• Газеты, часопісы і г.д.
  • Барыс Кіт — Грамадзянін свету

    Барыс Кіт — Грамадзянін свету


    Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
    Памер: 432с.
    Мінск 2004
    112.97 МБ
    Узяўшы з сабой пячатку і бланкі, цяпер ужо былы дырэктар накіраваўся да сям’і ў Лебедзева. А куды яшчэ было ісці?
    Пачынаўся новы, страшны і невядомы сваёй будучыняй чарговы этап ягонага жыцця.
    Магілёўскі інстытут ў Вілейцы, куды ён атрымаў запрашэнне і дзе часткова выкладаў, быў зліквідаваны. Кіраўніцтва БЦР аддало распараджэнне ўсім, хто хацеў унікнуць савецкіх рэпрэсій, эвакуявацца разам з нямецкай адміністрацыяй. Само яно накіроўвалася ў Кенігсберг.
    Беларуская інтэлігенцыя, духавенства (епіскапат Беларускай аўтакефальнай царквы на чале з мітрапалітам Панцеляймонам), многія з простага насельніцтва, хто ўжо ўволю паспытаў жыцця пад Саветамі, — усе яны разумелі, што заставацца нельга. Аб тым самым гаварылі і на сямейнай радзе ў Лебедзева. Цесць не ехаў, але ён адчуваў, што дырэктарства Барыса савецкія ўлады будуць успрымаць як злачынства — дастаткова нагледзеўся ён, як палілі беларускія школы і забівалі настаўнікаў як здраднікаў радзімы людзі, якіх прынесла сюды вайна, фактычна чужынцы. Чужынцы прыходзілі зноў, і спагады ад іх не чакалі...
    Сталася ім блізкаю чужына...
    «Мне надта пашанцавалсі ў жыцці, што я сустрэў на сваіх жыццёвых шляхах Барыса Уладзіміравіча Кіта. Ёнлюбіў Беларусь усюды — і тут, нсі роднай зямлі, і на чужыне, дземусіў апынуццсі псі незалежных ад яго абставінах...»
    Пётр Кузюковіч, прафесар медыцыны
    Задума выехаць на Захад далася Барысу Кіту не проста. Яе можна назваць трагічнай. Такое рашэнне ў той час прымалі тысячы беларусаў, якія ведалі, што нясе ім аднаўленне бальшавіцкай улады. I ён, хаця і сядзеў пры немцах у турме, быў дырэктарам навучальнай установы і падлягаў таму, што называлася «супрацоўніцтвам з ворагам» альбо «здрадай Радзіме». Трагічны парадокс палягаў у тым, што савецкая ўлада ніколі не была яму блізкай. Ён, як і ўвесь свет, лічыў раздзяленне Польшчы пасля 17 верасня 1939 года незаконным актам з боку Савецкай Расіі і ўсе гучныя словы пра шчасце стаць савецкімі грамадзянамі — прапагандай. Але разам з тым, у глыбіні душы, хацеў аб’яднання Беларусі, разарванай Рыжскай дамовай, але аб’яднання іншага, не на глебе савецкасці, а на глебе нацыянальнай еднасці. He хацеў ён і так званага савецкага інтэрнацыяналізму, пры якім зноў будзе нішчыцца ўсё беларускае, тое, што яны, беларускія настаўнікі, стваралі тут, нягледзячы на ўсе жахі вайны.
    Барыс ведаў, што растанне з радзімай, з любай зямлёй балюча перажываюць і іншыя беларусы. I зноў жаль і пакута ахоплівалі ўсю ягоную істоту, і зноў ён задаваў пытанне сабе і нябёсам: «За што?»
    За што павінны ягоны народ ізноў цягнуць ярмо бальшавізму, толькі што перажыўшы нямецкі прыгнёт? Немцы былі ворагамі, захопнікамі, але пры іх упершыню за апошнія стагоддзі беларусы, нягледзячы на тое што перад вайной былі знішчаныя тысячы беларускіх інтэлігентаў, пісьменнікаў, змаглі даць у сваіх школах сапраўдную нацыянальную адукацыю. I што стане з ягонымі вучнямі — тымі, хто тут застанецца?
    А заставалася нямала. Многія бацькі суцяшалі сябе тым, што іхнія дзеці не зрабілі нічога благога, паступіўшы ў школы, і апраўдвалі сябе простымі і справядлівымі ісцінамі — не сядзець жа ім невукамі! Але звычайныя
    чалавечыя ісціны і доказы не мелі для бальшавікоў асаблівага значэння, і Сібір у першыя ж месяцы пасля прыходу Чырвонай Арміі папоўнілася новымі тысячамі пакутнікаў з Беларусі.
