Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Мінск, 7-11 верасня 1998 г.)
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 448с.
Мінск 1998
3 таго часу лекцыі ў Калеж дэ Франс ператварыліся ў суцэльнае ўсхваленне містыцызму Тавянскага. Раней у нашым літаратуразнаўстве гэты перыяд падаваўся як цалкам адмоўны. Маўляў, Міцкевіч падпаў пад згубны ўплыў месіянства, стаў узвялічваць Напалеона, у чым урад Луі Філіпа бачыў пагрозу, накіраваную супраць яго. Але ці такім ужо бяссплённым перыядам быў для А. Міцкевіча час захаплення містыцызмам? Пакорлівасць, паслушнасць — ці так ужо былі яны характэрны паэту?
...У курсе лекцый А. Міцкевіч падкрэсліваў, што вуснамі Пушкіна гаварылі ўсе прыніжаныя, незадаволеныя, пакрыўджаныя, падманутыя, адкі
403
нутыя. Ён называў Пушкіна вяршыняй усёй рускай літаратуры, але і гаварыў, што нібыта руская літаратура “закончылася разам з Пушкіным”.
У літаратуразнаўстве сцвярджаецца, што Міцкевіч слаба ведаў літаратурны рух у Расіі пасля Пушкіна і дзекабрыстаў.
А пра чэшскую літаратуру паэт гаварыў, што тая здольна толькі аплакваць долю і нядолю свайго народа.
У трэцім і чацвёртым курсах ёсць шэраг суб’ектыўных ацэнак твораў польскай літаратуры. I ўсё ж “тавянізм” і “напалеанізм” Міцкевіча, думаецца, быў значна перабольшаны тагачаснымі крытыкамі.
У сярэдзіне мінулага стагоддзя А. Міцкевіч гаварыў, што “яшчэ не надышоў час перакаваць мячы “на арала” (“у плугі”) і наладжваць, як ён гаварыў, “фалансцеры ў казармах”. Фалансцерамі французскія сацыялістыутапісты называлі палацы, у якіх павінны жыць і працаваць члены ідэальнага сацыяльнага грамадства. Але сам паэт жадаў дзеяння.
Мы памятаем лёсы трох юнакоў, трох сяброўстудэнтаў з Навагрудскай і Карэліцкай зямлі — Адама Міцкевіча, Яна Чачота і Ігната Дамейкі. Адзін з іх — Чачот — добры адрэзак жыцця правёў у выгнанні на вялікіх прасторах Расіі, другі — Дамейка — ледзь не ўсё свядомае жыццё пражыў на чужыне, у Чылі. А трэці? Трэцяму было не лягчэй. “Бог не дазволіў мне быць якім бы то не было ўдзельнікам у справе такой вялікай, такой важнай па сваіх будучых выніках. Я жыву толькі надзеяй, што не складу бяздзейна рукі ў магіле...”, — пісаў ён з Дрэздэна. I жыццё паклікала яго на “перадавую”.
У час аднаго са сваіх публічных выступленняў у Калеж дэ Франс А. Міцкевіч дэманстраваў літаграфію “Беларускі нявольнік”. “Ці ведаеце вы літаграфію, некалі асэнсаваную Міцкевічам, “Беларускага нявольніка” — я на гэтую карціну ніколі не мог глядзець без біцця сэрца,” — пісаў А. Герцэн у адным са сваіх лістоў з Парыжа ў Расію вучонаму М'. Боткіну. Вядомы рэвалюцыянер у брашуры “Перахрышчаная ўласнасць” даў падрабязнае апісанне таго малюнка на літаграфіі: “Беларускі мужык, без шапкі, які ашалеў ад сполаху, вечнай галечы і цяжкай працы, рукі за поясам, стаіць пасярод поля і неяк коса і безнадзейна глядзіць уніз. Дзесяць пакаленняў, замардаваных на паншчыне, утварылі такога парыю, яго чэрап звузіўся, яго рост знізіўся, яго твар з дзяцінства пакрыўся зморшчынамі, яго рот скрыўлены ў сутаргах, ён адвык ад слова”. Апошні сказ мы мусім асабліва вылучыць. “Нянавісць, якая змяшана са злосцю і сорамам, напаўняе маё сэрца, — пісаў вялікі рускі рэвалюцыянердэмакрат, — калі я гляжу на гэты жорсткі дакор, на гэтае “за сякеру, братцы”, выяўленае з паражальнай дакладнасцю”. А. Герцэн ужо тады загаварыў аб вялікіх пакутах сумлення за той стан і тое жыццё, у якім апынуўся беларускі народ, загаварыў, можа, упершыню, пра найвялікшую адказнасць перад усім светам “за гэтае злачынства, за гэтага беларуса”.
