Беларуска-фінскі размоўнік-даведнік

Беларуска-фінскі размоўнік-даведнік

Выдавец: Выдавец Уладзімір Сіўчыкаў
Памер: 204с.
Мінск 2018
33.68 МБ
Cumulus Resort Aulanko 4* (Aulangontie 93, Hämeenlinna), ад 98 € /ноч
Гэты атэль знаходзіцца на адлегласці каля чатырох кіламетраў ад цэнтра горада Хямээнлінна. Бясплатныя паркоўка і Wi-Fi. У нумарах тэлевізар, рабочы стол, афармленне ў класічным стылі. Да паслуг пастаяльцаў спа-цэнтр на тры гадзіны ў суткі, боўлінг з 7 дарожкамі, фінтнес-цэнтр, саўна (усяго 7), гідрамасаж, крыты і адкрыты басейны, водныя горкі, міні-аквапарк для дзяцей. Снеданне — «шведскі стол», начны клуб. На адлегласці каля паловы кіламетра знаходзіцца поле для гольфа «Aulanko». Заезд з 15:00, выпіска ў 12:00 гадзін.
Originai Sokos Hotel Vaakuna (Possentie 7, Hämeenlinna), ад 113 € /ноч
Атэль размяшчаецца непадалёку ад цэнтра горада. Платная паркоўка 11 €/суткі. Саўна, джакузі. У нумарах бясплатны Wi-Fi, халадзільнік, тэлевізар, сейф, ванны пакой з душам, фенам і бідэ, а таксама набор для прыгатавання гарбаты і кавы. Рэстаран і лобі-бар. Маюцца крыты і адкрыты басейны. Заезд з 14:00, выпіска ў 12:00 гадзін.
Рэстараны • Ravintoloita
Апрача рэстаранаў і кавярняў у атэлях шмат іншых месцаў, дзе можна паесці смачна і танна або проста добра прабавіць час.
Рэстаран «Piparkakkutalo» (Kirkkorinne, 2) працуе па панядзелках і чацвяргах з 11:00 да 23:00 гадзін, па пятніцах і суботах — з 12:00 да 00.00 гадзін. Адна гарачая страва ў межах 14-21 еўра. Дарэчы, пастаяльцам атэля «Emilia» аўтаматычна робіцца зніжка на 10 %.
Ірландскі бар «O'Maggie's» знаходзіцца ў тым жа самым будынку на Kirkkorinne, 2. Працуе — з 16:00 да 00.00 гадзін па панядзелках і аўторках; з 16:00 да 02:00 гадзін па пятніцах, суботах і нядзелях.
Інфармацыя для турыстаў у турыстычным бюро Хямээнлінны
Matkailuneuvonta, Raatihuoneenkatu 11. Тэл.: +358-3-621-3373. Працуе: з 9:00 да 17:00 з панядзелка па пятніцу, у суботу — з 10:00 да 14:00 гадзін. Там можна атрымаць праспекты для адметнасцей як Хямээнлінны, так і наваколля горада.
Вольны час • Vapaa aika
Тут найперш трэба згадаць нацыянальны парк Аўланка (Aulanko) (Aulangon Puistometsä, 13210 Hameenlinna). Гэта рэкрэацыйная зона плошчай у 152,5 га размяшчаецца на ўскрайку горада паміж азёрамі Аўлангонярві і Ванайявэсі. Нацыянальны парк Аўланка заснаваў у сваім маёнтку «Карлберг» прадпрымальнік палкоўнік Хуга Стандэршэльд (Hugo Standertskjöd) у 1883 годзе. У лесапарку растуць рэдкія пароды дрэў, водзіцца шмат звяроў. Пракладзены таксама і лыжныя трасы. У парку ён пабудаваў дом у стылі ракако, казачны замак і шмат рамантычных альтанак, а на 120-мятровым ўзвышшы — панарамную вежу вышынёй 33 метры, з якой адкрываецца цудоўны краявід на горад, азёры і лясы. Каб падняцца туды, трэба адолець больш 200 прыступак. Але па дарозе можна перадыхнуць у альтанцы каля невялічкага Лебядзінага возера (Joutsenlampi), праз некаторы час — у другой, каля Ляснога азярка (Metsälampi). Потым можна адпачыць у кавярні і сфатаграфавацца з каменнымі мядзведзямі ля ўваходу ў Мядзведжую пячору (Karhuluola). Ha тэрыторыі парка ёсць палі для гольфа, веласіпедныя дарожкі, на ўскрайку парка — кемпінг. Можна
ўзяць напракат лодку, веласіпед або размясціцца ў спа-атэлі «Rantasipi Aulanko» (4*, ад 119 €/ноч). Аўланка абвешчаны нацыянальным набыткам, будаўніцтва чаго б там ні было забаронена, як і ва ўсіх запаведных лясах і нацыянальных парках. Больш падрабязна можна паглядзець на сайце http://www.gotavastia.fi/ru/uslugi/nacionalnyy-park-aulanko, які вядзецца на фінскай, шведскай, англійскай і рускай мовах.
