Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Ён аброс барадой, знясілеў, ледзь перастаўляў ногі.
Хаця Глыбоцкая акруговая паліцыя і была змушана адступіць перад агульнымі намаганнямі сяброў і прыхільнікаў Кіта, яго былых вучняў, якія працавалі ў адміністрацыі павета і раёна, аднак справу пераслалі ў Вілейскую акруговую турму, туды ж адправілі і вязня.
Левандоўскі злосна пажадаў на развітанне набірацца сіл, бо «Вілейскае СД знойдзе доказы яго віны з-пад зямлі».
— Там ведаюць лепей, што і як Вы рабілі, — падсумаваў ён.
Акруговая турма ў Вілейцы, дзе была галоўная тэрытарыяльная кватэра СД, на ўсё жыццё запомнілася яму палякам — вартавым Генрыкам Сянкевічам, цёзкам славутага пісьменніка.
Той, чамусьці палічыўшы дырэктара семінарыі за яўрэя, люта здзекаваўся з яго. Калі Кіт праходзіў міма, Генрык заўсёды стараўся ўдарыць яго па галаве. Аднойчы Барыс упаў без прытомнасці, але неяк акрыяў. I толькі ўбачыўшы аднойчы ў лазні неабвержныя доказы таго, што ненавісны яму чалавек не яўрэй, гэты жудасны чалавек пакінуў яго ў адносным спакоі. Адносным — бо патрабаваліся сілы, каб вытрымаць бясконцыя допыты. Дзень ішоў за днём. Так, час сапраўды валодае асаблівасцю — ён кожны раз іншы, і для кожнага чалавека цячэ па-рознаму, па-свойму. Дагэтуль ён не лічыў гады, падпарадкоўваўся таму, што несла жыццё, не надта
задумваючыся, пераадольваў перашкоды. Але калі, нарэшце, пасля ўсіх гэтых дзён і начэй яму загадалі выходзіць днём, а не ўначы, і ён зразумеў, што, магчыма, адпушчаны на волю і застаўся жыць, такой неадольнай радасці існавання, такога шчасця, здаецца, не адчуваў яшчэ ніколі.
Вызваліўшыся з турмы, Барыс дазнаўся, колькі высілкаў зрабілі і Дасюкевіч, і супрацоўнік БЦР у Глыбокім Нікандр Мядзейка, і, нарэшце, яго былы вучань Кастусь Касяк, які працаваў дарадчыкам па беларускіх справах пры гебітскамісарыяце, каб жалезная машына нямецкага «новага парадку» выпусціла ахвяру, на якую была нацэлілася.
Гэтак — калі беларусы ратавалі сваіх — было на ягоных вачах не аднойчы. Яшчэ ў першы год вайны адзін з добрых знаёмых Барыса Алесь Калодка, упаўнаважаны па беларусізацыі пры гебітскамісарыяце, пратлядаючы спісы на расстрэл, якія былі пададзеныя бургеймайстару, убачыў там прозвішча школьнага інспектара Нікандра Мядзейкі. Было вядома, што частку спісаў рыхтаваў Віктар Уневіч — некалі ён маскіраваўся пад шчырага беларуса, але потым, у часе вайны, аб’явіў сябе палякам. Нацыянальную інтэлігенцыю ён добра ведаў, таму унёс Мядзейку ў «расстрэльныя» спісы. Рызыкуючы жыццём, Калодка пазваніў Нікандру:
— Уцякай! Пазней мы табе дапаможам дзе ўладкавацца, а цяпер трэба бегчы.
Мядзейка паслухаўся. Пазней яму сапраўды дапамаглі, ён стаў працаваць намеснікам сакратара БЦР у Глыбокім. I цяпер ён рабіў для Кіта тое, што некалі зрабілі для яго. (Жыццё літасціва паставілася да Мядзейкі — ён выжыў, і калі памёр Радаслаў Астроўскі, быў абраны прэзідэнтам БЦР).
У Вілейцы забіць маглі кожную хвіліну, тым болей, што яго добра ведалі як адданага беларускай справе чалавека. А з такімі распраўляліся без усялякага шкадавання, асабліва ў першыя ваенныя месяцы, ды, зрэшты, і пазней.
