• Часопісы
  • Барыс Кіт — Грамадзянін свету

    Барыс Кіт — Грамадзянін свету


    Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
    Памер: 432с.
    Мінск 2004
    112.97 МБ
    Аповяд трэці
    6 ліпеня, гатэль «Хілтан»
    Ваенны боль здаўна сядзіць у душы кожнага беларуса — і ў тых, хто ваяваў, і ў тых, хто нарадзіўся пасьля вайны. Увогуле тое зразумела: надта шмат тады перажылося, ператрывалася. А яшчэ больш, можа, засталося ў загадках — не асэнсаванае і не засвоенае, замененае пасьля прапагандовымі мітамі, болей зручнымі для разуменьня, чым праўда. I для народнай памяці таксама. Паступова міты зацьмілі сьвядомасьць народу.
    Спадар Барыс Кіт — не салдат, не партызан мінулай вайны, але і не калябарант, не прыслужнік акупантаў. Найперш ён — беларускі інтэлігент, патрыёт сваёй краіны. Як і ў міжваенны час, ён імкнуўся заставацца верным свайму настаўніцкаму пакліканыпо — вучыць дзяцей. Ён ведаў, што без асьветы нацыя прападзе. Нават калі яе не панішчаць акупанты, як панішчылі саветы. Тысячы іншых тады мелі іншую мэту — проста выжыць, захаваць свабоду, перажыць вайну, што таксама было нялёгка.
    Але ж, як і ў кожнай нацыі, у беларусаў існавала свая нацыянальная інтэлігенцыя, свая эліта, якая не магла не адчуваць уласны абавязак перад народам, мела грамадзкае сумленьне. Чым і як можна было яго спатоліць у ліхі час вайны і акупацыі? Усё тое, як нярэдка здаралася ў нашай гісторыі, значна ўскладнялася становішчам між молатам і кавадлам. Можна было не прымаць акупантаў, але і як было прыняць шматгадовы бальшавіцкі рэжым, які добра такі спалавініў нацыю, — адных пастраляў у сотнях Курапатаў, іншых саслаў у Сібір. Астатніх загнаў у калгасы, якія дзесяць год марнелі ў голадзе і бязладзьдзі. Вольны сьвет быў недасяжны, а над Беларусьсю з абодвух бакоў зеўрала пагібель.
    Ці было тое? Ці, можа, толькі падалося? Так даўно і трудна перажылося, што аж ня верыцца. Але мушу паверыць.
    Мы сядзім за нізенькім столікам у вестыбюлі амэрыканскага гатэлю «Хілтан». Вестыбюль вялікі (сапраўды ў амэрыканскім стылю), вышынёй ня меней чым скляпеньні славутага Кёльнскага сабору. Зрэшты, тут усё вялікае, амаль грандыёзнае, прасторнае з размахам. Затое ўсе пачуваюцца вольна — і абслуга, і кліенты. Нізкія столікі пачакальні зь мяккімі грувасткімі крэсламі побач паслугоўваюцца адной увішнай маладзіцай
    у чырвонай уніформе, якая падае піва, марозіва, каву. Робіць яна тое спрытна, лёгка і прыгожа, бы танцуе на сцэне. Хоць і дзень і відно, але над кожным столікам зьзяе бра ці таршэр. Такое ж сьвятло аблівае мэталёвае стылізаванае дрэва з жалезным лісьцем, што стаіць у залі, каменныя скульптуры каля ўваходу. Па ўсёй вышыні сьценаў-паверхаў, прарэзаных па вертыкалі празрыстымі каналамі ліфтаў, мякка снуюць угору-ўніз такія ж празрыстыя кабіны. Усё навідавоку, бы ў гіганцкім акварыюме. Тут няма мейсца цеснаму, паўзмрочнаму эўрапейскаму інтыму — размах стадолы, памеры аэрапорту, шоу-залі. Але і добра. Тым болей у гэты сьпякотны час, калі нябачныя кандышаны гоняць адкульсь прахалоду, а на вуліцы 35 па Цэльсію.
    Няспраўджаныя спадзяваньні. Школьны інспэктар ксёндз Гадлеўскі. Ермачэнка — у Менск, Астроўскі — у Смаленск.
    Ксёндз Глякоўскі. Гаўляйтэр Кубэ. Фіяска ў Маладэчні.
    Другі Усебеларускі кангрэс. Наведаньне Маладэчна праз 50 год. Карпенка і Ганчар, Ермаловіч і Каханоўскі. Прафэсар Кузюковіч.
    Шлях на Захад. Мікалай Шчорс. Пад бомбамі. Вена, Зальцбург.
    Настаўнік украінскай гімназіі. Доктар Рамук. Асьветная ініцыятыва Барыса Рагулі. Перад дарогай за акіян.
