• Газеты, часопісы і г.д.
  • Барыс Кіт — Грамадзянін свету

    Барыс Кіт — Грамадзянін свету


    Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
    Памер: 432с.
    Мінск 2004
    112.97 МБ
    Цікава вяла ўрокі і Вольга Пагуда — яна была мілая, чароўная дзяўчына, якая вельмі падабалася вучням, некаторыя нават да яе заляцаліся. Яна ж кахала аднаго. Але пасля, у 1944 годзе, перажыла вялікае гора — яе каханага, што быў афіцэрам беларускага войска, застрэлілі палякі ў Лідзе — там якраз быў моцны польскі рух і асабліва жорстка распраўляліся з беларускімі актывістамі. Вользе сардэчна спачувалі ўсе настаўнікі і вучні.
    Настаўнікам хіміі быў Бубен, ён таксама працаваў творча, з добрымі вынікамі.
    Намеснікам маладога дырэктара стаў Дзмітрыеў, які раней працаваў юрыстам у Вільні і быў спецыялістам менавіта па юрыдычных пытаннях, што датычылі гандлю. Дасведчаны ва ўсіх таямніцах гэтай прафесіі,
    ён цікава расказваў пра ўсялякія юрыдычныя казусы ў гандлі. Валодаў чатырмя мовамі і мог, пры патрэбе, замяніць кагосьці з выкладчыкаў нямецкай і англійскай моваў. Добра ведаў чатыры мовы і Шчасны, які выкладаў гандлёвую справу. He раз пераконвалі настаўнікі сваіх вучняў, што найперш трэба ведаць, апроч роднай, яшчэ і замежныя мовы, бо гэта ж не толькі патрэбна для любога спецыяліста, але і павінна стаць візітнай карткай кожнага, хто заканчвае вышэйшую навучальную ўстанову. Тое, што і Дзмітрыеў, і дырэктар выдатна гаварылі па-нямецку, вельмі дапамагала ім пры ўсялякіх стасунках з уладамі, чаго яны, вядома, імкнуліся ўнікнуць, але якія былі ўсё ж непазбежныя.
    Немцы, вядома, не маглі не цікавіцца справамі навучальнай установы. Аднойчы яны прыехалі арыштоўваць настаўніка Калачова — як высветлілася пасля, ён быў звязаны з партызанамі. Барыс даў ім несапраўдны адрас, а сам змог папярэдзіць свайго калегу. Калі ўзніклі непрыемнасці, яму дапамаглі сябры, якія даказалі каму трэба, што ён не мог ведаць пра сувязь Калачова з партызанамі. Аднак хіба што схаваеш у такім цесным калектыве, дзе ўсе ведалі амаль усё адзін пра аднаго? Усе жылі аднолькава бедна — вучні плацілі за выкладанне па адным пудзе мукі і кілаграму сала ў год. Гэтыя прадукты даводзілася размяркоўваць дырэктару, і часам, ведаючы нейкія абставіны таго ці іншага настаўніка, ён стараўся вылучыць яму трохі болей, чым іншым. Астатнія разумелі гэта і не крыўдавалі.
    Праз гады Кіт узгадваў не раз, як прыйшоў да яго ў гандлёвую школу малады яшчэ чалавек і расказаў пра сваё гора — ягоную жонку забіла бомбай, засталося двое малых дзяцей. Ён прасіў хоць якую працу, і дырэктар, крыху пацясніўшы іншых, паставіў яго працаваць гісторыкам, бо ён меў менавіта гэтую адукацыю. Ведаючы пра ягоных дзетак, кіраўнік навучальнай установы заўсёды імкнуўся даць харчоў болей, чым выпадала па ягонай нагрузцы. Ён заўсёды дзякаваў за тое, паўтараючы, што тым ратуецца ягонае жыццё... Якой жа горкай для Барыса сталася вестка, што гэты чалавек адразу пасля вайны навёў энкавэдзістаў на Лебедзева, дзе жылі бацькі дырэктаравай жонкі! Мабыць, ён думаў, што і былы ягоны дабрадзей хаваецца там, бо дырэктару часта даводзілася ездзіць туды ў гады вайны, і настаўнікі пра тое добра ведалі. Барыс пасля толькі радаваўся, што даносчык нічога не дазнаўся пра ягонага бацьку ў Карэлічах, а таксама пра падлетка-брата. Дарэчы, давялося дапамагаць яшчэ і землякам: некаторых хлопцаў з Агароднікаў узялі ў нямецкі батальён.
