Беларуска-фінскі размоўнік-даведнік
Выдавец: Выдавец Уладзімір Сіўчыкаў
Памер: 204с.
Мінск 2018
Слава лапландскіх чараўнікоў дажыла і да нашага часу. I сёння сотні апантаных дзівакоў упарта шукаюць у Лапландыі «энергетычныя антэны», «астральныя праходы», «псіхамагнітныя прабоі» ды набіраюцца мудрасці ў саамскіх чараўнікоў-нойдаў.
А цяпер давайце сур'ёзна спытаемся: а што ж такое гэта самая Лапландыя? У працах самых старажытных і не надта старажытных аўтараў яе называлі ўсяк: Скіфіннія, Сэрдэфіннія, Сідэфіннія, Скрыфіннія, Скрыдэфіннія, Лапонія — і нарэшце спынілся на Лапландыі. Так называлі і пазначалі тэрыторыю на поўначы Швецыі, Нарвегіі ды Расіі. Дзяржавы пад назвай Лапландыі ніколі не было. А ў нашыя дні такая назва збераглася толькі за адной правінцыяй ў Фінляндыі.
Туттрэба сказаць, што карэнных жыхароў, саамаў, у фінскай Лапландыі жыве каля 6 тысяч. Яны маюць кніжкі на саамскай мове і могуць карыстацца ёю ў афіцыйных дакументах. Нават надпісы ў месцах, дзе пражывае больш саамаў, чым фінаў — паводле закону аб мовах — робяцца спярша па-саамску, а потым па-фінску. Этнічная сталіца саамаў — пасёлак Інары каля аднайменнага возера — Інарыярві.
Турызм і аленегадоўля — асноўныя крыніцы прыбыткаў для жыхароў Лапландыі. Пра аленяў можна сказаць адно: іх тут вельмі шмат. Яны тут самыя карэнныя жыхары. Таму трэба ўважліва сачыць за дарожнымі знакамі ды ўказальнікамі. Для занадта нецярплівага кіроўцы або аматара хуткай язды — гэта гарантаванае ДТЗ. Для нармальнага чалавека — проста большая ці меншая затрымка, бо дарэмна націскаць на сігнал — ніводзін алень і вухам не павядзе і не паспяшаецца ачысціць дарогу. На першы погляд, усе алені, якія без кірунку і пастухоў блукаюць па тундры, тут дзікія і нічыйныя. Але гэта не так. У вушах кожнага звера красуецца асабістае кляймо ўладальніка статка. Аленяў у Лапландыі крыху больш, чым пастаянных жыхароў: каля трохсот тысяч.
А турыстаў у Лапландыі больш, чым аленяў ды іхніх гаспадароў. За год гэты паўночны край наведваюць каля двух мільёнаў турыстаў. Для іхняга актыўнага адпачынку тут ёсць усё. Узімку — гэта сотні кіламетраў лыжных трас, сотні гарналыжных спускаў рознай працягласці ды складанасці, а значыць, і розных магчымасцей выдатна прабавіць час. Тут вам арганізуюць гонкі і на снегаходах, і на аленях, і на сабаках ды яшчэ безліч розных не меней захапляючых і стамляючых заняткаў. А пасля таго, як вы канчаткова закатуеце сябе адпачынкам амаль да беспрытомнасці — саўна або аквапарк. Вы ляжыце сярод ласкавых вадзяных струменяў гідрамасажу, стукаюцца ў шкляную сцяну сняжыкі, недзе ў далечыні бачныя водблескі ці то палярнага ззяння, ці то дыскатэкі, дзе нястомна адпачываюць госці з розных краін. Вас агортвае прыемная стома, пачуцці прыходзяць у гармонію з існаваннем, вы амаль знайшлі сэнс жыцця на гэты кароткі момант і абяцаеце сабе, што больш ніколі не пацягнецеся ў неразумныя бязмэтавыя блуканні па тундры, не станеце немаведама за чым караскацца на стромкія сопкі і больш не будзеце дражніць лёс, кідаючыся адтуль уніз на злом галавы. А назаўтра будзе новы дзень, і ўсё зноў паўтарыцца: ад шалёных гонак на снегаходах — да рэлакса ў саўне.
