Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Мінск, 7-11 верасня 1998 г.)
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 448с.
Мінск 1998
Даведаўшыся пра ўчынак пляменніка, сапраўдны гаспадар Руты, які ўвесь час жыў у СанктПецярбургу, падаў у суд скаргу і ў 1804 г. склаў завяшчанне, згодна з якім перадаваў Руту ў спадчыну свайму роднаму брату, маёру Раману Растоцкаму. Апошні ў той час знаходзіўся на ваеннай службе ў Саксоніі і не мог супрацьстаяць дзеянням М. Растоцкага, аднак перад смерцю завяшчаў маёнтак чацвярым сваім сёстрам.
399
Судовая справа пра валоданне маёнткам распачалася ў 1803 г. і цягнулася каля 30 гадоў. У 1829 г. было вынесена рашэнне адабраць маёнтак у М. Растоцкага, тым не менш справа працягвалася. У рэшце рэшт у 1834 г. Сенат праііанаваў перадаць чацвёртую частку маёнтка аднаму з сапраўдных спадчыннікаў — памешчыку Корчыцу (“Справа па спрэчцы паміж памешчыкам Корчыцам, Пшацлаўскім і Растоцкім аб м. Рута і Бабнева” ад 22 чэрвеня 1834 г. / 8 лютага 1835 г. — ф. 2, воп. 21, спр. 201).
Справа гэтая датуецца 1835 г., а з ліста А. Адынца да Ф. Міцкевіча ад 2 верасня 1836 г. даведваемся, што Растоцкі памёр. “Ведаю ад Адама, — пісаў Адынец, — наколькі Растоцкі быў дарагі для ўсіх вас”.
Застаецца дадаць, што дом, у якім жыў М. Растоцкі і ў якім часта бываў А. Міцкевіч, не захаваўся. Апошнія яго ўладальнікі, паны Пашкоўскія, загінулі ў 1939 г., а ў 4050я гг., пасля вайны, будынак разабралі вяскоўцы. На месцы гэтага дома на ўзгорку расце цяпер адзінокі клён, метраў на дзесяць разраслася шыпшына. Сціплыя яе кветачкі цвітуць кожны год, ствараючы своеасаблівы прыродны помнік паэту, крылы якога раслі і мацнелі менавіта ў гэтых мясцінах. А ў вёсцы Рута адна пажылая жанчына, паказаўшы ў бок выгану, сказала мне: “Вось там некалі былі могілкі, каля якіх у Міцкевіча зламалася брычка”. Слядоў гэтых могілак таксама не засталося. Але засталася цудоўная балада А. Міцкевіча, у якой ён увекавечыў Руту назаўсёды.
Уладзімір Навумовіч (Мінск)
АДАМ МІЦКЕВІЧ ЯК ЛЕКТАР
ВЫКЛАДАННЕ СЛАВЯНСКІХ ЛІТАРАТУР У КАЛЕЖ ДЭ ФРАНС
...Ад самай Божай раніцы каля Райцы і ў Туганавічах ляжыць густы і вільготны туман. Вераснёўскай бросняй ён спавівае дрэвы, павісае на прыдарожных кустах, слізкім смаўжом запаўзае ў лагчыны і ямы. У такую пару, на пачатку восені на зямлю Адама Міцкевіча прыходзіць слаўны юбілей паэта, наладжваюцца навуковакраязнаўчыя чытанні.
Што ж мы ведалі ў час вучобы ў школе і пасля яе пра А. Міцкевіча? Пра яго жыццё ў Навагрудку, частае наведванне Карэліцкіх мясцін? А ён жа хадзіў і ездзіў па той самай зямлі, па якой ходзім і ездзім сёння мы, бачыў тыя туманы ў нізінах, любаваўся краявідамі Райцы і Туганавіч, Варончы і Свіцязі. Адсюль ён адправіўся ў Вільню, у вялікі свет і з той пары толькі зрэдку бываў на сваёй “малой радзіме”. А. Міцкевіч — паэт, які належыць усяму чалавецтву, ён моцна звязаны з Расіяй, Еўропай. Але паэтам зрабіла Міцкевіча родная зямля, беларускі край.
400
Тут нарадзілася вялікае каханне паэта, якое ён пранёс праз усё жыццё, захаваўшы любасць і шчырасць, цеплыню, пяшчоту і замілаванасць. Менавіта ў час летніх канікулаў 1818 г. А. Міцкевіч, тады студэнт фізікаматэматычнага факультэта Віленскага універсітэта, пазнаёміўся з Марыляй Верашчака, наведаўшыся ў маёнтак Туганавічы, дзе жыла яна. Ён пакахаў яе без аніякай надзеі на ўзаемнасць, на асабістае шчасце. I было вяселле Марылі летам 1821 г., і былі новыя сустрэчы ў Бальценіках, пра якія наш універсітэцкі паэтпрафесар А. Лойка напісаў у сваім вершы як пра найвялікшую сусветную “тугу” паэта. Сапраўды, пакахаць — гэта крыху памерці... Пра сваю каханую геній польскай літаратуры будзе помніць заўсёды. Пачуццё жывіла душу паэта.
