Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Гэты час Кіт і зараз ўзгадвае як самы цудоўны ў сваім жыцці. Можа, таму, што, нарэшце ўладкаваўшыся ў гэтай вялікай краіне, якая дае кожнаму напоўніцу выкарыстаць свае таленты і магчымасці, ён стаў хутка набіраць вышыню. А можа, таму, што Каліфорнія адпавядала нейкаму патаемнаму жаданню, якое жыве ў кожнай рамантычнай душы, што хоча зведаць экзатычныя, незнаёмыя землі? Тут раслі апельсінавыя дрэвы, мноства невядомых раслін, а гарачае сонца і адчуванне агульнай святочнасці дадавалі радасці жыццю. Сям’я купіла дом з абавязковым для амерыканцаў лужком, дзе па вечарах гаспадары звычайна адпачывалі пасля напружанага дня пад добра дагледжанымі дрэвамі.
Пасля ўсяго, што перажыла сям’я, гэта была сапраўдная ідылія. I хаця праца ў Кіта была нялёгкая і ўтомная, ён усё ж знаходзіў час для самага галоўнага — працягу беларускай справы тут, у не асвоеным яшчэ ягонымі землякамі штаце.
Перш за ўсё ён стаў выклікаць туды сваіх сяброў.
Следам за ім у Каліфорнію прыехалі многія. Першым — Чэслаў Найдзюк. Чэслаў вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, набыў адукацыю юрыста і добра ведаў літоўскую мову, хаця сам паходзіў з Гродзеншчыны, з вёскі Рэпля. Беларусам вельмі прыдалося гэтае веданне мовы, бо трэба было наладжваць кантакты з рознымі народамі, прадстаўнікі якіх эмігравалі ў Амерыку, у тым ліку і літоўцы, чыю краіну зноў захапілі Саветы.
Чэслаў быў не жанаты і стаў жыць у кітаўскім доме ў Норт-Галівудзе.
За Найдзюком прыехаў Мікола Хмыз і сям’я Мяленцьевых. Дачка іх Нона, як і яе цётка Валянціна, сястра Марыі, была добрай танцоўшчыцай, і Барыс часта вадзіў гэтую сям’ю па грэцкіх рэстаранах, дзе Нона таленавіта выконвала грэцкія танцы. Яна запаланіла тым сэрца аднаго грэка і выйшла за яго замуж, але, праўда, потым усё ж разышлася з ім. Кіту хацелася дапамагчы Алімпу Іванавічу і Марыі Іванаўне Мяленцьевым, ён вельмі хацеў уладкаваць іх у Галівуд, але, на жаль, гэтага яму не ўдалося зрабіць. Самай важкай падставай для адмовы было слабае веданне ангельскай мовы, што, дарэчы, надта перашкаджала і іншым эмігрантам. Многія з іх так і не змаглі дасканала авалодаць ангельскай мовай, хаця пражылі тут большую частку свайго жыцця.
Шмат Кіт дапамагаў Міколу Хмызу і ягонай сям’і. I тыя трымаліся чалавека, у якім бачылі неацэннага і вернага сябра. Нават іхнія дамы стаялі побач, сябры часта гасцявалі адзін у аднаго, успамінаючы цяжкія ваенныя дарогі Еўропы. Калі Кіт працаваў на вельмі прэстыжнай працы, Хмыз змог уладкавацца механікам у авіяцыйнай фірме, добра зарабляў, змог купіць дом, даць адукацыю дзіцяці. Увогуле, амаль усе беларусы, пабачыўшы, што значыць адукацыя, стараліся як маглі, каб дзеці іхнія паступалі ў каледжы і рабіліся інтэлігентамі.
Такім чынам у Каліфорніі была заснаваная хоць і невялікая, але ўсё ж першая калонія свядомых беларусаў.
Яны не былі адзінокімі. Завязаліся сувязі з украінцамі, якія былі найбольш блізкімі беларусам па духу. Яны добра разумелі, што значыць імкненне да незалежнасці, паважалі беларускую мову — у адрозненне ад абруселых суайчыннікаў, не кажучы пра рускую эміграцыю, якая ў большасці сваёй ніяк не хацела прызнаваць беларусаў за народ, а толькі за адгалінаванне «русской ветвн», што стварала пэўную насцярожанасць у стасунках з расейцамі. Дарэчы, там, сярод украінцаў, Кіт нечакана для сябе прыдбаў сябра.
