• Газеты, часопісы і г.д.
  • Барыс Кіт — Грамадзянін свету

    Барыс Кіт — Грамадзянін свету


    Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
    Памер: 432с.
    Мінск 2004
    112.97 МБ
    ягонага ад’езду ў Каліфорнію ім стаў Мікола Шчорс. (Дарэчы, пазней, ужо ў Каліфорніі, Кіт таксама запачаткаваў філіял гэтага ж дапамаговага камітэта.)
    Гэта было надта важна для арганізацыі ўсёй эміграцыі, дзеля таго, каб накіраваць ейныя высілкі ў адно рэчышча. Людзі, якія пачыналі гэтыя справы, былі актыўнымі і не чакалі аніякіх каманд і распараджэнняў, што так уласціва для многіх сённяшніх, прыгнечаных таталітарным рэжымам беларусаў Якраз амаль у гэты час (у 1948 годзе) дваццацітрохгадовы Кастусь Качан, вядомы сёння як найболып значны на эміграцыі пісьменнік Кастусь Акула, распачаў у Таронта «Згуртаванне беларусаў Канады», якое актыўна працуе і сёння.
    Кіт з задавальненнем узгадвае, які гармідар стаяў у ягонай кватэры, дзе спыняліся прыезджыя беларусы, выкліканыя не толькі ім асабіста, але і проста знаёмымі Кіта, якія рабілі выклікі па ягонай просьбе, аднак не браліся ўладкоўваць новых эмігрантаў на ўласную кватэру ці даваць ім грошы на пражыццё па першым часе. 3 удзячнасцю называе і амерыканцаў, і беларусаў, якія дапамагалі ў гэтай справе, — маладых тады хлопцаў Шаўроўскага і Філіповіча, многіх іншых.
    Але не толькі згуртаванне і еднасць былі характэрныя для таго часу. Пачаліся першыя непаразуменні паміж беларусамі-эмігрантамі.
    Беларуская грамада, ледзь атабарыўшыся ў новай краіне, стала адразу вызначаць, што павінна застацца і аб’яднаць усіх на ніве служэння нацыянальнай справе — БНР ці БЦР?
    Нават сёння, калі, здаецца, даўно павінны былі б заглухнуць гэтыя спрэчкі, эмігранты тых, пасляванных гадоў, спрачаюцца. Адны кажуць, што ў архівах ёсць звесткі пра тое, што БЦРаўцы хацелі аб’яднацца, але тыя, хто стаяў за аднаўленне БНР, таго не жадалі. Іншыя сцвярджаюць, што Беларуская Цэнтральная Рада скампраметавала сябе ў вачах сусветнай супольнасці тым, што была ўтвораная ў час нямецкай акупацыі і тым самым ужо як бы звязаная з немцамі. А гэта быў той час, калі пераможаная Германія ляжала ў руінах, і немцы, каб пазбыцца сораму і ганьбы за сваё нацысцкае мінулае, аб’явілі так званы «Час 0». Праўда, фармальна гэта выдавалася за нулявы адлік у эканоміцы, але ўсе разумелі — для Германіі пачынаўся іншы час, іншае вымярэнне, яна ішла да дэмакратыі, яна адмаўляла тым самым сваё мінулае. Казаць тады, што супрацоўніцтва з немцамі вымагалася цяжкімі нацыянальнымі абставінамі, надзеяй беларускай інтэлігенцыі на тое, што народ зможа атрымаць хаця б якую незалежнасць, хай нават пад пратэктаратам немцаў, — не выпадала. У такіх
    умовах і паўставала пытанне, каб на грунце адноўленай Беларускай Народнай Рэспублікі пачаць сваё жыццё тут, за мяжой.
    Але Астроўскі і яго каманда не пагадзіліся. Кіту здаецца, што гэта была іхняя фатальная памылка, якая павяла да расколу ў беларускіх шэрагах, спрычынілася да варожасці паміж тымі, хто фактычна змагаўся за адну ідэю, хто аднолькава любіў Беларусь. Так, яе любілі ўсе яны, але кожны думаў, што апошняе слова павінна застацца за ім і толькі ён мае рацыю. У Кіта былі сябры і ў адным, і ў другім лагеры. I хаця яму і тады здавалася, што не мае рацыі Радаслаў Астроўскі, усё ж балюча было бачыць, як учарашнія яго староннікі адракаюцца ад яго і, больш таго, абліваюць яго брудам. Гэта пачалося яшчэ ў Нямеччыне. Ад тых часоў у Барыса Уладзіміравіча захоўваецца ліст, напісаны Р. Астроўскім. Прывяду яго пачатак:
    «Heiligsfeld 13.8.1948
    Даражэнькі Collega!
