Беларусь-Японія Матэрыялы Другіх міжнар. чытанняў, прысвечаных памяці Іосіфа Гашкевіча

Беларусь-Японія

Матэрыялы Другіх міжнар. чытанняў, прысвечаных памяці Іосіфа Гашкевіча
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 400с.
Мінск 2003
97.19 МБ
Элементы японскіх садоў даволі шырока выкарыстоўваюцца пры разбіўцы паркаў, у афармленні гарадскіх куткоў прыроды і ў іншых краінах. Звернемся да аднаго прыкладу: асіметрычна раскіданыя вялікія камяні ў ландшафце. Магчыма, гэта таму шырока ўвайшло ў нашу новую ландшафтную архітэктуру, што яно характэрна для беларускіх пейзажаў, сфарміраваных ледавіком. Акрамя таго, у беларусаў заўсёды абагаўляліся валуны, многія з якіх лічыліся свяшчэннымі. Тым не менш, многія з нас яшчэ, напэўна, памятаюць час, калі ўявіць вялікія камяні ў афармленні садоў і сквераў было немагчыма. Тады панаваў жорсткі прынцып класічнай сіметрыі.
3 раслінамі ў Японіі звязаны яшчэ адзін від мастацтва — бансай. Гэта таксама частка традыцыйнай культуры японцаў, народжаная любоўю да прыроды і ўменнем разумець дэталі. Па адным невялічкім дрэве, пасаджаным у вазон, можна здагадацца пра грандыёзнасць прыроды. Бансай — зусім маленькія дрэўцы, але вельмі старыя. Мініяцюрная расліна мае ўсе элементы старога дрэва ў яго натуральным выглядзе. Больш за тое, людзі, якія разумеюць бансай, гавораць, што яны адчуваюнь і асяроддзе вакол дрэва: бязмежную раўніну, гай ці бераг мора. Некаторыя дрэўцы сімвалізуюпь пэўную пару года, іншыя ствараюць вобраз расліны, схіленай пад на­рывам ветру. Лічыцца, што вечны бансай у сваім павольным росце ўвасабляе незаўважны pyx у прыродзе і адзінства чалавека з ёю.
У офісах японскіх фірмаў заўсёды ёсць бансай, і чым больш аўтарытэтная фірма ці ўстанова, тым старэйшае дрэва. Ёсць унікальныя экземп­ляры, якім па 300-500 гадоў. Іх вырошчвалі пакаленні майстроў (гэта мас­тацтва перадаецца ад бацькі да сына). Бансай таксама прыйшло ў Еўропу і атрымала велізарную папулярнасць. Людзі цяпер усюды эксперыментуюць з мініяцюрызацыяй дрэў свайго рэгіёна. Існуе нават Сусветная федэрацыя сяброўства па бансай 16.
У Японіі пашыраны і культ чаю. Ён, безумоўна, прыйшоў з Кітая, але мастацтва чайнай цырымоніі належыць японцам. Ва ўсіх садах японскіх гарадоў, асабліва ў Кіёта, пабудавана мноства чайных домікаў
У чайным доміку звычайна збіраюцца не больш як пяць чалавек. Нават днём тут пануе паўзмрок. На кожным прадмеце — медным імбрычку, керамічных кубачках (усе розныя), драўляных лыжках і бамбукавым
16 Ясухико Исий. Бонсай: Живое искусство пускает корни // Фото-Япония. 1989. № 4. С. 25-29.
венчыку — адчуваецца пячатка часу. У прыгожай шкатулцы — зялёны (і толькі зялёны!) чай, перамолаты ў парашок, літаральна ў пудру. Ваду кіпяцяць на вуглях з галінак сакуры, а потым заварваюць і ўзбоўтваюць да ўтварэння пены. Hi цукру, ні варэння не ўжываюць. Сэнс цырымоніі ў сцвярджэнні прыгажосці сярод шэрасці будзёншчыны. Японцы любуюцца ўсімі прадметамі для пітва, а таксама рухамі распараджальніка цырымоніі. Усе рухі надзвычай вытанчаныя, і кожны з іх мае свой сэнс, пра які ведаюць не толькі японскія жанчыны, але і мужчыны. Існуюць нават школы, гурткі па вывучэнню чайнай цырымоніі. Ва універсітэтах чытаюцца лекцыі па гэтым рытуале.
Традыцыйныя і вельмі спецыфічныя мастацтвы Японіі сведчаць пра тое, што яе жыхары ставяцца да прыроды, да жыцця перш за ўсё як мастакі. Асноўныя законы існавання японцаў не толькі тычацца маралі, рэлігіі ці палітыкі, але абавязкова ўключаюць у сябе і нормы эстэтыкі.
Таццяна Кабржыцкая, Усевалад Рагойша (Мінск)
ЯПОНСКАЯ К АЗ К А МУЛЬТАТУЛІ I ЯЕ НАШАНІЎСКІ КАНТЭКСТ
Я а найбольш цікавых нашаніўскіх публікацый мастацкіх тэкстаў, тэматычна звязаных з Усходам, належаць «Казка аб японскім каменшчыку» і два творы са старажытнай кітайскай літаратуры. Аўтар апошніх выдатны пісьменнік Пу Сунлін. Напісанае ім залічваецца ў шэдэўры кітайскай навелістыкі.
