Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Але жыццё ішло. У Нямеччыне пачалі працаваць лагеры для перамешчаных асобаў, дзе беларуская моладзь стала арганізоўвацца ў гурткі, выдаваць газеты і часопісы. У ангельскай зоне ў Ватэнштэце, у такім лагеры, сябра Кіта Хведар Ільяшэвіч таксама арганізаваў беларускую гімназію (яна пачала працаваць у кастрычніку 1945 года), дзе стаў выкладаць мову і літаратуру. Адначасова пісаў вершы. Разам з Алесем Гатковічам яны сталі выпускаць бюлетэнь «Апошнія весткі», часопісы «Шыпшына», «Шляхам жыцця». Тут былому вучню Кіта вельмі прыдаўся багаты вопыт рэдактарства, бо Ільяшэвіч у гады вайны рэдагаваў беластоцкую газету «Новая дарога» і кіраваў там жа «Беларускім аб’яднаннем». А яшчэ ў лагеры арганізавалі літаратурны гурток, дзе ўсе, у кім білася творчая жылка, маглі паспрабаваць сябе ў прыгожым пісьменстве, а вядома, як натхняе паэта магчымасць надрукавацца.
Тое, што іхняя дзейнасць натхняла моладзь у тыя няпростыя часы і ў няпростых умовах — несумненна. Да іх душою прыхіналіся змучаныя людзі. Цягнуліся да маладых літаратараў і дзяўчаты. Пачалі нараджацца новыя сем’і, моладзь, якая вучылася тут, знаходзіла сваё шчасце. Пазнаёміўся з прыгожай Вольгай, таксама вучаніцай Кіта, Масей Сяднёў — беларускі паэт, што стаў сябрам Барыса Уладзіміравіча праз усё астатняе жыццё да самай смерці паэта. Сяднёў часта прыязджаў да маладых літаратараў, чытаў ім свае вершы. Па сведчанні Кіта, Хведар Ільяшэвіч вельмі дапамог паэту на першым часе, калі Масей, адступаючы на Захад, прыехаў напачатку ў Беласток, дзе Ільяшэвіч яшчэ з 1940 года, у савецкія часы, працаваў у раённым аддзеле асветы. Пасля нямецкай акупацыі не перапыняў свае беларускай дзейнасці — удзельнічаў у арганізацыях Беларускага аб’яднання, Беларускага нацыянальнага камітэта і заснаваў газету «Новыя дарогі». Гэтыя арганізацыі шмат дапамагалі беларусам, што трапілі ў бяду. Асабліва прыдалася гэтая дапамога ўцекачам у 1944 годзе. Кіт апавядаў, што, прыехаўшы ў Беласток, Сяднёў напачатку сутыкнуўся з непаразуменнем. Намеснік старшыні Беларускага нацыянальнага камітэта Уладзімір Тамашчык не адразу паспрыяў клопатам паэта на той падставе,
што ён нібыта не з’яўляецца іхнім падапечным, а вось Хведар вельмі парупіўся, каб Масей атрымаў патрэбную дапамогу. Тады ж яны моцна пасябравалі і падтрымлівалі тое сяброўства і пазней, да самай смерці Ільяшэвіча.
У 1955 годзе ў Нью-Ёрку, у выданні Уладзіміра Пелясы выйшла кніга Масея Сяднёва «Ля ціхай брамы». Там ёсць шмат вершаў, якія нараджаліся ў Нямеччыне, асабліва ў Заўльгаў Адзін з іх Кіту дасюль асабліва памятаецца і нагадвае тыя далёкія дні, бо ён перадае стан душы беларуса, які неспадзявана апынуўся на чужыне:
Прыглядаюся, каб не разьбіцца, вобмацкам хаджу я, спакваля: некуды уніз, не па арбіце, падае з-пад ног маіх зямля.
Страшна і ня можна пагадзіцца — на заходзе, як настане цішыня, у крывавай, вогненнай мядніцы плавіць Бог увесь здабытак дня.
На зямлі не людзі — чалавекі тупаем і б’ёмся век-вяком: тонкім, нібы шкло, навекі неба нас накрыла каўпаком.
Грэшныя ў непаслухмянстве душы, не хацелі б мы зямлёю тлець: падаем, рукамі ўзмахнуўшы, каб усё-ткі ў неба узьляцець.
Выжыць духоўна, а не толькі фізічна, мабыць, у тыя часы было важнейшай задачай усяе эміграцыі, якая сама сябе адзначыла як палітычную, як эміграцыю супраціву таталітарнай сістэме, што запанавала на Беларусі. I трэба зазначыць велізарную ролю ў гэтым менавіта беларускай паэзіі і той часткі інтэлігенцыі, якая адразу ж распачала выданне газет і ўвогуле друкаванага слова. Сярод такіх пачынальнікаў былі і былыя вучні Барыса Кіта — Настаўніка з вялікай літары...
