Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Папулярнасць СБМсярод тагачаснай беларускай моладзі была значная, і арганізацыя імкліва пашыралася. Для нас, заходнебеларускіх юнакоў і дзяўчат, напэўна, значэнне мела тое, што мы ніколі не мелі сваёй нацыянальнай вучнёўскай арганізацыі, бо ў час польскага панаваньня да 1939 году ў тагачасных школах нават мова беларуская ў апошнія гады не выкладалася як прадмет.»
Гэта вельмі каштоўнае сведчанне. Кастусь Харашэвіч дакладна абазначыў галоўную прычыну папулярнасці СБМ сярод моладзі — рост нацыянальнай свядомасці вымагаў дзеянняў, асабліва з боку моладзі актыўнай, жывой, творчай. Цікавы гэты артыкул яшчэ і тым, што выяўляе тагачасную атмасферу тамтэйшага жыцця. Але зноў дамо слова К. Харашэвічу: «.. .Нам было весела і добра нешта рабіць, ладзіць самадзейнасьць, ставіць беларускія пьесы ў драматычным гуртку і, асабліва, сьпяваць беларускія песні. Гарманічна спалучалася ўсё гэта і з вучобай у «Гандлёвай школе». Нямецкія ўлады былі нават занепакоеныя такім праяўленьнем нашай актыўнасьці, а Барыс Уладзіміравіч ледзь не паплаціўся жыцьцём за ўсталяваньне такой школы, дзе назва «Гандлёва-адміністрацыйная» была толькі шырмай, а па сутнасьці гэты самаадданы асьветніцкай справе чалавек праводзіў праграмы гімназій і нават больш.»
Як каментаваў гэты ліст Кіт у 2000 годзе, «Нам не дадзена ведаць, кім вырастуць нашыя вучні і ці будуць яны ўвогуле нас помніць. Але ж вось — памятаюць і не шкадуюць, ужо нават пасівеўшы, добрых і сардэчных слоў. Што яшчэ трэба, каб адчуваць сябе шчаслівым?»
3 Ульянаўска свайму настаўніку напісала яшчэ адна ягоная былая вучаніца В. Ермалаева: «Мы, Вашы вучні, абавязаны Вам тым, што ў цяжкія гады нямецкай акупацыі Вы адчынілі школу і ўпрыгожылі нам такое цяжкае, бязрадаснае жыццё. Я не памятаю, што ў нас у школе былі нейкія канфлікты паміж вучнямі і настаўнікамі.
Вы засталіся ў мяне ў памяці як строгі, патрабавальны і адначасова добры чалавек. Тады яшчэ па маладосці гадоў мы не разумелі, якія ў нас педагогі: гэта была сапраўдная інтэлігенцыя. Барыс Уладзіміравіч, добра, што настаў такі час, што Вы змаглі ўвачавідкі ўбачыць, кім выраслі, кім сталі Вашы вучні. Шкада, канешне, што гэта адбылося так позна, але лепей позна, чым ніколі».
Доктар медыцыны прафесар П. Кузюковіч, які не раз узгадваў сваё юнацтва і гады «Гандлёўкі» ў друку, зноў і зноў вяртаецца да іх, нібы, нарэшце, здымае з душы цяжкае ярмо маўчання. У лісце за 10.10.95 г. ён
узгадвае: «Больш чым 50 год таму назад Вы ўручылі мне атэстат сталасці, каторы адкрыў мне дарогу ў навуку. . ..Як таленавіты педагог і выдатны настаўнік, Вы заўсёды клапаціліся аб сваіх вучнях, дапамагалі ім і таму іх так многа ў Вас на ўсім свеце. Многа іх і ў Беларусі. Яны помняць Вас, любяць і, як і Вы, стараюцца плённа працаваць на ніве беларускага Адраджэння. Усе мы прадоўжваем Вашу справу і ганарымся Вамі. На днях закончыў артыкул пра Янку Давідовіча для кніжкі «Памяць», якую выдаюць у Мядзельскім раёне, на яго радзіме. Стараўся паказаць Янку як Вашага паплечніка, вялікага патрыёта Радзімы, прасветніка і беларускага Аджраджэнца. Толькі баюся, што ў цяперашніх нашых умовах не ўсё аб ім надрукуюць.»
Можа, гэта і ёсць галоўнае, што тагачасныя беларускія настаўнікі закладалі ў сваіх вучняў — каб яны панеслі ў будучыню любоў да радзімы і каб працавалі на яе карысць праз гады і, у сваю чаргу, перадалі гэта нашчадкам?
