Барыс Кіт — Грамадзянін свету
Выдавец: ГА БелСаЭС “Чарнобыль”
Памер: 432с.
Мінск 2004
Падручнікаў, апрача фізікі, хіміі і алгебры, менскага выдання зусім не было. Даводзілася пісаць канспекты ў часе лекцыяў. Дзімітрыеў таксама практыкаваў мастацтва ашчаджання словаў. Прыйшоўшы з інстытута, трэба было перапісаць канспект. Перапісваючы, я часта стараўся змяніць, выкінуць або дадаць хоць адно слова, але гэта мне ніколі не ўдавалася. Дзімітрыеў дасканала ведаў ангельскую і нямецкую мовы і добра гутарыў па-беларуску.
Чалавекам, што прышчапіў нам любасць да беларускай мовы, быў выкладчык беларускай літаратуры Янка Давідовіч. Гэта быў таксама педант, ён густоўна апранаўся і вельмі карэктна трымаўся. Гутарыў крыштальна чыстай літаратурнай мовай, вымагаў гэтага ад усіх нас, і мы старанна яму наследавалі. Ён прымушаў нас чытаць, і кожны другі тыдзень выклікаў, каб папытацца, хто што за апошні час прачытаў. Аднойчы выклікаў адну паненку і спытаў, што прачытала, а яна — «Самотнэ душэ». Відавочна абураны, настаўнік павышаным тонам сказаў: «Чытай Сянкевіча, Гогаля, Талстога, а «Самотнэ душэ» пакінь, бо сама такою застанешся..
Беларускую мову выкладала Вольга Пагуда — прыгожая сінявокая бландынка, у якую ўсе мы, хлопцы, былі закаханыя. На пачатку 1944г. яна перажыла асабістую трагедыю. Ёйны нарочаны, Юльян Саковіч, афіцэр Беларускай краёвай абароны, быў сярод белага дня застрэлены ў Лідзе польскім падполлем. Ох, як відавочна завяла гэтая сінявокая кветка!
Выкладчыкам гісторыі быў дацэнт Менскага універсітэта Макарэвіч. Ён таксама пацярпеў, бо ў першыя дні вайны бомбай была забітая ягоная жонка, і ён жыў у Маладзечне з 9-гадовай дачушкай. Чалавек вельмі таварыскі, мог нават даць закурыць старэйшым вучням, але на занятках быў вельмі патрабавальны.
Другім выкладчыкам гандлю быў Шчасны з Наваградчыны. Ён скончыў вышэйшую гандлёвую школу ў Варшаве, ведаў ангельскую і нямецкую мовы, але сваёй карыстаўся не зусім добра, часта ўжываючы дыялектызмы. Ён казаў «чатэры» — гэтак мы яго і празвалі.
Пры інстытуце быў гурток мастацкай самадзейнасці, а таксама літаратурны гурток, да якога належалі не толькі студэнты, але і аматары пяра з ваколіцаў. Гэтымі гурткамі кіраваў школьны інспектар Магер. 3 восені 1943 года ў інстытуце выкладаў ігру на піяніна і скрыпцы расійскі кампазітар і віртуоз-скрыпач Камароўскі. Яго з лагеру ваенна палонных нейкім чынам вырваў наш дырэктар Барыс Кіт, і ён часта даваў канцэрты класічнай музыкі на скрыпцы пад акампанемент сваіх вучаніц.
Багатая на падзеі была восень 1943 г. Адным прыгожым днём у інстытут прыехаў акруговы кіраўнік Саюза беларускай моладзі Пятро Сценнік. Мы сабраліся на інстытуцкім пляцы і ён выступіў з патрыятычнай прамовай, змест якой зводзіўся да звароту марша Саюза беларускай моладзі:
Сёння сілы маладосці
Сорам дома марнаваць. трэба шчыльнымі радамі йсьці Радзіму будаваць!
I пайшлі... Пайшлі ўсе да аднаго! Змагаліся за незалежнасць Бацькаўшчыны як толькі маглі, але час быў неспрыяльны для беларусаў...
Пра далейшую долю настаўнікаў Маладзечанскага гандлёвага інстытута ведаю мала, а многія студэнты толькі за тое, што вучыліся пры чарговай акупацыі або належалі да Саюза беларускай моладзі, пасля вайны адразу трапілі пад сталінскія рэпрэсіі.
Дзякаваць Богу, што ў вольным свеце апынуўся наш былы дырэктар, прафесар Барыс Кіт, цяпер навуковец міжнароднай славы.
