Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Архіў Б. Кіта пастаянна папаўняецца. У самым пачатку 1999 года Віленская гімназія шырока адзначала сваё 80-годдзе. 3 гэтае нагоды ў Віленскім і часткова ў беларускім друку з’явілася шмат публікацый. Адна з самых прыкметных — успаміны Барыса Уладзіміравіча «Вучань. Вучыцель. Дырэктар» у газеце «Рунь» ад 15 лютага 1999 г. і Лявона Луцкевіча «Віленская беларуская гімназія» ад 13 студзеня 1999 г., дзе прозвішча Б. Кіта ўзгадваецца таксама, бо ў некаторых публікацыях віленчукоў дзесяцігадовай даўнасці тое зроблена не было.
На жаль, у Амерыцы не так добра ведаюць пра сапраўднае творчае аблічча славутага акадэміка. Можа, дзесяцігоддзі працы ў Германіі, ягоныя поспехі, якія найперш ганаравала Еўропа, спрычыніліся да таго, што нават тыя, хто знаёмы з ім шмат гадоў цяпер, праз публікацыі на Бацькаўшчыне, як бы «адкрываюць» яго для сябе. Цікавы ў гэтым сэнсе ліст Вітаўта Рамука ад 24 жніўня 1995 г. (у папярэднім ён, прачытаўшы кнігу «Вяртанне», прасіў прыслаць звесткі пра прызнанне Б. Кіта навуковымі ўстановамі), які падаецца тут у скарачэнні:
«Дарагі Сябра,
Дзякуем за Ваш цікавы ліст і за аўтабіяграфічныя даведкі, якія ілюструюць, у якім шырокім дыяпазоне Вы вялі працу на навуковым полі, і рэтраспэктыўна прыходзяць рэфлексы: калі б гэта ўсё было зроблена ў Беларусі і якім прэстыжам цешылася нашая краіна. Аднак іншы лёс наканаваў нам, але тым не менш усё пазытыўнае зробленае застаецца для ўслаўленьня Беларусі і Амэрыкі, што дала магчымасьць разьвіваць людзям свае таленты.
На жаль, сучасная сытуацыя ў Беларусі складаная і варожыя сілы тармазяць усякі прагрэс у нацыянальным адраджэньні. Ім не залежыць на дабрабыце і добрым імені Беларусі.
Падзеі пасьля рэфэрэндуму ашаламілі нас і спрычынілі псыхалягічны шок, ад якога мы яшчэ не ачунялі і акрыялі., і ён пакінуў балючую пусткуў душы. Пытаемся: «А што далей? Чым гэтаўсёкончыцца?»
Безумоўна, што ня трэба траціць надзеіі цьвяроза зірнуць у вочы рэальпасьці ды шукаць шляхоў выхаду.
Праз 70 гадоў нашыя ворагі намуліліў глуздох нашага народа, што «беларускі, гэта тое самае, што расейскі». Бачна, няма гэнаў супрацівуў беларускім народзе, а гэтаўжо праблема.
Безумоўна, што рэфэрэндум і выбары ня былі на ўзроўні дэмакратычным і вынікі далёкія ад праўды.»
Гэты ліст, як і многія іншыя лісты, што дасылалі і дасылаюць Б. Кіту сябры-эмігранты, паказвае, як пільна сочаць яны за падзеямі на Бацькаўшчыне, як баляць іхнія сэрцы за яе лёс. Аднак жа, маючы на ўвазе, што шматгадовая русіфікацыя дала свой чорны вынік, яны не надта спрабуюць устанавіць кантакты з новым пакаленнем інтэлігенцыі, якая ўсё ж у самыя неспрыяльныя часы вяла сваю падзвіжніцкую працу, заўсёды спадзеючыся на лепшае. Робіць яна гэта і цяпер.
Барыс жа Уладзіміравіч неяк адразу ў канцы 80-х гадоў сам стаў наладжваць такія кантакты — найперш са сваімі былымі вучнямі, якія захавалі ў душы парасткі беларушчыны. I самі гэтыя сустрэчы, як і перапіска, як ягоныя прыезды на Беларусь, сталіся вялікімі грамадскімі акцыямі, пра што сведчаць многія лісты незнаёмых яму раней людзей. Найбольш уражвае ўсіх, што вучоны з сусветным імем, у такім узросце захаваў сваю беларускасць і цяпер як бы «перадае « яе маладзейшым, якія недастаткова ведалі раней (за апошнія гады дзякуючы кнігам В. і 3. Кіпель, Я. Запрудніка, Б. Рагулі і іншых ведаюць нашмат болей) пра тую тытанічную працу, якую рабіла эміграцыя.