Адзін з эмігрантаў, Міхась Раецкі, шсаў ва ўспамінах пра той час (калі ўжо ў 1986 годзе Б. Кіт пытаўся ў яго пра нашчадкаў Яна Чачота на Наваградчыне): «Адносна Чэчата — дык, дарэчы, яны былі сваякамі мае бабкі, якая памерла ў Нямеччыне, меўшы 109 гадоў. Апошні з Чэчатаў, які меў маёнтак у 7 км ад Снова (Камянка), за беларускасць быў застрэлены польска-савецкім агентам. Шмат каштавала маёй бабцы, покі яна адсудзіла той маёнтак ад «Polskego Panstwa». Бо сам Чэчат не быў жанаты. Дарэчы, той агент быў злоўлены і асуджаны ў Баранавічах у 1942 годзе».
Вызваленне Барыса вырашылася станоўча толькі дзякуючы дапамозе і падтрымцы беларусаў, якія працавалі ў розных нямецкіх установах. Гэтая падтрымка шмат каго ўратавала ад бяды.
Мала вядома на Беларусі тое, што пазней створаная Беларуская Рада даверу, у якую ўваходзілі аўтарытэтныя беларускія дзеячы, выступала супраць рэпрэсій карнікаў на Беларусі. Самая вядомая акцыя такога пратэсту адбылася 23 жніўня 1943 года, калі інжынер А. Русак зачытаў на сумеснай з нямецкімі цывільнымі і паліцэйскімі ўладамі сесіі своеасаблівы мемарандум, дзе пералічаў карныя акцыі, праведзеныя супраць мірнага насельніцтва. Таму, што гэтыя пратэсты былі прынятыя пад увагу, шмат пасадзейнічала славутая бітва пад Курскам, калі Чырвоная Армія вызваліла вялікую частку акупаванай тэрыторыі і стала ясна, што наступае пераломны этап вайны.
Зразумела, немцам цяпер патрэбныя былі саюзнікі. Беларусы стараліся выкарыстаць гэтае становішча ў сваіх мэтах: як мага болей ратаваць сваіх суродзічаў, пашыраць кола свядомай інтэлігенцыі. I дзейнасць Барыса Кіта, настаўніцкая і асветніцкая, таксама клалася ў рэчышча службавання свайму народу. Ягоная праца ў Паставах і Маладзечне была неабходнай длятаго, каб захаваць свой народ у найцяжэйшых выпрабаваннях...
Сапраўды, часовая памяркоўнасць немцаў тлумачылася тым, што ў снежні 1943 года была створаная Беларуская Цэнтральная Рада, у якой ім бачылася магчымасць накіраваць на барацьбу з нарастаючым партызанскім рухам саміх беларусаў. Гэтым зберагаліся ўласныя нямецкія сілы, якія не трэба было адцягваць на Усход. Беларускаму нацыянальнаму руху стала надавацца большая ўвага, і можна нават гаварыць аб своеасаблівым заігрыванні нямецкіх акупацыйных уладаў з яго прадстаўнікамі. Прынамсі, фармальна ў падпарадкаванне БЦР было перададзена кіраўніцтва школьнай справай, культурай, сацыяльнай апекай, Беларускай краёвай абаронай, а таксама арганізацыі, якія былі створаны раней — Беларуская народная самапомач, Саюз беларускай моладзі і Навуковае таварыства.
Вядома, даць поўную самастойнасць самім беларусам немцы не збіраліся, але для нацыянальнай інтэлігенцыі адкрывалася магчымасць хоць такім чынам спрыяць навуцы і школе, а таксама выхаванню моладзі ў нацыянальным рэчышчы. I яна выкарыстоўвала такую магчымасць, хаця немінучае раздваенне паміж нянавісцю да захопнікаў ды жаданнем нешта карыснае ў неверагодна цяжкіх умовах рабіць для народа надавала гэтаму служэнню рысы сапраўднай трагедыйнасці. Многія з іх ужо спрабавалі знайсці паразуменне з камуністычнымі сіламі, але, пераканаўшыся ў марнасці сваіх спробаў накіраваць падзеі ў дэмакратычнае і нацыянальнае рэчышча, мелі слабую надзею ажыццявіць гэта хаця б пры немцах. Яны разумелі, што беларусы зноў апынуліся на вялікім гістарычным раздарожжы,
дзе ім трэба захавацца як нацыі альбо знікнуць у надзвычай цяжкіх, амаль цалкам неспрыяльных для выжывання народа ўмовах. Але якая постаць аб’яднае іх у гэтым імкненні выратавацца, захавацца, хто возьме на сябе цяжар аб’яднання?
Радаслаў Астроўскі, які ўзначаліў БЦР, паспрабаваў стаць гэткай постаццю.
