Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Такіх трагедый яны шмат нагледзеліся на гэтым пакутным шляху, прадчуваючы, што гэта толькі пачатак. Што чакае іх наперадзе?.
Можа, ёсць хаця адзін куток, дзе можна перадыхнуць ад чалавечага гора і няшчасцяў?
Аднак і ў Лебедзеве было неспакойна. Твары ў людзей былі пахмурныя, прыгнечаныя. Ды трэба было неяк жыць, шукаць выйсце. Трэба было завязваць новыя кантакты, а дзе ж іх яшчэ і шукаць, як не ў школе? Перадусім ён быў настаўнікам, і міжволі думаў пра тое, што хутка прыйдзе верасень, а з ім і новы навучальны год. Хаця, здавалася, пра якую навуку
можна думаць? I ўсё ж ён думаў і прыкідваў магчымасці зноў займацца сваёй любімай справай — вучыць і адукоўваць дзяцей.
Яшчэ ў першыя дні, калі ён прыехаў у Лебедзева, пазнаёміўся з мясцовым настаўнікам Пятром Молісам, зяцем вясковага святара. Разам яны вялі гаворку на розныя тэмы, знаходзячы адзін у адным цікавага суразмоўніка. Звычайна ішлі гуляць на дарогу, што вяла на шашу за Лебедзевам, дзе ўсё яшчэ ішло і ішло на ўсход нямецкае войска.
— Ну і сіла! Адкуль у іх столькі народу? — неяк вырвалася ў Барыса.
-— Барыс, помні: праз год-два яны пабягуць назад.
— Чаму ты так думаеш?
— Такія велізарныя тэрыторыі ім не адолець. Тэўтонаў і тут, і на ўсходзе заўсёды білі. Успомні гісторыю...
Часам да іх далучаўся дырэктар школы Пётра Зяновіч. Утраіх разважалі, як захаваць школу. Дзецям, нягледзячы ні на што, трэба вучыцца. Сапраўды, навала рана ці позна праходзіць.
Аднак трывожнае адчуванне страшнай небяспекі не пакідала. У адзін дзень немцы сабралі ў вялікім калгасным гумне каля сямісот яўрэяў. Перш чым спаліць, іх вырашылі расстраляць.
Енкі, страшэнныя, нечалавечыя крыкі няшчасных ахвяр, стрэлы аглушалі, праціналі да глыбіні душы. Але што можна было зрабіць? Шэразялёны ланцуг стаяў вакол гумна шчыльнай сцяной. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі. Чорнавалосая немаладая жанчына ўпала каля самай хаты Кітаў, яе пахавалі позняй ноччу, каб не бачылі немцы. Тры дні і тры ночы гарэлі целы расстраляных, чорны дым слаўся нізка над хатамі, забіваў горла, раз’ядаў вочы.
Але жыццё, як магутная, неадольная сіла, прабівалася і скрозь попел...
Нараджэнне сына сталася для яго вялікай радасцю і ўзрушэннем. Калі падоўгу стаяў над калыскай, углядаючыся у чырвоны, зморшчаны тварык дзіцяці, на якім праступалі знаёмыя рысы ўласнага твару, думаў аб вечнай загадцы быцця, якое доўжыцца ў стагоддзях, незалежна ад кволай сцяблінкі індывідуальнага чалавечага жыцця. Гэты хлопчык панясе ў будучыню кроў і памяць дзядоў і прадзедаў, і тых, каго яны не ведаюць, але хто даў ім і гэтыя рысы, і характар, і ўпартае жаданне выстаяць у любых нягодах...
Сына назвалі Уладзімірам у гонар дзеда. Там жа, у Лебедзеве, святкавалі хрэсьбіны. Брат цесця, Міхась Корсак, іграў на гітары, а цесць Янка Корсак, які стаў дзедам, спяваў. Голас у яго, старасты царкоўнага хору, быў не толькі добра пастаўлены, але і надта прыгожы. Пяцігадовы Юрка сядзеў побач з сястрой, слухаў, адкрыўшы рот, захоплены спевамі. Барыс трохі падпяваў, і адчуванне свята, радасці ад таго, што ў яго нарадзілася
дзіця, ад усяе гэтае гасціны, якая ішла так, нібыта не было ні вайны, ні няшчасцяў, засталося з Барысам на ўсе астатнія гады... Ніхто з іх тады не ведаў, як складзецца жыццё далей. Праз многія гады эміграцыі, спачатку страціўшы ўсялякую сувязь з Беларуссю, а ў гады пацяплення як бы «прарваўшыся» туды лістамі, Барыс даведаўся пра лёс сваякоў.