Публікацыі кітайскіх твораў у газеце суправаджаліся наступнай інфармацыяй: «Для «Нашай нівы» з кітайскай мовы пераклаў прыват-дацэнт В. Аляксееў. М. Карлсберг Віленскай губерні Вілейскага павета». В. М. Аляксееў, будучи акадэмік-кітаязнавец, быў знаёмы з А. Уласавым, тагачасным рэдактарам-выдаўцом «Нашай нівы». Гасцюючы ў маёнтку А. Уласава, Аляксееў, безумоўна, дзяліўся з беларускім сябрам сваімі ўражаннямі ад нядаўняй паездкі ў Кітай (значна пазней, у 1958 г., у Маскве выйдзе асобным выданнем кніга В. Аляксеева «В старом Ки­тае. Дневники путешествия 1907 года»). Няма сумнення, што пераклады для «Нашай нівы» былі зроблены па просьбе Уласа­ва і не без яго ўдзелу. У далейшым усе свае пераклады з кітайскай літаратуры В. Аляксееў суправаджаў навуковымі каментарыямі. «Наша ніва», публікуючы кітайскія казкі (так у газеце абазначаўся жанр твораў) «Даос з гор Лао» (1910. №23-24. С. 357-360) і «Гульня мячом у падводным царстве» (1910. № 28. С. 423-426), не давала ніякіх тлумачэнняў. Аднак выдаўцы, разумеючы, наколькі складаным для нашаніўскага чытача будзе метафарычная экзатычнасць тэкстаў, насля першай публікацыі зрабілі прыпіску: «Гэта кітайская казка не такая простая, як можа каму здацца. Рэдакцыя просіць чытачоў добра над ёю падумаць і напісаць нам, хто як яе зразумеў, што гэтай казкай кітайцы хочуць сказаць, ці няма ў Евангеллі падобнай думкі? Наймудрэйшы I найлепшы адказ будзе надрукаваны ў «Нашай ніве». Другі твор суправаджала фотаілюстрацыя — «арыгінальны рысунак з кітайскім надпісам да гэтай казкі». Чытацкія водгукі на пераклады твораў з кітайскай кнігі «Тысяча апавяданняў Лао Чжай-чжы» на старонках «Нашай нівы» не зафіксаваны.
Зрэшты, сінкрэтызаваная міфалогія, згушчаная фантастыка, іранічная падсветка твораў без дадатковых тлумачэнняў, сапраўды, складаная для ўспрымання. Савецкая кітаістыка прайшла без малога стогадовы шлях, перш чым, узброеная глыбокім веданнем Усходу, змагла ў 80-х гг. XX ст. здзейсніць цікавейшыя грунтоўныя выданні «Возвращенная драгоценность. Китай­ские повести XVII века» і «Заклятье Даоса. Китайские повести XVII века» (абодва — Масква, 1982).
Узор японскай народнай мудрасці прадстаўлены «Казкай аб японскім каменшчыку». У «Нашай ніве» тэты твор змешчаны толькі з пазнакай яго аўтара: «Напісаў Мультатулі» (1911. № 22. С. 3). 1911 год прынёс чытачам беларускай газеты яшчэ два творы знакамітага еўрапейскага пісьменніка, якія, як паведамляла газета, пераклаў Власт. Вядома, што за гэтым псеўданімам стаіць сапраўднае імя Вацлава Ластоўскага. Лагічна меркаваць, што па яго ініцыятыве і ў яго перакладзе з’явілася ў «Нашай ніве» і «Казка аб японскім каменшчыку».
На жаль, удзел Ластоўскага ў станаўленні беларускага мастацкага перакладу абыдзены ўвагай даследчыкаў. Незакранутым застаўся гэты штрых у творчым партрэце актыўнага дзеяча беларускага адраджэння і ў салідным выданні «Выбраныя творы» В. Ластоўскага, што выйшлі ў вядомай серыі «Беларускі кнігазбор» (Мн., 1997. Укладанне, прадмова і каментар Я. Янушкевіча). А між тым нават пераклады з Мультатулі могуць быць выкарыстаны як пэўны інструмент для спасціжэння самавыяўлення арыгінальнай творчай асобы Власта — Ластоўскага.