404
Так адзін толькі шэдэўр — літаграфія, выкарыстаная А. Міцкевічам на яго лекцыях у Калеж дэ Франс, выклікала душэўны пратэст вялікага сына рускага народа, абудзіла пачуццё гневу, разуменне цяжкага паднявольнага стану беларусаў, сваёй асабістай адказнасці за далейшыя лёсы рускага, беларуса, паляка, украінца. “Без племя, без роду, як камень у воду” — кажа беларуская народная прымаўка. Сваімі лекцыямі паэт сцвярджаў, што не могуць знікнуць бясследна цэлыя народы, магутнае адгалінаванне “племя зямлян” — славяне.
А. Міцкевіч даказваў маральную дасканаласць душы славян. Нам сёння асабліва блізкія тыя словы, якія паўтарыў на сваіх лекцыях А. Міцкевіч услед за чэшскім паэтам Коларам: “Усе народы прамовілі сваё апошняе слова. Цяпер, славяне, чарга за вамі”.
Дзіўна, але і цяпер, у канцы XX ст., усё тыя ж праблемы адзінства славян, яднання славянскіх зямель стаяць надзвычай востра. Ідэі, якія прапаведаваў у сваіх лекцыях А. Міцкевіч, не страцілі актуальнасці. Яны жывяць нашы сэрцы і душы і сёння.
Пазней, з артыкула Б. Бялаказовіча “Хто быў аўтарам літаграфіі “Беларускі нявольнік”, выдадзенай А. Міцкевічам і апісанай A. I. Герцэнам”, змешчанага ў выданні “Праметэй” (М., 1972), мне стала вядома, што гэтая літаграфія належала Ю. Аземблоўскаму.
Як бачым, А. Міцкевіч быў вельмі прафесійным і ад прыроды адораным лектарам. Ён умеў зацікавіць слухачоў, захапіць іх, абудзіць сэрца і душу, развярэдзіць думку. Дзеля гэтага ён выкарыстоўваў, як бы мы сёння сказалі, і наглядны матэрыял: малюнкі, рэпрадукцыі карцін, кнігі і інш.
Міцкевіч валодаў вялікім дарам імправізацыі. Кожны, хто ведаў Вешчуна, адзначаў імправізатарскі характар яго паэзіі, асабліва тых вершаў, якія ён чытаў у пецярбургскіх і маскоўскіх салонах. Прыгадаем, што ў літаратурныя колы Масквы Міцкевіча ўвёў Мікалай Палявой, які прадставіў паэта ў салоне княгіні Зінаіды Валконскай, дзе “ўсё насіла адбітак служэння мастацтву і думцы”. Сярод сяброў і слухачоў нашага суайчынніка тады былі Баратынскі, Вяземскі, Пагодзін і інш. “Імправізатарскі верш яго, — пісаў П. Вяземскі, — свабодна і імкліва вырываўся з вуснаў ягоных гучнай і бліскучай плынню. У імправізацыі яго былі думка, пачуццё, карціны і ў вышэйшай ступені паэтычныя выразы. Можна было падумаць, што ён натхнёна чытае на памяць паэму, якую сам тут жа і напісаў”. Гэта — выключная ацэнка і лектарскага майстэрства А. Міцкевіча. Той дар — “узвышаная душа і мудрая галава” (Шапэн), талент імправізатара вельмі спатрэбіліся А. Міцкевічу ў час чытання курса лекцый па славянскіх літаратурах.
У 1844 г. А. Міцкевічу давялося спыніць чытанне курса па распараджэнню французскіх улад. 3 аднаго боку, яны баяліся распаўсюджання месіянізму і містыцызму, “тавянізму”, а з другога — бачылі пагрозу ў прапа
405
гандзе веры ў Напалеона. Але лекцыі адыгралі сваю станоўчую ролю — перш за ўсё ідэяй пра славянскае адзінства. Гэтым яны блізкія нам і сёння.
Мы не ведаем, хто былі тыя студэнты, што слухалі лекцыі прафесара. Але ўпэўнены, што ў іх душы запала тая святая любоў да славянскіх народаў і іх літаратур, якой былі прасякнуты лекцыі вялікага польскага паэта.
Набліжалася вялікае ўзрушэнне 1848 г., памятная “вясна народаў”, калі абуджаліся цэлыя нацыі, калі адна за другой краіны скідалі са сваёй шыі ярмо нявольніцтва.
А лекцыі чыталіся напярэдадні...
“Курс славянскіх літаратур” заняў значнае месца ў літаратуразнаўчай навуцы. Ён не згубіў сваёй эстэтычнай вартасці і цяпер. Многія ацэнкі і думкі лектара застаюцца свежымі і арыгінальнымі.
