Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Немцы ў асноўным не перашкаджалі займацца нацыянальнай асветай так, як гэта належала. Настаўнікі з усіх сілаў стараліся даць вучням веды, і іхняе выкладанне ставіла перад сабой яшчэ адну задачу: выхаванне любові да сваёй Бацькаўшчыны. Яны, як узгадваюць вучні, не ганілі іншыя народы, іншыя рэлігіі, бо беларусы спрадвеку стараліся жыць у ладзе з усімі. Выкладчыкі рабілі тое, чаго не было на нашай зямлі доўгія стагоддзі — выхоўвалі пашану да здабыткаў свайго народа. Яны кожным сваім
урокам стараліся паказаць вучням, што беларусы не нейкая ніжэйшая раса, што нацыянальныя мова і культура вартыя самай вялікай павагі.
Беларускія актывісты, як маглі, падтрымлівалі кожны парастак беларускага. I лісты Кіта да былых вучняў гэта добра засведчылі. Алесь Гатковіч, напрыклад, пісаў ў 1990 годзе, што паступіць у «гандлёўку» дапамог яму швагра брата Андрэй, які насіў мянушку «Чарапок.» Ён угаварыў сваяка паступаць, хаця час прыёму скончыўся, і хлопец баяўся ехаць. Дык вось, гэты «Чарапок» нашсаў ліст персанальна да дырэктара Кіта. Той не адмовіў у просьбе: сцісла праэкзаменаваўшы хлопца, зрабіў выключэнне і прыняў А. Гатковіча ў навучальную ўстанову, дзе ён быў адным з самых здольныў навучэнцаў.
У адным з лістоў да Кіта, узгадваючы тую пару, Алесь Калодка, былы акруговы камісар Вілейкі, піша: «У часе нямецкай акупацыі былі стараньні беларускага актыву ў Маладэчне й Вялейцы выцягнуць як мага больш беларусаў — ваеннапалонных з Маладэчанскага лягеру, што часткова толькі ўдалося. Сярод палонных было крыху інтэлігенцыі, між імі адзін, які працаваў у гандлёвай маладзечынскай школе, быў арыштаваны ў 1943, сядзеў у Вялейцы, выпушчаны й пры спробе новага арышту ўцёк з-пад носа немцаў... Ці памятуеш ягонае прозьвішча?» (ліст ад 03.05.1981).
Балансаванне на мяжы смерці, бо кожны з іх меў сваякоў, блізкіх, якім мог пагражаць арышт, страшэнна ціснула на нервы выкладчыкаў. Увесь час можна было чакаць нейкіх правакацый, чорныя весткі пра смерць таго ці іншага знаёмага ці сябра прыходзілі адна за адной.
22 чэрвеня 1943 года ў Мінскім гарадскім тэатры ўзарвалася міна. Як пішуць даследчыкі ўжо ў сённяшнія часы, яе паставілі нібыта не партызаны, а самі немцы, якім не падабалася палітыка гаўляйтэра Кубэ, накіраваная на супрацоўніцтва з беларускай адміністрацыяй. Як бы там ні было, але міна тая ўзарвалася не тады, калі Кубэ быў на сцэне падчас урачыстага абвяшчэння стварэння Саюза беларускай моладзі, а тады, калі ішла камедыя Ф. Аляхновіча «Пан міністр». Загінула 13 чалавек, сярод іншых вучань Кіта з Віленскай беларускай гімназіі Кастусь Мокат.
Кіт даведаўся пра гэта значна пазней. А тады, сустракаючы 1944 год, ён, як і многія іншыя, разумеў, што немцы прайгралі гэтую вайну, і ўспомніў усіх, каго ведаў, і пажадаў ім пражыць гэты год без стратаў і ўвогуле — пражыць яго...
У сакавіку 1944 года Кіт прыехаў на святкаванне 25-годдзя Віленскай беларускай гімназіі. Ліст з запрашэннем прыслала яму пані Алена Лекант. Дарэчы, на гэтае свята прыехаў і Радаслаў Астроўскі — старшыня БЦР, што надавала асаблівай урачыстасці ўсёй падзеі, аднак нібыта адсоўвала
на задні план усіх астатніх. Р. Астроўскі ўручаў некаторым настаўнікам медаль з Пагоняй, ягонае фота было на сцяне. Медаль з рук Астроўскага атрымала і А. Лекант.