    Усе Вашы пісьмы з дакумэнтамі атрымаў. Сапраўды, Вы зрабілі і робіце столькі, колькі ніхто ў маім жыцьці мне яшчэ не рабіў. Гэта тым больш прыемна, што Вы мне нічым не абавязаны, у той час як людзі, якім я зрабіў вельмімнога, адплачваюць мне самаю чорнаю няўдзячнасьцяй.
    Што праўда яны недастойны назову чалавека, алеўсе іхлічаць аднак за людзей. Урэшце Бог з імі. Яшчэ раз дазвольце падзякаваць Вам адусяго сэрца і жадаць Вам ад Бога ўсяго, усяго найлепшага...» Чытаючы ліст, можна зрабіць выснову аб незвычайна цяжкіх умовах, у якіх жыў Р. Астроўскі. Але сапраўдныя яго нягоды, відаць, толькі пачыналіся, хаця яму іх хапала заўсёды. Так, паехаўшы з Мінска ў Кенігсберг, ён, па меры наступлення Чырвонай Арміі, мусіў шукаць іншага месца і накіраваўся ў Лодзь. Мяркуючы па некаторых звестках, ягоная жонка Антаніна засталася ў Беларусі. Яе арыштавалі і саслалі ў Сібір. Паводле слоў Б. Кіта, сын Р. Астроўскага Віктар, які скончыў агранамічны факультэт, трапіў у Армію Краёвую і ваяваў пасля пад Монтэ-Касына. Пазней яны паехалі ў Англію, адкуль сям’я перабралася ў Амерыку, куды дачка Галіна прыехала яшчэ раней.
    Нарэшце перамагла думка, што толькі БНР прадстаўляе беларусаў. Астроўскі апынуўся ў ізаляцыі. Ён, вядома, перажываў, шукаў падтрымкі і, як Кіту пасля перадавалі, хацеў звярнуцца па дапамогу і да яго. Аднак Барыс ужо з’ехаў на поўдзень, што адразу «адрэзала» яго ад усіх сварак і згрызот. Тым часам у асяроддзі беларусаў, якое ўжо стварылася ў СаўтРывэры, усё яшчэ сварыліся паміж сабой і спрабавалі перацягнуць Кіта
    кожны на свой бок. Так, Усевалад Родзька, бацька якога працаваў на фабрыцы, што рабіла фармацэўтычныя тавары, быў прыхільнікам БНР, а Юрка Віцьбіч — БЦР. Дарэчы, Юрку Віцьбіча ў Амерыку выпісалі менавіта па просьбе Кіта, ён жа ўладкаваў яго ў тую фірму, дзе ён сам працаваў, што, па ягоных словах, стала потым апошняй кропляй, якая паўплывала на ягонае рашэнне з’ехаць з Саўт-Рывэра. Цяпер многія даследчыкі кажуць, што менавіта савецкія спецслужбы цалкам прычыніліся да той непрыязні, а пасля і адкрытай варожасці, што паўстала паміж беларусамі з прычыны іхняй арыентацыі то на БНР, то на БЦР Аднак тады аб гэтым не здагадваліся, шукалі найперш вінаватых сярод сваіх.
    Праз многія гады, ужо ў 1986-м, эмігрант Міхась Раецкі ў адным з лістоў да Кіта напісаў: «Сп. Ю. Попка пытаўся ў мяне, якую групоўку падтрымліваю я. Адпісаў я яму шчыра і проста: што падзел — вынік палітычнай нясьпеласці нашых людзей. Бо не маглі нашы лідары адрозніць партыйнай прыналежнасьці ад агульнай беларускай справы».
    Думаецца, трагічны гэты падзел сапраўды спрычыніўся да многіх цяжкіх момантаў нялёгкага жыцця нашых суродзічаў на эміграцыі. Многія разумелі, што трэба трымацца разам. Але здзейсніць гэта было зусім не проста.
    БНР альбо БЦР? Гэтае пытанне задавалі сабе многія. Былы вучань Кіта з Віленскай беларускай гімназіі Аляксандар Дарафейчык у 1981 годзе напісаў настаўніку пра Міколу Шчорса: «Ён катэгарычна адмовіўся быць Прэзідэнтам БЦР і сказаў, што гэта «ўжо перажытае».