На адлегласці каля 30 кіламетраў ад Хямээнлінны знаходзіцца самы вялікі ў Фінляндыі цэнтр сямейнага адпачынку «Пуухамаа» (Puuhamaa) (Vähikkäläntie 11, 12400 Tervakoski). Ён уключае ў сябе болыв 60 розных аб'ектаў для адпачынку. Гэта каруселі, канатны шлях Тарзана, таксама можна паскакаць на батутах, пакатацца на велатрэку і аўтадроме, пагуляць у паветраную шайбу, пастраляць з лука і г. д. У вялізным аквапарку ёсць некалькі басейнаў як для дарослых, так і для дзяцей, розныя горкі, вадаспад «Вікторыя», вадзяны тунэль, кальцавая 120-мятровая рэчка. Абавязкова — саўна і гідрамасаж. На тэрыторыі аквапарка ёсць піцэрыя і кавярня. Аматары могуць самі прыгатаваць абед на грылі. Для таго пастаўлены ўтульныя альтанкі.
Парк «Пуухамаа» працуе: 4-17 чэрвеня з 10:00 да 17:00 гадзін; з 18 чэрвеня да 12 жніўня з 10:00 да 19:00 гадзін. Кошт білетаў складае: на ўвесь дзень, з доступам на ўсе атракцыёны і ўаквапарк 21,50 еўра, дзецям да 3 гадоў — бясплатна. Білет на два дні запар каштуе 31 еўра. Сайт парку «Пухамаа» www.puuhamaa.fi вядзецца на фінскай, шведскай, англійскай і рускай мовах.
НАЦЫЯНАЛЬНЫ ПАРКОЎЛАНКА
OULANGAN KANSALLISPUISTO
Галоўная адметнасць акругі Куусама — гэта прырода. Тыя мясціны здаўна вабілі да сябе даследчыкаў сваёй дзікай першабытнай прыродай і мастакоў сваёй незвычайнай прыгажосцю. У 1956 годзе гэта мясцовасць была абвешчана нацыянальным паркам. Статус нацпарка азначае, што ніякіх лесапавалаў, ніякіх будоўляў ці паляванняў дзеля забаў і задавальнення каго-небудзь не дазваляецца. Такія пытанні не маюць права вырашаць нават самыя высокапастаўленыя чыноўнікі. Парк пашыраўся двойчы: у 1982 і 1989 гадах. Цяпер яго плошча складае 270 км2. Парк займае плошчу ў камунах Куусама і Салла.
Тэрыторыю парка перасякаюць бурныя парожыстыя рэкі, утвараючы глыбокія каньёны і вузкія даліны. Самай вялікай ракой з'яўляецца Оўланкайокі даўжынёй 135 кіламетраў (105 па Фінляндыі і 30 па Карэліі) са шматлікімі парогамі і вадаспадамі. Напрыклад, парог Кіўтакёнгяс (Kiutaköngäs) мае даўжыню больш 325 метраў і перапад вышыні 13,5 метраў, а таму практычна непраходны для аматараў рачных сплаваў. У парку спакойна жывуць многія віды жывёл і растуць расліны, якія ў астатнім свеце ўжо зніклі або знаходзяцца пад пагрозай вынішчэння. Асноўную раслінную масу складаюць рэліктавыя сасновыя лясы. Жывёльны свет прадстаўлены мядзведзямі, ласямі, зайцамі, лісамі, рысямі і расамахамі. У рэчках водзіцца самая рэдкая рыба — кумажа. Лавіць яе забараняецца. Рыбная лоўля на простую вуду дазволена ў рэках Авентойокі (Aventojoki), Савінайокі (Savinajoki), Маанінкайокі (Maaninkajoki) і Оўланкайокі (Oulankajoki) за выключэннем асобных прыродаахоўных зон. Можна лавіць рыбу і ў шматлікіх азёрах, за выключэннем Авенталампі (Aventolampi), Савілампі (Savilampi) і Хааралампі (Haaralampi). Грыбы і ягады можна збіраць у адпаведнасці з «натуральным правам кожнага чалавека».
