Беларуская мова
Дапам. для вучняў ст. кл
Выдавец: Народная асвета
Памер: 336с.
Мінск 1995
Удакладняючыя члены сказа могуць размяшчацца адзін за адным, кожны з якіх удакладняе папярэдняе слова: У цяньку, пад павеццю, ля дрывотні, яшчэ не растаў халадок ліпнёвага рання. (М. Г.)
Іншыя акалічнасці, а таксама іншыя члены сказа бываюць удакладняючымі значна радзей: Ціха, пазмоўніцку, сястра расказала пра візіт партызан. (Лыньк.) —удакладняючая акалічнасць спосабу дзеяння; Каля гарматы стаяў высокі салдат у кароткім, да каленяў, шынялі. (М. Г.) — удакладняючае азначэнне.
Блізкімі да ўдакладняючых з’яўляюцца паясняючыя члены сказа. Розніца паміж імі ў тым, што ўдакладненне — гэта абмежаванне паняцця, пераход ад больш шырокага, агульнага да больш вузкага, прыватнага, а паясненне — абазначэнне ў пэўным кантэксце таго самага паняцця іншым словам (словамі). Перад паясняючым членам сказа можна ўставіць словы а іменна, гэта значыць: Усе жанчыны былі свае, вясковыя. (Чыгр.); Заўтра, 7 верасня, ідзём на экскурсію.
Паясняючы член сказа можа звязвацца са словам, якое ён паясняе, злучнікамі ці, або: Цэлыя лапіны на лузе адваявалі сабе братаўка, ці званец, і чорнагалоў. (Асіп.)
Адасабляюцца, выдзяляюцца коскамі і далучальныя члены сказа, якія выражаюць дадатковае паведамленне да сказанага з мэтай дапоўніць яго ці ўзмацніць. Яны далучаюцца пры дапамозе слоў і спалучэнняў асабліва, нават, напрыклад, наогул, пераважна, у прыватнасці, у тым ліку, у першую чаргу і інш.: Затое тут жыло сваё рэха — дзень і ноч, зіму і лета, асабліва ўвосень. (Пташн.); Размаўляючы, жартуючы, настаўнікі. у тым ліку і дырэктар, мімаволі пазіралі на Данілу Платонавіча: як рэагуе ён, стары і мудры чалавек? (Шам.)
261. Выпішыце, ставячы знакі прыпынку, спачатку сказы з удакладняючымі членамі, потым — з паясняючымі, пасля — з далучальнымі.
1. Мядзведзь частуецца ягадамі асабліва малінай, да якой ён вельмі прывык. (В. В.) 2. Там дзесьці далёка на ўсходзе застаўся яго сын. (Шам.) 3. На дварэ негр-кухар або «кок», як усюды завуць кухараў, зварыў ужо вялізны казан чорнага варыва з бобу. (Я. М.) 4. Людскія патокі пераважна моладзь у спяцоўках кепках берэтах касынках з усіх канцоў кіруюцца да аўтобусных прыпынкаў. (Хадк.) 5. Глуха непрытульна ў лесе зімой асабліва ў снежную замець. (Лыньк.) 6. Там за акном бясконцым гмахам ідзе прастор ва ўсе краі. (К-с.) 7. Вось тут у руінах аднаго мураванага будынка знайшоўся лакамабіль. (Шам.) 8. У нашых лясах шматлікае сямейства дзятлоў прадстаўлена некалькімі відамі. Самы буйны з іх — чорны дзяцел ці, як яго яшчэ называюць, жаўна. (В. В.) 9. Адтуль з-за лесу ў кожную ясную раніцу сонца заглядала ў акно напаўняючы пакой радасным святлом новага дня. (Хадк.)
• Зрабіце марфалагічны разбор слоў у першым сказе.
§ 128. Параўнальныя звароты
У простым сказе могуць ужывацца словы і словазлучэнні, якія шляхам параўнання раскрываюць ці ўдакладняюць змест іншых слоў ці словазлучэнняў. Гэта — параўнанні. Параўнальныя звароты — адзін са сродкаў граматычнага афармлення параўнанняў, іх разнавіднасць. Параўнальныя звароты дапамагаюць больш дакладна ахарактарызаваць прадмет, з’яву, дзеянне. Часта яны маюць вобразны характар, а таму вельмі нашыраныя ў жывой народнай мове і ў мове мастацкай літаратуры.
Параўнальныя звароты ўводзяцца ў структуру сказа пры дапамозе падпарадкавальных злучнікаў як, нібы, што, быццам, як бы, як быццам і інш. і выдзяляюцца коскамі. У іх склад можа ўваходзіць адно самастойнае слова, а таксама спалучэнне слоў: На лісці кустоў, нібы брыльянты, буйніліся багатыя росы. (К-с.); Школі у лесе не было такой дружнай, бурнай, як усплёск полымя, яркасці фарбаў, такой кідкай красы. (I. М.)
