Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Мінск, 7-11 верасня 1998 г.)
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 448с.
Мінск 1998
" Брага С. Міцксвіч і бсларуская плынь польскас літаратуры. New York, 1957.
292
Мірдза Абала (Рыга)
АДАМ МІЦКЕВІЧ У ЛАТВІІ
У Латвіі жывая цікавасць да Адама Міцкевіча, да польскай літаратуры наогул, пачыналася ў другой палове мінулага стагоддзя, асабліва ў 90х гг., калі ўзнік рух прагрэсіўнай інтэлігенцыі “Новая плынь” і літаратурнае жыццё ажывілася. Што імя А. Міцкевіча ў той час не было чужым, сведчыць артыкул Ф. Бергманіса ў часопісе “Рота” (“Убор”). У 1886 г. выйшаў кнігай эпас Ю. Крашэўскага “Вярба, герой старажытных літоўцаў”. У рэцэнзіі Ф. Бергманіс піша, што ў жанры рамана няма роўных аўтару, але ў паэзіі ён не можа мерацца з такімі свяціламі, як А. Міцкевіч і Ю. Славацкі. Значыцца, імя А. Міцкевіча на той час ужо было вядома. Гэта засведчылі і матэрыялы Музея літаратуры і мастацтва Я. Райніса. Там захаваўся сшытак сясцёр Я. Райніса — сшытак “Паэзія” Лоры і Лізы. Між вершамі рускіх і нямецкіх паэтаў там і вершы А. Міцкевіча, фрагменты з паэмы “Дзяды”. Аўтар упамянуты як блізкая асоба — “A. М.” і “Адам”. Гэта сведчыць, што ў сям’і Я. Райніса сутыкненне з польскай мовай, з польскай паэзіяй, асабліва з Міцкевічам, было ўжо ў яго дзяцінстве. У 1895 г. у “Маяс Віеса Менешракстс” (“Часопіс дамашняга госця”) быў надрукаваны ўсебаковы агляд жыцця і творчасці А. Міцкевіча, напісаны літаратурным крытыкам Теадорам Зейфертам. Ен прызнае, што А. Міцкевіч — выдатная з’ява літаратуры, геній, які цесна звязаны задачамі свайго часу, што ён не толькі выдатная асоба польскай літаратуры, але і вялікі паэт славян.
Першым актыўнейшым папулярызатарам паэзіі А. Міцкевіча ў Латвіі на пераломе XIX і XX ст. з’яўляецца паэт Судрабу Эджус. У 1896 г. у “Часопісе дамашнага госця” надрукаваны яго пераклад верша “Blogo temu, kto w twojej pami?ci utonie”, a ў літаратурным дадатку газеты “Маяс Віесіс” (“Дамашні госць”) верш “Аркімайстар”, фрагменты паэмы “Конрад Валенрод” і баладная паэма “Мне падабаецца”. У 1897 г. у чатырох нумарах “Часопіса дамашняга госця” надрукаваны шырокі агляд жыцця і творчасці А. Міцкевіча, напісаны Судрабу Эджусам і некаторыя вершы польскага паэта ў яго перакладзе. У канцы агляду Судрабу Эджус піша: “Як чалавек ён быў знаёмы з несапсаванай, высокай і загартаванай натурай, як грамадзянін горача любіў зямлю бацькоў, але агульную карысць ставіў вышэй сваёй, як паэт найлепш апяваў уласцівасці, погляды, адчуванні і пакуты польскага народа, [...] ён заснаваў палякам пісьменнасць навейшага часу, рабіў іх вядомымі ва ўсім цывілізаваным свеце, і таму мільёны сэрцаў акружаюць яго не толькі з праслаўленнем, але яшчэ і з любоўю”.
У 1898 г., у стагоддзе з дня нараджэння А. Міцкевіча, у гэтым жа часопісе ў перакладзе Судрабу Эджуса надрукаваны верш “Вячэрні час”, цераз год у трох прадаўжэннях — чацвёртая частка паэмы “Дзяды”, а ў часопісе
293
“Ауструмі” (“Усход”) — фрагменты з чацвёртай часткі паэмы “Пан Тадэвуш” і адзін з вершаў. Польскі літаратуразнавец Ксаверый Свяркоўскі ў 1932 г. прызнаў, што пераклады Судрабу Эджуса дакладныя, па форме майстэрскія, што ён добра ведае мову арыгінала.
Рэвалюцыя 1905 г., Першая сусветная вайна прыпынілі распачатае фарміраванне літаратур “маладых” народаў. З’яўляюцца пераважна выпадковыя пераклады. У 1905 г. часопіс “Апскатс” (“Агляд”) друкуе пераклад паэмы “Конрад Валенрод” у прозе і невялікі, не вельмі ўдалы яе пераклад у вершах. У 1908 г. у вольнай вершаванай форме надрукаваны яшчэ адзін пераклад “Конрада Валенрода”, годам пазней — пераклад верша “Рускім сябрам”, а ў 1916 г. у перакладзе пісьменніка Яна Эзерыня — балады “Тры Будрысы” і “Ваявода”. Паэт і перакладчык Язэп Османіс ацэньвае яго пераклады як удалыя, піша, што яны дакладна перадаюць змест і старажытны каларыт.