Спачатку палымяны рэвалюцыянер, звяргальнік застарэлай манархічнай застойнасці ў 1905-1907 гадах, за што быў выключаны са Слуцкай гімназіі, студэнт Пецярбургскага універсітэта (таксама арыштаваны за рэвалюцыйную дзейнасць), у трыццацігадовым узросце, у 1917 годзе, ён быў камісарам Слуцкага павета. Затым, пасля лютаўскай рэвалюцыі, выступіў супраць кастрычніцкага перавароту 1917 года, у 20-х гадах быў удзельнікам Слуцкага паўстання. Віцэ-старшыня ЦК Беларускай сялянска-работніцкай Грамады, Старшыня Таварыства беларускай школы, ён, нягледзячы на ўсё гэта, быў, аднак, апраўданы падчас славутага судовага працэсу над Грамадой. Злыя языкі сцвярджалі, што гэта адбылося дзякуючы яго згодзе супрацоўнічаць з польскімі ўладамі. I гэта даволі негатыўна адбілася на ягоным аўтарытэце ў «пасляграмадоўскія» часы. Перад самай вайной ён узначаліў аддзяленне Беларускага камітэта самапомачы, але ўжо восенню 1941 года прыехаў у акупаваны Менск, дзе працаваў у цывільнай адміністрацыі. Згадзіўшыся працаваць бургамістрам у Смаленску (пазней ў Бранску і Магілёве), ён стараўся па магчымасці абстрагавацца ад нямецкай палітыкі, але мусіў быць у вачах насельніцтва яе правадніком. Таму стварэнне Беларускай Цэнтральнай Рады было неадназначна ўспрынятае нават тымі, хто добра разумеў — трэба выкарыстоўваць любую магчымасць дзеля захавання нацыі ва ўмовах вайны і татальнага знішчэння. Тым болей што на беларускай зямлі пачыналася «партызанка.» Акружэнцы, якія на пачатку вайны засталіся на Беларусі, пачыналі аб’ядноўвацца.
Партызанскі рух, пачынаючы ўжо з 1942 года, перш за ўсё інспіраваўся Масквой, таму зноў, як калісьці ў стагоддзях, народ раскалоўся на дзве варожыя часткі. I нездарма гады вайны ўсё часцей сучасныя даследчыкі называюць вайной грамадзянскай. Нялёгка было простаму чалавеку зразумець усе скрытыя спружыны падзей, ён не заўсёды разумеў, чаму і дзеля якіх мэтаў беларуская інтэлігенцыя супрацоўнічае з акупантамі, якія лютавалі на яго зямлі ўсё болей і болей.
Радаслаў Астроўскі больш за дванаццаць гадоў працаваў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, ён добра ведаў усіх нацыянальна свядомых людзей і ўмеў даказаць, што аб’ектыўна яны працуюць на будучыню Беларусі. I сапраўды — як ні парадаксальна, але сваёй вышыні
нацыянальнае школьніцтва дасягнула менавіта ў гэтыя страшныя, крывавыя гады. Толькі падчас іх многія дзеці маглі даведацца пра сапраўдную, вякамі схаваную ад народа гісторыю, толькі цяпер беларускае пазначалася старажытным нацыянальным гербам «Пагоня», пад якім нашыя продкі змагаліся за сваю незалежнасць. (Чарговая спроба аднаўлення незалежнасці, што адбылася ў 1991 годзе, бадай што, была б немагчымаю без гэтых ваенных гадоў, калі ўпершыню за некалькі стагоддзяў адукацыя стала нацыянальнай. I нават наступныя пяцьдзесят гадоў, калі, паводле ўмелай, вытанчанай прапаганды жахі акупацыі былі звязаныя ў свядомасці народа з нацыянальнымі сімваламі, усё ж насенне, што шчодра раскідалася тады, дало свае ўсходы і не было вынішчанае да канца.)
Быў створаны ўрад БЦР, куды ўвайшлі людзі, добра знаёмыя Кіту. I хаця той захаваў добрыя дачыненні са сваім былым дырэктарам і супрацоўнікам, яму не прапанавалі заняць там нейкую пасаду — яго, відаць, было нялёгка адшукваць у Маладзечне, а можа, былі нейкія іншыя прычыны. Аднак гэтае знаёмства, а таксама ўзаемаразуменне з Яўхімам Скуратам, Пётрам Орса, якія ўзначальвалі школьныя і сельскія справы, давала яму магчымасць рабіць тое, на што іншыя дырэктары беларускіх навучальных устаноў часта не адважваліся. Сапраўды, хто б мог у гэтыя гады пайсці на тое, што было катэгарычна забаронена немцамі?