• Газеты, часопісы і г.д.
  • Барыс Кіт — Грамадзянін свету

    Барыс Кіт — Грамадзянін свету


    Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
    Памер: 432с.
    Мінск 2004
    112.97 МБ
    Успаміны пра Хведара Ільляшэвіча выклікалі мае пытаньні да спадара Барыса Кіта. Паслаўшы аднойчы яму ліст з мноствамі пытаньняў, атрымала адказ, які мяне вельмі ўсцешыў. Барыс Кіт сьцвярджаў, што мне трэба прыехаць у Франкфурт, бо на столькі пытаньняў нельга адказваць у адным лісьце. Быў гэты прэтэкст для новых сустрэчаў.
    Асабліва цікава было ў Беластоку зімой 2001 г. Тады Барыс Кіт затрымаўся ў гатэлі «Голембевскі», дзе прымаў сваіх гасьцей — беларусаў з Беластока. Сядзелі мы разам з Барысам Кітам пару добрых гадзін у гатэльным рэстаране — я, Гражына Харытанюк, Ганна Кандрацюк і Алег Латышонак, які раней звадзіў госьця ў рэдакцыю радыё «Рацыя» і на кафэдру Беларускай культуры Беластоцкага універсітэта. У такой кампаніі Барыс Кіт бавіў нас сваімі аповесьцямі, якія на магнітафоннай плёнцы запісвала Ганна Кандрацюк. Пра візіт Барыса Кіта ў Беласток напісала ў «Ніве», дзе таксама змясьціла інтэрв’ю з ім. На наступны дзень Барыс Кіт ад’язджаў у Франкфурт.
    У пачатку верасня зноў тэлефон са Шчэціна ад спадарства Марыі і Кшыштафа Марлічаў: «Borys przyjezdza». Зноў тры дні з Барысам Кітам
    у Шчэціне. Няма куды сьпяшацца. Кіт шчасьлівы, што мае куды прыехаць з Франкфурту — да сваёй хрэсьніцы. Са спадаром Кшыштафам Марлічам, які адпачывае пасьля нядаўніх рэктарскіх абавязкаў, спацыруем лесам да недалёкага возера. Пахне восеньню.
    Апошні раз сустракаліся ў Варшаве ў гасьцініцы «Марыёт» вясной 2003 г. Тут у Варшаве Барыс Кіт дамовіўся са сваімі сябрамі з Польшчы, з Беларусі. Прыехаў са сваёй сяброўкай Тамарай. Зноў успаміны і словы Барыса Кіта: «пытайце пра ўсё, бо я ўжо апошні з магіканаў». Тады таксама сустрэўся Барыс Кіт з гісторыкам Юркам Туронкам і рэдактаркай Радыё «Гданьск» Аннай Сабэцкай. Хацелася б пасьля апошняй сустрэчы сказаць Барысу Кіту: «Да наступнага спатканьня», бо з такім чалавекам, як Барыс Кіт прыемна праводзіцца час, з пачуцьцём, што не ўцёк ён на марна, бо Барыс Кіт, апрача цікавых успамінаў, натхняе новай энэргіяй, дадае сіл і надзеі на будучыню.
    Сяргей Законнікаў, беларускі псіэт
    «Мы былі першымі...»
    Кожны раз пасля сустрэчы або тэлефоннай размовы з Барысам Уладзіміравічам Кітам я не толькі радуюся, што далучыўся да мудрасці, душэўнага багацця нашага славутага земляка, але і зноў углядаюся ў аблічча і сутнасць сваёй Айчыны, думаю пра мінулае, сённяшні дзень і будучыню беларусаў.
    На жаль, трэба праўдзіва канстатаваць, што многім нашым людзям, выбітым з каляіны прымітыўнага, казарменнага, але больш-менш стабільнага савецкага ладу жыцця, аказаліся нецікавымі, непатрэбнымі свабода, дэмакратыя і шчаслівая магчымасць пабудаваць сваю, незалежную дзяржаву. У грамадстве, дзе згублены арыенціры далейшага гістарычнага развіцця, дзе дэфармаваны нацыянальная і грамадзянская свядомасць, цяпер пануе настальгія па нядаўнім мінулым, зняверанасць і апатыя.
    Сапраўды, калі ахапіць позіркам усе нашы нацыянальныя, духоўныя і эканамічныя беды, якія засталіся ў спадчыну і паглыбляюцца зараз, якія спляліся ў агромністы, заблытаны клубок, то рукі могуць апусціцца ў адчаі
    Сяргей Законнікай
    іскрусе.
    Але мы маем пераканальныя прыклады беларускага патрыятызму, нацыянальнай трывушчасці і аптымізму. Найпсршы і найпавучальны з іх — лёс Барыса Кіта.
