Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Трэба сказаць, што людзі, для якіх галоўнаю была не беларуская справа, а ўласная кар’ера, ды і, па праўдзе кажучы, звычайнае шкурніцтва, адразу замітусіліся. Пачалі падыходзіць да Шчорса і весці размовы аб тым, якія яны патрыёты Беларусі. Звярталіся і да ягоных сяброў. Да Кіта ў Лебедзева прыехаў нейкі Віктар Уневіч і амаль з ходу ажно заенчыў: «Што вы тут сядзіце? Ваш сябра можа Вас рэкамендаваць на добрую пасаду!» Але Барыс не кінуўся да Шчорса — яго пакуль што цалкам задавальняла праца настаўніка. Уневіч паехаў шукаць сабе лепшага. Але лёс любіць пажартаваць над тымі, хто надта вытыркаецца ў скрушны час. Паспрабаваўшы дзеля ўласнай выгоды «закласці» некаторых дзеячаў нацыянальнага руху, Уневіч сам трапіў пад падазрэнне і быў неўзабаве расстраляны. А тым часам беларусаў сталі больш ахвотна браць на службу. Напрыклад, пры арганізацыі акруговых судоў генеральны камісар Кубэ сцвердзіў, што «генэральны камісар паклікае на акруговых і міравых суддзяў беларусаў» (пастанова ад 12 верасня 1941 года). I сапраўды — у Менску акруговы суд узначаліў Мікалай Наваградзкі, які браў на працу ў асноўным людзей, якія карысталіся даверам у мясцовага насельніцтва. Шукалі людзей, якіх ведалі і якім давяралі. Да Барыса дайшлі словы, сказаныя ксяндзом Гадлеўскім аб тым, што досыць Кіту спаць на печы.
I Кіт зразумеў што цяпер якраз настае такі час, калі можна нешта зрабіць у асветніцтве, выкарыстаўшы ягоны багаты вопыт. Выбраўшы вольны час, паехаў у Маладзечна.
Там пасля нядоўгіх пошукаў знайшоў аднаго са сваіх добрых знаёмых — былога школьнага інспектара раёна Яворскага. Той выкладаў у школе, але было бачна, што ўжо нудзіўся аднастайнасцю свайго жыцця і таксама хацеў зрабіць нешта большае. Ён надта ўзрадаваўся свайму былому калегу, стаў яго частаваць і, пасядзеўшы крыху, госць выклаў яму сваю задуму:
— Ведаеш, мы маглі б паспрабаваць адкрыць тут, у горадзе, настаўніцкую семінарыю. Пачатковыя школы — гэтага мала. Павінна ж вучыцца і моладзь.
— Семінарыю? — задумаўся Яворскі. — Але ж ці дадуць немцы дазвол? Я чуў, што яны не хочуць пушчаць мясцовае насельніцтва атрымліваць адукацыю вышэй за сярэднюю школу...
— Варта паспрабаваць, — стаў яго ўгаворваць Кіт. — Ты падшукаеш тут будучых выкладчыкаў, а я паспрабую дабіцца патрэбнай паперы з дазволам.
— Тут, у Маладэчне? Гэта немагчыма. Усе напалоханыя і лічаць, што нават ісці да немцаў небяспечна. У іх адна размова — расстраляюць, калі што не так.
— Паеду ў Менск, там у мяне ёсць знаёмыя. Будзем дзейнічаць праз іх.
I Кіт паехаў у Менск. Ён ужо ведаў, што ў Генеральным камісарыяце працуе Яўхім Скурат, намеснік кіраўніка школьнага аддзела, ягоны былы сакурснік па Віленскім універсітэце.
Менск быў змрочны — моцна пашкоджаны чэрвеньскімі бамбёжкамі, прыціхлы. Ды Барыс тут адразу зарыентаваўся і знайшоў патрэбны будынак з лёгкасцю — менчукі ўжо добра ведалі, дзе працуюць цывільныя ўстановы.
Яўхім Скурат сустрэў свайго былога сакурсніка вельмі прыветна. Яны ўзгадалі былых сяброў. Вайна раскідала іх па розных кутках Беларусі і Віленшчыны, мнопя са старых знаёмых альбо загінулі, альбо хаваліся. Кожны з тых, хто мог у гэтых умовах памагчы агульнай справе, быў надта патрэбным.
— А што цябе прывяло сюды, Барыс?
Кіт падрабязна расказаў пра сваю задуму.
Скурат задумаўся.
— Мой начальнік — немец чэшскага паходжання, яго прозвішча Сівіца. Ён ставіцца да славян прыхільна, паспрабую дабіцца ў яго дазволу на стварэнне настаўніцкай семінарыі.