Працэс узаемнага «вызнавання», які быў пачаўся адразу пасля абвяшчэння Беларуссю сваёй незалежнасці, моцна замарудзіўся пасля рэферэндуму 1996 года. Але ж не інтэлігенцыя (прынамсі, тая, якая заўсёды захоўвала сваю нацыянальную адметнасць), вінаватая ў тым. I яна «ашаломленая», і яна ў шоку. Аднак менавіта ёй даводзіцца жыць і працаваць далей — сёння, з тымі людзьмі, якія ёсць, якія выжываюць у цяжкіх умовах, не задушаныя магутнай плынню дэзінфармацыі.
Барыс Уладзіміравіч гэта добра разумее і спрабуе памагчы тым, хто здольны ў сённяшніх умовах працаваць на карысць Беларусі. Ён заснаваў прэмію, якою ўзнагароджаны Лідзія Савік і Андрэй Майсяёнак, якія ў сваёй прамове ў час атрымання прэміі 30 мая 2003 года назвалі Кіта сваім духоўным настаўнікам і прыкладам для сябе.
Андрэй Майсяёнак — адзін з найцікавейшых людзей Гродзеншчыны, навуковец, апантаны беларускай справай. Ягоны бацька скончыў медыцынскі факультэт у Вільні разам з Міколам Шчорсам, Махонькам, Беклемішавым.
Былы народны дэпутат Гродзенскага абласнога савета, намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута біяхіміі, старшыня краязнаўчай асацыяцыі, сп. А.Майсяёнак вядомы як аўтар многіх навуковых прац, удзельнік міжнародных канферэнцый, а таксама грамадскі дзеяч.
У апошнія гады ён даследаваў дзейнасць Магілёўскага медычнага інстытута, які нядоўгі час працаваў на Беларусі падчас вайны і які быў цалкам беларускамоўным. Разам з доктарам Шлотцам з Берліна ён падрыхтаваў рэферат пра гісторыю дзейнасці медінстытута, які быў прачытаны берлінскім прафесарам на міжнароднай канферэнцыі ў Менску ў 1995 годзе.
Дзякуючы менавіта яго намаганням мы даведаліся многія прозвішчы выкладчыкаў гэтай унікальнай для Беларусі навучальнай установы — прафесара-фармаколага Анішэнкі, дацэнта-тэрапеўта Уладзісіка, прафесарагінеколага Клумава, дацэнта-акуліста Лосева, прафесара-нейролага Маркава, прафесара-гігіеніста Лыноўскага і іншых.
Гэтыя працы ўзбагацілі нашае ўяўленне пра ваенны час на Беларусі. Узорам для А. Майсяёнка стала перадача Б. Кітам свайго архіва для Наваградскага гістарычна-краязнаўчага музея, які стаўся адным з магутных падвалін гэтай установы. Характэрна, што ў такім горадзе, як Наваградак — першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, быў да 1991 года толькі адзін музей Адама Міцкевіча, які да таго ж амаль увесь час — да апошняга дзесяцігоддзя — паказваў генія двух народаў толькі як польскага паэта. Стварэнне гістарычна-краязнаўчага музея сталася вялікай падзеяй дял нашай культуры, і тое, што менавіта ў ім адбылася такая міжнародная акцыя, як перадача архіваў з Франкфурта-на-Майне, значна падвысіла аўтарытэт адной з маладзейшых музейных устаноў Беларусі.
Калі прыгадваю самыя цікавыя сустрэчы, падараваныя мне лёсам, адразу ўспамінаю Барыса Уладзіміравіча Кіта. Выдатны чалавек, адзін з нямногіх беларусаў, якіх ведаюць у свеце і дзякуючы якім свет ведае, што ёсць такая краіна — Беларусь, здольная падараваць навуцы матэматыка, фізіка, хіміка, доктара філасофскіх навук у галіне матэматыкі і гісторыі навукі, акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, старэйшага члена Амерыканскага астранаўтычнага таварыства, ганаровага члена Брытанскага міжпланетнага таварыства, члена Дырэктарата Нямецкага астранаўтычнага таварыства, члена камітэта Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі (Парыж), заслужанага прафесара Мэрылендскага універсітэта (ЗША), залатога медаліста нямецкага таварыства імя Германа Обэрта.
Біяграфія Барыса Кіта і звесткі аб яго навуковай дзейнасці змешчаны ў энцыклапедыі «Амерыканскія вучоныя», у біяграфічным даведніку «Брытанская каралеўская блакітная кніга», у вядомым даведніку «Хто ёсць хто ў касманаўтыцы». Яго біяграфія разам з біяграфіямі іншых вучоных
укладзена ў капсулу часу, якая знаходзіцца ў бібліятэцы Роберта Годарда ў Вашынгтоне і будзе адкрыта нашымі патомкамі толькі гіраз 500 гадоў.