Гаворачы пра ролю творчага натхнення ў жыцці мастака, Я. Парандоўскі, польскі літаратуразнаўца, у кнізе “Алхімія слова” пісаў: “Міцкевіч быў паэтам усяго некалькі гадоў, і яны далі ўсё — ад балад да “Пана Тадэвуша”. Пасля гэтага ён заўсёды заставаўся паэтам, таму што “паэтычная творчасць складаецца не з адных толькі вершаў: ёю з’яўляецца і ўсё жыццё сапраўднага паэта”.
Яшчэ адна заўвага працытаванага аўтара цікавая для нас. Чытаем далей: “Аднак часцей за ўсё адбываецца так, што пісьменнік не ў стане ў час адмовіцца ад той справы, якую ён робіць...” Працавалі і працуюць дзенебудзь усе паэты. Служылі і служаць таксама амаль усе. Рэдка хто з творцаў пражыў толькі са свайго паэтычнага занятку. А. Міцкевіч — выдатны лектар, прамоўца, імправізатар, суразмоўца. Талент лектара і літаратуразнаўцы ў паэта выявіўся з асабліва вялікай сілай у той час, калі ён выкладаў гісторыю славянскіх літаратур у французскай сталіцы, у Калеж дэ Франс.
Жыццё Міцкевіча ў Парыжы складвалася даволі цяжка. Міцкевіч не любіў гэты горад. “Парыж мне так надакучыў, — пісаў ён Адынцу, — што я з цяжкасцю магу яго вытрымаць”. I ў другім лісце: “Я жыву тут амаль у поўнай адзіноце, з людзьмі мне ўсё цяжэй ужывацца, і чым я меней іх бачу, тым лепей для мяне”.
У 1834 г. Міцкевіч ажаніўся з дачкой піяністкі Марыі Шыманоўскай, Цэлінай, якую ён яшчэ падлеткам ведаў у Расіі. Праз год у іх нарадзілася першае дзіця, а затым яшчэ пяцёра. Матэрыяльныя ўмовы жыцця тым часам сталі надзвычай складанымі. Трэба было зарабляць на хлеб. А заробкамі з пісьменніцкай працы тады яшчэ мала хто мог пахваліцца. Паэт нават спрабаваў пісаць п’есы на французскай мове, пастаноўка якіх магла прынесці дастатак у сям’ю, бо паэт ведаў, што тыя п’есы, якія ставіліся на французскіх сцэнах, добра аплочваліся. Але гэтым надзеям не суджана было спраўдзіцца. П’есы “Барскія канфедэраты” і “Якуб Ясінскі” нават не былі пастаўлены, бо не маглі зацікавіць французскага гледача.
401
У 1838 г. Міцкевіч атрымаў кафедру рымскай славеснасці ў Лазанскім універсітэце. Здавалася б, жыццё пачало наладжвацца. Ён працаваў у акружэнні сусветна вядомых прафесараў, яго любілі студэнты, лекцыі слухалі з цікавасцю. Праца выкладчыка яго задавальняла. Але душэўнага спакою не было.
“Я жыву ў прыгожым доме, — пісаў ён з Лазаны, — у мяне тут вялікая зала з велізарнымі люстэркамі і шырокімі вокнамі, з якіх адкрываецца агляд сада і возера. Па праўдзе кажучы, гэтая кватэра — амаль адзіная мая ўцеха. Часам на мяне находзіць туга па Літве, і ўвесь час бачу ў сне Навагрудак і Туганавічы”.
Вокны кватэры выходзілі на Жэнеўскае возера і Альпы. Менавіта там і нарадзілася ў той час паэтычная мініяцюра “Паліліся мае слёзы...”. Гэта былі слёзы па няспраўджаным каханні, якое не па віне закаханых не стала шчаслівым. А тут яшчэ да агульных згрызот далучылася псіхічнае захворванне жонкі. Заставацца ў Лазане было невыносна. Тады ж Міцкевіч даведаўся, што ў Калеж дэ Франс адкрываецца кафедра славянскіх літаратур. Ён зрабіў усё магчымае, каб заняць кафедру, бо баяўся, каб яе не ўзначаліў якінебудзь немец — чалавек, які мала знаёмы са славянскімі літаратурамі.
