Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Сінія дні — каляровыя хусткі — Кінула лета ў крыніцу над борам. Зноў мітусіцца ў імглістым прасторы Золатам дрэў лістапад беларускі.
Вецер-псаломшчык галосіць над краем, Лістам заносячы чорныя межы.
Зноў, Беларусь, у тваіх безбярожжах
Восень элегію ціха складае.
Колькі яшчэ такіх восеняў шэрых Сном праплыве над табою, краіна? Колькі яшчэ мы у далі, у сіняй Жалю нап’емся і поглядаў змерым?
Толькі ж вы, песні, не падайце з ветрам Плачкамі у лістапад беларускі.
Верце — над гэтай асенняю пусткай Іншымі віхрамі мы вам узнетрым...
Мне падабаліся многія вершы гэтага таленавітага самародка беларускай паэзіі, асабліва краналі сэрца радкі аб Вільні, якая да сяньня застаецца дарагім майму сэрцу горадам, горадам летуценнасці і студэнцтва, хоць і нялёгкага, але ў нечым шчаслівага сваёй верай у будучыню:
Помніцца вечар той сіні...
Вецер вясенні нам словы размыў — У вулках маленькіх Вільні Гаварылі да поўначы мы.
I мы з Попкам шмат успаміналі нашу маладосць, агульных сяброў, многіх з якіх ужо даўно не было ў жывых, часіны, калі мы з усёй сілай маладых гарачых сэрцаў спадзяваліся на лепшае, верылі ў будучыню Беларусі.
Але жывых сяброў заставалася ўсё меней. I ад гэтых велізарных страт нашых дарагіх сяброў — такіх шчырых, самаахвярных, такіх духоўна прыгожых і ўзнёслых — зноў і зноў шчымела сэрца...
3 таго часу я стараўся чым мог дапамагаць Попку. Разумеў, якую вялікую справу ён робіць. Наша знаёмства паступова перарастала ў добрае сяброўства. Аб тым, што сп. Попку ўдалося аб’яднаць вакол свайго часопіса і аўтарскі актыў, і зацікаўленых у яго справе беларусаў, сведчаць многія, у прыватнасці Уладзімір Сенька, ліст якога, атрыманы праз многа гадоў пасля той нашай сустрэчы і, на жаль, ужо пасля смерці майго сябра, я прыводжу са скарачэннямі:
«Угель, 24 траўня 1990 г.
Паважаны Спадар Прафесар!
На днях даведаўся, што сп. Попко амаль м-ц таму памёр. Нехта прыслаў мне нэкралог, не падаўшы свайго адрасу. Можа Вы ў курсе справы, што там на Goethe-St, 7 далей будзе рабіцца, хто будзе прымаць пошту?
Бачыце, я параіў, па дагаворанасці з Пакойнікам, адрас «Informationshefte» на Беларускі Музей у Leimen. Заўсёды прыходзяць нейкія водгукі ці падзякі... Пакойнікрассылаў іхмне... Таму цяпер ня ведаю, да каго мне зьвярнуцца, каб наладзіць сувязь.
У гэтым годзе было мнеўвесь час (за выняткам трох першых тыдняў сакавіка) надта дрэнна... Аднак я змог саставіць бюлетэнь ... «Чарнобыльскае бяды» (з пункту гледжаньня маскоўскіх васалаў у Менску і апазіцыйных плыняў), дзейнасьці апазыцыі (аб якіх на Захадзе мала ведаюць) і караценька прааналізаваўмаральныўпадак грамадства пад уплывам камуністычнага выхаваньня. He ўдалося мне напісаць на чыста зацемку аб экалагічным забруджаньні Салігорска (дабыча калія — адходамі засыпаны тысячы гектараў пладароднае зямлі), аб затраўленьні некалькіх вёсак пад Валкавыскам (там выпальваюць цэглу ў печах бяз фільтраў) і гісторыю «Пагоні».
... Чакаю на вестку ад Вас. 3 пашанаю і прывітаньнем ад жонкі і мяне.»
Сапраўды, асяродак беларускасці, які стварыў мой ляймэнскі сябра, быў важным для многіх. У Нямеччыне засталося няшмат былых эмігрантаў. Цікава, як час ад часу усіх нас, хто аддаваў свае сілы беларускай справе, а пасля быў раскіданы па свеце, усё-ткі раз-пораз зводзіла жыццё.
Зусім выпадкова ў праваслаўнай царкве праз шмат гадоў сустрэліся мы са старым знаёмым — мітрапалітам Філафеем, які прыехаў у Франкфурт-на-Майне. Я пазнаў яго адразу. Ён жа мяне толькі тады, калі я падышоў цалаваць крыж, бо ў час набажэнства сабралася шмат прыхаджан. Ён тут жа абняў мяне, пацалаваў.
