• Газеты, часопісы і г.д.
  • Барыс Кіт — Грамадзянін свету

    Барыс Кіт — Грамадзянін свету


    Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
    Памер: 432с.
    Мінск 2004
    112.97 МБ
    Аднак на гэты раз была не трывога. Барыс пазнаў у самалётах, што ляцелі над горадам, «месершміты». Стала відавочным — пачыналася вайна. Ужо a 10-й гадзіне Вільню ўпершыню бамбілі. Бамбёжка з перапынкамі цягнулася цэлы дзень. Па радыё аб’явілі, што ідуць баі. I гэта быў пачатак новай, невядомай, страшнай паласы ягонага жыцця. I не толькі ягонага. Мацней за трывогу аб сабе дапякала трывога за цяжарную жонку.
    Ён вярнуўся ў Баранавічы. Ішоў начамі, ратуючыся ад ліхіх людзей, што заўсёды, як пена, усплываюць на хвалі ліхалецця.
    У Баранавічах чакалі сумныя навіны. Быў расстраляны яго даўні сябра, інспектар вячэрніх школ Генрых Дэмбіньскі. Гэтая навіна, як горкі, даўкі камяк, перацяла горла. 3 Генрыкам былі звязаныя студэнцкія гады, цёплыя сустрэчы і радасць летніх дзён у студэнцкім лагеры, агульныя мары пра вялікую будучыню... Ён зразумеў: тут, у Баранавічах, яму таксама ўжо няма месца.
    Яго тут ведалі. Інспектар раённага аддзела адукацыі мог падпасці пад «расстрэльныя спісы» новых гаспадароў на нашай зямлі. Цяпер гэта былі немцы. Тады ён надумаў ехаць да бацькі. Дарога да Агароднікаў пасля помнілася як пякельная. Цяжарнай жонцы ісці па гарачыні, па пыльнай дарозе было невыносна. Але мусілі ісці. Прайшлі колькі кіламетраў, селі
    адпачыць недалёка ад Сталовіч — і раптам з неба, як бульбіны з дзіравага мяшка, пасыпаліся дэсантнікі.
    — Немцы... — нібы прашалясцела навокал.
    Ён і сам бачыў — на салдатах, якія падалі і падалі зверху, была нямецкая палявая форма. Барыс і жонка, хаваючыся за нізкі ельнік, сталі адыходзіць да Сталовічаў. Толькі паспелі ўскочыць у гумно, прытуліцца адзін да аднаго за кулём саломы — высокі немец з аўтаматам, рыжы, па-блазенску выскаляючыся, паласнуў па гумну аўтаматнаю чаргой. Яны ўпалі на зямлю. стаіліся. Аўтаматная чарга пратрашчала яшчэ раз, пасля яшчэ... А немцы ішлі і ішлі. Час ад часу, прыўзнімаючыся, Барыс бачыў бясконцыя шарэнгі салдат, што крочылі за грузавікамі, чуў гергетанне, крыкі. Ісці далей не выпадала. Іх могуць забіць у першую ж хвіліну. Яны вырашылі застацца ў Сталовічах. перачакаць гэтае нашэсце, падумаць, як быць далей.
    Іх прытулілі ў недалёкай хаце. Увесь час, як вымаючы душу, нізка, амаль над самай зямлёй, гулі самалёты, вухкалі выбухі, злавесна кучаравіліся над лесам бела-жоўтыя воблакі выбухаў. Аднаго разу, калі нямецкая плынь нібыта сцішылася, апала, хутка, азіраючыся па баках, прашмыгнулі па дарозе энкавэдзісты ў зялёных фуражках. Затым ўжо немцы вялі першых палонных — потныя, змучаныя, акрываўленыя чырвонаармейцы ішлі цяжка і змрочна, немцы ж, наадварот, былі вясёлыя, гралі на губных гармоніках, шмат рагаталі.
    Нарэшце маладая пара дацягнулася да Агароднікаў. Бацька быў у полі. Яны перакусілі і памкнуліся хутчэй змываць дарожны пыл і гразь. Пераначавалі, слухаючы навіны пра сваякоў і знаёмых. Барыс даведаўся, што ў Карэлічы вярнуўся Іван Краскоўскі, які пры Саветах сядзеў у турме. Тут яго прызначылі войтам. Казалі, ён мае намер збіраць вакол сябе маладых хлопцаў, каб змагацца з бальшавікамі.
    — Якія бальшавікі? — здзівіўся Барыс. — Іх ужо няма, яны адступілі разам з уладай.