Першы трагічны выпадак быў яшчэ пры ім — Міхася неўзабаве застрэлілі ў жыце, праз якое ён бег, ратуючыся ад стрэлаў. Цесць жа, пасля вайны адседзеўшы дзесяць гадоў у Сібіры, вярнуўся няскораным, да канца жыцця спяваў у царкоўным хоры ў Лебедзеве, там і памёр. Толькі малы Юрка — Георгій Іванавіч — стаў у канцы жыцця выдатнікам адукацыі Рэспублікі Беларусь, яго вучні бліскуча здавалі экзамены па хіміі ў самыя прэстыжныя ВНУ краіны. Ён працаваў нават у камісіі па адборы падручнікаў у Міністэрстве адукацыі СССР, напісаў некалькі дапаможнікаў па хіміі. Памёр жа ён на 61-м годзе жыцця (у сваім кабінеце хіміі), зусім рана, і на пахаванні яго сабраліся ледзь не ўсе настаўнікі горада Маладзечна, дзе ён 36 гадоў працаваў у сістэме школьнай адукацыі. Магчыма, на ягоны жыццёвы шлях і на выбар прафесіі настаўніка моцна паўплываў прыклад Барыса, якога і праз многа гадоў успаміналі на Маладзечаншчыне яго калегі і вучні як выдатнага педагога і грамадскага дзеяча.
Але тады ўсё яшчэ было наперадзе. I шчаслівыя хвіліны, святы, можа, запамінаюцца якраз таму, што яны не такія частыя. У жыцці ж усё бывае больш будзённа, ды нават гэтую будзённасць трэба ствараць уласнымі рукамі.
Школа ў Лебедзеве адчынілася ў верасні таго ж года стараннямі бацькоў і настаўнікаў, што засталіся ў вёсцы. Барыса з ахвотай узялі туды працаваць настаўнікам нямецкай мовы і матэматыкі.
Ішло аднаўленне не толькі беларускага школьніцтва, але таксама аднаўленне царкоўных парафій, зачыненых пры бальшавіках. Спрычыніўся да гэтага епіскап Венедыкт з Жыровіцкага манастыра. Ужо ў кастрычніку 1941 года Генеральны камісарыят Беларусі дазволіў стварэнне Беларускай праваслаўнай царквы, якая стала называцца Беларускаю Аўтакефальнаю Праваслаўнаю Нацыянальнаю Царквою. Рэзідэнцыя яе перамясцілася ў Мінск. Мітрапалітам Мінскім і Усяе Беларусі стаў Панцеляймон Ражноўскі. Пры ім былі запрошаныя ў Мінск некаторыя епіскапы, сярод якіх быў архімандрыт Філафей Нарко, чыя хіратонія ў епіскапы адбылася ў Жыровіцах у канцы лістапада гэтага ж года. (Лёс звядзе з ім Барыса Кіта і праз многія гады пасля вайны. I зараз ён час ад часу наведвае магілу гэтага святара ў Вісбадэне.)
Стварэнне аўтакефальнай беларускай царквы мела вялікае значэнне ў гісторыі Беларусі. Упершыню за многія стагоддзі службы ў цэрквах вяліся не толькі на стараславянскай,але і на роднай мове, мове карэннай нацыі. Важным было і тое, што храмы нарэшце ад-
Барыс Кіт у кавярні
чыніліся для вернікаў. Многія гады тыя з іх, што ўцалелі ў шалёнай антырэлігійнай калатнечы, былі ператвораныя ў склады, клубы, нават фабрыкі. Цяпер яны працавалі ў сваім прызначэнні. Вернікі аднаўлялі іх і неслі ўсё тое, што захавалі яны праз гады нявер’я і ваяўнічага атэізму. I хаця царква ў Лебедзеве ніколі не зачынялася, яна цяпер, нарэшце, стала працаваць без апекі ўлады: немцы, асабліва на першым часе, не надта цікавіліся набажэнствамі.
Тым часам у сталіцы адбываліся падзеі, якія мелі значэнне для жыцця усёй акупаванай Беларусі. Ужо восенню 1941 года ў Менску пры дзяржаўным камісары Остлянду ў Генеральным камісарыяце Беларусі з’явіўся цэнтр «Беларускай Народнай Самапомачы» (БНС), які ўзначаліў нікому не вядомы Іван Ермачэнка. Казалі, што ён лекар, які раней працаваў у Празе Чэшскай, і рэкамендаваны самім дзяржаўным міністрам Розенбергам. Было вядома таксама, што ягоная жонка немка. Можа, гэта і было асноўнай прычынай таго, што яму давяралі болей за іншых. Узяўся ён за справу вельмі энергічна — арганізаваў у раёнах аддзелы, якія дапамагалі асабліва пацярпелым жыхарам ежаю і вопраткай.
