Беларуская мова
Дапам. для вучняў ст. кл
Выдавец: Народная асвета
Памер: 336с.
Мінск 1995
Разнастайныя пісьмовыя помнікі XV — XVI стст. адлюстроўваюць слоўнікавае багацце старажытнай беларускай мовы, яе высокую ступень развіцця. У ёй адлюстраваны разнастайныя пласты лексікі: грамадскапалітычная (апеляцыя, держава, декреть, здрадца, nodaTOKb, прйгон'ь, умова, злочйнца, невольншсь, з'ьезд'ь, KOMUcapT), констйтуцйя, скарбовый і інш.); навукова-кніжная (наука, учоный, док.тор'ь, звездар'ь, академйя, йікольнйкт>, учень, наставнйкь, педагог'ь, автор’ь, лйтера (літара), eucropuK^, мова і інш.); значнае месца займае бытавая, сельскагаспадарчая, сацыяльна-эканамічная, ваенная, прававая, прамысловая і іншая лексіка.
Беларуская мова ў Вялікім княстве Літоўскім была дзяржаўнай (першы пісьмовы помнік на літоўскай мове адносіцца да XVI ст.). Яна выкарыстоўвалася ў дзяржаўнай, дыпламатычнай і прыватнай перапісцы, у дзяржаўных установах. На беларускай мове стваралі мастацкія, публіцыстычныя і мемуарныя тво-
1 Янкоўскі Ф. Гістарычная граматыка беларускай мовы.— Мн., 1983. С. 39.
ры, на яе перакладалі рыцарскія аповесці і раманы, пісалі гістарычныя хронікі.
У развіцці беларускай пісьмовай мовы вялікую ролю адыграла кнігадрукаванне. Заснавальнікам беларускага кнігадрукавання (1517) быў вядомы вучоны, асветнік, выдатны грамадскі і культурны дзеяч XVI ст., перакладчык, пісьменнік і мастак Францыек Скарына з Полацка. Свае кнігі ён выдаваў з мэтай пашырэння адукацыі сярод народа. Надрукаваныя кнігі Ф. Скарыны распаўсюджваліся не толькі ў Вялікім княстве Літоўскім, але і ў Расіі, і на Украіне. Таму дзейнасць Ф. Скарыны мела выключна важнае значэнне для развіцця культуры і кнігадрукавання ўсіх усходніх славян — беларусаў, рускіх і ўкраінцаў. Друкарскую і асветніцкую справу Ф. Скарыны працягвалі С. Будны, В. Цяпінскі, П. Мсціславец і інш. Значны ўклад у развіццё старажытнай беларускай літаратурнай мовы зрабілі Л. Зізаній, М. Сматрыцкі, Л. Карповіч, А. Філіповіч і інш.
У другой палове XVI ст. складваюцца неспрыяльныя абставіны для далейшага развіцця беларускай пісьмовай мовы. У выніку Люблінскай уніі (1569) Вялікае княства Літоўскае і Польскае каралеўства аб’ядналіся ў адну дзяржаву — Рэч Паспалітую. 3 гэтага часу пачынаецца паступовае распаўсюджванне польскай мовы на тэрыторыі Беларусі. Каб процістаяць гэтаму, у дзяржаўны зборнік законаў «Літоўскі статут» 1 1566 г. уключаецца спецыяльны пункт аб ужыванні ў справаводстве толькі беларускай мовы (раздзел 4, артыкул 1). Гэты пункт захаваўся і ў Статуце 1588 г. Аднак у 1696 г. выйшаў закон, паводле якога польская мова стала дзяржаўнай на тэрыторыі Беларусі. Пачынаецца палітыка апалячвання і акаталічвання беларускага насельніцтва. Беларуская знаць прыняла каталіцкую веру і стала карыстацца польскай мовай, але беларускі народ у цэлым на працягу стагоддзяў захаваў сваю мову, культуру, звычаі.
У канцы XVIII ст. пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай тэрыторыя сучаснай Беларусі ўвайшла ў Расійскую імперыю. У новых гістарычных умовах паступова развіваюцца новая беларуская літаратура і беларуская мова.
1 Існавалі тры Статуты Вялікага княства Літоўскага (1529, 1566, 1588) —зборнікі законаў феадальнага права, якія дзейнічалі ў гэтай дзяржаве ў той час і пазней.
§ 4. Развіццё беларускай нацыянальнай мовы
У XIX — пачатку XX ст. адбываецца працэс фарміравання беларускай нацыі. Адначасова складваецца і мова беларускай нацыі, якая развіваецца з мовы народнасці.