Нашае знаёмства працягваецца і сёння, хоць жывём мы на розных кантынентах — я ў далёкай Аўстраліі, ён — бліжэй да Беларусі — у Еўропе. I кожны раз, калі размаўляем з ім па тэлефону, калі чую яго мілагучны, радасны голас — прыспешана б’ецца сэрца, быццам апынуўся я ў тым трывожным часе — часе змагання і нацыянальнага ўздыму беларускага народа і нашага ў ім юнацкага ўдзелу.
Слава Лягенчанка
Mae сустрэчы з чалавекам-легендай
«Паздароў, Божа, Вялікага Чалавека нашага! Маці-Беяарусі вельмі псітрэбны ягомоц іздароўе».
Ніл Гілевіч.Менск, 23.09.94 г.
Пра яго напісана каля трохсот артыкулаў, яму прысвечана шмат вершаў (В. Іпатава, Р. Барадулін і інш.), кінафільм «Душа — не падарожніца».
Аб ім напісалі кнігі знакаміты Васіль Быкаў, вядомыя кіты ў «кітазнаўстве» Лідзія Савік, Волыа Іпатава, Аляксей Анішчык і шмат іншых аўтараў.
Ён — прафесар многіх замежных універсітэтаў, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі (Парыж), віцэ-прэзідэнт Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (Масква), доктар філасофіі ў галіне матэматыкі ад нямецкага універсітэта ў Рэгенсбургу, заслужаны і ганаровы прафесар амерыкан-
СлаваЛягенчанка. Сідней, Аўстралія
скага універсітэта штата Мэрыленд, ганаровы доктар навук беларускага універсітэта ў Горадні, ганаровы грамадзянін горада Наваградка.
Ён з’яўляецца адным з вядучых амерыканскіх даследнікаў у галіне ракетных паліваў, які першы ў астранаўтыцы напісаў падручнік па гэтых тэмах.
Яго называюць беларускім выгнаннікам, грамадзянінам свету, чалавекамлегендай.
Хто ён, гэты былы карэліцкі хлопчык, нашчадак сялянскага роду, наш беларускі Ламаносаў?
Гэта — чалавек свету, беларус па паходжанні Барыс Уладзіміравіч Кіт.
На жаль, гэта імя на яго Бацькаўшчыне вядома менш, чым за мяжой. Я таксама мала чаго ведала аб ім яшчэ
шэсць гадоў таму, пакуль па волі лёсу не трапіла на жыхарства ў далёкую Аўстралію. Тут, у Сіднэі, у беларускім грамадска-культурным клубе, я пазнаёмілася са шчырымі беларусамі. Я адразу ўключылася ў грамадскую дзейнасць: была выбрана ў дырэктарат клуба, пачала працаваць на беларускім радыё SBS. Старшыня клуба Міхась Лужынскі, вельмі адукаваны і адданы беларускай справе чалавек, аказаўся былым вучнем Барыса Уладзіміравіча Кіта па Маладзечанскай адміністрацыйна-гандлёвай школе. Там у 1943-1944 гг. Барыс Уладзіміравіч працаваў выкладчыкам і дырэктарам.
Міхась Лужынскі шмат расказаў мне аб нашым знакамітым суайчынніку, а таксама даў мне пачытаць усе публікацыі аб ім, якія меў сам. А восенню 1999 года, калі я паехала ў Франкфурт, каб наведаць сваю дачку, ён даў мне даручэнне наведаць свайго настаўніка.
Прызнацца, я вельмі хвалявалася перад нашай першай сустрэчай. He таму, што я ніколі не мела сустрэч са знакамітымі людзьмі. Дзякуючы маім бацькам і сваякам я з маленства сустракалася са многімі вядомымі дзеячамі навукі і культуры, у тым ліку з Якубам Коласам. А пазней, калі я працавала на пасадзе загадчыцы аддзялення Рэспубліканскага шпіталя інвалідаў Айчыннай вайны, а потым на пасадзе галоўнага даверанага ўрача Рэспубліканскага Савета прафсаюзаў працоўных абароннай прамысловасці, мне нават давялося некалькі разоў сустракацца і гутарыць з Пятром Міронавічам Машэравым. А вось з чалавекам сусветнага рангу я сустракалася ўпершыню.
Які ён, гэты чалавек — легенда? Ён прадстаўляўся мне нейкім недасягальным гігантам. I вось ён перада мной: добры, маладжавы (у свае амаль што 90 гадоў) твар, жвавы позірк маладых вачэй, хуткая паходка, ды ... неверагодная прастата.
Сапраўды, як кажуць, усё вялікае — простае. Барыс Уладзіміравіч аказаўся настолькі гасцінным, што адразу запрасіў мяне, а таксама маю дачку з усёй яе сям’ёй у рэстаран. Ён валодае многімі замежнымі мовамі, і, на зайздрасць многім беларусам на Бацькаушчыне, прыгожай беларускай мовай у дасканаласці. Ён, як так званая «хадзячая энцыклапедыя», ведае пра ўсё. Ён расказаў нам пра гісторыю наваколля Франкфурта, у прыватнасці, Бад Хомбурга, дзе жылі і тварылі Тургенеў, Дастаеўскі і інш.