.. .Паездка ў Ватэнштэт Барысу асабліва запомнілася — ён адчуваў там сябе сярод блізкіх людзей, якія ад усёй душы хацелі яму дагадзіць, узрадаваць. Пра гэта між іншым сведчыць і адзін, даволі нязначны з першага погляду эпізод, які праз шмат гадоў нагадаў і ў лістах, і ў сваіх успамінах Алесь Гатковіч. Адразу пасля прыезду Кіт пайшоў мыцца і, зняўшы з рукі
гадзіннік, пасля на яго забыўся. Калі ж спахапіліся, гадзінніка на месцы ўжо не было. Наколькі хлопцы перажывалі з-за гэтага даволі дробнага эпізоду, сведчаць радкі ўспамінаў А. Гатковіча: «Пасля прапажы гадзінніка Ільяшэвіч запрапанаваў святару а. Сурвілу, каб пасля пропаведзі зрабіў гэту аб’яву, што той зрабіў з ахвотаю. Усяадно гадзіннік прапаў».
I гэта Гатковіч памятаў нават праз пяцьдзесят гадоў, хаця Кіт і тады прасіў іх не звяртаць на тое ніякай увагі. Гэты ўспамін яшчэ раз сведчыць, якія гэта былі чыстыя, далікатныя, чуйныя хлопцы — вучні і сябры Барыса Кіта, якіх ён любіць і па сёння і заўсёды ўзгадвае іх.
Запомнілася яму паездка ў Ватэнштэт яшчэ і таму, што гэта, як аказалася, была ягоная апошняя сустрэча з Хведарам Ільяшэвічам. Таленавіты паэт, равеснік Кіта (старэйшы за яго на тры тыдні), загінуў у аўтамабільнай аварыі 7 лістапада 1948 года і пахаваны ў Галенсдорфе. Амаль адразу пасля гэтай трагічнай падзеі выйшлі ў Ватэнштэце ягоныя «Апавяданні» пад псеўданімам Святаслаў Залужны. А. Гатковіч узгадвае і яшчэ адну дэталь, звязаную з Хведарам, а таксама з тым размежаваннем на «зарубежнікаў» і «крывічоў», якое тады пачыналася. Адзін з тых, хто рэдагаваў часопіс, а менавіта спадар Пануцэвіч, замяняў у вершах А. Гатковіча «беларус», «беларускае» на «крывіч», «крывіцкае». Пасля гутаркі з Ільяшэвічам А. Гатковіч зразумеў сутнасць таго, што адбываецца і, як ён піша ў лісце да Кіта, «перастаў перадаваць свае вершы ў гэты часопіс».
Сапраўды, X. Ільяшэвіч меў вялікі ўплыў на маладых паэтаў. Гэты ўплыў адчуваўся і праз шмат гадоў пасля ягонай смерці. Напрыклад, адзін з сяброў Кіта і Ільяшэвіча, інжынер Юры Попка выдаў другім выданнем у 1987 годзе ў Ляймэне ягоную кнігу «Недапетая песня», аддаючы тым агульную пашану і любоў да паэзіі маладога таленавітага творцы. Ды і Кіт не раз нават на уроках матэматыкі чытаў сваім вучням вершы сябра, асабліва тыя радкі, якія моцна краналі ягонае сэрца:
Трэба ў ветру парывах настроіць нам гуслі, У жытах яго буйную волю скасіць
3-над палёў, дзе дым сцелюць Беласток і Супрасль, Аж да слуцкіх пшаніцаў калоссе шуміць.
Асабліва моладзь на эміграцыі любіла тое, што Ільяшэвіч ствараў на хвалі натхнення, і, як лічыць Кіт, пра яго трэба больш успамінаць на Беларусі. Усцешыў яго артыкул Арсена Ліса ў часопісе «Полымя» за лістапад 1998 года, але ў ім пішацца пра даваенныя вершы Ільяшэвіча. Гэта і зразумела — нават сёння для даследчыка складана зазірнуць у газеты, якія
друкавала эміграцыя. I зусім балюча Барысу Уладзіміравічу, калі ягонага сябра ўспамінаюць у сучасным друку толькі як «падазроную асобу».
У гутарцы са мной у 1998 годзе пра Ільяшэвіча і некаторых сваіх былых вучняў ён расказаў наступнае:
«Мяне ў свой час уразіла так званая «кароткая характарыстыка» Хведара ў ліку іншых, каго пералічваюць як асоб, што мелі дачыненне да БЦР. Вось яна:
«Мльяшкевйч Федор Мвановйч
Руководйтель Белостокского комйтета Белорусского обьедйненйя.