Нацыянальная мова — мова, якая з’яўляецца сродкам пісьмовых і вусных зносін нацыі. Нацыя як устойлівая агульнасць людзей характарызуецца адзінствам тэрыторыі, мовы, эканамічнага жыцця і псіхічнага складу, якія праяўляюцца ў агульнасці культуры.
Фарміраванне нацыі, нацыянальнай мовы звязана з развіццём капіталістычных адносін, узмацненнем класавай барацьбы і нацыянальнага руху. Беларусь, далучаная да Расіі, трапіла ў сферу ўплыву рускага рэвалюцыйнага руху. У XIX ст. пашыраецца нацыянальна-вызваленчы рух, многія пісьменнікі пішуць на беларускай мове (А. Вярыга-Дарэўскі, В. Каратынскі, Ян Чачот, П. Багрым, А. Рыпінскі, У. Сыракомля і інш.).
На сярэдзіну XIX ст. прыпадае дзейнасць В. Дуніна-Марцінкевіча, першага буйнога беларускага пісьменніка, які пакінуў нам значную спадчыну.
У другой палове XIX ст. узмацніўся рэвалюцыйны рух на Беларусі, з’яўляюцца рэвалюцыйныя пракламацыі, друкуецца нелегальная газета «Мужыцкая праўда» К. Каліноўскага. Пасля падаўлення паўстання 1863 г. на Беларусі ўстанавіўся жорсткі ваеннапаліцэйскі рэжым. Забаранялася друкаваць на беларускай мове і нават прывозіць беларускія кнігі, выдадзеныя за мяжой. Школы працавалі на рускай мове. На беларускай мове дазвалялася друкаваць толькі фальклорныя матэрыялы, гістарычныя дакументы і помнікі. Аднак, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, развіццё мастацкай і публіцыстычнай літаратуры на беларускай мове не спынялася. У другой палове XIX ст. і пачатку XX ст. з’яўляюцца творы Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча, Ядвігіна Ш., К. Каганца і інш. Самы буйны і яркі прадстаўнік беларускай літаратуры XIX ст.— Ф. Багушэвіч. Яго дзейнасць мела вялікае значэнне ў развіцці беларускай літаратурнай мовы. Ен першы загаварыў пра беларускую мову як найважнейшы элемент нацыянальнай культуры, паставіў пытанне пра лёс яе развіцця.
У XIX — пачатку XX ст. з’яўляюцца навуковыя даследаванні пра беларускую мову, яе гісторыю, фальк-
лор. Было складзена некалькі слоўнікаў сучаснай і старажытнай беларускай лексікі. Найбольш каштоўныя з іх I. Насовіча (1870), 1. Навіцкага (1872), Н. Гарбачэўскага (1874). Складзена некалькі граматык, але яны не былі надрукаваны.
Асабліва вялікі ўклад у вывучэнне беларускай мовы і літаратуры ў канцы XIX — пачатку XX ст. унёс Я. Ф. Карскі, які па праву лічыцца заснавальнікам сучаснага беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства. Самая каштоўная з яго шматлікіх прац — трохтомная манаграфія «Беларусы» (7 выпускаў), у якой на высокім навуковым узроўні даследуюцца гісторыя, мова, фальклор, пісьменнасць, шматвяковая культура беларускага народа. Я. Ф. Карскі навукова абгрунтаваў нацыянальную самабытнасць беларускага народа.
Пасля рэвалюцыі 1905—1907 гг. была знята забарона друкавання на беларускай мове. З’яўляюцца выдавецтвы («Загляне сонца і ў наша ваконца» і інш.), беларускія перыядычныя выданні («Наша доля», «Hama ніва», «Лучынка» і інш.). На беларускай мове друкуюцца не толькі мастацкія і публіцыстычныя творы, але і дапаможнікі, падручнікі для навучання дзяцей, навукова-папулярныя творы і інш.
Вакол выдавецтваў і перыядычных выданняў гуртаваліся беларускія пісьменнікі, асветнікі, публіцысты, якія садзейнічалі пашырэнню асветы ў народзе. У гэты перыяд выпрацоўваюцца графічныя, арфаграфічныя, граматычныя, лексічныя, арфаэпічныя нормы беларускай літаратурнай мовы. Станаўленне норм літаратурнай мовы, яе ўзбагачэнне і ўдасканаленне ў значнай ступені звязана з дзейнасцю выдатных беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі, Максіма Багдановіча і інш.
§ 5. Літаратурная мова і мясцовыя гаворкі
Беларуская літаратурная мова — унармаваная мова, якая абслугоўвае асноўныя сферы дзейнасці народа. Гэта мова школы, навукі, друку, радыё, тэлебачання, тэатра, мастацкай літаратуры, дзяржаўных устаноў.