Параўнальныя звароты могуць размяшчацца ў пачатку, сярэдзіне ці ў канцы сказа: Як назойлівыя авадні, адна за адной круціліся, лезлі думк.1. (I. М.); Па нізінах, як азёры, стаяць шырокія лужыны. (К-с.); Дзед Талаш быў зацяты і горды. як дзікі арол. (К-с.)
Параўнальныя звароты могуць паясняць розныя члены сказа, але найбольш часта яны паясняюць дзеяслоў-выказнік. Сваёй сінтаксічнай функцыяй яны набліжаюцца да акалічнасцей. Аднак параўнальныя звароты — гэта своеасаблівыя адасобленыя канструкцыі, якія большасць мовазнаўцаў не лічаць членамі сказа.
He лічацца параўнальнымі зваротамі і не выдзяляюцца коскамі параўнанні, якія з’яўляюцца выказнікам або ўваходзяць у склад выказніка: Васіліна для Люды як сястра. (Хадк.); Хлапчукі сталі як бы сведкамі. (I. Н.), а таксама словы і словазлучэнні, якія ўтвараюць устойлівыя выразы: Усё, што ляжала каля рэчкі і за ёю, было відно як на далоні. (Шам.)
Часам блытаюць параўнальныя звароты і блізкія да іх параўнальныя даданыя сказы з апушчаным выказнікам (няпоўныя сказы). Трэба помніць, што ў такіх даданых сказах, акрамя членаў сказа з саставу дзейніка, ёсць даданыя члены сказа з саставу выказніка (акалічнасці, дапаўненні): Ляцяць крупінкі ледзяныя, бы ўлетку пырскі дажджавыя. (К-с.) Тут акалічнасць улетку адносіцца да саставу выказніка.
He з’яўляюцца параўнальнымі зваротамі канструкцыі са злучнікам як, якія не змяшчаюць у сабе параўнання, а служаць для выдзялення асобнага прадмета ці прыметы: Такія натуры, як Чубар, звычайна добра адчуваюць сябе ў калектыве. (Чыгр.)
262. Прачытайце ўрыўкі з артыкула A. М. Базыленкі «Параўнальныя словазлучэнні ў сучаснай беларускай літаратурнай мове (па матэрыялах творчасці Я. Коласа)». (Працы Інстытута мовазнаўства АН БССР. Вып. III. Мн., 1957.) Адкажыце, якая ацэнка даецца Коласавым параўнанням у артыкуле, у чым іх адметнасць. Выпішыце 10—15 параўнальных зваротаў з «Новай зямлі» Я. Коласа, раскрыйце іх вобразнасць.
У творах ЯКоласа параўнальныя словазлучэнні высокай мастацкай вартасці, яны з’яўляюцца адным з выразных сродкаў народнасці мовы пісьменніка...
Характэрнай рысай параўнанняў Якуба Коласа з’яўляецца тое, што амаль усе яны маюць мэтай знай-
сці ў навакольным жыцці канкрэтныя прыклады, якія служаць трапнай і вобразнай аналогіяй, нагляднай формай выражэння чалавечых імкненняў, перажыванняў альбо асаблівасцей яго характару, паводзін.
Істотная асаблівасць параўнанняў са злучнікамі (параўнальных зваротаў) заключаецца ў тым, што два прадметы (альбо дзве з’явы), якія параўноўваюцца, даюцца паасобку, побач адзін з другім. Такая сінтаксічная будова іх спрыяе ўзмацненню нагляднасці і канкрэтнасці вобраза... Гэтае значэнне параўнальных зваротаў яшчэ больш павялічваецца тады, калі пры адным прадмеце параўнання ўжываюцца па два, a то і па тры параўнальныя звароты, якія ідуць адзін за адным у нарастаючым парадку: Стаіць, бы куль, бы лялька нейка; Агоньчык весела шуміць, нібы жывы, нібы жар-птушка...
Супастаўленне двух дзеянняў па ўласцівых ім адзнаках: галоўнага дзеяння з такім другім дзеяннем прадмета, без якога ў сказе галоўнае дзеянне не выступае паўназначным: Маўчала, як лес на змярканні, бывалых байцоў грамада; Застыў ён, бы ўкопаны слуп...