Мультатулі (літаральны сэнс: той, хто шмат перажыў) псеўданім «блуднага сына» нідэрландскай літаратуры Эдуарда Даўэса Дэкера. Народжаны ў Амстэрдаме, ён каля 20 гадоў праслужыў у каланіяльнай адміністрацыі на Інданезійскіх астравах. Як пісьменнік Мультатулі выявіў сябе злым геніем роднай краіны. Будучы сам галандцам, Мультатулі пайшоў у атаку супраць уласнанацыянальнага, галандскага каланіялізму і ў аўтабіяграфічным рамане «Макс Хавелаар, ці Кафейны аукцыён нідэрландскага гандлёвага таварыства», і ў сатырычнай публіцыстыцы «Размовы з японцамі», «Гутаркі», і ў шматлікіх жанрах малой формы. Пра яго пісалі як пра непераўзыдзенага майстра «разбураць, вызваляць, абнаўляць». Уласцівая Мультатулі фрагментарнасць выкладу, сінкрэтызм розных сюжэтных планаў і стылёвых адзнак рабілі яго малыя па памерах творы мабільнымі — як водгукі на праблемы грамадства, і адначасова вельмі змястоўнымі. Гэтыя якасці бліскуча засведчаны ў нашаніўскіх творах нідэрландскага пісьменніка. У Расіі першым выданнем Мультатулі з’явіліся «Повести, сказки, леген­ды». Верагодна, што менавіта на падставе гэтага выдання, якое ўбачыла свет у Пецярбургу ў 1907 г., нарадзіліся беларускія пераклады.
Пры бліжэйшым знаёмстве з творамі прыходзім да пераканання, што казкамі іх можна назваць толькі ўмоўна. На самой справе гэта кароткія апавяданні, у якіх павучальны змест перадаецца праз прыхаваную
алегорыю. Аповед ва ўсіх творах, перакладзеных для «Нашай нівы» з Мультатулі, не мае храналагічных прыкмет. Алегарычнасць, выразна скіраваная на мараль, а таксама парабалічнасць кампазіцыі характарызуюць гэтыя творы як прытчы. Два апошнія сюжэтна-алегарычныя творы маюць у тэкстах выдзеленыя курсівам ключавыя словы, якія дапамагаюць раскрыццю іншасказальнасці. Вырастаючы з канцэпцыі рамантычнага гуманізму, ідэйны змест прытчаў, сэнсавая рацыянальная аснова робяць гэтыя творы заўсёдна і паўсюдна актуальным!. Так, пазбаўленыя тэрытарыяльна-побытавых падрабязнасцяў, нацыянальна-гістарычных і часавых прыкмет, тэксты «Два браты» (1911. № 12. С. 167) і «Сястра і браты» (1911. № 23. С. 293) выводзяць чытача за межы канкрэтных унутрысямейных узаемаадносін і раскрываюць праблемы ўзаемадачыненняў паміж народамі і нацыямі ў агульнай сям’і чалавечай цывілізацыі.
Паводле прытчаў браты, самі атрымаўшы пэўныя веды і ўменні і апярэдзіўшы сястру ў сваіх памкненнях выйсці ў свет, пазбаўляюць дзяўчыну права «ведаць, разумець і жадаць» на той, прыдуманай імі, падставе, што «ёй гэтага не паложана». На ўзаемаадносіны малодшага і старэйшага братоў паўплываў прагматизм звярынага царства. Старэйшы брат убачыў, як дужы леў з’еў горную казулю. «Дзяцюк падумаў трохі, аглядаючы свае рукі: яны былі доўгія і моцныя. Паказаліся яны яму здатныя... I пастанавіў зрабіць меншага брата сваім слугой. I зрабіў. I з таго часу меншы брат служыў большаму, але не цешыўся з думкі, каторую большы брат пераняў у звера». Канцоўка твора канстагуе сумную рэчаіснасць: «I так асталося да сённяшняга дня...»
Власта, безумоўна, захапіла вальнадумства Мультатулі, а таксама лаканізм мастацкіх прыёмаў рэалізацыі думкі. Перакладаючы, Ластоўскі і сам фарміраваўся як пісьменнік: менавіта ў тэты час ён пачынае выяўляць свой талент майстра малой прозы у абразках, казках, легендах, прыпавесцях.
У творы «Казка аб японскім каменшчыку» тэрытарыяльная прывязка ўсё-такі зроблена. Здаецца, яна выступае ўсяго адзін раз праз канкрэтны прыметнік «японскі», вынесены ў загаловак. Такім чынам, тэты твор мае абагулены характар, як і ў папярэдніх прыкладах, яго змест набліжаецца да нейкага сімвалічнага гучання. Аднак у «Казцы» пры больш глыбокім прачытанні можна-такі знайсці прыхаваныя сувязі з японскай міфалогіяй. Найперш варта звярнуць увагу на ўключанасць у аповед скалы-гары. Японская касмалогія разумела сусвет у выглядзе вертыкалі, яна складалася з гары і шасці сігуацый пераўтварэння людзей, у якіх памерлыя знаходзіліся ў залежнасці з іх маральнымі заслугамі. У «Казцы» менавіта шэсць разоў было дазволена каменшчыку змяніць свой воблік, і ён зноў вярнуўся на зямлю і зрабіўся чалавекам. За гэтым сюжэтным ходам прасочваецца навейшая для японскай міфалогіі адметнасць, калі канчатковай мэтай існавання чалавека аб’яўлялася не нірвана, а адраджэнне ў заходнім раі «чыстай зямлі».