У 20х і 30х гг. Латвія арыентавалася на Захад. 3 славянскіх моваў у гэты час перакладаў было мала. У 1924 г. у газеце “Брыва земе” (“Свабодная зямля”) з’яўляюцца пяць “Крымскіх санетаў”, а годам пазней газета “Латвіетыс” (“Латыш”) паўторна друкуе баладу “Ваявода” ў перакладзе Я. Эзерыня. Польскі літаратуразнавец К. Свяркоўскі ў артыкуле “Міцкевіч палатышску” піша: “Цяпер ніхто творы Міцкевіча не перакладае, бо няма ведаючых польскую мову” 1. Сітуацыя мяняецца ў канцы 30х гг. У 1937 г. у перакладзе паэта Карла Круза выходзіць анталогія “Полю дзея” (“Польская паэзія”), у якой сярод ста пяці паэтаў найбольш шырока прадстаўлены А. Міцкевіч — сарака двума вершамі. Некаторыя з іх на латышскай мове надрукаваны тут у першыню. Я. Османіс пісаў пра анталогію: “1 грамадскія, і глыбока патрыятычныя вершы (“Ода да маладосці”, “Маціполька”, “Песня падарожнікаў” і інш.), лірыка філасофская, лірыка кахання і прыроды, “Крымскія санеты” ў гэтым выданні дазваляюць адчуць подых паэзіі Міцкевіча вельмі пераканаўча, таму што паэтычныя пераклады амаль усе былі зроблены з вялікай павагай і на высокім мастацкім узроўні, нягледзячы на тое, што над імі працавалі адно лета” 2. У ўступным слове С. Кальбушэўскага значнае месца было адведзена А. Міцкевічу. Ён пісаў: “Найпрыгэжейшую эпоху развіцця польскай паэзіі адкрыў вялікі польскі геній Адам Міцкевіч. Важаты плыні рамантызму, ён становіцца народным важатым”5.
Моцна прагучала імя А. Міцкевіча ў Латвіі ў 1940 г., у час 85х угодкаў з дня яго смерці. У Рызе адбыўся вечар яго памяць. Усе перыядычныя выданні надрукавалі публікацыі пра А. Міцкевіча. Таксама ў наступныя гады
' Pamictnik Litcracki. Т. 29. 1932. S. 122.
2 Adam MickicviJs Latvija // Karogs. 1974. Nr. 1. 155. 1pp.
' Po|u dzcja. Kar|a Kriizas tulkojuma. Riga, 1937. 8. 1pp.
294
дзейнасць польскага паэта была ў полі зроку ў Латвіі. Так, у 1945 г. у газеце “Літаратура ун максла” (“Літаратура і мастацтва”) быў надрукаваны сардэчны нарыс Яна Судрабкална ў сувязі з 90годдзем з дня смерці А. Міцкевіча, агляд Карліса Эгле пра пераклады вершаў А. Міцкевіча на латышскую мову.
У 1947 г. выходзіць пераклад паэмы “Конрад Валенрод”, які зрабіў Канстантынс Айзпурс. Я. Османіс пра яго піша: “Пераклад лексічна багаты, і адлюстраванне барацьбы старажытных прусаў вельмі дынамічнае, паказ характараў вытрыманы з манументальнай цвёрдасцю арыгінала, паспяхова адлюстравана, адначасова з графічнымы малюнкамі дадзена ўзнаўленне гістарычнага каларыта, з перадачай маляўнічага ліраэпічнага гучання старажытнасці”4.
Вельмі шырока адзначалася 148 гадавіна з дня нараджэння А. Міцкевіча. У перыёдыцы з’явіліся артыкулы перакладчыкаў з польскай мовы, артыкулы іншых аўтараў, яны істотна наблізілі вялікага паэта да чытачоў.
У 1957 г., перад 160годдзем А. Міцкевіча, выйшла “Выбранае” яго паэзіі з пасляслоўем В. Мельніса — перакладчыка з польскай мовы і крытыка. У пасляслоў’і дадзены шырокі агляд жыцця паэта і аналіз яго твораў. У перакладах К. Круза, Ю. Бірзвалка, К. Аізпура, А. Веяна, Я. Османіса сюды ўключаны самыя значныя вершы, санеты, балады і рамансы.
