Беларуская традыцыйная музычная спадчына  Алег Аляхновіч

Беларуская традыцыйная музычная спадчына

Алег Аляхновіч
Выдавец: Беларусь
Памер: 382с.
Мінск 2000
102.6 МБ
Дапаможнік для настаўнікаў
Рэкамендавана
Навукова-метадычным цэнтрам вучэбнай кнігі і сродкаў навучання Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
УДК [78+398.8](=826)(072)
ББК 85.31+82.3(Бен)я7
А60
Рэцэнзенты: доктар філалагічных навук, прафесар A. С. Фядосік
старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага інстытута адукацыі Рэспублікі Беларусь В. Д. Юркевіч
ISBN 985-01-0361-2
© Аляхновіч A. М., 2000
© Сытчанка У. I., афармленне, 2000
© Выдавецтва «Беларусь», 2000
Ад аўтара
Адраджэнне нацыянальнай культуры, роднай мовы немагчыма без ажыццяўлення цэласнай сістэмы мерапрыемстваў. Важнае месца ў гэтым працэсе павінна заняць школа. Праграмы па музыцы для вучняў агульнаадукацыйных школ Рэспублікі Беларусь пакуль што амаль не прадугледжваюць правядзення заняткаў па беларускім музычным фальклоры. Зусім не запланавана знаёмства з арыгінальнымі песеннымі і інструментальнымі фальклорнымі творамі, а творчасць беларускіх кампазітараў таксама прадстаўлена недастаткова.
Музычнае выхаванне як частка эстэтычнага выхавання павінна пачынацца з вывучэння вытокаў уласнай традыцыйнай культуры: сваёй роднай песні, танца, інструментальнага твора.
Традыцыйная беларуская культура унікальная і мае сусветнае значэнне. На міжнародным узроўні не раз адзначалася вялікая мастацкая каштоўнасць нашай музычнай спадчыны. А беларускі палескі фальклор атрымаў узнагароду ЮНЕСКА.
Фальклорныя экспедыцыі і назіранні між тым паказваюць, што калянда'рна-песенная сістэма ў многіх раёнах Беларусі ўжо не існуе як цэласная з’ява. Зніклі многія абрады і звычаі, а з імі — народныя песні, танцы, інструментальныя творы, традыцыі народнага тэатра. 3 кожным годам становіцца ўсё менш носьбітаў самой традыцыі — людзей старэйшага ўзросту. Працэс гэты ў многім заканамерны, бо знікаюць сацыяльныя ўмовы для існавання фальклору. Таму мы павінны зрабіць зараз усё магчымае для захавання, развіцця ў новых умовах і перадачы нашчадкам лепшых здабыткаў роднай культуры.
Адным з напрамкаў з’яўляецца стварэнне неабходнай літаратуры па беларускім фальклоры для вучняў агульнаадукацыйных школ. Пры гэтым важна як мага паўней прадставіць багацце фальклорнай спадчыны, і перш за ўсё песеннай.
Тыя з выданняў, якія ў нас ёсць і выкарыстоўваюцца ў школе, часцей за ўсё абмежаваны якім-небудзь адным жанрам, прычым без уліку ўзроставых асаблівасцей вучняў, іх музычнай і псіхалагічнай падрыхтоўкі. Напрыклад, зборнікі толькі традыцыйных песень ці аўтарскія апрацоўкі беларускіх песень альбо танцаў. Што датычыць публікацый сцэнарыяў народных абрадаў, асабліва такіх, якія б разам з літаратурным тэкстам уключалі музычны матэрыял, то іх наогул няма. Практыка паказвае, што многія настаўнікі, якія разам з вучнямі спрабуюць звярнуцца да абрадаў, на жаль, не дабіваюцца поспеху. I гэта адбываецца таму, што яны дрэнна ведаюйь спецыфіку існавання гэтага абраду ў мінулым, не ўлічваюць непадрыхтаванасць вучняў і гледачоў.
