Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Пасля іхняга адыходу Барыс доўга сядзеў у крэсле, сэрца ягонае калацілася. Зноў смерць была так блізка, што здалося, нібыта ейнае крылле прашалясцела над самым вухам. Але ж — застаўся жывы, значыць, яшчэ папрацуе!
Сам Адам ад смерці не ўратаваўся. Ягоную работу ў асветніцтве заўважылі і прапанавалі месца бургамістра Паставаў. Дасюкевіч, як потым расказалі дырэктару, доўга адмаўляўся, але нарэшце пагадзіўся. Спрабаваў на гэтай працы як мага болей ашчаджаць беларускае насельніцтва. Але доўга гэта не працягвалася. Неўзабаве пасля ад’езду Кіта ў Маладзечна з яго былым вучнем здарылася бяда: яму загадалі падрыхтаваць для нейкай нямецкай патрэбы 100 фурманак. Ён змог сабраць усяго дзесяць. Немец пачаў крычаць на яго, ударыў кулаком па галаве так, што зваліліся акуляры. Калі Дасюкевіч нагнуўся падняць іх, той немец стрэліў яму проста ў патыліцу. Так загінуў чалавек, які многіх беларусаў выратаваў ад смерці — запнуў з кляймом здрадніка і паслугача немцаў. Аднак жывуць яшчэ тыя, хто памятае яго іначай.
Сярод іх і былыя вучні Пастаўскай семінарыі. Дарэчы, іхнія ўспаміны, якімі яны дзеляцца праз многія дзесяцігоддзі, ажыўляюць эпізоды, якія, здавалася б, ужо даўно забытыя ўсімі. Яўгенія Навумчык піша ў сваім лісце:
«.. ,у чэрвені 1998 года мы з мужам пераехалі на жыхарства ў г. Паставы. Купілі домік мэтраў 50-70 ад школы на здымку, якую Вы бачыце (тут і далей захоўваецца стыль арыгінала. — В. I./
Спадар Барыс Уладзіміравіч Кіт быў яе дырэктарам, а пасля як Яго арыштавалі, дырэктарам стаў Пётр Усцінавіч Шчасны.
Барыса Уладзіміравіча Кіта я больш запамятавала па сустрэчах у нашым доме. Ён заходзіў да нас, якЯму прыходзілась бываць на чыгуначным вакзале і чакаць цягніка. Дом маіх бацькоў знаходзіцца радам са станцыяй.
Б. У. Кіт быў заўсёды з гумарам, у размове прымалі ўдзел мае Папа, Мама, старэйшыя браты і сястра.
Мне тады было 15 год і па росту я малая была (на здымку стаюў белай шапачцы між настаўнікамі, якія сядзяць —Адам Дасюкевіч іБ. Кіт).
Б. У. Кіт заўсёды запрашаў мяне прымаць удзел у размове. Ён задаваў мне пытанні, найчасцей пра гісторыю, у той час я ўжо закончыла 7 кляс (1941-1942 год), дзе гісторыю выкладываў настаўнік сп. Сінёў, цяпер няма ў жывых. Мы ўпершыню ад яго пачулі пра Статут Вялікага Княства Літоўскага і г. д.
I як жа мне сорамна было ў той час, калі Б. У. Кіт спытаў, чаму я не вучуся у Пастаўскай настаўніцкай семінарыі. Ад сорама я чуць не расплакалась, добра помню, заікацца пачала, бо ж лічыла, што вышэй вучыцца не абавязкова.
Пасля першай такой гутаркі я адразу пайшла вучыцца ў Пастаўскую настаўніцкую семінарыю.
...На фота настаўнікі. сядзяць, злева направа Сяргей Юр ’евіч Мацук, вучыўся разам з Б. У. Кітам у Вільні ва універсітэце, памёр у 1998 годзе, Навіцкая Ніна Фаўстаўна, даўно памерла, Адам Дасюкевіч — немец забіўу 1943 г. Б. У. Кіт, Ружа Блажэвіч і Арловіч, пра лёс двух апошніх нічога не ведаю. Вучняў, прозвішчы і імёны я некаторых добра памятаю і знаю. Сядзяць на зямлі: другі з краю, злева направа Язэп Сушко, ён у Маладэчне жыве, Віктар Мажэйка ў Паставах жыве, Коля Асяненка дзесь у Расеі жыве і шмат другіх прозвішчаў памятаю, толькі на здымку крыху складана мне іх акрэсліць, а можа, гэта і не патрэбна?»
.. .Колькі краін пройдзе ён пасля, каб пад канец жыцця зноў і зноў вяртацца да вытокаў, да сябе, маладога, да ўсіх, хто ў тыя часы быў побач...