Тыя месяцы 1944 года помняцца Барысу Кіту як час вельмі напружанай працы.
Працы было шмат. I не толькі ў школьніцтве, але ва ўсіх галінах жыцця. Людзі, хай і на акупаванай тэрыторыі, усё ж заставаліся людзьмі. Ім трэба было есці, недзе жыць, лячыцца.
У ваеннай Беларусі вельмі бракавала лекараў, бо пераважная большасць іх была яўрэйскага паходжання, а яўрэі былі амаль паўсюль знішчаныя. Таму ў маі 1943 года пры Магілёўскім гарадскім шпіталі немцы дазволілі адкрыць медыцынскі інстытут для студэнтаў медыцыны двух старэйшых курсаў. Першым рэктарам яго стаў дэкан медыцынскага факультэта Фрайбургскага універсітэта прафесар Э. Т. Наук. У час, калі Кіт працаваў дырэктарам Маладзечанскага гандлёвага інстытута, тую навучальную ўстанову перавялі ў Новую Вілейку. Кіту хацелася патрапіць туды. I, атрымаўшы запрашэнне ад доктара Янушкоўскага, ён паехаў у Новую Вілейку, спадзеючыся атрымаць выкладанне на першым курсе. Аднак новы рэктар, доктар Мікалай Сцяпанаў, памятаючы пра добрыя стасункі Кіта з Р. Астроўскім, узяў яго выкладчыкам на трэцім курсе. Так Астроўскі дапамог свайму калегу, сам аб тым, мабыць, так ніколі і не даведаўшыся.
Кіт працаваў як усюды — самааддана і ахвярна. Карцела вучыць беларускую моладзь, каб яна была высокаадукаванай, каб беларусы мелі нацыянальна свядомых інтэлігентаў менавіта сярод дактароў. Яго і там цанілі нават тыя, хто не асабліва быў зацікаўлены ў беларускай асвеце. Прафесар Шлоц нядаўна знайшоў лісты генеральнага камісара да гебітскамісара,
дзе гаварылася, што дырэктарам гэтага інстытута варта было б паставіць менавіта Барыса Кіта як бліскучага арганізатара.
Той школьны год (1943/44) стаў для Кіта, як і для многіх беларускіх настаўнікаў і інтэлігентаў, апошнім на Беларусі. Па ўспамінах Барыса Уладзіміравіча, Р. Астроўскі, нягледзячы ні на што, усё адно шмат сіл аддаваў наладжванню асветніцтва. У жніўні 1943 года былі сабраныя настаўнікі ўсіх пачатковых школ, каб спланаваць сваю працу, і лічбы беларускіх школаў, што за гэтыя гады былі арганізаваныя па акругах Беларусі, уражваюць. Вось некаторыя лічбы з дакументаў (іх, дарэчы, прыводзяць у сваёй кнізе «Беларусь учора і сяньня» Язэп Найдзюк і Іван Касяк): Баранавіцкая— 445, Вялейская — 429, Ганцавіцкая — 117, Глыбоцкая — 479, Лідзкая — 397, Наваградзкая — 311».
Ужо нават з гэтых лічбаў відаць, што было зроблена беларускай інтэлігенцыяй для нацыянальнай асветы за нейкія тры гады. Нездарма многія, ужо будучы эмігрантамі, пісалі пра сваю дзейнасць прыкладна так: «Хай тыя, хто прыйшоў пасля нас, змогуць сказаць, што яны зрабілі для Беларусі болей. Мы не чакалі, пакуль нешта зробяць улады — у немцаў былі свае задачы, яны мелі планы знішчэння ў будучым большай часткі славянскага насельніцтва. Але мы выкарысталі з жахлівай сітуацыі што маглі!»
У часе вайны на Беларусі працавалі восем настаўніцкіх семінарый, 12 гімназій і матуральных курсаў, тры гандлёва-адміністрацыйныя школы, прагімназіі, рамесніцкія школы.
У адным з інтэрв’ю, дадзеным мне, Барыс Уладзіміравіч сказаў так: «Ганаруся тым, што ў такія неверагодна цяжкія гады мне ўдалося стаць заснавальнікам Беларускай настаўніцкай семінарыі і Беларускага адміністрацыйна-гандлёвага інстытута ў Маладэчне. На жаль, адзіны наш медычны інстытут праіснаваў нядоўга. Але ён быў, у адрозненне ад сённяшніх вышэйшых навучальных устаноў такога кшталту на Беларусі, цалкам нацыянальным. I няпраўда, што на беларускай мове нельга выкладаць медыцыну, як чытаю ў сучасных газетах, дзе так званыя прафесары пішуць гэта на поўным сур’ёзе. Ёсць і распрацаваная лексіка, ёсць і папярэднікі, якія рыхтавалі дапаможыікі ў тых суровых ваенных умовах. Усё ёсць, варта толькі захацець...»