Барыс Уладзіміравіч таксама цікавіўся беларускімі справамі ў Аўстраліі і на беларускім радыё «Свабода», якое я наведала напярэдадні ў Празе. Яго светлы розум, прыроднае пачуццё гумару рабілі нашыя размовы цікавымі і карыснымі. Мы рассталіся добрымі сябрамі, у нас завязалася
перапіска. Ён прыслаў мне свой юбілейньг альбом і некалькі кніжак. А я пасылала яму аўстралійскія календары і сувеніры.
Па прыездзе дадому я выступіла ў беларускім клубе з расказам пра жыццёвы і творчы шлях нашага знакамітага земляка, чытала прысвечаныя яму вершы Вольгі Іпатавай.
У другі мой прыезд у Франкфурт у 2001 годзе Барыс Уладзіміравіч ужо сустракаў мяне. На гэты раз я была зусім падкаваная ў сваіх ведах аб яго жыцці і творчасці. Але ж мне стала вядомым многа чаго новага. У працэсе нашых гутарак высветлілася, што Барыс Уладзіміравіч вельмі ганарыцца сваім амерыканскім грамадзянствам. Таму што, «гнаны бальшавіцкай навалай з Бацькаўшчыны», — як гэта пісаў Васіль Быкаў, — «ён блукаў па Еўропе ў пошуках прыстанішча». А знайшоў яго ў Амерыцы, якая першая ацаніла яго талент і дапамагла поўнасцю рэалізаваць свае здольнасці. Але ж яго сэрца заўсёды рупілася пра сваю Маці-Беларусь.
Наша сяброўства прадаўжалася. Восенню 2003 года мне давялося больш часу праводзіць у кампаніі Барыса Уладзіміравіча, чым у мінулыя гады. I тут высветлілася яго надзвычайная шчодрасць. Ён лічыць за свой абавязак прымаць і апякаць усіх беларусаў і членаў іх сямей, якія наведваюць Франкфурт. He абмінуў ён сваёй апекай і мяне, калі я мела непрыемнасці праз сямейныя справы маёй дачкі.
У яго франкфурцкай невялічкай кватэры пабывалі многія беларусы з Баць-каўшчыны, у тым ліку і наш знакаміты навуковец Платонаў. Шмат дзён правёў у Франкфурце побач з Барысам Уладзіміравічам наш выгнаннік Васіль Быкаў напрыканцы свайго жыцця.
Барыс Уладзіміравіч ганарыцца сваімі шматлікімі вучнямі. Ён кажа, што перадаваў свае веды ад аднаго пакалення — наступнаму, і гэта з’яўляецца, на яго думку, ягоным найбольшым укладам як для Беларусі, так і для Амерыкі.
А найбольш ён ганарыцца тым, што нарэшце яго прызналі на Бацькаўшчыне, і ён быў абраны ганаровым прафесарам беларускага універсітэта ў Горадні, а таксама ганаровым грамадзянінам горада Наваградка, дзе ён у свой час працаваў дырэктарам беларускай гімназіі. Цяпер ён разгарнуў дзейнасць па выпуску кнігі да свайго 95-гадовага юбілею. Адна з яго мар — адкрыццё гуманітарнага універсітэта ў Наваградку.
Адкуль такая энергія, ясны розум і здольнасці ў яго гады?!
На гэтае пытанне я маю сваю меркаванне з пазіцыі ўрача-псіхатэрапеўта. Я лічу, што тут маюць вялікі ўплыў яго пастаянная праца над сабой, кіпучая грамадская дзейнасць і актыўны лад жыцця. Вялікую ролю, на мой погляд, адыгрывае таксама той факт, што амаль 30 год жыцця
Барыса Уладзіміравіча звязаны з Тамарай Казевіч — маладой, прыгожай, высокаадукаванай, таленавітай жанчынай. 3 ёй звязаны ўвесь яго Франкфурцкі перыяд жыцця. Яна з’яўляецца яго спадарожніцай, сяброўкай і сакратаркай. Можна толькі пазайдросціць ёй, калі бачыш, як кожны дзень пасля 16.00, дзе б ні знаходзіўся Барыс Уладзіміравіч, ён, як малады рыцар, спяшаецца на спатканне са сваёй Тамарай. Але галоўным фактарам актыўнага даўгалецця Барыса Уладзіміравіча, лічу я, з’яўляецца яго характар.