    -	На пачатку вайны ў беларусаў яшчэ існавала спадзяванка на немцаў, бо хто ж ведаў, што яны стануць такімі, якімі сталі. Спадзяваліся на лепшае. Напрыклад, доктар Шчорс меўся быць прэзідэнтам Беларусі. Але Гітлер павярнуў усё ў другі бок і павёў вельмі дрэнную, антычалавечую палітыку, нішчыў народы, не даваў ім ніякай незалежнасьці. Ягоны міністр Розенберг хацеў нешта зрабіць для Беларусі, Украіны ці Літвы, даць нейкую аўтаномію і з гэтым аднойчы прыехаў у Бэртэсгаген. Дык Гітлер так на яго накрычэў, амаль выгнаў з памяшканьня, загадаў, каб ён такім глупствам не займаўся. Вядома, што пачалося далей і як паўплывала на ўвесь ход вайны, а ўрэшце прывяло да паразы Нямеччыны.
    Беларусы ў гэткіх умовах рабілі тое, што маглі рабіць. Найперш школьніцтва. Галоўным школьным інспэктарам Беларусі стаў ксёндз Гадлеўскі, у Менск з Прагі прыехаў Ермачэнка. Астроўскі яшчэ ня мог прыехаць, — баяўся, што Ермачэнка зробіць данос Кубэ на былую прыналежнасьць Астроўскага да кампартыі. Таму Астроўскі паехаў сьпярша ў Смаленск, дзе стаў адміністратарам. Ён меў выдатныя якасьці як чалавек і адміністратар, і асабліва сярод маладых беларусаў карыстаўся бязьмежнай павагай і даверам.
    Адзін з найвялікшых беларускіх патрыётаў — Гадлеўскі. Тут дарэчы будзе зазначыць, што нашыя беларускія ксяндзы былі болей актыўныя, чым праваслаўныя сьвятары, якія вялі багаслужбы па-расейску. Каталіцкія сьвятары арганізаваліся ў мястэчку Друя, дзе быў манастыр. Яны пачалі актыўную беларусізацыю каталіцкай царквы, гутарылі ў касьцёлах па-беларуску, а не па-польску. У той час як польскія ксяндзы заўсёды ўбівалі беларусам думку, што тыя ня ёсьць беларусы, а ёсьць палякі. Нават прывіленскія беларусы, якія спрадвеку размаўлялі па-беларуску, называлі сябе не беларусамі, атутэйшымі. На пытаньне «Якая ваша рэлігія?», адказвалі: «Польская», а «На якой вы гаворыце мове?», адказвалі: «На простай».
    Я найбольш меў справу з Гадлеўскім. Ён першы арганізоўваў беларускае школьніцтва на Беларусі, сьцягнуў мяне зь печы ў Лебедзеве, дзе я доўгі час хаваўся ад расстрэлу. 3 ягонай рукі я пераехаў у Маладэчна і пачаў працаваць у школьніцтве. Апроч Гадлеўскага, быў таксама ксёндз Галякоўскі, добры мой прыяцель. Мы разам працавалі ў Віленскай беларускай гімназіі, я выкладаў матэматыку, а ён каталіцкі закон Божы. Ён быў вельмі добры чалавек, прыемны, вялікі энтузіяст беларускай справы. Абодва яны былі расстраляны немцамі ў Менскім гестапа. Магчыма, што на іх былі нейкія фальшывыя даносы, як гэта рабілася палякамі, АК, каб вынішчыць беларускую інтэлігенцыю, канчаткова далучыць будучыню Беларусі да Польшчы. Зрэшты, то была традыцыйная палітыка даваеннай Полыпчы, асабліва ў адносінах да меншасьцяў. Тады, да вайны, беларусы яшчэ жаліліся ў Лігу нацый, езьдзілі ў Жэнэву, даводзілі, што беларуская меншасьць прасьледуецца. I пя толькі беларуская (3 млн.), але і ўкраінская, якой было 7 млн., і габрэйская (3 млн.), і нямецкая (таксама 3 млн.)Іншыя меншасьці былі больш агрэсіўныя, больш апазыцыйныя. Асабліва ўкраінцы, якія мелі нават тэрарыстычную арганізацыю, забівалі высокіх польскіх чыноўнікаў.
    У час акупацыі немцы зразумелі, што самы варты беларус Астроўскі, які перад вайной пражываў у Лодзі. Ермачэнка ж зусім іншы чалавек у параўнаньні з Астроўскім. Калі Астроўскі быў чалавек самастойны, адважны, дык Ермачэнка ўсё цягнуўся да немцаў, мяккі характар. Ён ня быў лідэр. Пасьля забойства Кубэ, як прыйшоў Готбэрг, Ермачэнку звольнілі з працы, і ён вярнуўся ў Прагу. На Беларусі была зарганізавана БЦР, як уступка немцаў беларусам. У кнізе Туронка ўсё тое выкладзена вельмі праўдзіва, заснаванае на дакумэнтах. Там, напрыклад, ёсьць зьвесткі пра Кубэ, што ён спрыяў беларускай справе, дазволіў школьніцтва і г. д., загадаў, каб у беларускіх школах не ўжывалася ні расейская, ні польская мова, а толькі беларуская. Тое, вядома, не падабалася ні Сталіну, ні Гітлеру. Калі забілі Кубэ, дык Гімлер
    сказаў так: «Добра зрабілі! Калі б савецкія партызаны яго не забілі, дык бы мы яго павесілі. За тое, што ён вельмі шмат рабіў для Беларусі». У канцы кнігі Туронак піша, што так сталася лёсам: расейцы русіфікавалі Беларусь, палякі паланізавалі, а немцы — беларусізавалі.