    У нашым народзе здаўна бытуе выдатная прымаўка: «Вочы баяцца, a рукі робяць». Гэтай мудрасцю продкаў праз усё сваё жыццё плённа карыстаўся знакаміты зямляк. Барыс Кіт не наракаў, як іншыя, на цяжкія абставіны, на неспрыяльныя ўмовы, а самааддана, апантана рухаў наперад беларускую справу, выяўляў сябе як творцу і тут, на айчынным мацерыку, і пасля ў далёкім замежжы, бо рана спасціг, што лёгкага часу для асобнага
    чалавека і для цэлых народаў ніколі не бывае. Кожнаму чалавеку, кожнаму народу наканавана прайсці праз выпрабаванні і пакуты, каб сцвердзіцца, каб займець сваё, годнае месца ў гэтым свеце.
    ГІерад тым, як пазнаёміцца з Барысам Уладзіміравічам асабіста, чытаў публікацыю пра яго ў перыёдыцы. Але найбольш поўна паўстаў драматычны і адначасова высокі лёс Кіта са старонак кнігі-жыццяпісу Лідзіі Савік «Космас беларуса». Пасля прачытання гэтага грунтоўнага даследавання было столькі шчымлівага суперажывання, болю за вынесеныя ім пакуты, і разам з тым я ганарыўся Беларуссю, якая нараджае такіх слаўных сыноў...
    У 1998 годзе вернікі царквы Святой Троіцы ў Франкфурце-на-Майне, з якімі маю даўнія стасункі, у чарговы раз запрасілі мяне з жонкаю да сябе. Барыс Кіт даведаўся пра гэта і, гасцінны гаспадар, што прывячае землякоў заўсёды, патэлефанаваў, прапанаваў сустрэцца.
    I вось мы сядзім у рэстаране франкфурцкай біржы, дзе пакуль няма наплыву наведвальнікаў, дзе пануе ўтульнасць і цішыня. Барыс Уладзіміравіч расказвае пра маленства, вучобу, настаўніцкую працу. Дзіўлюся каларытнай, жывой беларускай мове, фенаменальнай памяці Кіта, той упэўненасці, з якой ён згадвае даты, падзеі, што адбываліся ў 20-30 гадах мінулага стагоддзя. А ён смяецца: «Дажывеце да майго ўзросту, то памяць і палепшае. На старасці далёкае мінулае паўстае ясна і выразна. Найперш настаўнікі былі патрыётамі Беларусі. Праз школу мы праводзілі беларускасць, перадавалі патрыятычныя пачуцці вучням, адносіліся да іх па-сяброўску. Я любіў і цяпер вельмі люблю паэтаў, беларускую паэзію, і таму ўрокі матэматыкі часта пачынаў з вершаў. Усё я тады рабіў ахвотна, з захопленасцю, не баяўся ніякіх цяжкасцяў. Працавітасць дапамагла мне потым у Германіі і ў Амерыцы».
    Я слухаў Барыса Уладзіміравіча і зайздросціў ягоным выхаванцам. Мець такога настаўніка, як ён, — рэдкае шчасце. Гэта асабліва зразумела нам, гадаванцам савецкай школы з яе салдацкай дысцыплінаю, казарменным парадкам. Сярод настаўнікаў у ёй заўсёды было мала дарадцаў і сяброў.
    А Кіт кажа: «Усё маё жыццё — гэта настаўніцкая, выкладчыцкая праца. Я вельмі люблю яе, бо няма ў чалавечай дзейнасці больш значнага і высакароднага занятку. А тады для беларусаў асветніцтва было ратаваннем».
    Але займацца любімай справай не далі. Барыс Кіт не быў бежанцам. Ён стаў выгнаннікам з роднай зямлі. Такая ўжо доля сапраўднага беларуса — пакутваць за нацыянальную справу пры любой уладзе. Ён двойчы сядзеў у астрозе пры паляках, быў кінуты гестапаўцамі ў Глыбоцкую
    турму Ў 1943 годзе, і толькі шчаслівы выпадак уратаваў яго ад расстрэлу. Кіт выдатна разумеў, што і сталінцы, якія асталююцца з прыходам Чырвонай Арміі, не пашкадуюць яго, бо ведаў пра рэпрэсіі ў СССР, сутыкнуўся з савецкай уладаю ў перадваенныя месяцы. Далейшыя падзеі пацвердзілі гэтае прадчуванне. Большасць ягоных сяброў і вучняў трапілі ў ГУЛАГ...
    У час другой сустрэчы ў Франкфурце-на-Майне ў кастрычніку 2000 года спадар Барыс найбольш апавядаў пра жыццё ў ЗША. Тут беларускі настаўнік матэматыкі, нястомны арганізатар нацыянальнай школы, актыўны дзеяч Адраджэння стаў выдатным вучоным у галінах астранаўтыкі і матэматычнага забеспячэння эфектыўнасці кіравання, набыў сусветную вядомасць, атрымаў прэстыжныя ўзнагароды і званні. Пасля выкладаў матэматыку ў сарака амерыканскіх навуковых цэнтрах у Еўропе і за яе межамі.
