Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Перад самай вайной польскія ўлады так прыціснулі нас за беларускую справу, што немагчыма было дыхаць. Мы, настаўнікі, скончыўшы адзін год, ня ведалі, ці пачнем другі, Так цяжка стала, што мы рашылі пажаліцца. I зрабілі беларускую дэлегацыю ў Варшаву — да паслоў у Сойме і ўлады. У гэтую дэлегацыю ўключылі Глінскага, мяне і Астроўскага. А на той час Зыгмунд Бэчковіч, які добра да мяне ставіўся, стаў ужо сэнатарам. Мы пайшлі да яго, каб ён нам дапамог пабачыць высокіх міністраў. А той кажа: «Мяне так адсунулі, што цяпер я для вас нічога ўжо зрабіць не магу». I мы пабачылі толькі ніжэйшых чыноўнікаў, сэнатарку Ванду Пэльчынскую, якая што-нішто паабяцала. Калі вярнуліся дахаты і кураторыя даведалася пра паездку, дык Астроўскага першага паслала ў Лодзь настаўнікам. I тое яго ўратавала. Бо як пачалася вайна, Лодзь падпала пад немцаў. А жонка яго засталася ў Вільні. Саветы арыштавалі яе і выслалі ў Казахстан. Пасьля Натальлю Арсеньневу выпусьцілі з Казахстану, а Антаніну Астроўскую — не, і яна там памерла.
Перад самым нямецкім нападам на Польшчу прыйшоў загад перавесьці выкладаньне ў гімназіях на польскую мову. Але было ўжо позна, хоць улады гэтак сьпяшаліся. Пасьля прыходу Чырвонай Арміі ў нас шмат што зьмянілася. Замест Васіля Кавалевіча дырэктарам стаў я. Нас ахапіў незвычайны энтузіязм, здавалася, пачынаецца час спрыяньня беларушчыне. Мы разгарнулі гімназію ва-ўсю: тысяча вучняў, сто настаўнікаў, дзесяць інтэрнатаў. Моладзь Наваградчыны рынулася да нас вучыцца. Але тое трывала вельмі нядоўга. Прыйшла чутка, што Сталін аддае Вільню Літве, дзе зможа збудаваць вайсковыя базы. Mae вучні прыслалі дэлегацыю на чале з Лашэвічам. Выходзіла так, што нам трэба вяртацца дахаты, у Наваградак. Там я найперш зайшоў да кіраўніка абласнога школьнага адзьдзелу Арсенія Саўчанкі і распавёў яму ўсю гісторыю Наваградзкай гімназіі, як нас прыцясьнялі палякі. Гэта яго так усхвалявала, што ён сказаў: таварыш Кіт, ідзіце і рабіце ўсё, што палічыце патрэбным. Мы забралі назад свой
будынак, адрамантавалі. Я паехаў у Вільню, забраў 80 працэнтаў усёй гімназіі і перавёз цягніком у Наваградак. Спадар Лашэвіч, які мне памагаў, захапіў яшчэ і аркестр, які прывёз у Наваградак. Дарэчы, гэты аркестр адыгрываў вялікую ролю ў нашай гімназіі, паднімаў наш дух, іграў па сьвятах, удзельнічаў у парадах. Першы раз у Наваградку мы скарысталі яго ў дзень гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі ён іграў на плошчы. 3 прамовай тады выступаў Лашэвіч. У сваёй прамове ён на польскі манер ужыў слова «жыды», што дужа не спадабалася савецкім кіраўнікам, і тыя зьвярталіся да мяне з пратэстам. А пасьля мой сябра па працы Панько на мяне данёс, што я ў Вільні рабіў вялікую беларускую нацыянальную працу, і мяне зьнялі з пасады дырэктара гімназіі. Але праз кароткі час той самы Саўчанка, абласны школьны кіраўнік, прызначыў мяне на болей высокую пасаду — інспэктара ўсіх школаў Баранавіцкай вобласьці.
Дарэчы будзе зазначыць, што мой былы вучань Аркадзь Лашэвіч быў вялікім рупліўцам беларускае справы, калі пасьля вайны працаваў ваяводам у Беластоку. Праз гэта яго перавялі ў Варшаву.
Я некалі шмат езьдзіў па сьвеце і шмат дзе спатыкаў сваіх сяброў. Пра Глінскага ўжо казаў, а другі быў Барыс Суравы, які пры немцах служыў школьным інспэктарам Слонімскага павету. Дык ён быў кухарам у польскім рэстаране ў Лёндане. Калі я прыязджаў да яго, ён заўсёды хадзіў у шапцы, такой белай. Ён яшчэ жыве, а Глінскі памёр ужо.