Унармаванасць літаратурнай мовы заключаецца ў тым, што ў ёй рэгламентуецца значэнне і ўжыванне слоў, а вымаўленне, правапіс і ўтварэнне граматычных
форм слоў падпарадкоўваюцца агульнапрынятаму ўзору. Сучасныя нормы беларускай літаратурнай мовы адлюстроўваюць слоўнікі, падручнікі і спецыяльныя працы па мове.
Нормы літаратурнай мовы абавязковыя для ўсяго грамадства. Дзякуючы ім дасягаецца адзінства літаратурнай мовы, яна даступная і зразумелая ўсяму народу. Таму нормы літаратурнай мовы ахоўваюцца грамадствам праз школу, друк, радыё, тэлебачанне, а змены іх зацвярджаюцца ўрадавымі пастановамі.
Літаратурная мова мае дзве формы: вусную і пісьмовую, якія характарызуюцца пэўнымі асаблівасцямі ў лексіцы і ў граматычнай структуры, бо разлічаны на розныя віды ўспрыняцця — слыхавое і зрокавае. Пісьмовая літаратурная мова адрозніваецца ад вуснай больш складаным сінтаксісам, большай колькасцю абстрактнай і тэрміналагічнай лексікі. Пісьмовая мова спрыяе ўстойлівасці літаратурнай мовы.
Літаратурная мова адрозніваецца ад мясцовых гаворак (дыялектаў) унармаванасцю лексікі, граматыкі, стылістычнымі разнавіднасцямі. Літаратурная мова мае вусную і пісьмовую формы, а дыялекты — толькі вусную.
Дыялект (грэч. dialektos— гаворка) —разнавіднасць нацыянальнай мовы, на якой гавораць людзі пэўнай мясцовасці, тэрыторыі. Дыялекты аб’ядноўваюць групу ці групы мясцовых гаворак, якія маюць агульныя асаблівасці ў фанетыцы, граматыцы, лексіцы.
Беларускія гаворкі падзяляюцца на два дыялекты: паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні. Паміж імі знаходзяцца пераходныя гаворкі, іх называюць яшчэ сярэднебеларускімі. Яны маюць асаблівасці абодвух дыялектаў.
У паўночн а-ў с х о д н і дыялект уваходзяць гаворкі Віцебскай, большай часткі Магілёўскай і паўночных раёнаў Мінскай абласцей. Жыхары гэтай тэрыторыі гавораць: вісна, зімля, сістра; ідзець, нясець, пяець; наеўся (або наеўсь); буду хадзіць, буду рабіць; дзве рукі, тры вядры.
Да п а ў д н ё в а-з а х о д н я г а дыялекту адносяцца гаворкі Брэсцкай і Гомельскай абласцей, паўднёвых раёнаў Міншчыны і значнай часткі Гродзеншчыны. Тут жыхары гавораць: вясна, зямля, сястра; ідзе, нясе, пяе; у многіх раёнах — наеўса (або наеўсё), хадзіцьму, рабіуьму; дзве руцэ, тры вядрэ.
Сярэднебеларускія гаворкі— у цэнтральнай частцы Беларусі: Ашмянскі, Валожынскі, Вілейскі, Маладзечанскі, Мінскі, Лагойскі, Барысаўскі, Бярэзінскі, Чэрвеньскі і іншыя раёны. Гэтыя гаворкі блізкія да літаратурнай мовы.
Дыялекты маюць пэўныя асаблівасці не толькі ў фанетыцы і граматыцы, але і ў лексіцы. Так, у паўночна-ўсходніх гаворках ёсць шмат слоў, якіх няма ў паўднёва-заходніх: гарлач, малец (хлопец), суды (два вядры), іспоткі (рукавіцы) і інш. I наадварот, у паўднёва-заходніх гаворках шмат слоў, якія не ўжываюцца на Віцебшчыне і Магілёўшчыне: картопля, шуляк (каршун), гавяда, тавар (буйная рагатая жывёла) і інш.
Паміж беларускай літаратурнай мовай і дыялектамі існуе цесная ўзаемасувязь: літаратурная мова пастаянна ўзбагачаецца і абнаўляецца за кошт народна-дыялектнай мовы, убіраючы ў сябе ўсё найболыш каштоўнае, жыццёва важнае і тыповае. А элементы літаратурнай мовы пранікалі і пранікаюць (праз навучанне, друк, мастацкую літаратуру, радыё, тэлебачанне і інш.) у дыялекты, набліжаюць іх да літаратурнай мовы.