    Лёс людзей, якія апынуліся ў чужым краі, складваецца па-рознаму. Некатарым удаецца ўладкавацца адразу, забяспечыць сабе заможнае жыццё. Большасць доўга шукае, здабывае месца пад сонцам. Неаднолькава праходзяць эмігранты і адаптацыю да іншага грамадства, ягоных законаў, традыцый, звычаяў. Адны ўжываюцца хутка і не хваравіта, другія ўваходзяць у душэўную канфрантацыю з чужым ладам быцця, не знаходзяць супакаення. Тое ж адбываецца з роднай моваю, з памяццю пра Айчыну. Нехта стараецца пазбавіцца ад гэтага, а некага прыгнятае настальгія, сум.
    Барыс Кіт ішоў сваім шляхам. Ягонае жыццё — не набор разарваных імгненняў, эпізодаў, а плынь, дзе ўсё спалучана непарыўна. Цяжкая праца, у тым ліку чорнарабочага, стала прыступкай да даследчыцкай, вынаходніцкай дзейнасці. He выпускаючы з рук уласны лёс, гэты незвычайна адораны чалавек вырас у грамадзяніна свету, выдатнага вучонага, аддаў сваім талентам належнае Амерыцы і застаўся сапраўдным беларусам, захоўваючы лепшыя рысы нацыянальнага характару.
    Сам Барыс Уладзіміравіч разважае так: «Я ўдзячны Амерыцы, што яна заўважыла, падтрымала, дазволіла раскрыць здольнасці, якія былі ў мяне. А што яшчэ трэба чалавеку? I што б хто ні казаў, а дэмакратычныя традыцыі там ёсць. Я пераканаўся, што гэтая краіна падтрымлівае дэмакратыю ў сябе і ва ўсім свеце. У мяне пашпарт грамадзяніна ЗША, але не лічу сябе беларускім амерыканцам. Я амерыканскі беларус».
    У той гаворцы Кіт выйшаў і на яшчэ адну важную тэму: «У любой справе нехта павінен рызыкаваць, станавіцца пачынальнікам. Успамінаю, як арганізоўвалі беларускую школу, ратавалі яе, як шчыравалі ў даследчых лабараторыях, і ганаруся, што ішоў у шэрагах першапраходцаў. Потым справа рухалася далей, пашыралася, да яе далучаліся новыя людзі,
    але мы былі першымі. Гэтае адчуванне заўсёды падбадзёрвае мяне, малодзіць душу, дазваляе лічыць, што жыццё не прайшло марна».
    Выходзім утраіх з Хілтан-атэля на вуліцу. Мы з Ліляю прапаноўваем: «Барыс Уладзіміравіч, давайце правядзем вас дахаты». Але Кіт хітраватаіранічна ўсміхаецца: «Дарма баіцеся за старога. He трэба. Ну, хіба што да метро. Я яшчэ сілы маю, каб стаяць на зямлі. I нават у скокі магу пайсці». He зважаючы на прахожых, Барыс Уладзіміравіч па-маладому прытупвае нагамі, нібыта і сапраўды станцуе зараз тут, на тратуары. I гэта на сотым дзесятку гадоў! Як не захапляцца такім жыццялюбам і аптымістам!
    Калі я чытаў і рыхтаваў да друку ў часопісе «Полымя» рукапіс аповедаў Барыса Кіта «Цярновы шлях» у запісе Васіля Быкава, то часта спыняўся на нейкім радку і думаў: «Гэтага жыццёвага матэрыялу хапае на дзесяткі аповесцяў, кінафільмаў. А яшчэ кожны эпізод тут бачыцца, як дакор нам, сённяшнім беларусам, запалоханым, знявераным і разгубленым».
    Многія народы дасюль яшчэ шукаюць сабе прытулак у свеце, сваю запаветную зямлю — і не знаходзяць. Мы ж даўно яе маем, ды ніяк не можам зразумець, усвядоміць розумам, адчуць сэрцам і душою, што Беларусь — гэта наш Дом назаўсёды, гэта нашыя доля і воля. Пакуль што вялікая частка беларусаў, якая жыве на сваёй зямлі, — бежанцы. Бежанцы ад роднай мовы і песні, ад спаконвечных народных традыцый, ад саміх сябе. Людзі не ўспрымаюць тое, што адбываецца з дзяржавай, з грамадствам, як уласны лёс. Яны паводзяць сябе так, быццам гандаль незалежнасцю Беларусі, наступ на чалавечыя свабоды і правы тычацца некага, толькі не іх.