    У чэрвені 44-га года Астроўскі і БЦР яшчэ пасьпелі склікаць Другі Усебеларускі кангрэс у Менску. Трэба сказаць, гэта быў чыста беларускі, надзвычай прадстаўнічы зьезд. Рэч у тым, што нашы беларускія патрыёты не працавалі для немцаў, яны працавалі для Беларусі, — усе гэтыя настаўнікі, дырэктары. Я таксама прыехаў у ліку дэлегатаў з Маладэчна. У Менску найперш забег у школьны адзьдзел генеральнага камісарыяту, дзе даведаўся сумную вестку пра мае справы. На той час я быў дырэктара.м Адміністрацыйна-гандлёвай школы ў Маладэчне і хацеў стварыць вышэйшую школу. Нам загадалі прыслаць у Менск праграмы тае школы. Дык аказалася, мая праграма нарабіла пярэпалах у камісарыяце, мяне абвінавацілі, што я заснаваў ня школу, а цэлы ўнівэрсытэт. Начальнік пачаў біць кулакамі па стале і крычаць. Там жа мне паведамілі, што мая школа зачыняецца. Я нікому нічога не сказаў, вярнуўся са зьезду, скончыў навучальны год. Раздаў вучням прыгожыя дыплёмы.
    Але пра кангрэс. На яго зьехалася нешта каля 1300 дэлегатаў, самая эліта Заходняй і Усходняй Беларусі. Панаваў вялікі энтузіязм, выступала шмат выдатных людзей. I ня толькі Астроўскі, але і ксёндз Адам Станкевіч, Шкялёнак, Хвёдар Іляшэвіч, які прыехаў зь Беластоку, ды іншыя. Немцы ставіліся да таго абыякава, ім ужо было не да беларускіх справаў. Я заўважыў на бальконе драматычнага тэатру толькі двух немцаў. Вёў кангрэс Яўхім Кіпель. Было аднагалосна вырашана прадаўжаць агульнабеларускую справу, запачаткаваную ў 18-м годзе БНР. Але адольваў сум, бо ўжо трэба было складваць манаткі і ўцякаць ад Смерша, які жорстка распраўляўся зь людзьмі — калябарантамі ці не калябарантамі, абы хто меў што-небудзь супольнае зь немцамі. Хапалі і высылалі ў Сібір. Вельмі шмат і маіх вучняў, і маіх настаўнікаў адпакутвалі на Сібіры. I я б таксама там апынуўся, калі б застаўся ў Беларусі. Калі я ў 93-м годзе прыехаў у Маладэчна, дзе мне мэрам гораду Генадзем Карпенкам і ягоным заступнікам Віктарам Ганчаром было арганізавана спатканьне, дык аказалася, што палова маіх вучняў прайшла праз Сібір. Але завошта? Толькі за тое, што яны вучыліся ў маёй школе. Тое было і радасна і сумна. Яшчэ на маім спатканьні сядзелі і Ермаловіч, і Каханоўскі, якіх ужо няма. А імпрэзу вёў адзін з маіх выдатных вучняў, акадэмік, прафэсар Пётра Кузюковіч, вядомы мэдычны дзеяч Беларусі. Выступалі, можа, 30 ці 40 чалавек. Пасьля 94-га года, як зьмянілася сытуацыя на Беларусі, туды я болей ня езьдзіў.
    На эвакуацыю я выехаў зь Лебедзева, дзе жыў у бацькоў маёй жонкі. ГІрозьвішча яе бацькі было знакамітае ў Беларусі — Корсак. Ён быў патрыётам беларушчыны, а як прыйшлі саветы, дык яго заарыштавалі, і ён восем год прабыў у Сібіры, адкуль вярнуўся хворым і хутка памёр. Ехалі да Вільні на сялянскай фурманцы. Адтуль да Варшавы — на цягніку. Тое было пялёгка, бо я ня быў сябрам БЦР, ня меў адпаведных дакумантаў, якіх увесь час патрабавалі ўлады. У Варшаве першым чынам пайшоў у Беларускі камітэт пад кіраўніцтвам доктара Мікалая Шчорса, майго ўнівэрсытэцкага сябра. Ён быў вельмі здатны чалавек, патрыёт, паходзіў з Новага Сьвержаня каля Стоўбцаў. Непадалёк адсюль была рэзыдэнцыя графа Храптовіча зь вядомай бібліятэкай, у якой працаваў яшчэ Адам Міцкевіч. Скончыўшы мэдыцыну ў Віленскім унівэрсытэце, заўсёды браў актыўны ўдзел у беларускай палітыцы і ўсім імпанаваў сваім інтэлектам. Ён быў найлепшы кандыдат на прэзыдэнцкую пасаду ў Беларусі. Але з нагоды непрымальнай палітыкі немцаў Шчорс хутка адмовіўся ад гіпатэтычнага прэзыдэнцтва.