Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Барыс Кіт сярод гэтых дарагіх нам і сваёй былой, і сваёй сенняшняй дзейнасцю людзей.
Адразу пасля падзення камунізму Барыс Кіт пастараўся сам наладзіць сувязі з радзімай. I, упершыню з’явіўшыся на Беларусі ў артыкулах і ўспамінах, самім гэтым сваім з’яўленнем распачаў дзейнасць па вяртанні гістарычнай памяці, па выхаванні гонару за Беларусь і яе сыноў. Яго асоба, без перабольшання, уразіла нашых сучаснікаў. Ягоны прыезд на радзіму ў чэрвені 1992 года набыў шырокую вядомасць. У друку з’явілася шмат публікацый — гэта былі водгукі на прыезд невядомага дагэтуль земляка, які праславіўся ў свеце, а таксама ўспаміны ягоных былых вучняў пра гады, якія таксама амаль ніколі не былі як след адзначаныя ні ў навуцы, ні ў публіцыстыцы — перадваенныя і асабліва ваенныя, калі ўпершыню за
дзесяцігоддзі адкрыліся храмы, дзе набажэнствы вяліся па-беларуску, і калі асветніцтва, нягледзячы ні на што, стала нацыянальным.
Асабліва хвалюючай стала сустрэча Б. Кіта з былымі вучнямі.
Ініцыятарам яе быў Алесь Гатковіч — паэт, публіцыст, які некалі пачынаў свой творчы шлях у гуртках Маладзечанскай гандлёвай школы, а цяпер жыве ў Англіі і друкуецца пад псеўданімам А. Гілярчык (сам ён цікава распавядае пра свой псеўданім у адным з лістоў да Б. Кіта).
19 чэрвеня 1992 года мэр Маладзечна Генадзь Карпенка адкрыў гэтую сапраўды незабыўную сустрэчу.
Была яна незабыўнай яшчэ і тым, што пасля абвяшчэння Беларусі незалежнай дзяржавай пачаўся магутны ўздым нацыянальнага Адраджэння. Гэта быў час, калі пачалі адчыняцца беларускія школы, загаварылі аб сапраўднай, а не фальсіфікаванай гісторыі нашага народа, калі стала магчымым адкрыццё многіх раней строга засакрэчаных старонак. Адчыніліся, хаця і з вялікім рыпеннем, спецсховы, паўстаў жорсткі, нялюдскі вываратны бок камуністычнай сістэмы, пабудаванай на крыві і насіллі. Здавалася, назад шляху быць не можа і што здзяйсненне мары народа аб сваёй незалежнасці будзе ісці поўнай хадою. Жыццё паказала, што спрыяльныя гістарычныя абставіны могуць і не прадоўжыцца, што цяжкае. пакутнае змаганне наперадзе і што, як спявае папулярны спявак Анатоль Ярмоленка, «О, як далёка нам яшчэ да Беларусі!»
Але тады, у 1992 годзе, пачыналі здзяйсняцца многія, здавалася б, немагчымыя рэчы, у тым ліку і трыумфальнае вяртанне беларусаў-эмігрантаў — у падручнікі, у кнігі, у грамадскае жыццё.
Вось чаму настрой ва ўсіх быў асаблівы, прыўзняты. Яны нібы прысутнічалі пры нейкім цудзе. I агульнае адчуванне яскрава праявілася ў публікацыях і выказваннях удзельнікаў той сустрэчы — прафесара Пятра Кузюковіча, гісторыка Міколы Ермаловіча, краязнаўца Генадзя Каханоўскага (апошнія два заўчасна пайшлі ад нас), Кастуся Харашэвіча і многіх іншых.
Дзякуючы гэтай сустрэчы стала шырока вядомай адна са старонак беларускага школьніцтва ў Маладзечне, Паставах, а таксама ў Вільні і на Наваградчыне. Постаць Барыса Кіта па-новаму высвятліла дзейнасць Наваградскай і Віленскай беларускіх гімназій, як бы знітавала іх у адно — рэдкія публікацыі аб гэтых навучальных установах раз-пораз з’яўляліся ў часопісах і газетах, асабліва ў Вільні, але яны былі як бы разрозненыя, утрымліваліся ў многіх успамінах. Калі можна выкарыстаць такое параўнанне, то Барыс Кіт з’явіўся тым магутным магнітам, які прыцягнуў іх да сябе і вакол якога яны аб’ядналіся ў адно, адкрыўшы нам вялікі пласт беларускага жыцця ў перадваенных Вільні і Наваградку. Па сутнасці, мы
ведалі тагачасныя і Вільню, і Наваградак па ўспамінах Максіма Танка, Валянціна Таўлая, Уладзіміра Калесніка, але гэта быў толькі адзін пласт жыцця змагання за родную мову ва ўпакоўцы камсамольскіх і камуністычных арганізацый. Дарэчы, усё астатняе яшчэ ў нядаўнія часы аб’яўлялася нацыяналістычным альбо проста замоўчвалася.
