• Газеты, часопісы і г.д.
  • Барыс Кіт — Грамадзянін свету

    Барыс Кіт — Грамадзянін свету


    Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
    Памер: 432с.
    Мінск 2004
    112.97 МБ
    Неяк начальнік аддзела, якому Кіт дакладваў вынікі даследаванняў, нечакана сказаў:
    — Барыс, паспрабуй плыўкі вадарод.
    Барыс стаў працаваць над плыўкім вадародам, як працавалі многія супрацоўнікі над іншымі магчымымі рэчывамі ў якасці паліва. Рэчыва гэтае вельмі капрызнае — яно мае нізкую тэмпературу і вельмі хутка выпарваецца. Маючы дзве формы, хутка пераходзіць з першай — арта-формы да другой, і працэс гэты на той час не кантраляваўся. Як управіцца з такім рэчывам? Яно нагадвала Кіту марскога бога Пратэя з грэцкай міфалогіі, які мог прымаць розныя формы. Аднак жа, калі плыўкі вадарод не мог падысці для выкарыстання ў касмічных апаратах, то трэба было гэта даказаць таксама. А ён, чым больш даследаваў гэтае рэчыва, тым болей зацікаўліваўся ім. Доўгімі гадзінамі праседжваў над кнігамі, ставіў мноства доследаў. Доследы гэтыя не давалі адказу на галоўнае пытанне — якім стане плыўкі вадарод у касмічных умовах? I ён шукаў яшчэ і яшчэ...
    Паступова даследчык-беларус намацваў усе слабыя і моцныя бакі гэтага «Пратэю». Старанна запісваў вынікі.
    Паступова нарадзіліся старонкі рэферата, а пасля і навуковага даклада. Гэты даклад выклікаў вялікую цікавасць. Практычна з яго пачалася кар’ера Барыса Кіта ў астранаўтыцы. Спрыяў таму і час, бо тады толькі пачыналіся сапраўдныя даследаванні космаса.
    4	лістапада 1957 года Савецкі Саюз паслаў у космас першы спадарожнік. Гэта было вялікай неспадзяванасцю для Амерыкі, і яна прыклала ўсе намаганні, каб надалей апярэдзіць усе краіны свету — гэта была справа нацыянальнага прэстыжу.
    Першыя поспехі даследаванняў і іх прызнанне акрылілі Кіта, і ён працягваў упарта займацца распрацоўкай ракетнага паліва. Гэта цяпер яго ўжыванне ў найвялікшых ракетных сістэмах «Apollo» і «Shuttle» стала звычайнай з’явай, але тады шлях да гэтага яшчэ быў наперадзе. Назвы тагачасных праектаў, над якімі працаваў у ліку іншых многіх вучоных і беларус Кіт, — «Апалон» і «Шаттл» — цяпер вядомыя кожнаму адукаванаму чалавеку, але тады гэта было таямніцай для ўсіх, і ён не меў права гаварыць, чым займаецца фірма, дзе працуе. Галава яго была цяпер пастаянна занятая роздумамі — ехаў ён на працу альбо вяртаўся з яе, адпачываў альбо збіраў кару на ўласным участку. Вакол дома расло шмат эўкаліптаў, і ў пэўны час яны скідвалі тую кару. Прыбіраць іх было ягоным клопатам.
    Праца ў фірме, творчыя доследы захоплівалі яго цалкам, ён ужо не мог, як раней, шмат увагі аддаваць беларускай справе. I ўсё ж у тыя рэдкія месяцы, калі мог выкраіць хоць які вольны дзень, заўсёды браў удзел у тым, што ладзіла беларуская калонія, Дапамаговы камітэт. Але за абаіх там заўсёды працавала ягоная жонка. Нягледзячы на клопаты пра двух сыноў, яна старалася ўдзельнічаць ці ў дэманстрацыі беларускіх страў па тэлебачанні, ці ў якой вялікай імпрэзе да свята 25 сакавіка — дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Тады беларускае жыццё ажно віравала: беларусы Амерыкі часта збіраліся разам, адзначалі розныя даты, спявалі беларускія песні і ладзілі канцэрты.
    Святаў было шмат, але менавіта дзень 25 сакавіка, дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе, стаў самым вялікім святам на эміграцыі. Ён значыў для эмігрантаў многае — і апраўданне таго, што яны рабілі ў сваім жыцці да ад’езду ў ЗША, і спадзяванне, што, здзейсніўшыся аднойчы ў гэтым стагоддзі, незалежнасць Беларусі адновіцца, і што нарэшце, іхнія, хай сабе і не равеснікі, але хаця б нашчадкі на радзіме ўспомняць пра іх добрым словам. Эмігрантам было надта балюча ўсведамляць, што таталітарызм пасля такой вайны аднавіўся наноў, што на Беларусі існуе толькі паказная, так званая «этнаграфічная» беларускасць, а школы беларускія зачыняюцца. Звесткі, што даходзілі з радзімы, засмучалі. Кіт стараўся не даваць волі сэрцу — усе сілы забірала работа.