    Пра гэта ён з болем і скрухай даведаўся пазней, хаця і прадбачыў многае, што адбылося ў сапраўднасці.
    «Я апошні з магіканаў беларускай эміграцыі.»
    Такія словы скажа Кіт праз шмат, шмат гадоў у адным з інтэрв’ю, што яму давялося даваць журналістам, якія апаноўвалі яго і на Беларусі, і ў Франкфурце-на-Майне...
    Але тады пра тое, што яму наканаванае доўгае жыццё, што ён перажыве многіх сваіх сяброў і нават вучняў, яму нават не мроілася. Жыццё віравала і несла яго, як маленькую трэску ў час веснавой паводкі, — магутна і неадольна...
    Ягоны пакутны шлях з Радзімы пачаўся ў Лебедзеве. Суседзі Посахі, у якіх быў найлепшы ў вёсцы конь, давезлі ягоную сям’ю праз Смаргонь да Вільні (гэты наравісты конь аднойчы ледзь не затаптаў Барыса), і там яны змаглі сесці на машыну, у якой паехалі на Захад. Гаспадары дазволілі ўцекачам размясціцца ў кузаве. Посахі паехалі, а шлях Барыса з радзімы працягваўся. Выязджаючы з Вілызі, апошні раз зірнуў на дарагі сэрцу горад, дзе прайшлі студэнцкія гады, дзе пачынаў сваю педагагічную працу і дзе заставалася столькі мілых і цёплых успамінаў Вежа на Гедзімінавай гары неўзабаве знікла за лесам, і нешта нібы абарвалася ў маладым настаўніку — сэрцу стала так балюча, што ён, мабыць, заплакаў бы, але побач былі жанчына і дзіця, якімі ён мусіў апекавацца і якія маглі спадзявацца толькі на яго, і гэта ўтрымала ад роспачы, толькі вось даўкі камяк у горле ніяк не праходзіў, і некалькі дзён Барысу здавалася, што так застанецца назаўсёды...
    Цсраз Прусію і нямецкую мяжу яны праехалі, не ўбачыўшы яе, бо гаспадары, каб не заўважылі чужыя і не было нейкіх непрыемнасцяў, схавалі сваіх пасажыраў пад брызент. Неўзабаве іх хацелі высадзіць у лагеры остарбайтэраў, яны ўпрасілі гэтага не рабіць, бо лагер азначаў для ўцекачоў смерць — яны ўжо не раз чулі пра абыходжанне немцаў з остарбайтэрамі. Гаспадары машыны дазволілі ехаць з імі яшчэ трохі і ля самой Варшавы, не заязджаючы ў яе, высадзілі спадарожнікаў у полі, і Барыс з сям’ёй пакрочыў у горад пешкі.
    Варшава ляжала ў руінах. Кіту паведамілі, што доктар Шчорс арганізаваў філіял Беларускага камітэта, кіраўніцтва якога знаходзіцца ў Берліне. Дарэчы, сюды ўжо прыехаў і Барыс Рагуля з усім сваім швадронам.
    Аказалася, што Кіт не мае адпаведных дакументаў, па якіх можна атрымаць дапамогу. Аднак цешыла тое, што тут быў Беларускі нацыянальны
    камітэт, і ў ім былі знаёмыя — сакратар камітэта Чэслаў Ханяўка. Але той нечакана выдаў Барысу не належны дакумент, на які той, як дырэктар школы і грамадскі дзеяч, меў права, а ўручыў пасведчанне остарбайтэра.
    Гнеў ахапіў Кіта, калі ён убачыў гэтую паперку. Яна змушала ісці ў лагер, на цяжкія работы — а гэта значыла амаль стопрацэнтова верагодную смерць. Ён спадзяваўся на іншае, тым болей што з гэтым чалавекам разам вучыўся ў Віленскім універсітэце, сядзеў у турме ў Лукішках! Тады яны аднолькава не ведалі ні свайго лёсу, ні сваёй будучыні, і Кіт узгадаў, як ён ціха сядзеў у кутку, а Ханяўка нервова хадзіў па камеры і ўсё спяваў польскую песню «Пяхота, пяхота» — мабыць, яе баявы рытм надаваў яму нейкай бадзёрасці... Цяпер ён гадаў — мабыць, недзе ў тыя часы выклікаў непрыязнасць Ханяўкі, і вось цяпер тут, на чужой зямлі, у час вялікай небяспекі, той і адпомсціў. Але за што?
    Ды Барыс не стаў ні аб чым пытацца, нешта высвятляць — быў цяжка прыгнечаны і тым, што так раптоўна ўбачыў бездань у сябе пад нагамі там, дзе не спадзяваўся яе ўбачыць, і тым, што нечакана страціў яшчэ аднаго земляка і, як здавалася яму, ледзь не сябра на сваім жыццёвым шляху.