Падобныя параўнанні ў вялікай колькасці ўжываюцца Коласам пры апісанні бытавых сцэн, штодзённых заняткаў. Яны дапамагаюць простаму, рэалістычнаму апісанню агарнуцца ў прыгожую, вобразную форму: У небе хмарачкі дзянныя плылі, як гускі маладыя; Ідуць к.асцы, ідуць, як хмары, і льецца смех іх разудалы, як веснавыя перавалы.
263. Спішыце сказы, ставячы апушчаныя знакі прыпынку. Падкрэсліце параўнальныя звароты і словы, да якіх яны адносяцца.
ы 1. Неба злёгку агорнутае танюсенькаю белаватаю павалокаю як бы шоўкаваю кудзелькаю, здавалася, ніжэй нахілілася над гэтымі паземамі, каб папесціць іх пацалункамі сонечнага цяпла. (К-с.) 2. Цяпер Васіль стаў услухоўвацца ў гул як у добрую блізкую душы музыку. (7. М.) 3. Правей ад Мікуціч за Нёманам далёка на небасхіле сіняя палоска лесу нібы піла паложаная на зямлі зубамі ўгору выплывае з празрыстай вераснёўскай сінечы. (К-с.) 4. А струмені звоняць нібы струны, прагна п’е іх смаглая зямля. (Панч.) 5. Снег блішчыць як халодная сталь. (Багд.) 6. Вочы свецяцца як зоры. (М. Ч.) 7. Дзявочыя вочы ўзляцелі
што крылы. (Бр.) 8. Міколка сцяўся ў халодны камяк нібы ўліп у зямлю. (Лыньк..) 9. Лёд бы камень самацветны блішчыць праменнаю ігрой. (Зв.) 10. Звініць яе голас быццам ветрык гарэзлівы. (М. Т.) 11. Старасвецкія дубы магутныя нібы каменныя горы стаялі над мураваным скляп.ом. (КЧ.) 12. На гэтым балотным прасторы пападаюцца вузкія чорныя як растопленая смала палосы вады страшныя сваёй маўклівасцю і глыбінёй. (К-с.)
• Раскрыйце вобразнасць параўнальных зваротаў.
§ 129. Зваротак
Зваротак абазначае асобу ці прадмет, да якіх звернута выказванне, выражанае ўсім сказам. Зваротак не мае сінтаксічнай сувязі са сказам і членам сказа не з’яўляецца, ён звязваецца сэнсам з усім сказам або з асобнымі яго членамі: Іграй, музыка, гулка, громка! Дзяўчына, песні нам спявай! (Куп.) Стань, Мінск мой, такім, як хачу я, навекі. (Панч.)
Зваротак звычайна выражаецца назоўнікам у форме назоўнага склону, а таксама іншымі словамі, калі яны ўжываюцца са значэннем назоўніка: Згадаю, тайга, пра твае дываны, пра колеры, барвы, узоры. (У. Д.) To з Алма-Аты, а то з Дуброўніка я табе, любімая, пішу. (Панч.)
Акрамя таго, у беларускай мове зваротак выражаецца і клічнай формай назоўніка (са старажытнага клічнага склону): За праўду, за шчасце, за лепшую долю вазьміся, мой дружа, пастой! (Куп.) Гуслям, княжа, не пішуць законаў. (Куп.)
Па структуры звароткі бываюць неразвітыя, калі яны выражаюцца адным словам, і развітыя, калі маюць паясняючыя словы, у тым ліку і прыдаткі: Расціце, малыя, радзіму любіце, сардэчна шануйце руплівых бацькоў. (Хв.) Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі! (Куп.) Месяц, мой сябра самотнасці, ці ж ніколі ў жыцці ты, як людзі, не плакаў? (М. С.)
Акрамя асноўнай функцыі, звароткі выконваюць у мове і важную стылістычную ролю: яны паказваюць адносіны гаворачага да асобы ці прадмета, каму адрасуецца выказванне (выражаюць ласку, замілаванасць ці, наадварот, насмешку, знявагу, нянавісць).
3 мэтай дасягпення эмацыянальнасці пры зваротку ўжываюцца выклічнікі, формы суб’ектыўнай ацэнкі, эмацыянальна афарбаваныя словы, паўтарэнні слоў, сустракаюцца два або некалькі звароткаў, якія звернуты да адной асобы Ui прадмета. У ролі экспрэсіўнага зваротка выступаюць і словы брат, браце, дружа і інш.: Сястрыца любая, сястрыца дарагая, пійіу сягоння ліст і шлю табе паклон. (Тр.) Мой мілы птах, мой жаўранак, ты што так рана ўзвіўся? (Гіл.) A дзядзька, дзядзечка, саколік! Насып мне ягад у прыполік! (К-с.) Вось і сустрэліся, браце, з табою. (М. Т.)