Нам было што ўспомніць. Калі Астроўскі заявіў, што царква павінна быць беларускай і незалежнай — аўтакефальнай — я быў на тым сходзе беларускай інтэлігенцыі ў 1943 годзе. Дарэчы, архіепіскапам тады быў пастаўлены наш наваградзец Бабкоўскі.
Філафей першакласна гаварыў па-беларуску, але адразу пасля эміграцыі на Захад ён перайшоў да рускай праваслаўнай царквы. Таму былі шмат якія прычыны.
Цяпер ён пахаваны ў Вісбадэне, на праваслаўных могілках, якія знаходзяцца на высокім крутым узгорку. Там стаіць маленькая, але надзвычай прыгожая царква, некалі, у 1847-1955 гадах, пабудаваная як усыпальніца для рускай князёўны Лізаветы Міхайлаўны, пляменніцы Аляксандра I, з якой ажаніўся герцаг Адольф фон Насау і якая памерла разам з нованароджаным сынам. 3 таго часу каля царквы хавалі праваслаўных. Паступова там утварыліся могілкі. Некаторыя помнікі зробленыя сапраўднымі майстрамі.
Час ад часу я бываю там. Нешта невымоўна тужлівае напаўняе душу, калі, заходзячы ў гэтую царкву, бачыш белае мармуровае надмагілле ў выглядзе маладой жанчыны, якая, нібыта пушкінская царэўна ў крыштальнай труне, ляжыць на белым ложку пад купалам, з якога льецца святло.
Пасля крочу да нашага епіскапа. Ён спіць вечным сном недалёка ад паўднёвай сцяны, сярод магіл рускіх арыстакратаў мінулага стагоддзя і часткі тых, хто прыехаў на Захад ужо ў нашыя часы. Адсюль, з гары, добра бачыцца Вісбадэн — яго двух-, трохпавярховыя дамы, дзе на працягу двух стагоддзяў лячыліся прыезджыя з усяе Еўропы і Расіі, засталіся амаль нязменнымі — тыя ж высокія вузкія вокны, тыя ж чысценькія пляцоўкі, аздобленыя ялінамі ці платанамі, тыя ж вуліцы, якія вядуць да сярэдзіны горада, усё яшчэ амаль сярэднявечнага і разам з тым сучаснага.
Вісбадэн, гэты цудоўны горад між Рэйнам і ўзвышшамі Таунуса, я люблю здаўна. Яго гісторыя мяне хвалюе. Уявіць толькі — ужо ў 40 годзе
нашай эры рымляне будавалі тут умацаванні, а назва горада з’яўляецца ў дакументах 829 года! Праўленне дынастыі Насау спрыяла яго залатой пары — у 1806 годзе курорт быў аб’яўлены герцагскай рэзідэнцыяй і стаў самым модным у Еўропе. Нездарма сярод яго наведнікаў такія асобы, як Гётэ, Дастаеўскі і Ота фон Бісмарк. Брамс і Вагнер натхняліся яго пейзажамі і музыкай крыніц, сапраўды жыватворных і гаючых. Калі стаіш ля старой ратушы, збудаванай яшчэ ў 1610 годзе, думаеш пра вялікае мноства людзей, чые лёсы ўпляліся ў гісторыю гэтага нямецкага горада. Пра беларусаў, якія тут, несумнеўна, таксама былі, мы цяпер не ведаем, але ж яны некалі часта прыязджалі ў Германію, вучыліся і, верагодна, заязджалі сюды. Прынамсі, адзін з беларусаў тут застаўся навекі, і ляжыць ён сярод арыстакратаў і балтыйскіх афіцэраў.
Нядаўна я купіў там сабе месца для вечнага спачыну, яно ў трох кроках ад Філафея, і я спадзяюся, што нехта будзе прыходзіць і да мяне з тым жа цёплым, сардэчным, хрысціянскім настроем, як раблю гэта я зараз у дачыненні да яго. А ўвогуле мне хацелася б, каб нашы беларусы, прыязджаючы сюды, паклалі калі кветкі на магілу бсларускага мітрапаліта, які ў часы ваеннага ліхалецця даваў супакой гаротным душам іхніх дзядоў ці бабуль. Бо адчыненыя былі ўсе цэрквы, якія толькі можна было неяк адрамантаваць альбо прыстасаваць для набажэнстваў. Гэта было нялёгка, бо ў гады зацятага змагання з рэлігіяй у многіх з іх месціліся склады, майстэрні, a то і грамадскія прыбіральні — гэты здзек са святых чалавечых пачуццяў і па сёння балюча адгукаецца ў нашым грамадстве бязвер’ем і занядбаннем маральных асноў жыцця».