    Калі Барыс узяўся вызваліць іх і перавесці ў беларускае войска, падпарадкаванае БЦР, то паехаў дзеля гэтага да Астроўскага. Ён прыняў Барыса ветліва, але вайсковымі справамі ў войску займаўся Францішак Кушаль,
    і Астроўскі параіў звярнуцца да яго, упэўнены, што Кушаль не адмовіць ягонаму былому калегу.
    Аднак Барыс нечакана для сябе атрымаў адмову. Чамусьці Кушаль не захацеў яму дапамагчы, і давялося вяртацца ні з чым.
    Другім разам ён звярнуўся па гэтых жа справах адразу да Кастуся Езавітава, які адразу зрабіў усё, аб чым яго папрасіў. Больш таго — праз Езавітава Кіт выратаваў яшчэ аднаго беларуса Янку Міхаёнка — ён пасля таксама эміграваў у Амерыку і меў там вялікі аўтарытэт у беларускіх колах і шмат прычыніўся да пабудовы беларускай праваслаўнай царквы ў Брукліне.
    Між іншым, не ўсе настаўнікі «гандлёўкі» перажылі і вяртанне Саветаў. Так, настаўніка Рака расстралялі бальшавікі за ўдзел у СБМ. На тых, хто ўдзельнічаў ў Саюзе беларускай моладзі, пасля ішло сапраўднае паляванне. Шмат нягодаў прыйшлося перажыць, напрыклад, паэту Самсону Пярловічу, іншым беларускім дзеячам, былым вучням беларускіх гімназій. I ўсе яны разумелі, што каму-каму, а дырэктару Кіту была б пры Саветах толькі адна дарога — у Сібір...
    Ішоў час. Восенню 1943 года ў «гандлёўку» прынялі 120 чалавек. Усяго ж заявы падалі 200 абітурыентаў, у пераважнасці дзеці сялян з навакольных паветаў. Маладзечанцаў было няшмат — блізу 30.
    Размяшчаліся у прыватным доме, які быў трохі зацесны для школы. Аднак у рэшце рэшт усё было размеркавана як мае быць — класы, канцылярыя, кабінеты. Вялі навучанне ў дзве змены, з адным выхадным у нядзелю. Праграма была разлічаная на чатыры гады, і ў ёй былі ў дастатковай колькасці ўсе тыя прадметы, якія павінны былі зрабіць навучэнцаў кваліфікаванымі спецыялістамі ў гандлі, бухгалтэрыі, справаводстве, юрыспрудэнцыі.
    Вучоба ішла поўным ходам. Пры школе працавалі розныя гурткі, у тым ліку маладых паэтаў і літаратараў. Там асабліва вылучаўся Алесь Гатковіч. Ён падпісваў свае вершы псеўданімам «Алесь Віхор», артыкулы — «Мінчук», а фельетоны —«Гілярчык» (па імю бацькі, які зваўся Гіляры) альбо «Гаюх». Пазней у эміграцыі ён шмат пісаў свайму настаўніку, прысылаў і вершы, у якіх пераважным матывам была туга па страчанай Радзіме:
    Я сяньня тут чужынца торбу
    Злажыў на плечы не з дабра ...
    Праз многа гадоў на сустрэчы «гандлёўцаў» высветлілася, якія грунтоўныя веды атрымалі нашы навучэнцы — многія з іх змаглі добра
    ўладкавацца і стаць вядомымі людзьмі. Тамара Юрэвіч стала прафесарам, вышэйшую адукацыю атрымала А. Канановіч. Між іншым, як узгадвае А. Гатковіч, ейны бацька Аляксандар Канановіч быў у ДП лагеры Ватэнштэт і пасля выехаў у ЗША недзе ў 1949 ці 1950 гадах. Зося Сыракваш, чароўная, вельмі прыгожая і разумная дзяўчына, стала настаўніцай, якую заўсёды, праз усе гады ейнай працы, надта любілі і паважалі вучні.
    Дарагімі для Барыса Кіта былі словы А. Гатковіча, напісаныя ім праз многія, многія дзесяцігоддзі пасля выпускнога вечара 1944 года: «Гандлёўка выхавала людзей, якімі сягоньня Беларусь ганарыцца, а гэта безумоўна дзякуючы толькі Вашай працы».
    Такія радкі, прысвечаныя Кіту, сведчаць, што навучэнцы ведалі, хто быў ініцыятарам Інстытута. Сапраўды, Інстытутам называлі яго многія. 1 аналіз праграмаў дазваляе казаць аб «гандлёўцы» як аб вышэйшай навучальнай установе, хаця, як вядома, дзейнасць апошніх забаранялася. Немцы таксама добра зразумелі, што гэта за праграма і якіх спецыялістаў яна прызваная ўрэшце выпусціць. Але гэта адбылося не адразу. Пакуль што трэба было арганізоўваць штодзённы, непрыкметны звонку, але вельмі складаны ў ваенных ўмовах працэс беларускай адукацыі. А для гэтага трэба было так ці іначай час ад часу звяртацца па тых ці іншых праблемах да немцаў.