Гэта была першая для Барыса пагалоска пра беларускае, і яна натхніла не толькі яго аднаго. Беларускі актыў, які вайна раз’яднала, цяпер мог групавацца вакол нейкай арганізацыі, тым болей, што Ермачэнка прыцягнуў да супрацоўніцтва людзей вядомых. Намеснікам Ермачэнкі быў спачатку доктар Я. Станкевіч, а пазней доктар Валькевіч, які прыехаў з Парыжа. Сябрамі ж сталі Р. Астроўскі (пасля ён паехаў у вайсковую зону), заступнік мітрапаліта архіепіскап Філафей, кс. В. Гадлеўскі, прафесар В. Іваноўскі
(ён быў прызначаны бургамістрам Менска), аграном Ю. Саковіч, былы адвакат П. Свірыд і іншыя.
БНС рабіла вялікую справу — дабілася вызвалення з лагераў ваеннапалонных значнай колькасці беларусаў, матывуючы гэта тым, што яны патрэбныя як спецыялісты, каб наладжваць нармальнае цывільнае жыццё. Таксама былі адкрытыя сталоўкі для галодных, ім аказвалася дапамога; працавалі прытулкі для дзяцей-сірот, лякарні. Шмат няшчасных, якія страцілі родных і блізкіх і апынуліся на парозе да галоднай смерці, былі ўратаваныя дзякуючы своечасовай дапамозе.
Аднак такая дзейнасць выклікала падазрэнне немцаў, асабліва калі выявілася, што беларускія лекары стараюцца ратаваць людзей, што прызначаліся для адпраўкі на работы ў Нямеччыну. Доктар Ермачэнка нават быў арыштаваны разам з некаторымі сваімі супрацоўнікамі, але яны здолелі даказаць, што выбіраюць работнікаў па найдасканалых крытэрах, таму так многа людзей адпушчаюць... Крыху пазней, калі пасля паразы немцаў пад Масквой узмацніўся партызанскі рух, той жа Ермачэнка прылучыўся і да стварэння «Беларускае Самааховы», якая мела на мэце абарону ад дзеянняў партызан, атрады якіх усё больш энергічна арганізоўвала Масква.
Барыс Кіт пра многія з гэтых падзей чуў, але, паколькі жыў у вёсцы, то асаблівых падрабязнасцяў пра гэтыя ўстановы не ведаў. Адно бачыў: недзе з пачатку 1942 года ў грамадстве ўсё болей і болей стаў узмацняцца беларускі элемент і беларускі дух. Гэта было неверагодна: нацыянальная самасвядомасць, якую бальшавікі перад вайной так стараліся заглушыць і знішчыць рэпрэсіямі супраць інтэлігенцыі, магутна ўзнімалася ў час нямецкай акупацыі!
Але становішча беларусаў і зараз было нялёгкім. Было шмат такіх, хто выдаваў сябе за сапраўдных сяброў немцаў і «падказваў» ім, хто нібыта быў звязаны з камуністамі, спрабуючы, аднак, рукамі немцаў нішчыць сваіх асабістых ворагаў. Асабліва вызначаліся былыя асаднікі. Яны разумелі, што беларускі нацыянальны рух шкодзіць іх інтарэсам аднавіць Польшчу ў ранейшых яе межах і што беларусы сур’ёзна плануюць самастойную дзяржаву, хай сабе і пад нямецкім пратэктаратам. Таму гэтыя першыя месяцы нямецкай акупацыі нанеслі найбольшыя страты беларускім нацыяналыіым сілам. Прычым напачатку гэтыя людзі трымаліся як прыяцелі немцаў і нават пачалі актыўна працаваць у іхніх установах.. Як даведаўся Кіт, у Наваградку адзін з іх, Смоліч, зусім быў убіўся ў давер да ўладаў і паведаміў некаторыя імёны людзей, якія нібыта былі камуністамі.
Паводле ягонага даносу арыштавалі Орсу і Скрабца. Аднак з уласцівым немцам педантызмам і пад націскам тых нешматлікіх беларусаў, што
ўжо працавалі пры Генкамісарыяце, улады з цягам часу ўсё ж пачалі разбірацца, ці сапраўды арыштаваныя ўступалі ў камуністычную партыю, якія пасады займалі. Так атрымалася і гэтым разам. Правялі расследаванне. Калі ж высветлілася, што ўсё гэта хлусня, то Смоліча расстралялі. Тады ўлады звярнуліся да лекара Міколы Шчорса, спадзеючыся, што гэты інтэлігентны і аўтарытэтны сярод мясцовага насельніцтва чалавек зможа падказаць, каго яны маглі б узяць на працу ў органы мясцовага самакіравання. Шчорс, паводле многіх успамінаў таго часу, стаў важнай персонай пры нямецкіх уладах.