Аляксандр Баршчэўскі (Варшава)
БЕЛАРУСКІ КРАЙ I БЕЛАРУСКІХАРАКТАР У ПУБЛІКАЦЫЯХ ЯНА ЧАЧОТА
Жыццё слаўнага фалькларыста і паэта Яна Чачота было напоўнена ў аднолькавай ступені шчасцем і болем. Яго дзяцінства, хаця яно і было праведзена ў беззямельнай дробнашляхецкай сям’і, характарызавалася радаснай атмасферай і побытам, у якім не было раскошы, але не было таксама тыповай для беларускіх сялянскіх дзяцей галечы, паўголаду, нядолі і цемры. Бацькі будучага фалькларыста перайшлі з уніяцтва ў каталіцтва, дзякуючы чаму наблізіліся да польскай мовы, польскай культуры і польскай свядомасці. Шануючы Польшчу і захапляючыся ёю, ніколі, аднак, не пагарджалі беларускай мовай, беларускай народнай творчасцю, беларускімі звычаямі і абрадамі. Ніколі не перашкаджалі таксама свайму сыну Яну кантактавацца з беларускім асяроддзем, цікавіцца беларускай мовай і фальклорам. 3 гэтай прычыны ўжо ў дзяцінстве ён быў добра знаёмы з усім беларускім, трактуючы яго як частку сваёй духоўнасці. I якраз гэтая арганічная сувязь з беларускай зямлёй і беларускім насельніцтвам павінны трактавацца як дамінанта шчасця Я. Чачота, які свае беларускія сувязі і зацікаўленні з часоў дзяцінства значна паглыбіў у перыяд знаходжання ў Навагрудскай гімназіі, а пасля ў Віленскім універсітэце. Будучы актыўным арганізатарам і сябрам філаматаў, што рвалі путы, якія звязвалі тагачасную моладзь і адукацыйную сістэму з класіцызмам, абыякавым да мясцовай народнасці і адданым рымскай ды грэчаскай культурам, ён убачыў хараство ва ўсім мясцовым і народным. Якраз народныя беларускія крыніцы сталіся для юнага Я. Чачота прычынай яго шчасця і надзеі. Малады юнак розумам і сэрцам
406
далучыўся да беларускіх казак, легенд, паданняў, прыказак і прымавак, атаксама беларускай абраднасці і этнаграфіі ў шырокім сэнсе слова.
Разгром царскімі ўладамі руху філаматаў быў прычынай душэўнай бяды для Чачота, тым болей што разгром гэты закончыўся судом, прысудам і ссылкай яго ў глыбіню Расіі.
Адрыў ад роднай зямлі і мясцовага люду быў для Я. Чачота праявай няшчасця і прычынай песімізму. Аднак, кіруючыся рамантычнымі прынцыпамі, не губляў ён веры, а надзея на зварот у Беларусь дадавала яму сілы для трывання на чужыне. Да 1831 г. Я. Чачот знаходзіўся ў Уфе. У гэтым жа годзе разам з філаматам Сузіным быў пераведзены ў Цвер, дзе спаткала яго, як і іншых ссыльных, нечаканасць. Яшчэ не паспелі яны абжыцца ў гэтым горадзе, як пачалася ў ім эпідэмія халеры. Нехта пусціў па горадзе чутку, што якраз пераселеныя палякі атруцілі ў студнях ваду, ад чаго пайшла па горадзе страшэнная зараза. Натоўп даў веры гэтай плётцы і рыхтаваўся да расправы. Разважны мясцовы губернатар Цюфаеў, стараючыся пазбегнуць пагромаў, загадаў, каб усе прыезджыя палякі былі арыштаваны і пасаджаны ў турму. Сярод арыштаваных быў і Ян Чачот. Калі толькі эпідэмія ў горадзе пагасла і натоўп супакоіўся ды страціў агрэсіўнасць, губернатар загадаў не толькі выпусціць усіх арыштантаў, але, імкнучыся да маральнай кампенсацыі, запрапанаваў ім усім добрыя пасады. Я. Чачот атрымаў пасаду сакратара Бярэзінскага канала з сядзібай у Лепелі, якім кіраваў сын губернатара. Такім чынам узнікла магчымасць вярнуцца на родную Беларусь. Польскі даследчык Чэслаў Янкоўскі, характарызуючы дзейнасць Я. Чачота на пасадзе сакратара Бярэзінскага канала, пісаў: “Новы сакратар пачаў салідна выконваць свае абавязкі. Галоўны кіраўнік інжынераў дарог і камунікацый граф Толь, прыехаўшы ў 1833 г. у Лепель, сутыкнуўся ва ўстанове з узорным парадкам. Пасля гэтага даручыў ён Я. Чачоту апрацоўку статута для ўсёй навігацыі па Бярэзінскім канале. Я. Чачот бліскуча выканаў даручанае заданне. Граф Толь падзякаваў яму афіцыйна і адудзячыў дазволам вярнуцца на родную Навагрудчыну, куды будучы пісьменнік пераехаў у 1841 або ў 1842 г.” 1.