    Супрацоўніцтва беларускіх нацыянальных дзеячаў з нямецкімі ўладамі ішло няпроста. Для каардынацыі гэтага створаная напачатку Беларуская Рада даверу (27 чэрвеня 1943 года, старшыня В. Іваноўскі) была пазней ператвораная ў Беларускую Цэнтральную Раду, на чале якой стаў Радаслаў Астроўскі.
    Стварэнне БЦР было важнай вяхой на акупаванай беларускай зямлі. Горкая іронія лёсу была ў тым, што нацыянальная ідэя мела хоць нейкую магчымасць разгарнуцца на Беларусі менавіта зараз. I гэта дало нечаканы плён. Разгарнулася нечуваная для іншых акупаваных краін — Украіны, Расіі — нацыянальная асветніцкая праца. Дзейнічалі тэатр, культурнаасветныя ўстановы, школы. Ставіліся оперы.
    Між іншым, у прысудзе ваеннага трыбунала, які пазней, у студзені 1949 года атрымала колішняя вучаніца Кіта Жэня Шостак, было і абвінавачванне ў тым, што яна «як член БНС прымала ўдзел у пастаноўцы антысавецкіх п’ес». Мабыць, меліся на ўвазе п’есы Ф. Аляхновіча ды яшчэ іншых беларускіх аўтараў, якія тады шырока ішлі на сцэнах многіх самадзейных тэатраў. Маладзечанскія хлопцы і дзяўчаты таксама мелі свой гурток, асабліва дарагім святам, да якога заўсёды рыхтаваліся, было святкаванне 25 сакавіка — дня абвяшчэння БНР, пераемніцай якой аб’явіла сябе БЦР.
    Шмат яму дапамог тады Дзмітрыеў. Яго Кіт «прыдбаў», калі так можна сказаць, праз сваё сяброўства з Пётрам Молісам, палякам, з якім пасябраваў у Лебедзеве. Дзмітрыеў і Моліс былі жанатыя на сёстрах Нядзведскіх, дочках праваслаўнага святара, і таму Барыс яго добра ведаў. Гэты чалавек маральна дапамагаў свайму калегу ўздымаць страшэнны нервовы цяжар адказнасці за іншыя лёсы ў неверагодна цяжкіх ваенных умовах.
    I ўсё ж праца давала амаль штодзённую жывую радасць. Калі прыходзіў у аўдыторыю і бачыў дапытлівыя маладыя вочы, якія адкрыта і шчыра глядзелі на яго, адчуваў, што ўсе тыя сумненні і пакуты, якія ахоплівалі па начах, знікалі, развейваліся як дым. А ўсялякіх непрыемнасцяў і клопатаў было аж зашмат.
    У абвінавачваннях, якімі аперыравалі пасля вайны энкавэдзісты, значылася і тое, што ў школах нібыта займаліся выхаваннем у духу спагадлівасці да палітыкі Гітлера.
    Між тым, усе вучні адзначаюць адну важную акалічнасць: у Маладзечне чамусьці амаль нідзе не было бачна партрэтаў Гітлера. Яго як бы не існавала. Тое ж адбывалася ў самой «гандлёўцы». Пра гэта, дарэчы, напісала ў сваіх успамінах былая вучаніца Кіта Г. Канановіч. Адміністрацыя сапраўды не клапацілася пра тое, каб прыахвочваць вучняў да палітыкі.
    Тое ж казаў і Алесь Гатковіч, які падкрэсліваў, што былі іншыя, патрэбныя для іх клопаты адміністрацыі. Яна ініцыявала творчыя імпрэзы, атаксама шматлікія грамадскія аб’яднанні, як, прыкладам, гурток маладых паэтаў. Кумірамі моладзі былі Янка Купала, Якуб Колас і Максім Багдановіч, а ўлюбёнымі песнямі — «Люблю мой край, старонку гэту» на словы К. Буйлы і гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Займаўся з моладдзю школьны інспектар Магер, а таксама музыкант і кампазітар Камароўскі, якога Барыс Кіт вызваліў з лагера ваеннапалонных. Ён проста зачароўваў вучняў сваёй скрыпкай, асабліва ж любілі яны класічныя творы, якімі ён выхоўваў у іх высокі густ. Рускі чалавек, ён старанна вывучаў беларускую мову і неўзабаве мог свабодна размаўляць на ёй.