Сотні тысяч турыстаў з розных канцоў свету наведваюць нацыянальны парк Оўланка, каб палюбавацца некранутай дзікай прыродай, прахо-
дзячы пешаходнымі маршрутамі, сплаўляючыся па бурных рэчках, змагаючыся з непагодай і марозамі. Турыстычныя паслугі аказвае прыродны візіт-цэнтр «Оўланка», ад якога пачынаюцца многія турыстычныя маршруты. У офісе цэнтра можна атрымаць падрабязную інфармацыю аб усіх маршрутах, набыць карты і ліцэнзіі на рыбную лоўлю, а таксама даведацца аб правілах знаходжання ў нацыянальным парку. Яны простыя і разумныя. Распальваць вогнішчы можна толькі ў строга адведзеных месцах, дзе маюцца запасы дроў і спецыяльныя жароўні. Але часам, калі стаіць засушлівая і пажаранебяспечная napa, распальваць вогнішчы нельга нават там. Турысты абавязаны прыбіраць за сабой усё смецце. Для таго ёсць спецыяльныя кантэйнеры. Выгульваць дамашніх жывёл дазваляецца толькі на павадках. Ужываць транспартныя сродкі — толькі па ўказаных на карце дарогах. За парушэнні гэтых правіл выпісваюцца драконаўскія штрафы, а неграмадзяне Еўразвяза могуць атрымаць і некалькі гадоў няўезду на шэнгенскую тэрыторыю. Што ж тычыцца актыўнага адпачынку, дык у парку «Оўланка» турыстам прапануюцца пешаходныя маршруты на розныя адлегласці і час. Найперш гэта так званы «Мядзведжы круг» (Karhunkierros) — маршрут даўжынёй 80 кіламетраў, разлічаны на чатыры-шэсць дзён. Але можна прайсці толькі якую-небудзь частку. Вандруючы па «Мядзведжаму кругу», трэба перайсці шэсць вісячых мастоў, некалькі кладак праз ручаі і расколіны, падняцца па лесвіцах і спусціцца па старых прыступках. На маршруце існуе некалькі домікаў з пячным ацяпленнем для адпачынку пасля дзённага пераходу. Павеці ад дажджу сустракаюцца значна часцей. Улетку рэкамендуецца браць з сабой палаткі, бо ў доміках стацыянарнага размяшчэння месца можа і не быць. Вада з рэчак лічыцца прыдатнай для піцця. Лепшы час — верасень: менш турыстаў і пачынаецца «ruska», калі лясы ўбіраюцца ў палымяную асеннюю лістоту.
Так званы «Малы мядзведжы круг» (Pieni Karhunkierros) — маршрут значна карацейшы — усяго 12 кіламетраў. Тры вісячыя масты, некалькі лесвіц і кладак, пляцоўкі для прывалаў з грылямі і месцамі для вогнішчаў.
Кальцавы маршрут «Выгляд каньёна» (Kanjonin kurkkaus) мае даўжыню шэсць кіламетраў і пралягае па ўзгорках і ярах паўночнай часткі нацыянальнага парка.
Сцяжына да парога Kiutaköngäs мае працягласць два кіламетры ўздоўж ракі Оўланкайокі і вядзе да бурнага парога. Можна любавацца ша-
лёным віраваннем вады і захапляцца магутнасцю прыроды. Распрацаваны некалькі маршрутаў на снегаступах даўжынёй ад 2 да 26 кіламетраў. Найбольш складаны маршрут — гэта паход «Oulangan erämaareitti» (Паход па пустыні «Оўланка») даўжынёй 26 кіламетраў.
Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайтах http:// www.luontoon.fi/oulanganluontokeskus (на некалькіх мовах), http://www. nationalparks.fi/en/oulankanp (на фінскай, шведскай, рускай і англійскай мовах), http://www.luontoon.fi (на фінскай, шведскай, нарвежскай, дацкай, рускай, англійскай і кітайскай мовах).
ЛАПЛАНДЫЯ
LAPPI
Фінская правінцыя Лаппі — вялізная, амаль бязлюдная прастора, якая займае прыкладна траціну ўсёй тэрыторыі Фінляндыі. Плошча яе складае каля 100 тысячаў квадратных кіламетраў, што крыху больш за тэрыторыю Андоры, Венгрыі, Ліхтэнштэйна, Люксембурга ды Манака разам узятых. Але ў тых краінах людзі жывуць у неверагоднай цеснаце: ад 170 да 17 000 чалавек на квадратны кіламетр. Затое ў Лапландыі поўнае прыволле: усяго два чалавекі на адзін квадратны кіламетр. Значыць там жыве ўсяго толькі каля 200 000 чалавек, што складае тры працэнты ад агульнафінскага насельніцтва. Такая статыстыка можа стварыць змрочнае ўяўленне аб Лапландыі. Асабліва, калі прыслухацца да апісанняў непрагляднага змроку палярнай начы, якая пакрывае гэты край на працягу некалькіх месяцаў. Гэта Гіпербарэя старажытнага свету, таямнічая краіна Туле, Біармія ды інш. Доўгі час у Еўропе панавала думка, што фіны ўсе пагалоўна валодаюць нядобрымі чарамі. Што яны могуць наводзіць сурокі, напускаць морак, адводзіць вочы ды тварыць шмат іншых паскудстваў. Толькі таму хрысталюбныя шведскія ды наўгародскія войскі цярпелі паразу за паразай у сваіх заваёўных паходах. Аднак элітай фінскіх чарадзеяў ды ведзьмакоў лічыліся лапландцы, гэткі чарадзейны «спецназ». Чаму так? А каго яшчэ магла нарадзіць гэтая цёмная, таямнічая краіна?