Участнйк 2-го Всебелорусского конгресса БЦР в Мйнске, на котором возглавлял делегацйю от Белостокского округсі. Актйвно сотруднйчал с БЦР в Берлйне».
I далей, усюды, дзе яго шальмуюць як удзельніка 2-га Кангрэса БЦР, так і ідзе яго прозвішча вось так, з памылкай, і нідзе ні слова пра яго як паэта. I не дзіва — там, дзе аўтару падобнай характарыстыкі давалі спісы, паэзія не існуе, там чалавек улічваецца толькі як шрубка ў машыне, якая выпала з іхняга механізму, а сам гэты аўтар, відаць, прыезджы і нацыянальнай літаратуры не ведаў і не ведае. Дарэчы, з той жа кніжачкі «Белорусская Центральная Рада. Созданме, деятельность, крах» A. К. Салаўёва я даведаўся і пра апошнія дні Кастуся Езавітава, якога з бальніцы, пасля цяжкай аперацыі, бездапаможнага, вывез савецкі разведчык «Марс», які ўлез у апошнія месяцы вайны ў апарат БЦР. К. Езавітаў яму даверыўся, а ён 24 красавіка 1945 года прывёз свайго дабрадзея ў контрразведку ў г. Заган і здаў там яго на пакуты і катаванні. У данясенні разведчыка, прыведзеным у гэтай кнізе, я з болем прачытаў, што па дарозе хворы К. Езавітаў спрабаваў пакончыць жыццё самагубствам, але гэты самы «Марс» не даў яму таго зрабіць, каб прывезці гэтага патрыёта на радзіму дзеля гвалтоўнай і ганебнай смерці.
У гэтым сэнсе Хведару «пашанцавала» болей — яго праводзілі ў апошні шлях сябры, там чыталі ягоныя вершы і ўспаміналі, колькім людзям ён дапамог і выратаваў. Песні на ягоныя словы былі ўсе гады папулярныя сярод беларускай моладзі на эміграцыі. Аднойчы, праз многія гады, я пачуў іх у выкананні маёй былой вучаніцы Надзеі Барт (Юрэвіч) у Заульгаў, і тады мы разам успомнілі тыя гады, адзначаныя трагізмам і адначасова нечым светлым, шчымлівым, бо заўсёды кранае сэрца ўспамін пра маладосць, пра незабыўныя жыццёвыя дарогі, пра сяброў, якіх ты страціў на тых дарогах... Надзя ведала толькі творы Хведара — а я памятаў многае, звязанае з ім. Напрыклад, добра запомніліся мне хрэсьбіны дачкі
Хведара, на іх я быў кумам. Апроч нас, там быў Скурат са сваёй будучай жонкай (абое яны вывучалі французскую філалогію), а таксама наш настаўнік Егер — музыкант. Тыя хрэсьбіны прайшлі вельмі цёпла, яны нас асабліва зблізілі, а дзіця стала мне дарагім на ўсё маё жыццё, я і цяпер перапісваюся з Марыляй.
Можна ўспомніць многіх — напрыклад Любу Марцінчык. Мая вучаніца ў Віленскай беларускай гімназіі, старшыня студэнцкага Саюза ў 20-я гады, вучылася ў Мюнхене, на медыцынскім факультэце і выйшла замуж за Аляксандра Аўдзея, міністра БЦР, які скончыў тут жа, у Мюнхене, політэхнічны, а пасля, разбагацеўшы, стаў вельмі заможным чалавекам. Аляксандра Аўдзея на эміграцыі добра ведалі. У свой час ён выпрасіў дазвол у немцаў адкрыць Наваградскую настаўніцкую семінарыю, і тым выратаваў многіх маладых беларусаў ад прымусовых работ у Германіі, за што яму тут былі ўдзячныя многія.
Асабліва ж запомнілася мне з тых часоў Надзея Юрэвіч. Вельмі энергічная, вясёлая, таварыская, яна ўся нібыта выпраменьвала святло. Мая вучаніца ў польскай гімназіі ў замежжы (як і Кудасаў), яна таксама паступіла на медыцынскі факультэт універсітэта. Пазней яна выйшла замуж за доктара медыцыны Франца Барта, які рабіў ёй аперацыю апендыцыта, і засталася ў Заульгаў. (Дарэчы, менавіта ён дапамог уладкавацца на працу праз многія гады, калі Аляксандр пераехаў у Заульгаў, Любе Марцінчык (абодва яны там памерлі, Люба трохі раней за свайго мужа.)