    «Так сталася, — узгадвае Барыс Уладзіміравіч, — што тыя, хто прыязджаў у ЗША з Нямеччыны, ужо і сяліцца на жыхарства сталі па гэтай прыхільнасці. Так, Саўт-Рывэр стаў, калі так можна сказаць, «гняздом» БЦР, а Кліўленд — БНР. Нават мой добры знаёмы Клішэвіч, які ноччу прыбіраў смецце ў рэстаране, быў таксама зацятым «палітыкам.» I кожны меў сваю праўду. Тыя, хто захоўваў вернасць БЦР, казалі, што ім няма чаго саромецца, бо яны працавалі не на немцаў, а на Беларусь. Усё гэта было праўдай, але ж у вялікай палітыцы часам трэба ўлічваць не свае ўласныя інтарэсы, а погляды таго грамадства, у якім жывеш. А яно і тут, у Амерыцы, імкнулася забыцца на тое, што некалі не дало належны адпор Гітлеру на пачатку ягонай захопніцкай дзейнасці і тым паспрыяла яго агрэсіі, таму, безумоўна, падтрымала БНР як нацыянальны беларускі ўрад у выгнанні.»
    Нягледзячы на ўсе складанасці, сталая праца ў вялікай фірме стала даваць сям’і Кітаў эканамічную незалежнасць, нават у нейкай ступені заможнасць.
    Тыя ж з ягоных сяброў і знаёмых, хто застаўся ў Германіі, жылі гэтак жа бедна, як і астатняе насельніцтва. Уладзімір Тамашчык, калега Хведара Ільяшэвіча, усё яшчэ чакаў вырашэння свайго лёсу. Кіт некалькі разоў прысылаў яму з Амерыкі пасылкі з прадуктамі. Тамашчык пасля расказваў, як немка-гаспадыня, якая назірала за ўсім, што ён даставаў са скрыні, вохкала і дзівілася:
    — Хто гэта ўсё Вам прысылае? Ці не сваяк? У Вас сваякі ў Амерыцы?
    — Гэта ўсё мой сябра. — адказаў ёй хлопец.
    Яна цяжка ўздыхнула:
    — Добра мець такіх сяброў. Нам, немцам, такіх сяброў зараз бракуе...
    Яму сапраўды нібы па-новаму адкрылася ў той час, як важна мець сяброў і як патрэбна дапамагаць адзін аднаму ў цяжкія моманты. Ён быў бязмерна ўдзячны свайму сябру не толькі за тыя пасылкі, а за ўвагу і памяць.
    Кіт быў усцешаны, пачуўшы ад Тамашчыка такое прызнанне. Бо і сам меў патрэбу ў добрым слове, спагадзе. Прывыканне да іншых рэалій жыцця, нягледзячы на вонкавую камунікабельнасць, давалася і яму, як кожнаму з яго знаёмых беларусаў, надта нялёгка. А яны ж прыехалі ў найвялікшую краіну свету.
    Амерыка агаломшвае кожнага, хто трапляе ў яе. Багатая, са сваей ментальнасцю, складзенай з суровай барацьбы за незалежнасць і пошукаў самага дэмакратычнага, прыдатнага для развіцця эканомікі і культуры ладу, яна гэтак жа ўразіла і рускага паэта Маякоўскага, які прысвяціў ёй шмат вершаў. Пра яе пісалі з зайздрасцю і нянавісцю. Але краіна, якая прытуліла Кіта, цяпер рабілася для яго прыёмнаю маці. I хаця ён часам пачуваў сябе тут вельмі адзінокім, ён з усяе сілы імкнуўся яе палюбіць.
    Новыя эмігранты былі ў большасці сваёй настроеныя супраць савецкай ідэалогіі, таму неўзабаве пасля прыезду актыўна ўключыліся ў палітычную дзейнасць. Ужо ў 1949 годзе ў Амерыцы прайшоў першы кангрэс паняволеных народаў, арганізаваны амерыканскай арганізацыяй «Супольная справа» («Common Cause»). Кіт прадстаўляў там беларусаў.
    У прыгожым, велічным Карнегі-холе сабраліся прадстаўнікі кожнага народа, які тады знаходзіўся пад прыгнётам бальшавізму. Быў там сярод розных сцягоў і старажытны нацыянальны, ізноў забаронены ў савецкай Беларусі бел-чырвона-белы сцяг. Сшыла яго знаёмая Кіта, украінка спадарыня Скуба. Паколькі маладых жанчын, якія б згадзіліся узяць удзел у гэтым прадстаўленні, знайсці не ўдалося, то якраз яна, Скуба, і стаяла на подыуме, дзе таксама трымала беларускі нацыянальны сцяг сярод многіх іншых, прадстаўляючы Беларусь, у той час як Кіт сядзеў у ложы. Дарэчы, ад імя беларусаў ён распісаўся ў тоўстай кнізе, дзе адзначаліся прысутныя.
    Гэта была першая вялікая акцыя ў абарону паняволеных народаў, таму так важна, што беларусы ў асобе Кіта адзначылі сябе як грамадзяне асобнай, незалежнай краіны, незалежнасць якой была прызнаная некаторымі краінамі яшчэ ў 1918 годзе. Прайшоў час, і паступова беларусы рабіліся ў Амерыцы пэўнай палітычнай сілай.