Аўтар дадзенага дапаможніка, улічваючы асаблівасці ўзроставага развіцця дзяцей, адпаведнасць матэрыялу запатрабаванням высокага эстэтычнага густу, ставіў мэту:
а)	паказаць багацце фальклорнай спадчыны, разнастайнасць тэматыкі, жанраў;
б)	прадставіць як мага паўней традыцыйную песенную творчасць — аснову каляндарна-абрадавага цыкла;
в)	даць неабходны мінімум тэарэтычнага матэрыялу, кароткія звесткі пра песні, якія выконваюцца ў час яго выкладання, і асаблівасці народнай манеры спеваў;
г)	прадставіць разам з фальклорнымі песнямі высокамастацкія аўтарскія апрацоўкі гэтых твораў;
д)	раскрыць асаблівасці пабудовы меласу народнай песні і рэкамендаваць практыкаванні для развіцця голасу вучняў;
е)	разгледзець некаторыя аспекты пазакласнай работы з вучнямі над інструментоўкамі фальклорных твораў;
ж)	распрацаваць тэхніку пастаноўкі традыцыйных танцаў;
з)	прапанаваць матэрыял па падрыхтоўцы і правядзенні народных абрадаў: Каляды, Гуканне вясны, Купалле.
Неабходна падкрэсліць, што ў навуковай літаратуры праблема народных спеваў, па сутнасці, толькі адзначана. Вылучаюць, напрыклад, аднагалосы стыль выканання, спевы з «падводкай», спевы з «пералівамі», шматгалоссе (поліфанічны стыль). Што ж датычыць элементаў, якія ўтвараюць стыль выканання, такіх, як гукаўтварэнне, дыханне, тэмбр, умовы выканання, дыкцыя, дыялекты, мясцовая спецыфіка і многія іншыя, то яны практычна не даследаваны. Таму хочацца рэкамендаваць настаўнікам вельмі ўдумліва падыходзіць да інтэрпрэтацыі фальклорных твораў, а калі ёсць такая магчымасць, асабліва ў сельскай мясцовасці, то пазнаёміцца з манерай выканання песень майстрамі народнай творчасці і пераняць яе.
НАРОДНАЯ СПАДЧЫНА Ў ЭСТЭТЫЧНЫМ ВЫХАВАННІ
Беларускі фальклор павінен заняць важнае месца ў эстэтычным выхаванні новага пакалення. Сярод разнастайных жанраў фальклору, якія ўгрымліваюць элементы выхавання, вылучаюцца казкі, загадкі, прыказкі, калыханкі, музычны фальклор, забаўлянкі, дражнілкі, гульні і інш. У многіх творах фальклору ўслаўляюцца праца, справядлівасць, узаемадапамога і асуджаюцца прагнасць, зайздрасць, непавага да бацькоў, пляткарства, ашуканства, няўдзячнасць, здрада. Важна, што ў фальклоры выхаванне выступае не ў форме павучанняў, натацый, а будуецца на прыкладзе ўзаемаадносін розных герояў, паводзін жывёл. Многія абрадавыя песні развіваюць мысленне, кемлівасць, дапамагаюць пазнаць свет. Цікавыя ў пазнавальных адносінах і народныя песні-загадкі, а таксама музычныя гульні.
Вывучэнне фальклору развівае творчыя здольнасці вучняў, далучае іх да актыўнай мастацкай дзейнасці, дапамагае пазбегнуць спажывецкіх адносін да культурных каштоўнасцей.
На аснове фальклору сфарміраваліся шматлікія педагагічныя прынцыпы і прыёмы выхавання дзяцей. Светапогляд народа, яго жыццёвы вопыт, маральна-эстэтычныя ідэалы, адносіны да рэчаіснасці, стаўленне да дабра і зла — усё гэта знайшло адлюстраванне ў фальклоры.