У 1964 г., чакаючы 110 гадавіны з дня смерці А. Міцкевіча, у перакладзе Я. Османіса ў дзесяці тысячах экземплярах выходзіць самы выдатны твор Міцкевіча — паэма “Пан Тадэвуш”. Перакладчык пра гэта расказвае: “У гады студэнцкія, на пачатку пяцідзеятых гадоў, дзякуючы Алісе Элсіняй, якая ўклала анталогію “Лірыка народаў свету”, у мяне ўзнікла магчымасць перакладаць паэзію польскіх аўтараў. Большую частку раздзела польскай лірыкі перакладаў я, прытым паралельна пачаліся ўжо спробы перакладаць “Пана Тадэвуша”. Калі я скончыў універсітэт, ад калег, рэдактараў рэдакцыі мастацкай літаратуры Латвійскага дзяржаўнага выдавецтва атрымаў цудоўны падарунак — мініяцюрнае выданне “Пана Тадэвуша” ў скураным пераплёце. Я ўсюды насіў яго з сабой, як малітоўнік. У мяне ўвесь час спела жаданне перакласці штонебудзь вялікае, значнае. Гэта мог быць “Пан Тадэвуш”. Так думаў і рэдактар рэдакцыі, паэт Бруно Саўліціс, калі даверыў мне гэтую працу. Ужо ва універсітэцкія гады я пераклаў уступ і некалькі фрагментаў. Тады, працуючы рэдактарам ў выдавецтве, я працягваў пачатую работу далей. У 1959 г. пайшоў з рэдакцыі, каб пасапраўднаму мог працаваць над “Панам Тадэвушам”. У 1962 годзе я працу скончыў і аддаў ў выдавецтва. Вельмі ўдалая была мая першая паездка ў Польшу ў 1961 годзе, паездка, якую ўзбудзіў “Пан Тадэвуш”. У Кракаўскім анты
4 Adams Mickicvics Latvija // Karogs. 1974. Nr. I. 155. Ipp.
295
кварным магазіне я купіў грунтоўнае выданне “Пана Тадэвуша”, вялікага фармата, з гравюрнымы ілюстрацыямі Эльвіра Андрыёлі. Мне паказалася, што яны падыходзяць для рэпрадукцый... 3 імі ў 1964 годзе выйшла латышскае выданне.
Каб перакладаць “Пана Тадэвуша”, мне трэба было вельмі многа чытаць, выявіць, шукаць у мастацкай літаратуры, на старонках навуковых кніг, у музеях. Я спецыяльна пабываў у роднай старонцы Адама Міцкевіча, у наваколлі Навагрудка, пабываў ў літаратурным музеі Варшавы. Каб перакласці дваццаць вершаваных радкоў, у якіх трыццаць назваў грыбоў, прыйшлося шукаць іх назвы, выявы гэтых грыбоў. Вельмі дапамаглі каментарыі С. Піганя — польскага літаратуразнаўца — да “Пана Тадэвуша”.
Рэцэнзент Ж. Ігнатовіч ацаніў пераклад як вельмі ўдалы, адзначаўшы, што перакладчык захаваў рытм і форму арыгінала, што яму добра ўдалося перадаць партрэты людзей, паказаць Міцкевіча як цудоўнага пейзажыста, палітра якога мае шмат свежых фарбаў, якімі ён адлюстроўвае раскошу роднай прыроды. Я. Османіс добра ведаў польскую мову, бо яго маці была полькай.
За ўдалую, самааданую працу Я. Османіс у 1965 г. атрымаў ў Варшаве прэмію, а ў 1982 г., за пераклады з польскай мовы, яму прысуджаюць прэмію Еўрапейскага Саюза пісьменнікаў.
I ў дальнейшых гадах цікавасць да А. Міцкевіча не знікла. Ізноў і ізноў з’яўляліся артыкулы пра яго, дзе сцвярджалася, што яго літаратурная спадчына доўгадоўга будзе цікавіць чалавецтва. Ад прыроды А. Міцкевіч атрымаў два падарункі: незвычайную паэтычную сілу і магчымасць ахвяраваць увесь свой талент радзіме. Неўміруючы як паэт і як патрыёт, ён увайшоў не толькі ў польскую, але таксама ў сусветную гісторыю.
Джым Дынглі (Лондан)
АДАМ МІЦКЕВІЧ I ВЯЛІКАБРЫТАНІЯ
Тое, як успрымаюць паэта ў іншай краіне, часцей адлюстроўвае саму краіну, чымся таго ці іншага паэта. Хаця маё выступленне мае назву “Міцкевіч і Вялікабрытанія”, яно хутчэй пра Вялікабрытанію, чымся пра Міцкевіча. Мэта гэтага выступлення — даць агульную карціну таго, як чытацкая публіка ў Вялікабрытаніі стала знаёміцца з паэзіяй Адама Міцкевіча, і запрапанаваць некаторыя тлумачэнні, чаму яго паэзія мела тут такі малы водгалас у час яго жыцця.