Беларуская мова
Дапам. для вучняў ст. кл
Выдавец: Народная асвета
Памер: 336с.
Мінск 1995
Злучнік затое трэба адрозніваць ад указальнага займенніка тое і прыназоўніка за (за тое). Параўн.: Удзень свяціла сонца і нават было горача, затое ноччу дацінау холад. (Лыньк.) Чаго было чапляцца за тое, што навек адышло, сплыло ў нябыт. (1. М.) У першым сказе затое — злучнік, у другім за тое — займеннік з прыназоўнікам, у сказе выступае дапаўненнем.
211. Спішыце, раскрываючы дужкі. Падкрэсліце прыназоўнікі з займеннікамі адной лініяй, а злучнікі — дзвюма. Вызначце сінтаксічную ролю прыназоўнікаў і злучнікаў. Адкажыце, дзе словы што, чым — злучнікі, а дзе — займеннікі.
1. Людзі тут, у Лонве, не захавалі легендаў пра лес, не перадалі з пакаленняў у пакаленні; (за, тое) лес недзе помніць усё. (Пташн.) 2. Чым цяжэй, тым даражэй. (Прык.) 3. Давай пашукаем, чым завастрыць кій. (Я. М.) 4. Бралася рыба тут горш, (за, тое) як хораша было! (Шам.) 5. Здаецца, што ніколі яшчэ Наталля Пятроўна не адчувала такой радасці, такога шчасця (ад, таго), што не пусціла гора ў людскую хату. (Шам.) 6. Люблю я бульбу маладую, што ўлетку выбераш з зямлі. (Бр.) 7. He бяда, што дожджык і гразка, (за, тое) прырода ажывае. (Сам.) 8. Праваднікі адказваюць (за, тое), каб бабры-перасяленцы закончылі сваё падарожжа паспяхова. (В. В.) 9. Тое дорага, што нялёгка даецца. (Прык.) 10. Вось цяпер ніхто не скажа, што спазнілася вясна. (Луж.)
212. Прачытайце. Разбярыце злучнікі па табліцы: з першых шасці сказаў пісьмова, а з астатніх — вусна.
Злучнік, нумар сказа
Невытворігы ці вытворны
Просты ці састаўны
Адзіночны, паўторны ці парны
Злучальны ці падпарадкавальны
Ці — Ці (2-0
невытворны
просты
паўторны
злучальны
1. Абапал зноў мяняліся зараснікі ійызаватых лазнякоў ды бліскучага алешніку. (1. М.) 2. Ці плачу я, ці пяю, ці размаўляю з матуляю — песню сваю, мову сваю я да грудзей прытульваю. (Панч.) 3. Бабёр выбраўся, як на ватных ножках, на пясок і адразу пачаў есці. (Янк.) 4. Моцна кахаў я цябе, дарагая, але расстацца нам час. (Багд.) 5. Няма ні агнёў, ні яскравых колераў, ні гулкіх зыкаў. (К. Ч.) 6. Па меры таго як спадалі шастанне крокаў, рыпенне, сам сабой цішэў і гул. (1. М.) 7. Гулкая ні то цішыня шырокіх размахаў, ні то песня веснавой вясёлай журбы плыла над зямлёй. (К. Ч.) 8. I чым далей, тым бачу болей я камбайнераў маладых, і тых дзяўчат, што з хлебам-соллю ад сэрца сустракаюць іх. (Бр.) 9. Горад, нібы падкова, агінае бухту, вуліцы то ўздымаюцца на горы, то збягаюць к самаму мору, то губляюцца за сопкамі. (Грах.) 10. Ляснік у будцы сваёй гнуўся, хоць да агню ён больш гарнуўся. (К-с.) 11. Усё жыццё тлумачыў сам сабе і дзецям, што не можа быць ніякай свабоды ў гультая. (Шам.)
ЧАСЦІЦЫ
§ 89. Часціцы як часціна мовы
Часціцы — службовыя словы, якія выражаюць дадатковыя сэнсавыя адценні слоў, словазлучэнняў і сказаў або служаць для ўтварэння форм слоў.
Паводле значэння часціцы падзяляюцца на чатыры разрады: сэнсавыя, мадальныя, эмацыянальныя, формаўтваральныя.
Сэнсавыя часціцы выражаюць сэнсавыя адценні. Сярод іх выдзяляюцца: указальныя (вось, вунь, гэта); выдзяляльна-абмежавальныя (толькі, абы толькі, ледзь, хоць, хоць бы, выключна);
удакладняльныя (амаль, іменна, сапраўды, якраз).
Мадальныя часціцы надаюць выказванню розныя мадальныя адценні: сцвярджэнне, адмаўленне, пытанне, пабуджэнне. Таму сярод іх выдзяляюцца TaKia групы: сцвярджальныя (так, ага, але); а дмоўныя (не, ні); пытальныя (ці, хіба, няўжо); пабуджальныя (ну, ану, на, дай, давай).