Але тады Сівіца такога дазволу не даў. Давялося ехаць яшчэ раз. Зразумеўшы, што просьбу трэба «падмацаваць» нечым істотным, Кіт узяў з сабою ладны кавал сала кілаграмаў на пяць.
Відаць, «падмацаванне» дапамагло — Сівіца падпісаў дазвол.
Яворскі быў нямала здзіўлены, калі Барыс прывёз патрэбную паперу. Ён, па ўсім было бачна, спадзяваўся, але ўсё ж да канца не верыў, што ўвогуле ўдасца зрабіць гэты крок, на які ён нават асмеліцца не мог.
Але дазвол — гэта быў толькі пачатак велізарнай арганізацыйнай справы.
Кіту давялося патраціць неймаверныя намаганні, каб зрабіць і астатняе — тую чорную, нябачную працу, без якой не абысціся — надрукаваць
аб’явы аб адкрыцці семінарыі, вызначыць праграмы ўступных іспытаў, падабраць выкладчыкаў.
Яворскі дапамог знайсці памяшканне (гэта якраз было няцяжка, бо пуставала былое педвучылішча, дзе і размясціліся выкладчыкі), астатняе ж давялося рабіць яму самому. Затое ж і адказнасць лягла цалкам на ягоныя плечы.
Неўзабаве пачаліся заняткі. Ніхто з выкладчыкаў і сам Кіт не чакалі, што заявы на паступленне ў семінарыю пададуць больш за трыста юнакоў і дзяўчат. Гэты факт яскрава паказаў, як патрэбная тая справа, якую ён задумаў і ажыццявіў разам з Яворскім. Узровень падрыхтоўкі будучых семінарыстаў быў даволі высокі, і таму ўступныя экзамены прайшлі досыць лёгка, а навучанне адразу набыло пэўную элітарнасць, хаця само жыццё вакол было неймаверна цяжкім. Выкладчыкам плацілі прадуктамі, якія навучэнцы прывозілі з вёсак, але і гэта было вялікай дапамогай для настаўнікаў, якія проста не мелі б ніякай працы і змушаныя былі страчваць сваю кваліфікацыю, працуючы на зямлі.
Ды падсвядома Кіт увесь час адчуваў нейкую трывогу — нягледзячы на дазвол з Менску, да мясцовых уладаў ён не хадзіў. Спадзяваўся ўсё ж, што неяк абыдзецца, бо дазвол на адкрыццё семінарыі дадзены ў Менску.
Але не абышлося.
Навальніца абрушылася на яго ў асобе гебітскамісара Вілейскай акругі Шмідта. Ён прымчаўся ў будынак былога педвучылішча раз’юшаны і адразу ж зароў на дырэктара.
— Хто дазволіў адкрыць семінарыю?
Кіт паказаў яму дазвол. Гэта, аднак, не ахалодзіла злосці гебітскамісара. Ён, відаць па ўсім, не збіраўся так проста адступаць. 1 на дырэктара абрынуліся новыя крыкі і пагрозы. Шмідт крычаў, што для унтэрмэншаў дастаткова і адной семінарыі — а яна ўжо ёсць у Вілейцы.
— Вы злачынца! — крычаў немец. — Вы ўвялі ў зман вышэйшае начальства! Вас трэба арыштаваць!
Кіт спрабаваў яго суцішыць, нават апраўдваўся. Куды там! Ганарысты начальнік не хацеў і слухаць.
Аднак Кіта ён усё ж не арыштаваў. Спрацаваў стэрэатып — немца стрымала тое, што дазвол быў падпісаны вышэйшымі інстанцыямі. Ды Кіт не сумняваўся, што тое адбудзецца на наступны раз, пакуль гебітскамісар не высветліць усе абставіны.
Выхад для выратавання быў адзіны — зноў ехаць у школьны аддзел Генеральнага камісарыята Беларусі. Аднак гэтая сустрэча не дала чаканых вынікаў. Скурат быў устрывожаны нечаканымі абставінамі, хаця
слухаў усе перыпетыі візіту гебітскамісара вельмі ўважліва. I нарэшце выказаў сваё меркаванне.
— Ведаеш, Барыс, немцы — страшэнныя служакі. Ты не папрасіў у яго дазволу, ён і не дасць табе працаваць. Трэба, каб яны там, у Вялейцы, трохі астылі. Падумаю, што рабіць. Пачакай.
Кіт сядзеў у чаканні Скурата доўга. Той, відавочна, раіўся са сваім начальнікам Сівіцам і прасіў заступіцца за свайго аднакурсніка.. Але той, мабыць, не хацеў ніякіх канфліктаў з-за беларусаў і адмовіўся тэлефанаваць у Вілейку.