У тыя гады, разам з Барысам Кітам, да нас вярнуліся многія незаслужаназабытыя імёны рупліўцаў беларушчыны: Пётра Скрабец, браты Орсы, Янка Давідовіч, Ян Цеханоўскі...
Сардэчна сустрэты быў Барыс Уладзіміравіч і ў Акадэміі навук, дзе пазнаёміўся з акадэмікамі Ф. Фёдаравым і Р. Гарэцкім, іншымі навукоўцамі.
У выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя» імя П. Броўкі таксама адбылася сустрэча. Міхась Ткачоў, знаны вучоны, грамадскі дзеяч, які ўзначальваў тады Энцыклапедыю, быў захоплены як беларускай, так і замежнай дзейнасцю Б. Кіта і яго дасягненнямі ў навуцы.
Гаворачы пра Міхася Аляксандравіча, чыя заўчасная смерць была вялікім горам для ўсёй нацыянальна свядомай грамадскасці Беларусі, трэба адзначыць, што менавіта ён даў, бадай што, першае на Беларусі і, як усё, што выходзіла з-пад ягонага пяра, выдатнае азначэнне навуковай постаці Б. Кіта, паставіўшы яго ў адзін шэраг з Казімірам Семяновічам, які жыў у XVII стагоддзі (1600-1651) і абессмяроціў сваё імя як вынаходнік шматступеньчатай ракеты, аўтар фенаменальнай па сваёй вартасці кнігі «Вялікае мастацтва артылерыі» і вучоны-прыродазнавец.
У апошнім раздзеле кнігі, напісаным ім разам з A. М. Бельскім і названым гэтаксама, як і славуты твор К. Семяновіча, М. Ткачоў дае сціслы пераказ асноўных жыццёвых падзей Барыса Уладзіміравіча і заканчвае яе так:
«I сёння, гаворачы пра стваральнікаў ракетнай тэхнікі, мы павінны ўсведамляць, што сярод выдатных ракетчыкаў і інжынераў побач з беларусам К. Семяновічам, ангельцам У. Кангрэвам, французам Р. Эно-Пельтры, амерыканцам Р. Годардам, немцаміГ. Обэртам і фон Браўнам, рускім К. Цыялкоўскім і С. Каралёвым назаўсёды прапісалася імя Барыса Кіта».
Такім чынам, доктар гістарычных навук выдатна ўсвядоміў усё значэнне таго, што зрабіў наш выдатны зямляк Б. Кіт следам за геніяльным Казімірам Семяновічам.
Цікава, што кніга гэтага выхадца з Магілёўска-Віцебскага Падняпроўя, якая зрабіла яго імя славутым па ўсёй Еўропе («Вялікае мастацтва артылерыі») была апроч Нідэрландаў надрукаваная ў нямецкім перакладзе менавіта ў Франкфурце-на-Майне ў 1676 годзе, дзе праз 300 гадоў
паселіцца яго паслядоўнік, таксама беларус Барыс Кіт, чыю доктарскую працу перакладуць на многія мовы свету, у тым ліку і на нямецкую. Калі нямецкі пераклад К. Семяновіча быў нават у бібліятэцы рускага цара Пятра I, то кнігам Б. Кіта быў наканаваны яшчэ больш цікавы лёс — яны былі перакладзеныя на многія мовы свету і шырока выкарыстоўваюцца дагэтуль як падручнік па ракетным паліве для інжынераў і ўсіх, хто займаецца ракетнай тэхнікай. Цікава, што неяк мне давялося прысутнічаць пры візіце Б. Кіта ў франкфурцкае аддзяленне беларускага авіяпрадпрыемства «Белавія». Пачуўшы прозвішча Б. Кіта, супрацоўнік кампаніі, былы харкаўскі інжынер, нагадаў, што ён чытаў і добра ведае кнігу аднафамільца сённяшняга госця. Калі ж Барыс Уладзіміравіч сказаў, што ён і ёсць той самы аўтар, былы савецкі інжынер не мог апамятацца ад здзіўлення і некалькі разоў паўтарыў, што сёння самы знамянальны дзень яго жыцця... Ёсць кнігі Б. Кіта і ў бібліятэцы Кангрэса ЗША, у тым ліку і абедзве кнігі пра яго, напісаныя Лідзіяй Савік, а таксама альбом, выдадзены да 90-годдзя.