Або вось лёс выдатнага беларускага пісьменьніка і драматурга Аляхновіча, які прабыў шмат год на Салаўках. Яшчэ да вайны яго выменялі на Браніслава Тарашкевіча. Тады Аляхновіч прыехаў у Вільню, напісаў славутую кнігу «У кіпцюрох ГПУ», якая разышлася па сьвеце ў дзесяці ці болей мовах. Я быў на сходзе, дзе ён распавядаў пра сваё зьняволеньне. А ў 39-м годзе, як прыйшлі саветы, Аляхновіч быў змушаны хавацца ў лесе, баючыся арышту. 3 прыходам немцаў пасяліўся ў Вільні. Але аднойчы да яго пастукаўся нехта, і калі гаспадар адчыніў дзьверы, той стрэліў у яго і забіў на вачох жонкі. Мы ўсе яго паважалі і любілі, асабліва ягоныя драматычныя п’есы, якія ставілі ў нашай гімназіі. Я браў удзел у тых спектаклях.
Аповяд другі
5 ліпеня, кавярня «Шнайдар»
Другі раз мы абралі іншую дарогу — ад Гаўптвахэ ў бок вакзалу. Крыху збоч наперадзе высіліся гонкія слупы хмарачосаў Камерцбанку, Выставачнага комплексу, Дойчабанку ды іншых. Тут яны відаць адусюль, бы нязьменныя сымбалі нямецкай фінансавай магутнасьці, знак еднасьці з заакіянскім сябрам. Спадар Барыс заўважае маю цікаўнасьць.
— Уражвае, але? Уражвае... А ўсё чаму? Падобныя на нью-ёркскія. Тут шмат што падобнае на амэрыканскае. Хаця і сваё ня горшае. Але ж гэта Амэрыка стварыла пасьляваенную Нямеччыну. Так што дзякаваць Богу, што менавіта Амэрыка, а не, прыкладам, Савецкі Саюз.
— Савецкі Саюз тады не даваў, а браў. Рэпарацыі і так далей.
— Во і добра, што браў, — нечакана пагаджаецца спадар Барыс. — Старызну пабраў, а на тое мейсца Амэрыка прывезла найноўшае. I Нямеччына паднялася з друзу.
To праўда. У гістарычным музэі на Ромеры месьцяцца вялізныя макеты разбуранага ў вайну Франкфурту. Жахліва. Гораду няма. Адны руіны, сярод якіх пракладзены сьцежкі-дарожкі для транспарту. А цяпер? Усё адноўлена. Стары, яшчэ з часоў Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі цэнтр дбайна рэканструяваны. Бы цацкі, шчыльненька стаяць на плошчы сярэднявечныя фахверкі, сьцены, агароджы... Брусчатка на плошчы ранейшая, яе зьбераглі, не залілі асфальтам. Дзіўна, што сярод руінаў ацалелі цэрквы, — зрэшты, гэта ўсюды загадка. Цэрквы выстаялі нават пасьля дывановых бамбовак — тут, і ўсюды. Ці не памагаў ім Бог? Цяпер усё, бы новенькае. Бы летась збудаванае.
А ў нас?
Тое праклятае пытаньне на Захадзе раз за разам стукае ў голаў, тузаецца ў душы — хоць ты не глядзі на навакольле ці забудзься на пакінутае дома. Параўнаньні міжволі выклікаюць благія пачуцьці, настройваюць на самаедзкі, крытычны да сябе лад. Хоць бы нагледзеўшыся на гэтую ўрбаністыку — старую ці мадэрновую, але аднолькава звабную і для пагляду, і для карыстаньня. Ня хочацца згадваць пра нашы струхлелыя драўляныя
хаціны, зарослыя крапівой падмуркі пабураных цэркваў ды новыя сілікатныя аборы, амаль аднолькавыя для кароў і людзей.
А ў нас — савецкае. Бо Сталін жа не прыняў плян Маршала. Для Сталіна ягоная камуністычная фанабэрыя была вышэй за лёс народу. Хоць бы і народу-пераможцу.
Фанабэрыя ці нянавісьць — тое зьмясьцілася ў адно, у паталягічную нянавісьць да Захаду, якому ён рыхтаваў сьпярша сусьветную рэвалюцыю, а затым атамную вайну. Было б што есьці, ён, напэўна, рушыў бы ад Бэрліну да Ля-Маншу, каб канчаткова вырашыць ненавісную праблему капіталізму. А разам і любага яму сацыялізму. Ды для пераможцаў не хапала хлеба. Зброі было навалам, а хлеб зьнік. Як было бяз хлеба рабіць сусьветную рэвалюцыю?