У сям’і чакалі другое дзіця, і ён часта наведваў жонку ў «Джэнералгоспітал». Якраз перад самымі родамі пабыў у шпіталі і вяртаўся па вуліцы Брадвэй дадому. На душы было трывожна. Праходзячы каля мален^кага склепіка і пачуўшы, як там унутры чалавек гаворыць па-ўкраінску, Барыс нечакана для сябе самога зайшоў у гэты склеп. Пазнаёміліся, гіагаварылі. Мікола Новак (так клікалі гаспадара) узяў у нечаканага знаёмца тэлефон, а той запісаў ягоны.
Сын Віктар нарадзіўся 16 снежня 1950 года. У той дзень было даволі цёпла, надвор’е — сонечнае, светлае, як і настрой маладога бацькі. 1 ён пазваніў Новаку:
— У мяне ўжо сын. Другі сын!
— Ну дык заходзьце да мяне. Разам адсвяткуем! — адразу адазваўся гэты чалавек.
Яны добра адсвяткавалі нараджэнне Віктара, і гэта стала пачаткам доўгага сяброўства. Новак шмат зрабіў для Кіта: уладкоўваў ягоных сяброў на працу, дапамагаў у правядзенні розных святаў. «Ён фактычна дапамог мне закласці беларускі рух у Каліфорніі, — сцвярджае Кіт. — Дзіўна, што чужыя часам дапамогуць болей, чым свае. Напрыклад, украінскі адвакат Гаўрылік бясплатна зрабіў мне дакументы на адкрыццё філіяла Камітэта Самапомачы. Калі мне спатрэбілася паехаць у Міністэрства камунікацый, Мікола Новак даў мне ліст да міністра Волпі, які раней быў сенатарам рэспубліканскай партыі Каліфорніі і быў добрым знаёмым Новака. У лісце тым, між іншым, былі такія словы: «У вас там ёсць вялікі чалавек, дапамажыце яму ў яго справах».
Новак не раз прыязджаў да Кіта ў Вашынгтон, калі той стаў там працаваць. Яны разам прысутнічалі на адкрыцці помніка Тарасу Шаўчэнку, куды гэты прыязны да беларускай справы ўкраінец прывёз Джэка Паланса, славутага артыста ўкраінскага паходжання, які незадоўга перад тым атрымаў прэмію Оскара. I шмат якія справы ўзгадвае па сёння Барыс Уладзіміравіч, гаворачы пра той шчаслівы перыяд свайго амерыканскага жыцця.
Там ён стаў тым, кім мы ведаем яго сягоння, — славуты вучоны, сааўтар аднаго з важнейшых для касмічных спраў вынаходніцтва. У Каліфорніі Кіт увайшоў у найвышэйшую навуковую эліту Амерыкі. А пачыналася ўсё з простых звычайных рэчаў. Аднойчы ён пайшоў на чарговую вечарыну ў польскай фірме, куды яго часта запрашалі. На гэты раз там прысутнічаў Густаў Макшыцкі, былы прафесар політэхнічнага факультэта Варшаўскага універсітэта. Ён быў вельмі вядомы праз свой уклад у развіццё польскай авіяцыі і нават вёў перапіску з Эйнштэйнам. У вольнай атмасферы адпачынку Макшыцкі і Кіт пазнаёміліся. Аказалася, што паляк пасля вайны эміграваў у ЗША і цяпер працуе ў фірме «North Amerikan Aviation». Кіт расказаў, што ён па прафесіі матэматык, і прафесар рэкамендаваў яго ў сваю фірму, дзе начальнікам быў Роберт Браўн і дзе сапраўды сабраліся лепшыя навуковыя сілы Амерыкі. Гэтая фірмазаймалася касмічнымі і аэранаўтычнымі праектамі, а таксама стратэгічнымі, інтэркантынентальнымі ракетнымі сістэмамі. Гэта, па сутнасці, была цэлая навуковая імперыя, дзе ў аддзеле аэранаўтыкі ўжо былі распрацаваныя найноўшыя самалёты, якія ўжо даказалі — і бліскуча! — сваю вартасць падчас заканчэння Другой сусветнай вайны, як, напрыклад, Р-54, якія бамбілі немцаў і нанеслі ім канчатковую паразу.
Займалася фірма і кампутарамі, і атамнымі распрацоўкамі, і наогул усім, што было найноўшага ў сусветнай навуцы па космасе. Трапіць туды было вялікім гонарам для любога навукоўца. Кіт быў па-сапраўднаму шчаслівы, калі быў прыняты туды.