Прыезд Барыса Кіта на Беларусь, яго выступленні, бясспрэчны аўтарытэт яго як навукоўца з сусветным імем натхніў не аднаго Міхася Ткачова. Сярод тых, з кім ён стаў актыўна ліставацца пасля вяртання ў Франкфурт-на-Майне, рэктар Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта прафесар I. М. Жарскі, былы дырэктар Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Францішка Скарыны прафесар Адам Мальдзіс, многія знакамітыя людзі Беларусі.
Сярод першых грамадска значных акцый трэба ўзгадаць і перадачу ўласнага архіва Наваградскаму краязнаўчаму музею праз міністра замежных спраў Беларусі Пятра Краўчанку восенню 1992 года. Гэтая акцыя набыла шырокі розгалас дзякуючы таму, што беларуская інтэлігенцыя добра ўсведамляла, што такі архіў дае ёй магчымасць даведацца пра імёны і вялікую грамадскую і культурніцкую дзейнасць беларускіх эмігрантаў за мяжой (хаця нельга тут не ўспомніць кнігу В. Кіпеля «Беларусы ў ЗША», якая выйшла ў Амерыцы). У архіве змешчаны сотні лістоў з Аўстраліі, Англіі, ЗША, Канады, дзе былыя калегі і сябры шчыра дзяліліся сваімі клопатамі пра становішча на Беларусі, пра фінансавыя цяжкасці з выпускам газет і часопісаў, якія яны ўсё ж рупіліся выдаваць. I гэтыя каштоўнейшыя звесткі пра іхняе ўласнае жыццё сталі выдатнай магчымасцю ўсвядоміць, што можа — і робіць — чалавек у свабодным, дэмакратычным грамадстве і што галоўнае — гэта любоў да Бацькаўшчыны і нездратаваная ініцыятыва.
У тым жа 1993 годзе Кіт быў абраны ганаровым членам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Гэтая арганізацыя змагла ў самы кароткі тэрмін
стаць уплывовай у міжнародных навуковых колах як дзякуючы нястомнай працы яе заснавальніка, выдатнага беларускага дзеяча Адама Мальдзіса, так і намаганням яе сяброў за мяжой, сярод якіх Барыс Кіт стаўся адным з самых актыўных. Асацыяцыя беларусістаў праводзіць вялікую працу па прапагандзе беларускай культуры.
У ліпені 1993 года ў Наваградку адбылася таксама Міжнародная навуковая канферэнцыя «3-я Наваградскія чытанні», дзе з паведамленнем пра жыццё і дзейнасць Б. Кіта выступіла Т. Вяршыцкая, a 22 верасня 1995 г., на Чацвёртых чытаннях — Лідзія Савік. Трэба сказаць, што гэтая Міжнародная канферэнцыя, якая паступова набывае шырокую вядомасць, першы раз адбылася 18 мая 1991 г., і вось ужо каторы год запар яна праходзіць з цікавым дакладам альбо паведамленнем пра нейкі новы аспект шырокай грамадскай дзейнасці Б. Кіта.
У 1994 годзе Б. Кіт стаў адным з заснавальнікаў і віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, прэзідэнтам жа — Яўген Шыраеў, беларус з Лебедзева, дзе выкладаў матэматыку ў пачатку вайны Барыс Уладзіміравіч і адкуль паходзяць яго сваякі па жонцы Ніне Іванаўне. Стварэнне АН Еўразіі таксама атрымала вялікі рэзананс у грамадстве менавіта дзякуючы таму, што ў яе ўвайшлі знакамітыя навукоўцы з многіх краін свету.
Цяпер, праз дзесяцігоддзе, асабліва добра бачна, наколькі важным для грамадства стаў выхад кнігі пісьменніцы Лідзіі Савік «Вяртанне» ў 1993 годзе. Фактычна гэта была першая праўдзівая біяграфія аднаго з тых славутых эмігрантаў, пра якіх доўгія дзесяцігоддзі грамадства мела толькі скажоныя афіцыйнай прапагандай звесткі — нават не звесткі, а злосную, несправядлівую «атэстацыю» той вялікай працы, якую яны рабілі на карысць сваёй радзімы за яе межамі. На ўрачыстую прэзентацыю кнігі ва універсітэце культуры сабралася грамадскасць Мінска, на ёй прысутнічаў часовы павераны ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Джордж Альберт Крол (нядаўна ён вярнуўся на Беларусь як пасол ЗША, і, што характэрна, ужо з нядрэнным веданнем беларускай мовы). Асноўнай жа часткай аўдыторыі была моладзь — тая моладзь, якая павінна несці ва ўсе куткі Беларусі культуру яе народа і якая брала ў вечарыне самы актыўны ўдзел.