У кавярні тым часам пуставата, мы выбіраем сабе ўтульны куточак у канцы разгароджанай на адсекі залі. Але паступова заля пачынае напаўняцца — гэта ў банках-хмарачосах пачынаецца перапынак на абед. Ціха, без мітусьні банкаўскія клеркі рассаджваюцца за столікамі. To ў бальшыні маладыя людзі ў строгіх гарнітурах і з сур’ёзнымі тварамі. Піва яны ня п’юць, болей — ваду, хутка і моўчкі ядуць і па адным зьнікаюць, кіруючы да сваіх разумных кампутараў Мы не сьпяшаемся, і келыіэр чакае — што будзем есый? Але найперш — што будзем піць? Піва — о’кей. Але якое? Тут дзесяткі гатункаў піва. (Зноў няпростая праблема выбару.) Спадар Барыс прастадушна жартуе:
Выбар піва — ня выбар прэзыдэнта. Тут трэба галаву мець, каб не спудлаваць, бо жывату ж адказваць. — I раптам рашуча загадвае:
— Цвай маль вейцэн-бір!
— Гросэ?
— Гросэ!
Яволь! — згодна адгукаецца вышкалены, франтавата апрануты кельнэр, і праз хвіліну на стале паяўляюцца два перапоўненыя, зь пенай келіхі.
— Ну цяпер пагамонім...
Вайна. Уцёкі ў Вільню. Уцёкі зь Вільні. Прытулак у мястэчку Лебедзеве. Няўдалая спроба. Дырэктар семінарыі ў Паставах.
Арышт у дарозе. Жахлівы месяц у Глыбоцкай турме.
Галоўная цэнтраля СДу Вялейцы. Паратоўца — Кастусь Касяк. Злачынная роля АК. Перакладчыца Аня Катковіч. Нямецкі дазвол
на БЦР і СБМ. Колішняе будаўніцтва Наваградзкай гімназіі.
— Другая сусьветная вайна, ці другая яе частка, калі немцы напалі на Савецкі Саюз, усіх нас захапіла раптоўна. Я тады знаходзіўся ў Вільні.
А ў Вільню трапіў, уцёкшы з Беларусі. Калі я яшчэ быў школьным інспэктарам Баранавіцкай вобласьці, дык аднойчы дачуўся, што ў Наваградку ладзіцца вялікае зборышча беларускіх пісьменьнікаў, прыехалі Янка Купала і Якуб Колас ды іншыя. Я хацеў зь імі спаткацца і прыехаў з Баранавічаў у Наваградак. Але перад тым, як пайсьці на сход, зайшоў да свайго старэйшага прыяцеля доктара Станіслава Станкевіча, які яшчэ працаваў настаўнікам у маёй гімназіі. I ён мне сказаў: «Барыс, дрэнная справа. Як цябе перамясьцілі з Наваградка ў Баранавічы, дык НКВД усіх нашых настаўнікаў паклікаў і пытаўся, што ты рабіў за часам польскім у Вільні? Разам з Астроўскім і гэтак далей. Так выглядае, што табе трэба нешта рабіць, можа, выехаць куды з Баранавічаў». Я тады вырашыў паехаць у Вільню. Празь якіх два тыдні пачалася вайна.
Аднойчы, калі мы з прыяцелем Кавалевічам — былым дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі — гулялі па горадзе, пачаліся алярмы, як нам падалося, — пробныя. Але я зірнуў на неба і пабачыў «месершміта». He, кажу, гэта ня пробныя. Гэта паветраны напад. У першы ж дзень быў зьнішчаны віленскі аэрадром Парубанак. Пачаліся жахлівыя бамбардыроўкі Вільні, і я вырашыў пакінуць яе. Тады ж вечарам вырашыў дабірацца да Баранавіч, дзе была мая жонка. Яшчэ патрапіў даехаць цягніком да Ліды, а ўжо ад Ліды пехатой, каб узяць сваю жонку і недзе хавацца. Немцы нас перахапілі, як я зь цяжарнай жонкай ішлі з Баранавічаў, дагналі нас у Сталовічах, дзе яны стралялі ва ўсіх падворках. Мы схаваліся ў гумне і сядзелі там тры дні і тры начы. Немцы так хутка ішлі наперад, што пакінулі ззаду цэлыя арміі. Атрымлівалася так, што ўдзень ідуць немцы, а ўначы — савецкія войскі. Канавы, узбочыны — усё было завалена цяжкой савецкай зброяй. Калі мы праходзілі праз Карэлічы, я раптам спаткаўся з адным сваім знаёмым, Друцькам, той быў на кані, аказваецца, ён ужо камендант паліцыі. Убачыўшы мяне, ён аж закрычаў: «Барыс, адкуль ты? Мы цябе шукаем, каб расстраляць. Уцякай хутчэй!» Ён і яшчэ ўратаваў аднаго — Дыдышку, якога загадаў скінуць з грузавіка, калі яго вязьлі на расстрэл. Той пасьля скончыў кансэрваторыю і цяпер жыве ў Менску. А Друцька зьнік.