Думаючы, як закончыць гэтую кнігу і тым як быццам узнаўляючы нанова розныя эпізоды жыцця гэтага выдатнага чалавека, я чамусьці з усіх радасных дзён, якія яму шчодра адпусцілі апошнія дзесяцігоддзі, найчасцей уяўляла ягоны прылёт у Канаду. Яму восемдзесят адзін год, ён ляціць ііад акіянам, каб атрымаць яшчэ адну ўзнагароду, якіх так многа ў яго доўгім жыцці. Канада найбольш падобная да Беларусі і па сваіх кліматычных параметрах, і па спакойнай, нават трохі запаволенай хадзе жыцця.
Гэта сапраўды фенаменальна: доўгія пералёты яму пад сілу, як пад сілу і зараз штогод лятаць у Амерыку, каб пабачыцца з сямейнікамі, з сынамі, старэйшы з якіх выйшаў ужо на пенсію. Мне ўяўляецца, як трэцяга кастрычніка 1991 года ў гатэлі «Хілтан» у Атаве на ўрачыстым пасяджэнні Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі супольна з Каралеўскай акадэміяй Канады Барысу Уладзіміравічу Кіту быў уручаны дыплом акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Дыплом уручаў доктар Георг Мілер — прэзідэнт Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, былы кіраўнік праекта «Ароііо» — палёту амерыканцаў на Месяц. У 1999 годзе ён зноў ляціць на астранаўтычны кангрэс у Амстэрдам, а ў 2003 годзе едзе ў Брэмен. I не збіраецца сядзець у сваім горадзе, калі будзе прызначаны наступны...
Калі жыццё дае такія радасці, то правамерна казаць аб яго міласці да свайго абранніка. Кіт — такі абраннік, які ўмее дзячыць жыццю за ўсё дадзенае яму, радуючыся поспехам іншых людзей і ніколі нікому не зайздросцячы. Можа, гэта і ёсць самы галоўны сакрэт ягонага жыцця?!
.. .Памятаю, як прывезла яму ў Германію сігнальныя экземпляры першай аб ім на Беларусі кнігі Лідзіі Савік «Вяртанне». У той вечар Барыс Кіт быў па-сапраўднаму шчаслівы, бо здавалася, што гэтая нсвялікая кніга для яго важней за ўсе нагіісаныя за жыццё навуковыя працы. Гэта было вяртанне на Радзіму, якая толькі цяпер стала ўспамінаць пра тых, пра каго так лёгка забылася. Шкада, праўда, што адбылося вяртанне тады, калі вядучыя краіны свету прызналі Кіта як выдатнага вучонага сучаснасці, і буйнейшыя акадэміі і навуковыя таварыствы свету прысвоілі яму тытул ганаровага члена, — акрамя сваёй, беларускай. Вяртання таленту ва ўсёй яго велічы ўсё ж, мабыць, і сапраўды, як пішуць некаторыя журналісты, не адбылося. Але Барыс Уладзіміравіч з гэтай нагоды не робіць трагедыі. Ён — ганаровы грамадзянін Наваградка — горада, які любіць і які нібы «падсадзіў» яго на першую прыступку сусветнага прызнання.
Дарэчы, аб уменні радавацца. Гледзячы на яго, ніколі не паверыш, што яму дзевяноста тры гады і што не Час марудна і павольна праходзіў праз яго жыццё, а ён праз найцяжэйшыя перашкоды пранізваў сам гэты Час.
Успамінаю, з якім энтузіязмам некалькі гадоў таму гаварыў ён аб незалежнай Беларусі, і які сум і неразуменне, непрыняцце таго, што зараз адбываецца на Радзіме, гучаць у яго голасе ў гэтыя дні.
Па-сапраўднаму чалавек можа любіць толькі тое, што траціць ці можа страціць. Вымушаны шмат гадоў жыць не ў Беларусі, Барыс Кіт любіць яе той трапяткой і пяшчотнай любоўю, якую нам, прапісаным тут назаўжды, можа, і цяжкавата зразумець. Таму, нягледзячы ні на што, ён апантана верыць у вольную будучыню сваёй Радзімы, а без гэтага, лічыць ён, ніяк нельга існаваць, бо ў гісторыі і філасофіі ёсць палажэнне, згодна з якім толькі свабодны чалавек можа рэалізаваць сябе і свае здольнасці.