У той час дырэктарам гімназіі быў Францішак Грышкевіч. Усяго на пяць гадоў старэйшы за свайго калегу Кіта, ён, аднак, трымаўся падкрэслена салідна і нават хада ягоная была нейкая асабліва ўрачыста-сцішаная. Сам выпускнік Віленскай беларускай гімназіі 1926 года, ён любіў сваю працу, асабліва ж саму гімназію, стараўся «ўтрымаць» яе ў суровыя ваенныя гады. Дзейсны ўдзел у свяце ўзяў і ксёндз Адам Станкевіч.
Свята адзначалася ўрачыста: шмат кветак, нацыянальныя сцягі, усюды можна было ўбачыць выявы «Пагоні», і ўсё цешыла вока. Аднак жа ў Барыса, мабыць, як і ў многіх іншых, было маркотна на душы. Можа, ад таго, што перамогі Чырвонай Арміі надавалі ўсяму нейкае пачуццё няпэўнасці і трывогі. Таму кіраўніцтва і настаўнікі як бы імкнуліся кампенсаваць гэта іншым чынам, настроіць усіх на свята — насуперак усяму. Кіт адчуваў, што многія думаюць пра тое ж, што маркоціла душу і яму. Блізіўся канец вайны, і што Час нёс беларускаму руху? Нічога добрага чакаць не даводзілася. А галоўнае — куды падзенецца плён іхняе працы, іхніх намаганняў? Няўжо зноў пачнецца ўсё нанова — калгасы, калектывізацыя, русіфікацыя, калі зноў на беларускую зямлю прыедуць людзі, якія не ведаюць ні культуры яе, ні мовы, і будуць дыктаваць беларусам свае, чужынскія законы?!
Мабыць, не ў аднаго яго было гэтае ўнутранае адчуванне нейкай трагедыйнасці ўсяго, што адбывалася. Як высветлілася пасля, прадчуванне ў дачыненні да свайго былога сакурсніка не ашукала Барыса: удзельнік 2-га Усебеларускага кангрэса ў Мінску ў чэрвені гэтага ж года, Францішак Грышкевіч да канца 1944 года не дажыў — у ліпені ён быў арыштаваны і трапчна загінуў у турме ў Менску. Такі лёс чакаў усіх, хто працаваў у час вайны, хай нават простым настаўнікам, а ён жа быў і публіцыст, і паэт — ягоныя вершы «Князь Вітаўт», «Магіла Волата», «Русь Белая» і іншыя друкаваліся ў перыядычным друку.
Кіт шкадаваў яго і не мог зразумець, чаму Грышкевіч застаўся. Ен, які ўжо зведаў, што такое савецкая ўлада, бо нейкі час папрацаваў загадчыкам беларускіх школ у Віленскай школьнай акрузе, друкаваўся ў газеце «Віленская праўда» — органе Часовага ўпраўлення Вільні... Загінуў і ксёндз Адам Станкевіч, прапаў у бяскрайніх прасторах Сібіры, куды яшчэ з пачатку мінулага стагоддзя ссылалі беларусаў за ўдзел у паўстаннях 1831 і 1863-1864 гадоў. Яшчэ адзін з былых дырэктараў гімназіі, А. Міхалевіч, у савецкі час стаў святаром, але, нягледзячы на гэта, яго мучылі
Тамсірсі Казевіч іЯгор Фядзюшын. Кітайскірэстсіран... Фота Б. Кіта
на допытах так, што ён не вытрымаў гэтага і павесіўся. Бальшавікі арыштавалі і выслалі ў Сібір і Лекант — можа, якраз той, уручаны ёй Астроўскім медаль і быў самым важным доказам яе «злачыннасці» перад гэтай уладай.
Тады, у той прыезд у Вільню, Кіт трымаўся абасоблена і суцяшаў сябе сустрэ-
чай з любімым горадам — прайшоўся па даўніх сцежках юнацтва, з’ездзіў паглядзець на былы дом у Павільні. Двухпавярховы, прыгожы, ён паранейшаму хаваўся між дрэваў. Калісьці ён пры дапамозе адваката Мікалая Шкялёнка перапісаў яго на Галіна прозвішча, бо гэта была ейная спадчына, што засталася ад бацькі. Галя ж загінула, ён гэта ведаў, таму не стаў нават заходзіць туды — проста пастаяў здаля, каля хвояў, і на нейкія незабыўныя хвіліны аддаўся ўспамінам. Тут ягоны малодшы брат Лёва рыхтаваўся да здачы экзаменаў у першы клас Віленскай беларускай гімназіі і нават здаў іх. Але якраз пачалася вайна з Польшчай, і гімназістам ён, на вялікі жаль, так і не стаў. Сюды Барыс першы раз прыйшоў з прыўзнятым, шчаслівым настроем, і жыццё здавалася светлым і поўным спадзяванняў. Ды і пасля, нягледзячы ні на што, ён заўсёды бадзёра глядзеў у будучыню.