Стыль у гэтай фірме быў ужо іншы, арыстакратычны — тут на вечарынках гулялі ў брыдж, садзіліся за раяль і спявалі арыі з класічных опер, урыўкі з аперэт. Ва ўсім адчувалася, што тут сабралася найвышэйшая навуковая эліта вялікай краіны — Амерыкі.
Працавалі ўсе вельмі многа, умовы для працы былі проста ідэальныя. Заахвочвалі кожную жывую, неардынарную думку, дый сама агульная атмасфера пошуку і вынаходніцтваў уздзейнічала на кожнага як своеасаблівы стымулятар. Апроч таго, усе работнікі добра ўсведамлялі, што яны — шчасліўчыкі, іх выбраў лёс, каб яны маглі здзейсніць вялікую справу.
Для Кіта гэта быў час, калі ён на ўласным вопыце пачынаў адчуваць, што ёсць сапраўдная дэмакратыя, калі ніхто не перашкаджае людзям на ўласны густ арганізоўваць сваё жыццё, вырашаць свае праблемы, ставіць перад сабой нейкія задачы, якія дазволяць рэалізаваць уласныя амбіцыі і магчымасці.
Кожны, хто прыехаў у Амерыку, сам шукаў сабе працу, жыллё, сам зарабляў на тое, чаго яму хацелася альбо пасавала. I, дарэчы, не кожны мог вытрымаць той сапраўды шалёны рытм, якога вымагае праца ў гэтай самай багатай краіне свету, якая і стала такой багатай дзякуючы таму, што пастаянна шукае самыя найлепшыя, найпрыдатнейшыя формы жыцця і самаарганізацыі. Кіт назіраў, як некаторыя беларусы, не могучы паспець за патрабаваннямі сваіх працадаўцаў, за рытмам гэтай велізарнай краіны, паціху співаліся, страчвалі ўпэўненасць і — прайгравалі. Маючы вопыт жыцця ў таталітарнай дзяржаве, яны нібыта ўвесь час чакалі, што нехта арганізуе іхняе жыццё, нехта нешта дасць.
Хтосьці з эмігрантаў нават выпрацаваў своеасаблівую формулу: «Гэта ў таталітарнай краіне чакаюць загаду, у дэмакратычнай жа толькі запрашэння». Калі дзяржава хоча здзейсніць нейкі праект, яна пасылае запрашэнні да працы і запыты ў многія фірмы, і тыя даюць адказы, ці змогуць яны выконваць і ажыццяўляць замоўленае. Калі ж не знаходзіць патрэбныя фірмы, стварае іх сама. Пасля выканання праекта многія з такіх фірмаў перастаюць існаваць альбо шукаюць іншыя замовы. Такім чынам, замоўца і выканаўцы як бы правяраюць адзін аднаго і заўсёды выбіраюць лепшых. Існуе канкурэнцыя, якая прымушае «падцягвацца», увесь час быць у пэўнай форме. He ўсе на гэта здатныя, тым болей што многія беларусы, перш чым трапіць у краіну, прайшлі суровыя выпрабаванні, і былі ўжо немаладыя.
Кіт быў на тым чалавечым і творчым узлёце, калі сілы, сканцэнтраваныя ў адно, непазбежна даюць вынік. Ён працаваў — але яшчэ і апантана вывучаў мову краіны, у якой хацеў жыць і працаваць і якая давала яму гэтыя магчымасці. Ён дзячыў лёсу і новай сваёй радзіме, але думаў, што яму пашанцавала яшчэ і ў тым, што Бог даў яму добрыя гены. Бацька Уладзімір (ён, праўда, даведаецца пра гэта пасля), дажыў да 90 гадоў, доўга жыў і дзед. I ў свае сорак з нечым гадоў Кіт адчуваў сябе яшчэ маладым, здатным на многае.
Апроч таго, захоплівала і цікавая, незвычайная праца. Яна была звязаная з космасам — неспазнаным, таямнічым і заваблівым. Апроч таго, СССР, паводле дадзеных разведкі, займаў неблагія пазіцыі ў гэтай галіне, што прымушала амерыканскіх вучоных імкнуцца перахапіць магчымыя перамогі, паказаць свету перавагу вольнага ладу жыцця над таталітарным. Авалоданне космасам рабілася справай палітычнай.
Адной з галоўных праблем для інтэркантынентальных ракетных сістэмаў была праблема паліва. Што магло стаць ім, якія рэчывы? У фірме ўпарта рабілі ўсемагчымыя іспыты над рознымі тэхнічнымі сплавамі, аднак праблема заставалася нявырашанай.