• Газеты, часопісы і г.д.
  • Барыс Кіт — Грамадзянін свету

    Барыс Кіт — Грамадзянін свету


    Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
    Памер: 432с.
    Мінск 2004
    112.97 МБ
    Тым часам прыязджалі і прыязджалі новыя беларусы. Адна з першых «ластавак», што прыляцелі пры падтрымцы Кіта за акіян, старанны і вельмі прыязны да ўсіх Пётра Орса шмат дапамог рэпутацыі свайго паручыцеля, бо прыцягваў сэрцы людзей дабрынёй і працавітасцю. I яны згаджаліся даваць выклікі незнаёмым ім людзям, засноўваючыся толькі на гэтай рэпутацыі і даверы да свайго земляка.
    Дзень пры дні Кіт ездзіў у порт, сустракаў прыезджых беларусаў, а пасля прывозіў іх у Саўт-Рывэр. Усяго тых, каму дапамагла ягоная сям’я, набралася блізу 200 чалавек, яны і сталі першым значным беларускім асяродкам у Амерыцы. Жыла ў кватэры на Гармэн-авеню, 24, якую празвалі «калыскай Саўт-Рывэрскай калоніі», яшчэ адна вучаніца Кіта па Віленскай беларускай гімназіі Вольга Пазняк, што пазней стала жонкай Масея Сяднёва, з якім сустрэлася яшчэ ў Мюнхене. Сярод іншых Барыс Кіт выпісаў у Злучаныя Штаты і сям’ю Мяленцьевых. Гэта была вядомая ў Беларусі сям’я. Бацька, Алімп, піяніст і кампазітар, ягоная жонка Марыя была спявачкай беларускай оперы ў Мінску, а яе сястра Валянціна — танцоўшчыцай. Гэта было важна для грамады, бо беларусы пачалі наладжваць канцэрты, розныя вечарыны, каб заявіць пра сябе ў новым грамадстве. Да таго ж такім здольным людзям, як Мяленцьевы, без асаблівых цяжкасцяў можна было знайсці працу. Паступова гэтую таленавітую сям’ю сталі ўсё часцей запрашаць на свае канцэрты ўкраінцы. Украінская грамада была болыпаю, яны маглі добра заплаціць за выступленне, і паступова Мяленцьевы сталі адмаўляцца ад удзелу ў беларускіх канцэртах. На гэтай глебе дзве сям’і, якія былі пасябравалі, сталі паступова аддаляцца душою адна ад аднае. Канчатковы разрыў адбыўся пазней, пасля ад’езду ў Каліфорнію, а спачатку Кіт і Мяленцьевы сябравалі паміж сабою і дапамагалі агульнай беларускай справе.
    Мяленцьевы былі шчаслівым выключэннем, такіх таленавітых людзей было не так і шмат. Болей было тых, хто слаба альбо зусім не ведаў мовы ці не меў адпаведнай адукацыі і мог спадзявацца толькі на цяжкую працу рабочага альбо падсобніка.
    Сюды, у далёкую краіну, многія прывезлі з сабою свае непаразуменні і нязгоды. Асабліва царкоўныя. Усе разумелі, што без нацыянальнай царквы не ўдасца захаваць сваю ідэнтычнасць, застацца нацыяй. Але ўсё
    роўна паўставала пытанне — якой быць праваслаўнай царкве? (Большасць з прыезджых беларусаў спавядалі праваслаўе.) Належаць ёй да Маскоўскай патрыярхіі ці зрабіцца аўтакефальнай? У ёй арганізавалася БАПЦ, і царква Ефрасінні Полацкай стала падпарадкоўвацца Канстанцінопальскай патрыярхіі. Там стаў служыць былы вучань Кіта Святаслаў Коўш, які сам жа і засноўваў гэтую па-сапраўднаму беларускую нацыянальную царкву. Апроч таго, ён уваходзіў у рэдакцыйную калегію часопіса «Беларуская думка», які шмат зрабіў для аб’яднання беларусаў. Газеты і часопісы ўвогуле шмат прычыніліся да палітычнай і культурнай актыўнасці новых эмігрантаў, якія не так лёгка прыжываліся ў чужой краіне, і сярод тых, якія Дапамаговы камітэт (United Byelorussian-Amerikan Rilief Commitee») заснаваў альбо дапамог заснаваць, можна ўзгадаць часопісы «Беларускае слова ў Амерыцы» і «Беларус у Амерыцы», а таксама газету «Беларуская трыбуна». Коўш працаваў, без перабольшання, ахвярна і самааддана. Дарэчы, ён шмат пазней, ужо ў 1976 годзе, таксама ўзначаліў Дапамаговы камітэт і быў яго старшынёй па 1988 год.