Барыс Кіт сапраўды любіць бываць у Вісбадэне, і многія ягоныя госці пабывалі там разам з ім (у тым ліку і наш славуты пісьменнік Васіль Быкаў). Але гэтыя мясціны «абжываліся» ім спакваля, год ад году. Калі прыехаў у Нямеччыну, распачынаў тут сваю выкладчыцкую дзейнасць, у Вісбадэне, як і ў іншых гарадах, бываць даводзілася толькі тады, калі чытаў там лекцыі. Увесь час займала напружаная праца, а пазней — падрыхтоўка доктарскай дысертацыі.
Выкладчыцкая праца, нягледзячы на яго высокую кваліфікацыю, была зусім не простаю. Еўрапейскі аддзел Мэрылендскага універсітэта — адзін з самых прэстыжных. Чытаць лекцыі сюды запрашаюць лепшых спецыялістаў свету, і Кіт адчуў вялікае задавальненне і радасць, калі стаў працаваць спачатку як выкладчык, а пазней, пасля абароны доктарскай дысертацыі, і як прафесар матэматыкі, чытаючы лекцыі ў філіялах Нюрнберга, Дармштадта, Гайдэльберга, Ганау.
У 1972 годзе, калі ён прыехаў, прэстыж усяго амерыканскага быў відавочны. Немцы добра памяталі, што адразу ж пасля вайны, калі пачынаць даводзілася практычна з нуля, менавіта план Маршала выратаваў Еўропу і дапамог стварыць тое, што пасля ва ўсім свеце называлі «нямецкім эканамічным цудам». Таму ён змог даволі хутка наладзіць свой побыт і зноў далучыцца да актыўнага жыцця. Ён чытаў лекцыі пераважна на амерыканскіх базах, якіх нямала было ў Нямеччыне, ягонымі вучнямі былі людзі, якія цанілі сябе як часцінку аўтарытэту Амерыкі і яе дасягненняў, у тым ліку і ў сусветнай аэранаўтыцы. Ягоныя лекцыі паказвалі, што краіна, да якой яны належалі, паспяхова акумулюе ў сабе лепшыя дасягненні сусветнай навукі, і тыя, хто слухаў гэтыя лекцыі, спадзяваліся, што выкладчык з Амерыкі дасць ім не проста добрыя, але бліскучыя веды.
Наколькі гэта ўдалося нашаму земляку, яскрава паказвае наступны ліст, напісаны праз шаснаццаць гадоў пасля пачатку ягонай выкладчыцкай дзейнасці ў Еўропе, калі яму, прафесару Мэрылендскага універсітэта, было ўжо 78 гадоў:
«Унівэрсітэт Мэрыленд
9.08.1988
Вельмі паважаны доктар Кіт
Я толькі што прагледзеў ацэначныя студэнцкія анкеты аб Вашай дзейнасьці як выкладчыка нашага універсітэта.
Як заўсёды, Вашыя студэнты даюць Вам найвышэйшы рэйтынг.
Я хачу, каб Вы ведалі, што і я поўнасцю згаджаюся з Вашымі студэнтамі, што Вы ёсць выдатны настаўнік і што наш універсітэт мае вялікі гонар мець Вас сваім членам.
Дзякую Вам за Вашу паспяховую працу і за Ваш добры ўплыў на нашых студэнтаў.
Шчыра Ваш,
Самуэль Б. Томпсан, кіраўнік аддзела Матэматыкі, доктар матэматычных навук»
Трэці раз Барыс Кіт пачынаў сваё жыццё, і гэтае «трэцяе» яго жыццё было такім жа творчым і адданым навуцы, як і папярэднія. Ён быў прыроджаны настаўнік, і жыццё шчодра адарыла яго ўдзячнымі вучнямі. I не толькі проста ўдзячнымі.
Кожны настаўнік можа толькі тады лічыць, што праца яго па-сапраўднаму ўдалася, калі вучні яго дасягнуць пэўных поспехаў і дакажуць сваёй дзейнасцю, што іхні настаўнік чагосьці варты.
Гайдэльбергскі перыяд настаўніцтва Кіта адзначаны менавітатакім вучнем — Джонам Сасарам. Ен пазней стаў сусветна вядомым вучоным, прафесарам матэматыкі, працуе цяпер ва універсітэце штата Агаё, шырока вядомы ў свеце праз сваю кнігу «Гісторыя матэматыкі», да якой Барыс Кіт напісаў прадмову.