Набліжаўся канец вайны.
Улетку 1944 года кіраўніцтва БЦР звярнулася да немцаў з прапановай дазволіць склікаць Другі Усебеларускі Кангрэс. Мелася на ўвазе не столькі правесці прапагандысцкую антысавецкую акцыю, як тлумачылася афіцыйна,
колькі замацаваць за БЦР агульнанароднае паўнамоцтва, каб пазбавіцца ад напластаванняў хлусні, быццам на стварэнне яе ўпаўнаважвалі ўсё ж нямецкія акупацыйныя ўлады.
Пасяджэнне кангрэса адбывалася ў Менскім гарадскім тэатры. Было аздоблена ўсё вельмі ўрачыста — на ўваходзе вялікі герб «Пагоня» і шмат старажытяых харугваў, а ў зале дэлегатаў сустрэў лозунг «3 Цэнтральнаю Радаю — за Вольную Беларусь!» Было шмат народу. Прэзідэнтам кангрэса быў абраны Яўхім Кіпель, і разам з ім у прэзідыуме сядзеў, сярод іншых, і Васіль Рагуля. Барыс успомніў Лукішкі, агульныя прагулкі, камеру, дзе яны сядзелі разам. I за што? За любоў да сваёй радзімы! Колькі ж пакутавалі многія з тых, хто зараз займаў месцы ў прэзідыуме, у партэры! Вось і Яўхім Кіпель столькі адседзеў — ужо ў савецкіх канцэнтрацыйных лагерах. Быў у прэзідыуме і Кастусь Езавітаў, і доктар Янка Станкевіч, і Фабіян Ярэміч — усе людзі вядомыя, паважаныя.
Барыс Кіт прысутнічаў пры ўсіх выступленнях, але яго тачыла іншае — прыехаўшы на кангрэс, ён забег да свайго сябра Яўхіма Скурата ў школьную ўправу.
Першыя словы, якімі той сустрэў Кіта, былі: «Тваёй школы больш няма».
— Як так?! — не паверыў Кіт, спачатку прыняўшы гэта за жарт.
— Які жарт, усё праўда, дружа!
Скурат расказаў, што праграма Маладзечанскага гандлёвага тэхнікума, якую складаў Барыс, трапіла Пусту, яго начальніку, і той, прачытаўшы яе, нават ускочыў і закрычаў: «Зачыніць! Гэта не тэхнікум, гэта там ажно цэлы інстытут працуе!»
— Загад трэба выконваць, хочаш ці не, — даводзіў Скурат.
I, седзячы на кангрэсе, Кіт думаў — што ж рабіць?
Але выйсце падказала само жыццё. Кангрэс адбываўся 27 чэрвеня, і ніхто з прысутных не ведаў (немцы трымалі тое ў сакрэце нават ад Астроўскага), што 23 чэрвеня Чырвоная Армія распачала стратэгічную наступальную Беларускую аперацыю. У канцы таго ж дня, калі праходзіў кангрэс, прыйшоў загад аб эвакуацыі Менска.
Аднак наступленне развівалася нават хутчэй, чымся прадказвалі. Кіт вярнуўся ў Маладзечна. I надумаў — трэба тэрмінова правесці іспыты ды выдаць усім вучням — выпускнікам пасведчанні аб тым, што яны скончылі тэхнікум. Іначай чаго вартыя будуць усе былыя намаганні, усе гэтыя гады напружанай працы ў нялюдскіх умовах?
Ніхто з настаўнікаў — Дзмітрыеў, Капачоў, Пагуда, Давідовіч — не здагадваўся, што ўстанова практычна ўжо зачыненая. He ведалі і
мясцовыя ўлады, якія, западозры яны праўду, маглі б за невыкананне загаду расстраляць усіх — і дырэктара, і настаўнікаў.
I экзамены пачаліся, праўда, праходзілі яны вельмі інтэнсіўна. Справа была зроблена, навучэнцы атрымалі дыпломы з пячаткамі, якія многім затым прыдаліся і вельмі дапамаглі ў цяжкія часы пасляваенных мітрэнгаў, як засведчылі ягоныя вучні праз многія гады.
Толькі правёўшы іспыты і выпускны вечар, паведаміў Кіт настаўнікам усю праўду. Тым часам набліжалася Чырвоная Армія.