Летні адпачынак не менш цяжкі і захапляючы. Гэта зноўку сотні кіламетраў пешых маршрутаў, сплаў на чаўнах і плытах па бурным і не вельмі бурным лапландскім рэчкам, вядома ж, абавязковы гольф і яшчэ больш абавязковая рыбная лоўля. Прычым усялякіх відаў і спосабаў, на любы густ і выбар. Калі карыстацца звычайнай вудай без катушкі, бляшанай ды штучнай прынады, тады можна вольна лавіць рыбу на любым возеры, на любой рэчцы. А вось для лоўлі на спінінг з бляшнёй, мушкай ці яшчэ якой непрыроднай прынадай, трэба купляць ліцэнзію, у якую ўваходзіць дзяржаўная пошліна на аднаўленне рыбных запасаў і рэгіянальны збор за карыстанне спінінгам. Ліцэнзіі можна набыць у кіёсках з надпісам «R-kioski». Гэтае правіла тычыцца ўсіх рыбакоў ад 18 да 64 гадоў.
Кажучы аб розных відах рыбалоўства, я маю на ўвазе рыбакоўрэвалюцыянераў, якія хочуць усё, шмат і адразу. Для такіх ёсць асобыя рыбныя гаспадаркі пад назвай «Вэнджаная рыба» (Savustettu kala). Звычайна гэта невялічкая сажалка, дзе сеткай адгароджаны кут з галоднымі ласосямі. Вам бясплатна дадуць вуду і нешта падобнае да цеста. 3 садка тут жа выпусцяць агаладалых рыбін, і яны прагна накінуцца на вашую прынаду. Вы можаце злавіць колькі захочаце, але тут ужо давядзецца заплаціць за кілаграмы вашай здабычы. Калі захочаце, вам яе тут жа завэндзяць, гэта зойме хвілін сорак. А могуць прапанаваць такой жа вагі рыбіну толькі што з капцільні. I вы, вядома ж, «клюнеце» на спакусу запіць гарачую рыбку півам, а можа, нават у суправаджэнні чаго і больш моцнага. Калі ж вам недаспадобы камфартабельныя, але шматгалосыя і некалькі тлумлівыя цэнтры адпачынку накшталт «Рўка» ці «Салла», вы можаце адасобіцца ў якой-небудзь хацінцы на беразе возера або рэчкі і бавіць час у ціхай самоце. Такіх хатак па берагах незлічоных фінскіх азёраў ды рэчак — адпаведна незлічоная колькасць. Векавечна вясковы выгляд гэтых хацінак можа спачатку выклікаць недавер і расчараванне. Гаспадар будзе велічна прыветны і абсалютна праўдзівы. Ён распавядзе вам не толькі аб вартасцях ды выгодах, але і аб недахопах гэтага ляснога прытулку. Ён апіша вам увесь дыяпазон цэн і забаў. I вы не зможаце ўстаяць перад спакусай мірнага існавання цэлы тыдзень або месяц — на колькі хопіць вашага цярпення і кашалька. За невялічкую плату гаспадар дасць вам човен, вуды-спінінгі ды іншыя рыбацкія прылады. А дазвол-ліцэнзію
на рыбную лоўлю — як сказана вышэй — таксама давядзецца купіць. Ліцэнзія — гэта індывідуальны дакумент, і перадаваць яе каму-небудзь другому нельга.
Строгія правілы турыстычных паходаў забараняюць любыя адхіленні ад пракладзенага маршруту, распальванне вогнішчаў дазваляецца толькі ў пэўных месцах. Часам гэта выклікае бурны пратэст вальналюбных турыстаў — тых, каму законы не пісаны. Але сістэма драконаўскіх штрафаў, забароны на ўезд на працягу двух-пяці гадоў, неадкладная дэпартацыя парушальнікаў без кампенсацыі аплачаных тураў — усё гэта халодным душам дзейнічае на гарачыя галовы. Менавіта таму ў Фінляндыі не бывае лясных пажараў, якія прымалі б маштаб нацыянальнага бедства.
У ліпені пачынаецца збор ягад. Многія сотні людзей — і не толькі з Фінляндыі — едуць у Лапландыю падзарабіць грошай, таму што там дзейнічае выдатна настроеная сістэма прыёму і аплаты сабраных «дароў леса». Назбіраныя за дзень ягады здаюць прыёмшчыкам у дамоўленых месцах. I атрымліваюць за гэта грошы, прычым легальна і без падаткаў ды абавязковага на іншых работах дазволу на працу. Грошы выплачваюцца тут жа, у рукі. Ягады, як гэта ні дзіўна, прымае фірма пад назвай «Lappin liha» («Лапландскія мясанарыхтоўкі»), Усё афіцыйна.