    Няпроста было ўладкоўвацца на новым месцы. Кожны імкнуўся знайсці сабе хоць нейкі прытулак, асабліва па першым часе. Прафесар Янушкоўскі, каб лягчэй здаць экзамен на амерыканскага доктара, перайшоў у англіканскую царкву, бо ў ЗША вельмі моцныя пазіцыі баптыстаў. Яго асуджалі, але разумелі, што так чалавек знайшоў сабе дарогу, каб дайсці да мэты. Адна справа — будаваць царкву сваімі рукамі, на ўласныя грошы, і зусім іншая — прыйсці на гатовае, туды, куды не трэба ўкладаць неймаверных высілкаў... Да гонару беларусаў, яны ў пераважнай большасці засноўвалі ўласныя нацыянальныя цэрквы, і толькі невялікая частка іх перайшла альбо ў расейскую праваслаўную царкву, альбо проста растварылася ў вялікай краіне.
    Да пераезду ў Каліфорнію Кіт паспяхова працаваў у фармацэўтычнай фірме «Эмпайер-Кемікл-кампані» ў Нью-Брансвіку, дзе займаў пост кантрольнага хіміка. Віцьбіч (Стукаліч) працаваў у суседнім аддзеле, дзе рабілі таблеткі, сярод іх — фенабарбітал, які можа дзейнічаць як наркотык. Як расказваў Кіт, паэт стаў, неўпрыкмет для іншых, ужываць тыя таблеткі. Яны, відаць, дапамагалі ў цяжкой душэўнай дэпрэсіі, якая ў яго, чалавека творчага, была больш невыносная, чым у астатніх, хаця яго суайчыннікі ў той ці іншай ступені яе мелі.
    Доўгі час ніхто ні аб чым не здагадваўся. Але аднойчы прыбег перапалоханы ўласнік фірмы і абвясціў, што зямляк Кіта памірае. Аказалася, Юрка Віцьбіч прыняў блізу 50 таблетак і ляжаў у непрытомнасці. Барыс аслупянеў і моўчкі слухаў вымову.
    — Вы за яго паручыліся, вось і думайце, што рабіць! — нерваваўся гаспадар.— Калі яго адвезці ў шпіталь, то трэба нешта казаць, але не тое, што ёсць на самай справе!
    Кіт таксама разумеў: усё, што адбылося, могуць (і павінны) класіфікаваць як спробу самазабойства. А гэта, апроч непрыемнасці для гаспадара, магло назаўсёды закрыць нашаму таленавітаму паэту і публіцысту будучае, бо яго маглі змясціць у шпіталь для вар’ятаў. Несумнеўна, пагоршацца дачыненні з гаспадаром, ён не даруе рэкамендацыі. Але раздумваць часу не было. Вырашылі схаваць праўду. Усім ад гэтага будзе толькі лепей...
    Кіт хутка выклікаў таксі і адвёз Віцьбіча ў шпіталь, але пастараўся схаваць гэты факт ад іншых саслужыўцаў. Там, у шпіталі, ужо ведалі версію гаспадара аб няшчасным выпадку, і Кіт пастараўся пацвердзіць яе, рэкамендуючы Стукаліча як спакойнага, працавітага, вытрыманага работніка, што, вядома, не зусім адпавядала рэалызасці, але змагло неяк зыначыць усё, што адбылося. Ён іграў гэтую ролю перад урачамі, стараючыся, каб яны нічога не западозрылі, але гэтыя некалькі хвілін, калі Кіта дапытвалі спрактыкаваныя, шмат вопытнейшыя за яго людзі, а ён выкручваўся як мог, ён запомніў болей, чымся што іншае ў жыцці, хаця былі ў ім і вонкава больш трагічныя і цяжкія хвіліны.
    «Шчыра кажучы, гэты выпадак моцна мяне ўразіў і напалохаў, — узгадвае ён цяпер. — Я зразумеў нарэшце, якую вялізную адказнасць узяў на сябе, паручаючыся за тых, хто мог мяне проста моцна падвесці. Дайшло да мяне, што і Астроўскі незадаволены тым, як многа прыехала людзей па маёй рэкамендацыі, якія прытрымліваліся БНРаўскай арыентацыі і тут рабіліся моцнай яму апазіцыяй. А я ж не думаў пра тое, хто ёсць зарубежнік, а хто крывіч. He быў палітыкам і таму стараўся рабіць дабро ўсім, каму мог дапамагчы. Да таго ж пачаліся ўзаемныя падазрэнні, розгалас. Міколу Хмыза, майго знаёмага, аб’явілі былі савецкім агентам, ён моцна перажываў і часта прыходзіў да мяне спавядаць свой боль.
    Ад усіх гэтых сварак і непрыемнасцяў мне хацелася збегчы як надалей. I я надумаў ехаць у Каліфорнію.»
