• Газеты, часопісы і г.д.
  • Барыс Кіт — Грамадзянін свету

    Барыс Кіт — Грамадзянін свету


    Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
    Памер: 432с.
    Мінск 2004
    112.97 МБ
    Я ведаў, што ў яе быў таемна закаханы Уладзімір Набагез, ды не з ім судзіў лёс застацца Надзі. Яна стварыла цудоўную сям’ю, нарадзіўшы, як і яе маці, трох дачушак і сына. Я ездзіў не раз да іх, калі яны яшчэ жылі ля Мюнхена ў ваколіцы Райнсдорф, дзе Надзя вучылася на фармацэўтычным факультэце, а пазней у Заульгаў, і мяне заўсёды гасцінна там сустракалі. Асабліва захапляла мяне маці Надзі — Вера Канстанцінаўна — шляхцянка з Косава, яна працавала на фабрыцы, каб выбавіць сваіх траіх дзяцей ад клопатаў пра яе, і вылучалася нейкай асабліва высакароднай паставай і годнасцю, якая рабіла гэтую немаладую жанчыну, цяпер простую работніцу на нейкай фабрыцы, сапраўднай каралевай тут, у сваёй сям’і, сярод блізкіх людзей. Высокая, па-маладому стройная і моцная, яна ўсё рабіла так спрытна і прыгожа, што нельга было не залюбавацца на яе. Гледзячы на яе, я заўсёды думаў пра хараство нашай беларускай жанчыны і яе незвычайную мужнасць. Яна надумалася ехаць на чужыну, бо брата яе забралі бальшавікі за нявыплату падаткаў, якія знарок, каб задушыць аднаасобнікаў, рабілі велізарнымі і проста нерэальнымі. Суд чакаў і яе, але якраз пачалася вайна, і гэта выратавала сям’ю ад Сібіры. Пры наступленні
    Чырвонай Арміі яна, ужо будучы ўдавой, пакутліва разважала — заставацца ці ўсё ж неяк ратавацца ад бальшавікоў? Жах перад імі і боязь за дзяцей перасілілі — яна адважылася ехаць. Прывязаўшы да воза кароўку і пасадзіўшы на фурманку трох дачок і зусім малога сына, рушыла ў невядомую будучыню. Яна, як і многія іншыя, не мела ніякага дачынення да палітыкі. Вінаватымі былі яе паходжанне і тое, што яна не хацела ісці ў калгас, а працавала на сваёй уласнай гаспадарцы — дарэчы, разлічваючы толькі на свае ўласныя сілы. Яна не прапала і тут, у Нямеччыне. Дапамагала дочкам выбіцца ў людзі — у прыватнасці, падтрымлівала Надзю, калі тая вучылася на фармацэўта, глядзела і іншых дзяцей. Усе яны сапраўды «выбіліся ў людзі» — атрымалі адукацыю, няблага ўладкаваліся. Дочкі ж Надзеі Барт сталі спявачкамі, адна з іх, Ірэна, спявае ў Берлінскай оперы....» (Аповеды Барыса Кіта пра сваіх вучняў заўсёды нагадваюць своеасаблівыя навелы, і мабыць, яны самі маглі б скласці асобную кнігу. Але час вяртацца туды, у тыя першыя пасляваенныя гады, калі нашыя настаўнікі, студэнты, паэты ўладкоўваліся ў далёкай чужыне, якая пасля стала для іх другой радзімай і дала ім магчымасць выжыць.)
    Шляйсхайм, што знаходзіўся пры чыгуначнай станцыі пад Мюнхенам, стаў важнай вяхой у жыцці Барыса Кіта. Там, далей ад станцыі, каля лесу, у драўляных бараках месціўся лагер для перамешчаных асобаў, дзе знаходзілася больш за паўтары тысячы людзей, пераважная частка з іх — расейцы, а таксама ўкраінцы. Яны хутка адчынілі тут гімназію, і такім чынам Кіт мог тут працаваць. Праўда, ён не ведаў украінскай мовы, выкладаў матэматыку па-беларуску, але ўкраінцаў гэта задавальняла. Адкрылі сваю школу і расейцы, яны прапаноўвалі беларусам пасылаць сваіх дзяцей у іхнія школы.
    Толькі пазней беларусы, калі іх набралася трохі болей, адкрылі тут уласны дзіцячы садок, а таксама беларускую пачатковую школу, дзе выкладаў Філарэт (Родзька) і якая праіснавала два гады. Улетку 1949 года беларусы адтуль пераехалі ў лагер Розэнгайм.