Перад наступленнем доўгай паляранай ночы-зімы прырода паказвае свету сваю незвычайную развітальную прыгажосць. Сопкі і тундра раптам становяцца пранізліва жоўтымі і чырвонымі з сотнямі розных адценняў — ад радасных лёгка-залацістых да трывожна-барвовых. I нават самы сучасны фотаапарат не ў стане перадаць усю тонкасць гэтых пераліваў. Гэта трэба пабачыць на свае вочы. I тысячы турыстаў з розных канцоў свету едуць у Лапландыю, каб палюбавацца на гэтую небывалую вакханалію фарбаў.
Як бачыце, Лапландыя сёння ўжо не тая змрочная Пох'ёла, дзе валадарыць злосная чарадзейка, «рэдказубая старая» Лоўхі, якая мела шкодную звычку насылаць на людзей розныя хваробы ды сурокі. Цяпер гэта крыніца бадзёрасці ды здароўя для турыстаў і немалых даходаў у бюджэт Фінляндыі.
( РОВАНІЕМІ
ROVANIEMI
Сталіца Лапландыі горад Рованіемі (Rovaniemi) знаходзіцца па суседстве з Паўночным палярным кругам на зліцці рэк Кемійокі ды Оўнасйокі. Пасля аб'яднання горада з некаторымі сельскімі муніцыпалітэтамі колькасць яго жыхароў дасягнула 62 037 чалавек. Плошча горада складае 8016 км2, з якіх 7581,73 км2 прыпадае на сушу, а 435,02 км2 — на вадаёмы. Людзі пачалі сяліцца там у незапамятныя часы, але стала паселішча з'явілася там недзе ў XII—XIII стагоддзях. Рэгіён засяляўся фінамі з розных куткоў краіны, беламорскімі карэламі, шведамі, нарвежцамі ды немцамі. Так утварыўся адмысловы паўночны дыялект, у якім змяшаліся розныя гаворкі і нават мовы. Аднак засяленне адбывалася вельмі павольна, і нават ў XVI стагоддзі там налічвалася ўсяго 200 жыхароў разам з саамамі і прамымі нашчадкамі пасяленцаў каменнага веку. Першы раз гэтая мясцовасць упамінаецца дакументамі ў верасні 1453 года. Але да XVIII стагоддзя месца насіла назву Коркала. Па перапісу 1725 года ў Рованіемі налічвалася 459 жыхароў, а праз сто гадоў — ужо 2500 чалавек. Дзякуючы ўдаламу размяшчэнню на двух сплаўных рэках, паселішча стала важным транспартным пунктам і атрымала статус гандлёвага мястэчка. Пазней, калі наладзілася сталая сетка дарог, мясцовыя жыхары пачалі ажыўлены гандаль футрамі палярных звяроў. А ў 1938 годзе мястэчка стала цэнтрам губерні Лаппі.
Па ўмовах перамір'я 1944 года фінская армія павінна была выбіць нямецкую Лапландскую вайсковую групоўку. Адступаючы, былыя хаўруснікі вынішчылі ўсе паселішчы ў Лапландыі. У тым ліку і Рованіемі. У гэтым горадзе, ды і ў другіх лапландскіх гарадах практычна даваенных будынкаў. Вялікімі намаганнямі ўсёй краіны Рованіемі аднавілі, і ў 1960 годзе ён атрымаў статус горада. Асноўныя пабудовы і планіроўка горада выкананы славутым фінскім архітэктарам Алварам Аалта. Цяпер гэта вялікі гандлёвы і культурны цэнтр фінскай Поўначы. У 1979 годзе пачаў дзейнасць Лапландскі ўніверсітэт, дзе навучаецца больш пяці тысяч студэнтаў і аспірантаў. Каля чатырох тысяч студэнтаў навучаюцца ў Вышэйшай
прафесіянальнай школе, па тры тысячы — у спартыўным і тэхнічным каледжах. Праводзяцца некалькі музычных фестываляў. У горадзе дзейнічаюць чатыры тэатры і некалькі музеяў.
Адметнасці ды музеі • Muutama nähtävyys ja museo
Arktikum (Pohjoisranta, Rovaniemi) — галоўная адметнасць лапландскай сталіцы, размяшчаецца ў арыгінальным будынку. Гэта музей, дзе расказваецца аб гісторыі і жыцці Лапландыі, побыце саамаў, прыродзе Лапландыі і народных промыслах. У музеі не толькі сталыя экспазіцыі, але ёсць таксама інтэрактыўныя стэнды. Адначасова там праводзіцца навуковая праца супрацоўнікамі Лапландскага ўніверсітэта па арктычнай тэматыцы, перыядычна праводзяцца выставы, прысвечаныя гісторыі і мастацтву сучаснасці фінскай поўначы.