Эмацыянальныя часціцы выражаюць эмацыянальную ацэнку выказвання або ўзмацняюць яго выразнасць. Да іх адносяцца: клічныя (што за, як, няхай); узмацняльныя (нават, вось — дык, аж, ж, ні, і, ну).
Формаўтваральныя часціцы служаць для ўтварэння форм слоў: бы (б) — для ўтварэння ўмоўнага ладу; няхай (хай), давай (давайце) —для ўтварэння загаднага ладу.
Некаторыя часціцы мнагазначныя, таму адносяцца да двух ці некалькіх разрадаў: вось, жа, ну і інш.
213. Знайдзіце часціцы, вызначце іх разрад і групу.
1. Ці тое я раблю, што людзям трэба? Магчыма, нешта робіцца не так. (Грах.) 2. Час! Пачакай! Куды табе спяшацца? Хіба ў цябе не вечнасць пра запас? Пазыч жа нам хвілін якіх пятнаццаць. (Бач.) 3. Хацелася хоць на адзін дзень завітаць у сваё юнацтва, пазнаць кожную сцяжынку, кожную прысаду, сустрэць даўніх сяброў. (Грах.) 4. Хай жа хмары мінаюць твае далягляды, хай ніколі не ціхнуць і песні ў гаях. (Бур.) 5. «Эх, брат Алесь! — гаворыць дз.ядзька.— Вось быў шчупак — усім ім бацька!» (К-с.) 6. Можа, таму нават лютай зімой не замярзаюць крыніцы. (Бач.) 7. Толькі хвалі не маюць спачыну ў адвечнай нястомнай журбе. (Грах.) 8. Ніколі б я ў жыцці не стаў магнатам — не па нутру мне сытых цішыня. (Бач.) 9. У невялікім кустоўі, ля фермы, аж заходзяцца салаўі. (Сіп.) 10. He ўсё ж на бацькавай шыі сядзець, пара і свой розум мець. (Прык.)
• Зрабіце фанетычны разбор выдзеленых слоў.
§ 90. Правапіс часціц
Часціцы бы (б), жа (ж) пішуцца асобна. Пасля слова, якое канчаецца на зычны, ужываюцца часціцы бы, жа, а пасля слоў, якія канчаюцца на галосны,—
б, ж: будаваў бы, пісаў бы, гаварыла б, чытаў жа, працавалі ж, гэта ж.
Часціца -такі пішацца праз злучок, калі стаіць пасля дзеясловаў: узараў-так.і, спісала-такі, вярнулася-такі, а таксама ў словах усё-такі, так-такі, зноў-такі, даволі-такі. У астатніх вынадках часціца такі пішацца асобна: Яна такі прыйшла. Мы ўсё ж такі спяшаліся.
Часціца -абы пішацца праз злучок з займеннікамі і прыслоўямі (тут яна выконвае ролю прыстаўкі): абышто, абы-хто, абы-які, абы-як, абы-дзе. Калі ад займеннікаў гэтая часніца аддзяляецца прыназоўнікамі, то яна пішацца асобна: абы з чым, абы з кім. 3 іншымі словамі часціца абы пішацца асобна: абы гаварыць, абы. цяплей, абы вада.
Часціца што пішацца асобна ў спалучэннях пакуль што, амаль йіто, толькі што, сама што, хіба што.
214. Спішыце. Часціцы, што ў дужках, пішыце са словамі разам, асобна ці праз злучок.
1. Салаўю ўсё роўна— (абы) песня, (абы) сонца ды кавалак ценю. (Зв.) 2. Сёння (ж) унукі і ўнучкі герояў коласаўскіх твораў вучацца ў Мінску, Маскве, Ленінградзе. (С. А.) 3. Толькі (што) Алесь захапляўся высокім абрывістым берагам, як раптам дарожка, што белая ручаінка, пакацілася з узгорка ўніз. (Бр.) 4. I ўсё (такі) трэба было ехаць. (Хадк.) 5. Даніла. Няўжо (такі) нашы не ўтрымаюцца? (Кр.) 6. Прыходзілі рыфмы і тут (жа) бясследна знікалі. (Асіп.) 7. I ўсё (ж) (такі) Андрэй сабраўся ў дарогу. (Грах.)
§ 91. Ужыванне часціц не, ні
Адмоўныя часціцы не, ні — асноўны сродак выражэння адмаўлення ў беларускай мове.
Часціца не найбольш часта знаходзіцца пры выказніку, але можа быць і пры любым іншым члене сказа: He скруціць ніякай чорнай скрусе маладосць крылатую маю. (Бур.) Калі не сёння, дык цераз гады ты мусіш з дальняй далечы з'явіцца. (Грах.)