    Яго год ад году ўсё болей цанілі ў фірме North American (сёння яна называецца Rockwell International). У 1958 годзе Барыс Кіт атрымаў ліст падзякі і падвышэнне ў сваім становішчы за «выдатныя дасягненні ў працы».
    Тады ж ён упершыню паехаў на астранаўтычны кангрэс у Амстэрдаме.
    Ён зрабіў на вучонага вялікае ўражанне перш за ўсё тым, што там Кіт убачыў адразу некалькіх людзей, якія ўжо сталі легендарнымі ў галіне астранаўтыкі. Перш за ўсё — аднаго з найвялікшых вучоных дваццатага стагоддзя, пачынальніка сучаснай аэрадынамікі Тэадора фон Кармана. Гэты, мяркуючы па ягоным прозвішчы, арыстакрат, які па публікацыях здаваўся пачынаючаму вучонаму ледзь не звышчалавекам, на самай справе быў вельмі простым, прыязным і лагодным, нягледзячы на тое, што журналісты хадзілі за ім, увесь час надакучаючы рознымі пытаннямі, і на тое, што яму ў той час было блізу 75 гадоў (ён памёр у 1963 годзе, не дажыўшы да 81 года некалькі месяцаў). Невялікі ростам, рухавы, ён выглядаў нават маладзейшым, але ўсё ж над ім быў як бы нейкі арэол недасягальнасці, хаця адказваў на пытанні ён даволі жвава і па-свойску. Назіраючы за ім, Кіт раптам падумаў: «Вось хто зможа мне дапамагчы — менавіта яго трэба папрасіць напісаць прадмову да маёй кнігі!»
    Паколькі ягоныя доследы доўжыліся і ён ужо меў што сказаць у галіне ракетнага паліва, то даўно задумаў пісаць аб гэтым кнігу. Кіраўніцтва фірмы ведала пра намер і ўхваліла яго. Кніга была напісаная. Але цяпер наступаў момант, калі нехта аўтарытэтны мусіў прачытаць напісанае.
    Тэадор фон Карман быў найлепшай кандыдатурай. Але ці згодзіцца ён пісаць прадмову? Ён жа надта заняты. I ўсё ж Кіт асмеліўся падысці да яго, назвацца і загаварыць пра тое, што яго хвалявала.
    Ён слухаў вельмі ўважліва, а пасля прызначыў час, каб малады вучоны прыйшоў да яго і прынёс друкаваны асобнік. У прызначаны тэрмін Кіт прыехаў да яго ў гатэль, маючы з сабой тэкст. У пакоях фон Кармана — ён займаў вялікі нумар у адным з самых прэстыжных гатэляў Амстэрдама — было шмат людзей — вучоных і журналістаў Кіт спыніўся ў дзвярах, але фон Карман перапыніў размову, сказаў, што хоча спачатку пагаварыць з ім наконт прадмовы. Адчувалася, што ў яго да суразмоўцы добрае стаўленне, і той адчуў сябе лягчэй і прасцей — усё ж напачатку гаворка давалася з цяжкасцю, бо ён адчуваў пэўную дыстанцыю: фон Карман быў вядомы па ўсім свеце, а для пачынальніка ў галіне навукі гэты вельмі прэстыжны міжнародны кангрэс быў першы, калі не лічыць канферэнцый у перадваенныя гады ў Варшаве.
    У пачатку гаворкі фон Карман яшчэ раз удакладніў у Кіта, у якой фірме ён працуе.
    — У North American Aviation, — адказаў той.
    — Гэта вельмі добра! Гэта вядомая фірма, у яе бяруць толькі выдатных людзей, — зазначыў ён. — А ці ведаеце Вы Эдварда ван Дрыеста?
    Кіт, на шчасце, быў добра з ім знаёмы. Гэты даследчык, паходжаннем галандзец, працаваў у гэтай жа фірме, і яны даволі часта сустракаліся.
    — Ён выдатны вучоны, — казаў між тым фон Карман. — Я задаволены тым, што ён робіць. А ці ведаеце, што гэта мой вучань?
    — Ён мне казаў, калі даведаўся, што я еду на кангрэс.