    Кіт часта ўзгадвае свой першы ўрок у гімназіі Шляйсхайма. Трыццаціпяцігадовы выкладчык, ён, хвалюючыся, зайшоў у клас. Аказалася, што ягоны клас амаль цалкам складаюць дзяўчаты. I якія ж гэта былі прыгажуні! Наперадзе сядзела бландзінка з залацістай касой, якая нібыта сышла з нейкай карціны, яна глядзела на выкладчыка поглядам, ад якога яму захацелася ці то смяяцца ад незразумелай пяшчоты і радасці, ці то моўчкі ўзірацца ў яе. Барыс справіўся з хваляваннем. Пастараўся быць нават празмерна сухім і дзелавым. I ў наступныя дні і месяцы ягоныя ўзаемадачыненні з класам перайшлі ў добрае, працоўнае рэчышча.
    (Праз дзесяць гадоў, ужо ў Амерыцы адзін з ягоных тамтэйшых знаёмых, Кляйн, які некалі жыў у расейскім лагеры і чыя дачка вучылася ў тым жа класе, з усмешкай расказаў, што прыгажуня Зялінская, аказваецца, была закаханая ў свайго выкладчыка. Адбылася гэтая размова ў бібліятэцы Кангрэса. Кіт працаваў ужо ў сістэме Міністэрства паветраных сіл і таму часта прыходзіў у бібліятэку, каб пазнаёміцца з тым, што рабілі ў гэтай галіне рускія вучоныя. Калі толькі Кляйн расказаў пра даўняе каханне да яго прыгажуні-гімназісткі, Кіт зноў адчуў тое хваляванне, той палымяны ток крыві, які некалі ахапіў яго пры поглядзе нагэты бязмерна прыгожы твар... Прыгажосць — вялікая сіла. Ён падумаў пра тое, як склалася б ягонае жыццё з чароўнай дзяўчынай, і шчыра пашкадаваў аб страчанай магчымасці...)
    Але тады ён працаваў дні і ночы і адначасова вучыўся. I гімназія, і універсітэт, які працаваў у памяшканні Deutsche Museum у Мюнхене, забіралі шмат сіл. Барыс, як ні стараўся, не мог браць удзел ва ўсіх знамянальных падзеях таго часу, але са многімі старымі знаёмымі сустракаўся. Якраз у Мюнхене ён зноў сустрэў Алеся Калодку, які быў трапіў за сваю беларускую дзейнасць ў нямецкі лагер Аўшвіц, а цяпер тут засноўваў беларускі Студэнцкі саюз. Шмат чаго расказалі яны адзін аднаму, успамінаючы Вілейку і Паставы, агульныя спадзяванні на тое, што ўдасца зрабіць шмат для беларускага адраджэння, а таксама горыч чужых дарог, страту агульных знаёмых, якія адышлі ў нябыт, так і не зрэалізаваўшы свае задумы і планы...
    Выкладанне ў гімназіі давала Кіту магчымасць спраўджваць многія свае педагагічныя задумы.
    Жыццё паступова наладжвалася. Шляйсхайм — вельмі прыгожы горад. У ім знаходзіцца палац, які некалі быў летняй рэзідэнцыяй баварскага караля. Кіт і ягоныя новыя і старыя сябры, калі выдавалася вольная хвіліна (было іх, праўда, зусім няшмат), вялі тут размовы пра будучыню, пра знаёмых з беларускай эміграцыі, якія таксама шукалі сваё месца ў жыцці. А за плячыма амаль у кожнага была вайна, самаадданая праца ў беларускіх установах, небяспека апынуцца ў Сібіры і, нарэшце, глыбокая туга па Бацькаўшчыне.
    У Германіі, нягледзячы на тое што яны цяпер знаходзіліся ўжо ў амерыканскай зоне, усё ж жыць было небяспечна. Усе ведалі, што зусім нядаўна быў забіты Бандэра — герой украінскага нацыянальна-вызваленчага руху. НКВД забіла яго — шапталіся, Бандэра быў атручаны.