22 снежня 1840 r. А. Міцкевіч прачытаў сваю першую лекцыю з кафедры Калеж дэ Франс. Для паэта гэта была адзіная трыбуна, з якой ён гаварыў аб польскім народзе, аб ідэі славянскага адзінства, аб славянскім братэрстве. Галоўнай задачай і асноўным зместам усяго курса славянскіх літаратур, які чытаў А. Міцкевіч, стала ідэя магутнасці і сілы славянскіх народаў, іх ролі ў грамадскім прагрэсе ўсяго чалавецтва. Паэтвыкладчык заклікаў славян да яднання, каб здолець усім разам супрацьстаяць чужынцам і асіміляцыі, каб усяму славянскаму братэрству заняць свой “пачэсны пасад між народамі”. Гісторыя літаратур паказвалася ў сувязі з гістарычным развіццём краіны, з часам, з асяроддзем. Рух часу — рух грамадства — рух літаратуры — такі быў падыход пісьменніка да выкладання, такая была формула спасціжэння літаратуры.
У заходніх універсітэтах цяпер амаль паўсюдна ўведзены пасады паэтапрафесара. А. Міцкевіч — бадай што першы паэтпрафесар у заходнім вялікім свеце.
Першы курс лекцый Міцкевіча ахопліваў гісторыю літаратуры славянскіх народаў да XVII ст. Але паэт шмат распавядаў і пра свае асабістыя сустрэчы з Пушкіным, Вяземскім, Жукоўскім. На лекцыі прыходзілі Ж. Санд, гісторык Мішле, Ф. Шапэн. Імя А. Міцкевіча стала ў адным шэрагу з найбольш знанымі навукоўцаміславістамі той эпохі. А дзекабрыст Мікалай Тургенеў і яго брат Аляксандр запісвалі пачутае слова ў слова і высылалі ў Расію з добрай надзеяй хоць калінебудзь надрукаваць цыкл лекцый па славянскай славеснасці генія польскай літаратуры.
402
Другі курс лекцый намнога адрозніваўся ад першага. Шматлікія жыццёвыя перыпетыі паўплывалі на змест і характар лекцый. Гаворачы пра Пушкіна, А. Міцкевіч падкрэсліваў, што той адкрыў новую эру ў гісторыі рускай літаратуры. Ён называў Пушкіна вяршыняй усёй рускай літаратуры. Польскай паэзіі паэт надаваў асаблівае значэнне. Ён гаварыў пра славянскае прыгожае пісьменства, што ў яго ёсць “ідэя будучага”. Гэтай ідэяй была для Міцкевіча ідэя славянскага супольніцтва.
А. Міцкевіч адзначыў у сваіх лекцыях, што зразумець і спасцігнуць славянскую душу немагчыма без таго, каб не паглыбіцца ў свет мастацтва, у духоўны нацыянальны космас. У 1841 г. уражлівы паэт пазнаёміўся з Андрэем Тавянскім, які выдаваў сябе за вялікага месію, прадказальніка, экстрасенса, як называлі б яго сёння. Пра А. Тавянскага гаварылі і як пра царскага шпіёна, бо хто б стаў дзеля звычайнага чалавека пасылаць афіцыйны запыт з рускага пасольства французскім уладам, калі Тавянскага раптам выслалі з Францыі. Але... душэўныя захапленні паэта ўжо да гэтага часу разгарэліся. Міцкевіч падпаў пад уплыў чалавека, які быў спецыяльна засланы, каб “разваліць” польскую эміграцыю, можа яшчэ і таму, што той распавядаў яму такія факты з яго жыцця, пра якія мала хто ведаў. Як потым высветлілася, пра тыя “таямніцы душы” прызнанага паэта Тавянскаму расказваў сябра Міцкевіча Адынец. Да ўсяго ж містык, псіхолаг, які валодаў несумненным гіпнатычным дарам, вылечыў ад псіхічнага захворвання жонку паэта.
“Вучэнне” клалася, як кажуць, на ўрадлівую і падрыхтаваную глебу. Як было не паддацца ўплывам А. Тавянскага, як было не захапіцца яго месіянізмам, ідэяй выключнасці, богаабранасці? Сябры моцна адгаворвалі паэта ад падобных захапленняў, не верылі, што чалавек, які валодае такім здаровым практыцызмам, светлым розумам, можа падпасці пад уплыў даволі сумніцельнага “вучэння”. У адным з лістоў Шапэна чытаем: “Тое, што Тавянскі, як хітры махляр, чмурыў дурняў, цягне іх за сабой, можа выклікаць толькі смех, але Міцкевіч — узвышаная душа і мудрая галава — [геній ацэньвае генія! — У. Н.] як ён гэтага прайдзісвета не разгледзеў і не высмеяў...”