    Адчувалася, што патрыярху прыемна гэта чуць, і ён узяў прынесены рукапіс.
    Неўзабаве Кіт атрымаў прадмову фон Кармана. Гэтае своеасаблівае блаславенне славутага вучонага нямала спрычынілася да таго, каб выпускам ягонай кнігі занялося прэстыжнае выдавецтва Macmillan Compani ў Нью-Ёрку. Назва яе была «Rocket Propellan Handbook», яна, само сабой зразумела, была на ангельскай мове.
    Цяжка перадаць пачуццё, з якім Барыс упершыню трымаў у руках сваю першую кнігу, якая з’явілася своеасаблівым дапаможнікам па ракетных палівах для інжынераў, што працавалі ў галіне касмічных даследаванняў. Гэта была перамога яго волі і таленту і, як у спартсмена вышэйшай катэгорыі, узятая высокая планка даследчыка і вучонага, бо гэта быў сапраўды першы ў свеце падручнік па гэтай тэме. Ракетнае паліва толькі-толькі было вынайдзенае, ім цікавіліся ва ўсіх развітых краінах, якія бачылі неабходнасць прарыву чалавецтва ў космас.
    Жыццё паказала, што кнізе наканаванае доўгае жыццё, яна стала настолыіай кнігай для ўсіх, хто займаецца праблемамі касмічных даследаванняў. Цікава, што калі Кіт прачытаў выдадзены ў Савецкім Саюзе ў выдавецтве Акадэміі навук СССР падручнік па той жа тэме «Хнмня реактнвных топлпв» Я. М. Паушкіна, то заўважыў, што цытат з ягонага падручніка ў кнізе нават болей, чым спасылак на іх. Гэта значыла, што аўтар узяў за ўзор менавіта кнігу свайго замежнага калегі, хаця, вядома, выкарыстаў і іншыя распрацоўкі, што вяліся тады ў СССР. Але гэта толькі парадавала Барыса Уладзіміравіча — ягоны падручнік на той час стаў ужо шырока вядомым, на яго з’явілася шмат рэцэнзій.
    Там жа, на кангрэсе, ён пазнаёміўся і са славутым фон Браўнам, адным з «бацькоў» касмічных ракетаў. Пазней, у Вашынгтоне, калі знаёмства аднавілася, Кіт даведаўся, што той чытаў ягоную кнігу і высока ацаніў яе. Фон Браўн не аднойчы карыстаўся дапамогай маладога вучонага, калі трэба было наладжваць кантакты з расійскімі калегамі, што прыязджалі ў ЗША, каб пазнаёміцца з найноўшымі дасягненнямі амерыканцаў у адкрыцці космасу. He кожны, нават самы кваліфікаваны перакладчык, мог свабодна карыстацца складанай лексікай навуковых адкрыццяў. Кіт быў для гэтага найлепшай кандыдатурай: ён добра ведаў, што перакладаў і пра што казаў.
    Гэта была надзвычай важная вяха ў міжнародных сувязях ЗША і Савецкага Саюза, іхнім супрацоўніцтве. Першыя канферэнцыі між вучонымі гэтых дзвюх магутных краін далі штуршок далейшым даследаванням, і да іх умацавання наш зямляк спрычыніўся самым значным чынам. Ён вёў гэтыя канферэнцыі, дапамагаў у наладжванні сувязяў. Самыя знаныя вучоныя свету — Юлій Робэрт Опенгаймер, Эдвард Тэлер, Вернер Гайзэнберг, Вілі Месершмідт, з аднаго боку, а таксама савецкія даследчыкі A. М. Прохараў і М. Г. Басаў, Д. I. Блохінцаў і У. I. Вэкслер, з другога, удзельнічалі ў гэтых сустрэчах, разам абмяркоўвалі праблемы, ад якіх і сёння залежыць жыццё чалавецтва.
    Той жа амстэрдамскі кангрэс 1958 года даў яму яшчэ адно знаёмства, якое пазней, у Германіі, перайшло ў сяброўства, — з Аўгустам Штаацам, што некалі працаваў з фон Браўнам у Пенемюндзе.
    Вярнуўшыся з кангрэса натхнёным гэтымі знаёмствамі, Кіт неўзабаве загарэўся новай ідэяй — напісаць яшчэ адну кнігу па гісторыі савецкай астранаўтыкі. 1 тут шмат яму дапамог амерыканскі пісьменнік Фрэдэрык Ордвэй, які таксама цікавіўся дасягненнямі ў касмічнай галіне і дапамагаў пісаць кнігу ўсё таму ж фон Браўну. Ён з радасцю пагадзіўся супрацоўнічаць з Кітам.