    Ад’езд адбыўся ў 1950 годзе. Праводзіла сямейства жонка Міколы Шчорса Элізабэт. Яна, нягледзячы на ранні час, выйшла да аўтобуса з маленькай дачушкай на руках. Кіт быў моцна расчулены. Доктар-анастэзіёлаг, якая шмат дапамагала мужу пры аперацыях, яна сімпатызавала далікатнаму, таварыскаму да людзей сябру свайго мужа, і ён адказваў ёй такой жа шчырасцю. Так сталася, што праводзіла Кіта і яго сям’ю толькі яна адна, і гэта запомнілася на ўсё жыццё. Яна ведала, што Мікола Шчорс
    Бсірыс Кіт і Фрыдэрык Ордвэй на кангрэсе Міжнароднай акадэміі астранайтыкі. Іерасулім, / 994 г.
    моцна сябраваў з Кітам яшчэ з юнацтва і любіў яго. (Кіту было гэтак жа горка на душы, калі па смерці Міколы Шчорса ў Маунт-Дора, штат Фларыда, не надта адгукнуліся тыя, хто яго ведаў і быў яму абавязаны. Толькі ён адзін з першых паслаў у газету «Беларус» 100 даляраў з лістом: «Гэта замест
    кветак на магілу доктара Шчорса», з верай у тое, што некалі яшчэ з’явяцца на Беларусі прысвечаныя яго сябру кнігі і артыкулы, бо ён усё сваё жыццё аддаў дзеля Бацькаўшчыны, і тут, у Амерыцы, таксама рабіў для яе, што было ў ягоных сілах...)
    Цяпер ён ехаў, нагружаны няхітрым скарбам, але ў асноўным кнігамі, у гэты паўднёвы штат ажно тры дні.
    Кіт быў першым беларусам у Каліфорніі, які распачаў тут беларускую справу, хаця той-сёй з ягоных землякоў ужо абжыўся ў гэтай цёплай, як рай, мясціне.
    Напачатку спыніўся якраз у такіх людзей, якіх ведаў яшчэ з лагеру ў Ватэнштэце. Міцісы былі польскай сям’ёй, але гаспадыня — беларуска. Яе сястру ён таксама выпісаў у Амерыку, і яна дала гэты адрас у Каліфорніі і разам з ім просьбу да сваякоў — дапамагчы чым можна. Сям’я Міцісаў іх прытуліла, але тэрмінова трэба было шукаць працу. Аднак гэта было няпроста. Прайшло нямала часу, і Кіт зразумеў, што трэба пакуль уладкоўвацца туды, дзе ёсць месца, а пасля ўжо можна будзе, добра агледзеўшыся, знайсці тое, што падыходзіць найлепей.
    Фабрыка, дзе ён напачатку ўладкаваўся, выпускала тэлевізары. Гэта была новая галіна, дзе выпрабоўвалі нязведанае, выпрацоўваючы стандарты і нормы, а вытворчасць была досыць небяспечная і цяжкая. Кіт прабыў тут нядоўга.
    Непадалёку знаходзіўся Галівуд — славутая «фабрыка сноў», месца, дзе здымаліся фільмы і якое ведала ўся Амерыка. Аднак кіназоркі не надта цікавілі эмігранта, які цяжка здабываў сваё месца пад сонцам. Больш
    значным было тое, што ў гарадку знаходзілася хімічная лабараторыя доктара Вілярда. Той, пасля грунтоўнага знаёмства з ведамі прыезджага, узяў яго да сябе на працу. Вызначальным стала тое, што Кіт ужо меў вопыт работы ў гэтай галіне.
    Аднак і гэтая праца не надта задавальняла Кіта, ён звярнуўся ў прыватнае бюро па пошуку працы. Яны і знайшлі, нарэшце, чалавека, які стаў для іхняга кліента не толькі кіраўніком і калегам па цікавых навуковых доследах, але і сябрам. Дан Эткінс меў вялікія арганізатарскія здольнасці і шмат зрабіў для таго, каб арганізаваць у Каліфорніі галіну хімічнай індустрыі. У ягонай фірме Кіт працаваў з 1951 па 1953 год. Потым, заснаваўшы новую фірму, Дан Эткінс узяў туды таксама і Кіта, і Барыс працаваў у ёй ажно да 1956 года.
    Каліфорнія — адзін з самых прыгожых і знакамітых штатаў краіны. Нездарма сюды, як у райскую краіну, і сягоння цягнуцца многія амерыканцы. Што казаць пра тых, хто трапіў сюды з паўночнага суровага краю і напачатку не можа нацешыцца сонцам, святлом і асаблівым паўднёвым водарам, які, здаецца, наскрозь працінае тут кожны камень і кожную жывую істоту?