    Але што рабіць, куды кінуцца? Успомнілася, што галоўны ў камітэце ўсё ж Шчорс. 1 тут сумненні ахапілі яго і нібы прысмакталіся да сэрца. А што, калі і Мікола абыдзецца з ім гэтаксама, як і Ханяўка? А што, калі таксама ў нейкую невядомую самому хвіліну выклікаў і ягоны гнеў, і ягоную непрыязнасць? Але іншага шляху не было.
    I Кіт пайшоў да Шчорса. Знайшоў яго ў шпіталі. Ягоная жонка Элізабэт была польская немка, таму яго ўжыванне, ці, дакладней кажучы, «уцісканне» ў новае жыццё было крыху лягчэйшым, чым у іншых беларусаў.
    Мікола Шчорс, наадварот, сустрэў Барыса радасна, але трохі заклапочана — ён, мабыць, ці то рыхтаваўся да аперацыі, ці зрабіў яе і думаў пра хворага, бо выйшаў да сябра з бальнічных дзвярэй, і яны размаўлялі на двары.
    Кіт расказаў яму пра свае абставіны, а сам пільна назіраў за ягоным тварам, і туга ўсё мацней сціскала сэрца, бо пачуваў сябе разгубленым просьбітам, а гэта здаралася ў ягоным жыцці не часта. I сам баяўся — калі такі сябра, як Мікола, адмовіць, як жыць далей? Але не — твар Шчорса быў прыязны, ён, па ўсім бачна, шчыра спачуваў Барысу і хацеў дапамагчы, бо адразу ж даў таму іншую паперу — накіраванне ў Берлінскі беларускі камітэт, якую напісаў ад рукі і тут жа паставіў на ёй пячатку.
    3 гэтай паперай Кіт і паехаў у Берлін. Сям’ю дагнаў у Кутне, і яны зноў апынуліся разам.
    Разбомблены Берлін нават днём здаваўся нейкім нежывым. Усюды руіны, палова гатэля, дзе спыніліся Кіты — у друзе, бітым шкле, нейкіх
    БарысКіт у цягніку Парыж-Франкфцрт. 2002 г.
    аскабалках даваеннага, як здавалася адсюль, шчаслівага жыцця.
    У камітэце Барыса сустрэў Букатка. Зноў без аніякіх праблемаў была выдадзеная новая паперка — накіраванне на пражыццё ў Вене. Гэты чароўны горад, які яшчэ з дзяцінства здаваўся Барысу го-
    радам музыкі і казак, пры першай жа сустрэчы з ім адразу спадабаўся. Ён прыжыўся ў тамтэйшым камітэце, жыццё стала наладжвацца.
    Аднак новае раптоўнае наступленне савецкага войска зноў як перакрэсліла ягонае існаванне. Кіты паспелі выехаць з Вены ледзь не апошнім цягніком, пакінуўшы ўсе рэчы. Давялося падацца на Зальцбург.
    У Зальцбургу яны спыніліся ў «Prinzhotel». Але ішлі бамбёжкі, таму насельніцтва хавалася ў гарах, што абступілі горад. Пасля аднаго з налётаў амерыканскай авіяцыі Кіт з сям’ёй выйшлі са свайго сховішча і з жахам пабачылі, што іхняга гатэлю няма, усюды толькі варонкі ад бомбаў і паўдома, у якім няма перакрыццяў. У развалінах яны адшукалі некаторыя свае рэчы; пасля ўсіх, хто застаўся ў жывых, адвялі ў школу, у вялікую залу, дзе ўжо было шмат людзей.
    Там Барыс пазнаёміўся з цудоўным хлопцам — Міколам Хмызам. Ён жыў спачатку ў лагеры перасяленцаў, дзе жылі і іншыя беларусы — напрыклад, доктар Станіслава Ярашэвіч, якая яшчэ да прыходу немцаў працавала загадчыцай шпіталя ў Менску. Яна была з пляменнікам. Жонка Міколы Хмыза Вольга Георгіеўна, таксама доктар медыцыны, сябравала са сваёй калегай. Іхні сын Юрка быў таксама, як і сын Кіта, яшчэ зусім малы. Так тры беларускія сям’і, што воляй лёсу сабраліся на чужыне разам, вырашылі трымацца адна адной.
    Тым часам наступленне на Вену прыпынілася, і Барысу закарцела пад’ехаць туды і забраць пакінутыя там рэчы, бо яны паехалі вельмі таропка. А малому хлопчыку патрэбная і бялізна, і рэчы, ды дарослым таксама трэба было перапранацца, мець хаця б нейкае начынне. I ён, нягледзячы на небяспеку, надумаў ехаць.