Аднак гады вайны і пастаяннага напружання многае змянілі. Пабачыў столькі жахлівага, страціў шмат каго з сяброў і родных. I цяпер ягонае сэрца балюча сціскалася. Сам сабе ён здаваўся старым і шмат перажыўшым чалавекам, хаця было яму ўсяго трыццаць чатыры гады. Лістота на дрэвах яшчэ не распушылася, яны выглядалі шэрымі і панылымі, было холадна, і вецер здаваўся асабліва пранізлівым у вузкіх, усё яшчэ незабыўна-ўтульных для ягонай душы вулачках.
Наперадзе чакала нешта няпэўнае, цяжкае. Тады ж у ім акрэпла перакананне, што, калі Чырвоная Армія зноў зойме Вільню, як гэта ўжо было ў 1939 годзе, яму давядзецца з’язджаць. Заставацца тут нельга — цяпер ужо знойдуць і пад зямлёй, а другі раз пачынаць тут жыццё не ўдасца.
Аднак, паехаўшы назад, ён стараўся не даваць волі ніякім цяжкім думкам, а імкнуўся працаваць да знямогі.
Тым часам вялася актыўная вярбоўка сярод насельніцтва, асабліва сярод сяброў Саюза беларускай моладзі, у дапаможную службу Люфтвафэ. Кіт быў супраць гэтага. Але ж не выпадала адкрыта казаць пра тое, што нічога добрага нашу моладзь там не чакае, і таму ён стараўся па-сяброўску гаварыць на гэтую тэму толькі з асобнымі навучэнцамі. Можа, гэта і паспрыяла таму, што пайшло туды меней, чым магло б быць. Аднак агітацыя (у маі ў школу прыязджалі акруговы кіраўнік СБМ Сценнік і немец Ферман) і абяцанні, што хлопцы атрымаюць спецыяльнасць пілота, навігатара альбо бортмеханіка, зрабілі сваю справу — з гандлёвай школы пайшло, паводле сведчання М. Лужынскага, аднаго з навучэнцаў, ажно 46 чалавек. Відавочна, тут дзейнічала юнацка-рамантычнае жаданне лятаць, бо прэстыж прафесіі лётчыка сярод юнакоў быў надзвычайны.
Апроч таго, мела значэнне, што да гэтага спрычыніўся Саюз беларускай моладзі.
Арганізацыя гэтая мела мноства прыхільнікаў. Але тут лепей даць слова вучню Барыса Кіта Кастусю Харашэвічу, які ў кастрычніку 1996 года пісаў у артыкуле «Мне няма ў чым каяцца!!!»:
«Я, Харашэвіч Кастусь Іванавіч, з восені 1943 па восень 1944 году належаў да Саюзу беларускай моладзі (СБМ), нацыянальна-патрыятычнай арганізацыі, якая была заснавана 2 ліпеня 1943 г.
Было мне на той час 16 год, і я зьяўляўся навучэнцам 3 курсу Маладэчанскай сярэдняй гандлёва-адміністрацыйнай школы. Заснаваў у 1942 годзе гэтую школу Барыс Кіт, вядомы вучоны ў галіне астранаўтыкі і касьмічных даследваньняў. У гэтай школе вучыліся юнакі і дзяўчаты з навакольных вёсак і мястэчак, а таксама з самога горада Маладэчна. На нашым курсе было каля 40 навучэнцаў, і калі 1 верасня 1943 году пачаліся заняткі, мы даведаліся, што ў Менску адбылося ўтварэньне беларускай маладзёжнай арганізацыі (СБМ) і што жадаючыя могуць у яе ўступіць.
Увайшліледзь неўсім курсам, прытым добраахвотна, а не пад прымусам, як аб гэтым даводзілася чытаць у пракамуністычным друку. Паколькі арганізацыя стваралася ў школе, то ўсе мерапрыемствы — сходы, вечары, зборы — таксама праходзілі ў школе пасля заняткаў, пераважна днём, паколькі з наступам цемнаты пачыналася каменданцкая гадзіна. Ухілрабіўся на беларушчыну і незалежніцкія настроі. На зборах у класах, маршыроўках з песьнямі на плошчы, сустрэчах
з сябрамі СБМз іншых мястэчак, напрыклад з Вілейкі, адчуваўся пэўны ўздым. Усё рабілася без прымусу.