Скурат вярнуўся да Кіта, твар яго быў змрочны. Усё ж ён хацеў дапамагчы, тым болей, што тут гаворка ішла не толькі пра семінарыю, але і пра ягоны аўтарытэт у вачах калегі. I ён прыдумаў выйсце. Зноў схадзіў некуды — як Барыс даведаўся пазней, тэлефанаваць у вучэльні па ўсёй Беларусі — шукаць свабоднага месца. Марудна цягнуліся гадзіны. Нарэшце Скурат знайшоў рашэнне.
— Тут трэба саступаць. Табе давядзецца з’ехаць з Маладэчна. Але не гаруй — паедзеш у іншую настаўніцкую семінарыю.
— Куды?
— У Паставы.
— Але ж гэта на другім канцы Беларусі, а ў мяне ўся радня тут!
— Давядзецца, — сказаў Скурат. — Гэта ненадоўга. Але там якраз няма талковага дырэктара, там патрэбны такі арганізатар, як ты..
— Зусім нечаканая прапанова...
— А што ты хочаш лепшага? Дзе там цябе знойдзе той камісар? А мы тут падумаем, што з Маладзечанскай семінарыяй рабіць. Можа, мы яе пад іншай назвай адчынім. A то яны, гэтыя хітругі, нібыта і дазваляюць нам нацыянальныя школы адкрываць, нібыта супрацоўнічаюць, а самі, вядома, думаюць пра сваё. I мы будзем пра сваіх рупіцца — а іначай нашто ўся гэтая мітрэнга?! А пазней зноў вернешся бліжэй да сваіх...
Так Барыс апынуўся ў Паставах.
Паставы — невялікі правінцыйны гарадок за 250 кіламетраў на захад ад Віцебска. Аднак гісторыя яго, як і большасці гарадоў Беларусі — даўняя, ён згадваецца ў пісьмовых крыніцах яшчэ ў 1522 годзе. Дарэчы, ім валодала магнацкая фамілія Дэспатаў-Зяновічаў і славуты Антоній Тызенгауз, які кіраваў каралеўскімі эканоміямі на Беларусі і ў Літве і найбольш разгарнуў сваю дзейнасць у Горадні, стварыўшы там Гродзенскія каралеўскія мануфактуры і адкрыўшы кадэцкі корпус, медычную школу і тэатр, а таксама пабудаваўшы цэлы комплекс грамадзянскай архітэктуры
ў стылі барока. Тое ж ён зрабіў і ў Паставах, і гэтыя невялікія ўзорыстыя мураванкі XVIII стагоддзя, некалі прызначаныя для гатэляў, адміністрацыі і для іншаземных майстроў, захаваліся і ў Горадні, і ў Паставах ажно да сённяшняга часу.
Барыс любіў Сярэднявечча, таму гэты куточак, дзе над ракой Мядзелкай стаяў такі ж самы, яшчэ, мабыць, тызенгаўзаўскі будынак, у якім цяпер месцілася семінарыя, неяк адразу супакоіў ягонае хваляванне і нават роспач, якая была апанавала яго пасля такога нечаканага і гвалтоўнага развітання са сваім дзіцяткам — Маладзечанскай семінарыяй.
Аднак і тут знайшліся знаёмыя, не лічачы былога сябра па Віленскай беларускай гімназіі Пётры Шчаснага. Некалькі тыдняў таму сюды з Варапаева прыехаў былы вучань з Віленскай беларускай пмназіі Адам Дасюкевіч. Ён працаваў у мясцовай гарадской управе.
Адам вельмі ўзрадаваўся з’яўленню свайго былога настаўніка. Ён пачуваў сябе тут адзінока, і таму абяцаў Барысу дапамагчы чым можа. А для таго свой чалавек у гарадской управе таксама быў вельмі патрэбны.
Усё ж сітуацыя склалася няпростая: ён быў прызначаны сюды загадам, але тым самым адхіляўся ад пасады Пётра Шчасны. Барыс, як мог, патлумачыў яму прычыну свайго з’яўлення, але іхнія дачыненні ўсё роўна сталі напружанымі, і ён моцна перажываў ад таго. Былі і іншыя складанасці — у процівагу тым часам, калі палякі ціснулі на беларусаў і стараліся зліквідаваць беларускія гімназіі, каб не дапусціць беларусаў да адукацыі, цяпер склалася адваротная сітуацыя: немцы не толькі зачынілі польскую гімназію і аддалі яе карэннаму насельніцтву (якраз у ёй і праходзілі заняткі), але і забаранілі прымаць палякаў у семінарыю. Гэта здавалася Барысу непрымальным. Нягледзячы ні на што, думаў ён, мы, беларусы, не павінны браць прыклад з таго благога, што рабілі для нас палякі. Да таго ж ён добра памятаў, як дапамагалі яму ў цяжкія часіны ва універсітэце сябрыпалякі, як супраціўляліся нацыянальнаму пераследу беларусаў некаторыя вядомыя польскія інтэлігенты.