Тым часам Яўхім Скурат памятаў, што Кіт хацеў бы жыць у Маладзечне, бліжэй да родзічаў, і стараўся ўсё улагодзіць. Неўзабаве справа аб парушэнні загада Вілейскага гебітскамісарыята была забытая, у Маладзечна адчынялася гандлёвая школа, і Барыс быў прызначаны яе дырэктарам.
I хаця ён мог бы ехаць туды адразу ж, але ўтрымлівала тое, што ён павінен быў скончыць навучальны год. He хацелася падводзіць свой калектыў, дзе, як ён бачыў, яго паважалі і спадзяваліся на ягоную вытрымку і дыпламатычнасць у дачыненнях з мясцовымі ўладамі.
Аднак цяпер ў Маладзечна яму даводзілася ездзіць даволі часта — наладжваў там навучальны працэс, клапаціўся пра дапаможнікі. Такія паездкі сталі звычайнымі. Аднак апошняя, калі ён ўжо развітаўся з Паставамі і канчаткова, як яму здавалася, вяртаўся дадому, яго затрымалі на станцыі Круляўшчызна.
Ён ніяк не мог даўмецца, што сталася прычынай арышту — данос ці простае падазрэнне, але ў жандармерыі вывернулі ягоныя кішэні, вывалілі на лаву ўсё, што было ў куфры і партфелі. Як на тое, там было шмат старых пасведчанняў, аўсвайсаў, якія ён, як чалавек педантычны, усё не выкідаў. Яны ўзбудзілі асабліую цікавасць. Жандары так і ўзвіліся:
— Гэта — для партызанаў!
Ён спрабаваў тлумачыць, што не звязаны з партызанамі, а працуе ў Пастаўскай гімназіі, а таксама ў тэхнікуме і таму мае некалькі пасведчанняў, але яны не слухалі. Потым яму сказалі, што на яго ўсё ж быў данос — можа, яшчэ і таму Барыса ўзялі ў дарозе, бо думалі, што ўсе паперы ён прыхапіў з сабой па ад’ездзе. Як бы там ні было, але яго тут жа пасадзілі ў машыну і павезлі ў Глыбокае, як аказалася, адразу ў турму.
Глыбокае — старажытны горад, які ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых дакументах XVI стагоддзя. Што цікава: сярод тых, хто ім валодаў — Зяновічаў, Радзівілаў, Вітгенштэйнаў — упамінаюцца і Корсакі. У ранейшыя часы там было некалькі касцёлаў, цяпер жа на галоўнай плошчы, ледзь не насупраць, стаялі прыгожая царква і старажытны касцёл.
Аднак яго не павезлі ў цэнтр, а ўвапхнулі ў нейкі вялікі лёх на ўскраіне.
Напачатку нічога нельга было разгледзець, а калі вочы прывыклі да цемры, ён убачыў, што там поўна людзей. Яны сядзелі, ляжалі, курчыліся на падлозе, так-сяк прыцярушанай саломай. Густы пах нямытага чалавечага цела прымусіў прысесці.
— За што цябе? — адразу ж запытаўся нехта.
— He ведаю...
Ён на самай справе гэтага не ведаў. Але думкі віравалі, душылі адчаем. Калі назбіраць усё, што было ім зроблена, то на данос сапраўды набярэцца: навучальныя праграмы складзены так, нібыта немцаў наогул не існуе; абавязковы партрэт Гітлера пры ўваходзе ў семінарыю замалы, быццам гэта старонка з кнігі. Беларускі патрыятызм — тут ягоная віна, як кажуць, поўная... Што яшчэ? Спачуваў яўрэям, выказваўся супраць нечалавечай жорсткасці ў дачыненні да іх. Прымаў, нягледзячы на забарону, у семінарыю палякаў. Забіваюць і за меншае...
Першую ноч ён запомніў назаўсёды. Было холадна, людзі спрабавалі запаліць печку, якая стаяла ў тым скляпенні, але паваліў такі густы дым, што сталі задыхацца. Ратаваў ад холаду толькі кажух — у ягоную поўсць малады настаўнік ўткнуў нос, каб неяк прадыхаць дым. Неўзабаве адчуў, як па целе нешта папаўзло. Вошы! Ад гідлівасці ледзь не закрычаў. Але каго гэта тут магло здзівіць?