Часціца не ўжываецца як адмоўны адказ на пытанне: «Максім яшчэ не вярнуўся?» — «Не». (К-с.) Для ўзмацнення адмоўя часціца не можа паўтарацца: «Ты, мусіуь, злуешся на мяне, што я папужала табе качак?» — «Не, не злуюся». (К-с.)
Сказ набывае сцвярджальны сэнс, калі адна часціца не стаіць перад дапаможным дзеясловам (звычайна гэта дзеяслоў магчы), а другая — перад інфінітывам: Тон быў такі, што Лясніцкі не мог не пайсці. (М. 3.) Часціца не мае сцвярджальны сэнс у рытарычных пытальных або рытарычных клічных сказах: / хіба можна ўжо ўстрымацца, у час касьбы не пакупацца? (К-с.) Таемны вы, зямлі скрыжалі! Чаго ў сябе вы не ўпісалі! (К-с.)
Часціца ні надае адмоўнае значэнне сказу без дзейніка: У лесе ні гуку. Hi хмурынкі на небе. (К-с.) На полі не было ні душы. (Хадк.)
У адмоўным сказе ні часта ўжываецца са значэннем злучніка і можа быць заменена злучнікам і: Я ні ў жыцці, ні ў людзях не зняверыўся, людскую ласку дбайна берагу. (Панч.)
Часціца ні можа ўжывацца перад выказнікам даданага сказа для ўзмацнення сцвярджэння, утвараючы з займеннікам ці прыслоўем устойлівыя спалучэнні (хто ні, хто б ні, што ні, што б ні, які б ні, як ні, дзе ні, дзе б ні, куды б ні і інш.): Прыпяць не спяшаецца выносіць свае воды, беражэ, ашчаджае, размяркоўвае так, каб хапіла на ўсё лета, якое б засушлівае яно ні было. (Сач.)
215. Прачытайце. Адкажыце, якое значэнне маюць часціцы не, ні ў сказах.
1. Каго не краталі, каго не хвалявалі стракатасць і гамонка перапраў? (Панч.) 2. Берагу, берагу дарагую юнацтва тугу, і ні дням, ні гадам патушыць яе ў песні не дам. (Кір.) 3. Калі нарадзіўся волат, не знаў ён ні хвіліны спакою: варожых дзяржаў чатырнаццаць ішлі на яго вайною. (A. К.) 4. He, не махай расчаравана на ўсё рукою. (Бур.) 5. Hi цары, ні іхні слугі, ні паны, ні каты не маглі забраць, украсці гэты скарб багаты. (Куп.) 6. «Другіх пытанняў не будзе?» — «Не!» (К-с.) 7. Пра верасень той я не магу тут не думаць. (Б.) 8. 1 не спіцца, і не сніцца Тарасу на свеце, дзе ні гляне,— скрозь няволя, плача маці, дзеці. (Куп.) 9. Янчэўскі, вядома ж, не мог не прызнацца, што ён таксама камбайнер, толькі падземны. (Кул.)
• Зрабіце марфалагічны разбор выдзеленых слоў.
§ 92. Правапіс не(ня), ні
He (ня) як прыстаўка пішацца разам:
калі без не слова не ўжываецца: непагадзь, недахоп, неабходны, неабсяжны, нездаровіцца, ненавідзець, неабходна;
з назоўнікамі, прыметнікамі і прыслоўямі, у якіх яна з’яўляецца прыстаўкай і надае слову супрацьлеглае значэнне: удача — няўдача, лёгкі — нялёгкі, густы — негусты, весела — нявесела, ласкава — неласкава;
у поўных дзеепрыметніках, калі яны не маюць паясняльных слоў: незасеянае поле, неадрамантаваная школа;
з няпэўнымі (неазначальнымі) займеннікамі і прыслоўямі: нехта, нешта, нейкі, некаторы, некалі, недзе, неяк, некуды;
у дзеяслоўнай прыстаўцы неда-, якая абазначае неадпаведнасць патрэбнай норме: недаглядзець (недастаткова, дрэнна глядзець), недаацэньваць (ацэньваць ніжэй, чым належыць), недапісваць (не пісаць да канца радок, старонку), недавыканаць (выканаць менш за патрэбную норму).
Заўвага. Дзеясловы з прыстаўкай недатрэба адрозніваць ад дзеясловаў з прыстаўкай да-, якія маюць адмоўе не і абазначаюць не даведзенае да канца дзеянне: не даглядзець фільм, не дапісаць пісьма.
Часціца не пішацца асобна:
з дзеясловамі (у тым ліку з дзеепрыслоўямі і кароткімі дзеепрыметнікамі): не засеялі, не адрамантавалі; не засеяўшы поля, не адрамантаваўшы школы; поле не засеяна, школа не адрамантавана;