якіх быццам бы і не было. А можа, і прошукі са Старога сьвету, хоць бы і тамашніх спэцслужбаў — праз Англію і сумна вядомага нават для эміграцыі Кіма Філбі.
А хутчэй — усё тое разам у сваёй брутальнай сукупнасьці і прычынілася да канфлікту, які так ці інакш, то затухаючы, то разгараючыся, доўжыцца і па сёньня, бянтэжачы беларускую дыяспару ды падаючы злосныя спадзяваньні нашчадкам нядаўняй імпэрыі. Мабыць, з тае прычыны гэтыя палітыкі на пачатку абвяшчэньня незалежнасьці мэтраполіі вельмі актыўна ўзяліся за справы дзесяткі год нават не ўспомненае дыяспары (хіба апроч спэцслужбаў, якія ніколі не выпушчалі яе з-пад свае пільнай увагі), пачалі яе згуртоўваць, аб’ядноўваць, ідэёва апрацоўваць — хоць бы дзеля фінансавай ад яе падтрымкі. Галоўнаю ж мэтай было — перадача сымбалічных уладных паўнамоцтваў ад БНР (ды і БЦР таксама) у рукі новых уладаў. Вельмі яны клапаціліся тады наконт пашырэньня свае ўлады, якую неўзабаве болей зубатыя і драпежныя вырвалі ў іх усю дарэшты.
Да гонару беларускай дыяспары трэба зазначыць, што яна так і не саступіла хоць бы і сымбалічнай свае ўлады.
Спадар Кіт гаворыць пра тое з застарэлым імпэтам, і робіцца бачным, колькі сілаў ды эмоцыяў укладзена ім у тую балючую праблему. Асабліва з мэтай палагодзіць людзей, што былі яму аднолькава дарагія, ды апынуліся па розныя бакі канфлікту.
Пілігрымы ўакіяне. Саўт-Рывэр — «Паўдзённая рака». Фармацэўтычны хімік. Вялікі клопат пра суайчыньнікаў.
Крывічы і зарубежнікі. Астроўскі і Кушаль. Страхавітыя візыты ў Прагу. Мой сябра Аляксей Анішчык. Прафэсар Грыгор’еў.
Мая нявестка ў «Голасе Амэрыкі».
— Нарэшце я займеў дакуманты — вырваў з рук сакратаркі. I мы паехалі ў Брэмен, селі там на параход «Марскі тыгр». Гэта быў 48-ы год, самы пачатак. Апынуліся на параходзе згаладнелыя і змучаныя. А там усё завалена ядою, і ўсё бясплатна. (Па прыезьдзе на месца і ўсталяваньні належала за ўсё заплаціць.) Надвор’е было някепскае, але хутка ледзьве ня ўсе палеглі з марскою хваробай. He хварэлі толькі я з сынам. I мы елі за ўсіх.
У Амэрыку такім чынам я прыехаў адным з самых першых.
Сьпярша тыдні два мы мусілі жыць у гатэлі, у Ныо-Ёрку. Трэба было падумаць, што рабіць далей. Я ведаў, што нашыя беларусы ўжо некалі прыязджалі сюды і недзе сяліліся. Найбольш у штатах Нью-Ерк і НьюДжэрсі. Непадалёк быў гарадок Саўт-Рывэр — «Паўдзённая рака» па-беларуску, там жылі старыя эмігранты. Я туды і паехаў. I знайшоў там беларусаў нават зь дзявочым прозьвішчам маёй жонкі Корсак. Старэнькая спадарыня Корсак дужа гасьцінна прыняла нас, пасяліла ў сваім доме. Але працу я дастаў у суседнім горадзе Нью-Брансвіку, на вялікай фармацэўтычнай фірме. Сьпярша працаваў у адзьдзеле прадукцыі, бо ня ведаў ангельскай мовы. На маё шчасьце, кіраўнік вытворчасьці гаварыў па-нямецку. Пасьля я самавукам авалодаў ангельскай, што ўвогуле мне давалася няцяжка, бо я добра ведаў нямецкую і французскую. А ангельская мова, як вядома, гістарычна склалася з французскай, мовы саксаў і англаў. Адсюль — англа-саксонская. Пасьля мяне, як чалавека вучонага, магістра матэматыкі, перавялі ў лябараторыю, і я пачаў працаваць фармацэўтычным хімікам. Маім абавязкам было кантраляваць адпаведнасьць зьмесьціва рэцэптуры. Тое дужа строга правяралася дзяржаўнымі інспэктарамі. Здаралася, што чагось не хапала, і тады справа ішла ў суд, прысуджаліся мільёны даляраў штрафу. Доўга распавядаць, але аднойчы я ўратаваў фірму ад вельмі буйнога штрафу.