Толькі заплюшчыў вочы, як раздаліся крокі, загрымелі засаўкі, у камеру ўваліліся паліцэйскія і сталі чытаць прозвішчы тых, каму «на выхад». Людзі здранцвелі. Тых, каго называлі, паднімаліся, ледзь варушачыся. Пры слабым святле з акенца дзікім жахам блішчэлі іх вочы. Адзін, амаль хлопец, забіўся ў плачы:
— He пайду! Я не вінаваты!
Яго моўчкі схапілі за каўнер, спрактыкавана ўдарылі пад дых, вывалаклі ў калідор.
Неўзабаве пачуліся стрэлы. Відаць, расстрэльвалі непадалёку, бо стрэлы былі чутныя выразна. 1 ўсе ў камеры яшчэ болей стаіліся, нібыта гэта магло адвесці бяду...
Раніцай замест ежы ўкінулі трохі сырых буракоў. Згаладнелыя людзі прагавіта грызлі іх. Барыс не мог нават прымусіць сябе з’есці кавалак — так сцяла горла.
Праз нейкі час у лёх увагналі новую партыю арыштаваных. Выклікалі на допыт і Барыса. Дапытвалі як падазронага ў сувязях з партызанамі.
Назваў прозвішчы тых, хто мог за яго паручыцца — Адама Дасюкевіча і Яўхіма Скурата. Тады яго адправілі назад, у скляпенне.
Допыты працягваліся. Кожны дзень на яго вачах адбывалася жудасная трагедыя — адных людзей выводзілі на расстрэл, другіх зноў упіхвалі ў гэты халодны, смярдзючы, жахлівы лёх. Кожны раз, калі адчыняліся дзверы, яго пачыналі біць дрыжыкі, але ён стараўся гэтага не паказваць.
Як даведаўся пазней, ягоную справу вёў сам шэф Глыбоцкай паліцыі Левандоўскі. Апошняму так і карцела расправіцца з дырэктарам семінарыі — магчыма, ён таксама ненавідзеў беларускіх нацыянальных дзеячаў. Але, мабыць, высілкі А. Дасюкевіча не давалі таму здзейсніцца. Адам называў прозвішчы беларускіх дзеячаў у Мінску як сяброў Кіта. Аднак, калі гэта і ратавала пакуль што жыццё, то абыходжанне паліцэйскіх было тое ж самае, што і з іншымі.
Побач з ім сядзелі розныя людзі — святары, сяляне, інтэлігенты. Неяк падсеў да Барыса беларускі настаўнік. He нашмат старэйшы, але неяк нібыта аглушаны бядой. Яны разгаварыліся.
Ён добра разумеў жахлівае становішча беларусаў, якія былі між некалькіх агнёў: «Як жыць чалавеку? Ноччу стукаюцца партызаны, бяруць, што ім трэба. Днём з’яўляюцца немцы, якія ўсё ведаюць, бо нехта, хто бачыў партызан, ужо данёс. Выходзіць, ты сам першы павінен бегчы і даносіць, бо возьмуць цябе. А мне хочацца аднаго — вучыць дзяцей, рабіць сваю справу і выжыць. Але ж — не даюць».
У другога, што сядзеў побач з Барысам, былі на нагах выдатныя хромавыя боты. Калі яны клаліся спаць, ён раптам загаварыў:
— Вазьміце мае боты. Мая душа адчувае, што гэтую ноч не перажыву. А так — хаця добраму чалавеку застануцца.
Барыс адмовіўся, паспрабаваў суцешыць чалавека, можа, дасць Бог, неяк абыдзецца. Ды селянін стаў з роспачы рэзаць свае боты — няхай не дастануцца і катам! I сапраўды — яго ўзялі трохі пазней, пад раніцу. Калі ж развіднела, Барыс убачыў, што назад вязуць воз адзення, а наверсе ляжаць тыя боты з парэзанымі халявамі...
На расстрэл выклікалі кожную ноч. Пасля гэтых выклікаў у камеры з трыццаці вязняў заставалася чалавек пяць. За дзень набіралі новых, а ноччу зноў ішлі расстрэлы. I было немагчыма прывыкнуць да таго, што жандар, які заходзіць аб’яўляць прозвішчы, даходзячы да літары К, пацвельваецца з арыштаванага дырэктара семінарыі, па некальку разоў вымаўляючы, як вырак, «Кі, кі, кі...» і, нарэшце, называе іншае прозвішча!
Трыццаць дзён і начэй адседзеў Барыс у сутарэннях Глыбокага, чакаючы вырашэння свайго лёсу. Зразумеў, што намаганні Адама Дасюкевіча і Нікандра Мядзейкі (яшчэ аднаго знаёмага Кіта у Глыбокім) далі плён, толькі тады, калі па яго прыйшлі днём, а не ноччу.