    — Шмат каго засталося, — казаў бацька. — Паглядзеў я на Івана, дужа мне ён не спадабаўся. Вядома, яму дасталася, але каб не перакалаціў ён пад гарачую руку нявінных. Ці мала каго ўлада прымушала ў партыю ўступаць! А многія ж, хаця і сядзелі за КПЗБ, вераць дасюль, што Сталін нічога пра тое не ведаў, і кажуць, што гэта ворагі ўсё падстроілі. Разбярэшся тут...
    Сапраўды, былі і такія, хто, нават сам адседзеўшы пры Саветах і вярнуўшыся дадому пры немцах, усё яшчэ верыў у сталінскія лозунгі і заставаўся камуністам. Аднак Барыс успомніў віленскія арышты, пасля
    узгадаліся расказы па дарозе дадому — шапталіся людзі, што пры адступленні энкавэдзісты, выводзячы з тур.маў арыштаваных, іх нікуды не адпраўлялі, а проста заводзілі ў бліжэйшы лес ды там і расстрэльвалі, не надта разбіраючыся, хто і за што сядзіць. Адпускалі на волю толькі крымінальнікаў. У энкавэдзістаў, казалі, быў загад: гіалітычных не пушчаць на волю, не пакідаць іх у жывых...
    Раніцай, ледзь паснедаўшы, Барыс пайшоў на вуліцу — даведацца, дзе немцы. He паспеў каля веснічак перагаварыць са сваяком, да якога зайшоў, як убачыў — на прыгожым кані важна едзе па вуліцы знаёмы чалавек.
    — Ці не Друцька гэта? — узіраючыся, бо сонца трохі сляпіла вочы, запытаўся ён. Але той ужо і сам пад’язджаў да іх.
    — Ён цяпер начальнік паліцыі, — шапнуў родзіч.
    — Ці гэта Барыс?— утаропіўся ў яго і Друцька.
    Паздароўкаліся.
    — Што ты тут робіш?
    — Ратуюся, як і ўсе.
    Барыс коратка расказаў пра свае абставіны. Але Друцька перабіў:
    — Чаго ты сюды ехаў? Тут ужо цябе шукалі. Чаго? Сам знаеш, як цяпер — расстраляюць, і ніхто слова не скажа. Лепей уцякай.
    — Куды?
    — Куды хочаш. Але каб я цябе тут не бачыў.
    Увечары, калі прыйшоў бацька, ён пабачыў, што ягоны сын збіраецца ў дарогу.
    — Куды вы? — ушчуваў ён іх.— Палохае вас гэты Друцька. Няўжо ж яны будуць цяжарных жанчын хапаць?
    Але нешта падказвала Барысу — трэба з’язджаць. Грознае адчуванне небяспекі запаланіла яго ўсяго. Жонка ціха прапанавала:
    — Паедзем да нас, у Лебядзёва...
    Сапраўды, гэта магло быць выйсцем з небяспечнай сітуацыі. Лебедзева, альбо як яго называлі мясцовыя «Лебядзёва», магло іх схаваць і ўратаваць.
    Гэтая старажытная вёска, што знаходзілася ў 12 кіламетрах на захад ад Маладзечна, мела тую зручнасць, што стаіць ля шашы Мінск — Вільня. Барыс добра ведаў яе гісторыю. Першы ўспамін пра яе належыць ажно да 1387 года, што гаворыць аб значэнні яе ў тыя, амаль пракаветныя часы. У перадваенныя часы тут дзейнічала суполка Беларускай сялянска-работніцкай Грамады і нават ячэйка КПЗБ, якою кіраваў паэт Алесь Салагуб. Аднак найперш славілася Лебедзева сваёй харавой капэлай, якую арганізавалі тут яшчэ ў сярэдзіне 30-х гадоў. (Генадзь Каханоўскі ў кнізе
    «Повязь часоў», што выйшла ў выдавецтве «Полымя» ў 1985 годзе, змясціў, сярод іншых, і фотакартку найбольш актыўных спевакоў гэтай капэлы, дзе ў цэнтры стаіць Іван (Янка) Корсак — цесць Барыса Кіта. Род Корсакаў увогуле здаўна вядомы на Беларусі. Яшчэ ў XVIII стагоддзі было некалькі дзяржаўных дзеячаў Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага з такімі прозвішчамі, у прыватнасці Корсак-Совіч Самуэль, што паходзіў з заможнай шляхты Наваградскага павета, быў паслом некалькіх соймаў і загінуў ў час абароны прадмесця Варшавы падчас паўстання 1794 года, а таксама Тадэвуш Корсак, полацкі скарбнік, затым падчашы і віленскі земскі суддзя. Корсакі, родзічы Кіта, у перадваенны і пасляваенны час таксама абазначылі сябе як вядомыя на Маладзечаншчыне людзі.)