    I Кіт стаў думаць, што рабіць далей. Адкрывалася магчымасць паехаць у Амерыку. Але амерыканцы правяралі ўсіх вельмі ўважліва, асабліва цікавіліся, ці не было ў будучых іхніх грамадзянаў сувязяў з фашызмам, ці не
    ўдзельнічалі яны ў карных аперацыях. У Кіта мінулае з гледзішча тых патрабаванняў якія прад’яўляліся, было зусім чыстым, бо пры немцах ён сядзеў у турме і быў чалавекам цывільным. Ён падаў усе патрэбныя паперы на выезд і стаў чакаць выніку. Гэтыя дакументы прайшлі ўсе патрэбныя інстанцыі даволі хутка. He так было з іншымі. У многіх увогуле не было ніякіх дакументаў, і прычын таму было шмат: паспешлівы выезд, вандроўкі, бамбёжкі і нягоды. Кожны такі бедалага шукаў любой магчымасці запасціся хоць якімі дакументамі, часам нават, як кажуць, «ліпавымі». Асабліва цяжка было з пасведчаннямі аб нараджэнні — выязджалі спяшаючыся, ды і якія дакументы ў разбураных бамбаваннем гарадах? На фоне розных паперак такога роду пасведчанне, выдадзенае некалі ў 1910 годзе ў Пецярбургу, да таго ж на тоўстай гербавай паперы з адпаведнымі вадзянымі знакамі, выглядала салідным і выклікала нават цікавасць з боку амерыканскіх спецыялістаў, якія правяралі дакументы. Яны ўсё ж ставіліся даволі прыязна да людзей, хто мог прывесці з сабою як сведкаў тых, чые дакументы былі ў поўным парадку і хто мог засведчыць дзейнасць той ці іншай асобы падчас акупацыі. Але нават тыя, хто атрымаў дазвол на выезд, ведалі, што і праз гады звесткі, якія яны выклалі пры ўездзе, будуць дэталёва правераныя.)
    Беларусы ў Германіі, следам за расейцамі і ўкраінцамі, сталі будаваць свае нацыянальныя асяродкі і аб’ядноўвацца.
    Гімназія ў Шляйсхайме, як і гімназіі імя Янкі Купалы і Францішка Багушэвіча, таксама рабіла сваю справу як аб’яднаўчы цэнтр маладых беларусаў. Ды і ў Мюнхенскім універсітэце вучыліся некаторыя з тых, хто браў дзейсны ўдзел у грамадскім жыцці, напрыклад Вітаўт Рамук і яго будучая жонка Вера. А ўсяго беларусаў у Мюнхенскім універсітэце было, па сведчанні Кіта, блізу трыццаці чалавек. Аднак навучанне цягнулася ўсяго каля двух гадоў, затым універсітэт скончыў сваю працу. Закрыццё універсітэта вымусіла многіх шукаць іншы шлях. Былыя навучэнцы маглі паступаць у «Людвіг-Максіміліян універсітэт», але там іспыты трэба было здаваць па-нямецку. Барыс наважыўся рызыкнуць. Прыёмам іншаземцаў кіраваў прафесар Мірчук, украінец. 3 усіх трыццаці прэтэндэнтаў-беларусаў ён прыняў толькі Кіта і Рамука.
    Праз нейкі час дырэктара гімназіі Самайловіча зрабілі інспектарам школ усёй Нямеччыны, а замяніць яго прапанавалі Кіту.
    — Але ж я беларус, а гімназія ўкраінская!
    — Гэта тое, што трэба! — адказалі яму. — У нас тут усчаліся сваркі паміж пятлюраўцамі і пасляваеннымі ўкраінцамі, так што беларус якраз будзе дарэчы.
    Барысу, вядома, імпанавала такая прапанова. Дырэктарства — гэта тое, у чым ён меў добры вопыт. Да таго ж сыну Валодзю ўжо спаўнялася сем гадоў, і Кіт мусіў думаць пра ягоную будучую адукацыю.
    Але ён не спяшаўся пагаджацца на дырэктарства. Раздумваў. Добра, калі прыйдзе віза ў ЗША. А калі не? Ёсць і іншыя шляхі. А шляхі выбіраць трэба. СМЕРШ, хаця і лютаваў меней, ды дзень за днём збіраў свае ахвяры. Да таго ж немцы сталі памяншаць квоты на універсітэцкую адукацыю іншаземцам, і навучанне рабілася занадта цяжкім матэрыяльна, бо галеча ў Нямеччыне была вялікая.
    Пазней, у 1949 годзе, калі праходзіла нямецкая грашовая рэформа і дапамога прыезджым студэнтам была практычна перапыненая, многім усё адно давялося зноў перайначваць сваё жыццё. Некаторым прапанавалі ехаць у Бельгію. Там была праца і там можна было ўладкавацца ва універсітэт. Пасля роздумаў, разваг частка моладзі выехала ў Лювэн, у Бельгію. Сярод іх быў Вітаўт Рамук, а таксама вучань Кіта па польскай гімназіі Арэшка, які таксама стаў доктарам. Пазней, калі Кіту спатрэбілася даведка аб працы ў Германіі, ён напісаў Арэшку, і той пацвердзіў усё сказанае ягоным настаўнікам.