    Барыс не аднойчы бываў там, і Лебедзева яму падабалася. Было важна. што там яго амаль не ведаюць. Гэта тут ягоная вядомасць можа «спрацаваць» супраць — ці мала навокал зайздроснікаў, непрыяцеляў? Вайна нібыта развязвае ў некаторых людзей падспудныя жаданні, жывёльныя, варожыя да іншых інстынкты.
    Аднак бацька ўсё ўгаворваў іх заставацца:
    — Гэта ж вам трэба кіраваць на Любчу, Валожын, пасля на Маладзечна. А тут во з хаты выйсці страшна.
    Ды яны вырашылі неадкладна ехаць у Лебедзева. Усхваляваны і знерваваны бацька пайшоў шукаць фурманку. Ён баяўся за сына. Ды выйсця не было — яны мусілі ратавацца. А ён заставаўся ў роднай хаце, бо яму не было куды ісці.
    Ён ужо не працаваў на зямлі — пасля прыходу Чырвонай Арміі зноўку вярнуўся да сваёй старой прафесіі — тэлеграфіста. Ён хутка «дагнаў» самога сябе, дакладней, упісаўся ў патрабаванні новага часу — асвойтаўся са змяненнямі ў сістэмах марзянкі, а апараты Бадо, Клёпфера, Уінстана ён ведаў на памяць, і расшыфроўка, калі прыходзілі важныя паведамленні, не была для яго цяжкай. Ён паспеў расказаць сыну, што першы ў Карэлічах даведаўся аб пачатку вайны. Гэта было так: загудзеў апарат, пачуўся сігнал «SOS! Усім! Татальная мабілізацыя!», які даюць у выключных выпадках. Прыняўшы сігнал аб эвакуацыі, началызік пошты загадаў Уладзіміру Кіту разабраць апаратуру і закапаць яе ў надзейным месцы, бо такі быў загад — нічога не павінна заставацца ворагам. Сам жа паімчаўся дадому, да сям’і, і паспешліва з’ехаў з Карэліч, не праверыўшы, ці выкананы яго загад: «Ведаў, што я ўсё зраблю як трэба!» — дадаваў бацька. Ён казаў, што праца яму надта падабалася. Да таго ж на пошту хадзіць было не так і далёка. Агароднікі патроху рабіліся часткай Карэлічаў, іхняя хата была ўжо на самай гарадской мяжы.
    Дзеці таксама не хацелі адпускаць кудысьці, у чужую вёску, старэйшага брата. Барыс быў для іх часткай нейкага іншага, прыгожага і заможнага жыцця, якое ўяўлялася ледзь не казачным. Яны не ведалі, навошта ад’язджаць адсюль, дзе так добра, цёпла, утульна, але не казалі нічога, толькі трывожна сачылі за дарогай, адкуль павінна была прыехаць фурманка, якую з цяжкасцю, але ўсё-ткі знайшоў і наняў бацька.
    Развіталіся яны з сынам, кожны думаючы пра тое, ці ўбачацца зноўку. Так яно і сталася — гэта была іхняя апошняя сустрэча. Незадоўга да смерці бацька пачуў, што сын яго стаў вялікім чалавекам, і паспеў яшчэ парадавацца за Барыса і за сваіх унукаў, спадзеючыся і на іхнюю добрую будучыню. Але пры развітанні бацька доўга стаяў і сачыў за фурманкай, якая паступова хавалася за ўзгоркамі доўгай дарогі з роднага дому...
    .. .Гарачыня нібыта накрыла сабою зямлю, і ў сіняватай смузе калыхалася наваколле — палосы зялёнага яшчэ жыта, пшаніцы, ужо жаўтаватага аўсу, ружовай грэчкі. Белыя аблокі на хвіліну закрывалі сонца, і тады вялікі цень нібы бег па наваколлі, захінаючы сабой далёкі лес, невялікія люстэркі азёр. Барысу здавалася — нейкі іншы, нябачны, але адчувальны цень накрыў сабой роднае навокал, усю яго зямлю.
    Можа, якраз гэтае хараство поўнага, ужо спелага лета яшчэ болей падкрэслівала недарэчнасць і жахі вайны — распухлыя трупы салдат і проста мірных жыхароў, што ляжалі ля дарогі; кінутыя і пакарэжаныя гарматы, спаленыя танкі. Але самае жахлівае — дзеці, што страцілі сваіх бацькоў і цяпер шукалі ежы і прытулку. Адно з іх, зусім маленькае трохгадовае дзіця ў пунсовай сукеначцы, плакала, выходзячы з ельніку каля самай дарогі. Але ў момант, калі фурманка ехала якраз да той павароткі, дзе стаяла дзяўчынка, грымнуў выбух, і коні ашалела паімчаліся наперад. Калі ж падарожнікі азірнуліся, на паваротцы нікога не было, толькі на ялінцы гайдаўся кавалак яркай чырвонай сукеначкі.