На працягу стагоддзяў у народзе ўсталявалася своеасаблівая сістэма эстэтычнага выхавання. Як і ўяўленні аб прыгажосці, змест эстэтычнага выхавання быў складаным і шырокім. Сучаснае эстэтычнае выхаванне ўключае наступныя аспекты:
—	развіццё здольнасці разумець прыгажосць у акаляючай рэчаіснасці;
—	выпрацоўку эстэтычнага густу;
—	выхаванне ў вучняў творчых уменняў і навыкаў;
—	выпрацоўку гармоніі паміж эстэтычным развіццём вучняў і іх маральным станаўленнем, разумовым выхаваннем і працоўнай падрыхтоўкай.
У працэсе эстэтычнага выхавання гэтыя асноўныя элементы знаходзяцца ў розных суадносінах паміж сабой у залежнасці ад умоў жыцця, узроставых асаблівасцей вучняў, нарэшце, падрыхтоўкі настаўніка.
Ужо ў раннім дзяцінстве дзеці здольны ўспрымаць прыгожае як у прыродзе, так і ў народных гульнях, казках, песнях, танцах, забавах, звычаях і абрадах. Заняткі фальклорнай творчасцю развіваюць
у вучняў гэту здольнасць, прыносяць ім радасць. Зразумела, што ў пачатковых класах у эстэтычным выхаванні большае месца займае развіццё і фарміраванне эстэтычнага густу. На аснове гэтых двух элементаў эстэтычнага выхавання пазней у вучняў фарміруецца творчая ініцыятыва ў стварэнні прыгожага.
Здольнасць бачыць і разумець прыгожае залежыць як ад узроўню эстэтычнага выхавання, так і ад індывідуальных асаблівасцей дзяцей. Ажыццяўленне задачы, накіраванай на ўмацаванне адзінства эстэтычнага выхавання з іншымі элементамі фарміравання асобы, залежыць ад майстэрства выхавацеля-настаўніка. У пачатковых класах апошняя задача свядома вырашаецца толькі настаўнікам. Такім чынам, калі першы і другі элементы эстэтычнага выхавання дасягаюцца асабістай цікавасцю вучня да прыгожага, трэці элемент — яго творчай ініцыятывай, то чацвёрты — свядомай і актыўнай дзейнасцю настаўніка, стварэннем ім стройнай сістэмы выхавання. Абавязковай умовай эфектыўнасці работы па фарміраванні развітых эстэтычных густаў вучняў з’яўляецца адзінства выхавання і самавыхавання, ці паўнацэннае эстэтычнае выхаванне абавязкова ажыццяўляецца працай настаўніка і самога вучня.
У далёкія часы, калі не існавала пісьменнасці, людзі мелі пэўны вопыт эстэтычнага выхавання, які можа выкарыстоўвацца і ў нашы дні.
Адным з самых эфектыўных сродкаў эстэтычнага ўздзеяння на вучняў з’яўляецца музычны фальклор. Народныя песні здаўна былі самым дзейсным сродкам выхавання ў дзяцей пачуцця прыгажосці. Зараз арэал жывога бытавання песеннага фальклору звужаецца, але ў памяці людзей старэйшага і сярэдняга ўзростаў захоўваецца, як сведчаць фальклорныя экспедыцыі, шмат абрадавых песень, лірычных, жартоўных і іншых твораў.
Беларускія народныя песні, як і песні іншых народаў, адлюстроўваюць думы і імкненні народа, у той ці іншай ступені яго нацыянальны характар, тэмперамент. Песняй суправаджаліся ўсе бакі народнага жыцця — праца, святы, гульні, звычаі і абрады (вяселлі, радзіны, пахаванні і інш.). Яна найлепшым чынам адлюстроўвала этычную і эстэтычную сутнасць асобы. Па сутнасці, народная песня — гэта жыццё і праца чалавека ад нараджэння да смерці.
Выхаваўчая роля народных песень вельмі вялікая. Дзякуючы паэтыцы і прыгожай мелодыі яны аказваюць на пачуцці і свядомасць вучняў моцнае ўздзеянне і надоўга захоўваюцца ў памяці. Народныя песні каштоўныя тым, што ў іх у музычна-паэтычнай форме адлюстраваліся этнічныя, эстэтычныя і педагагічныя ідэі. Зразумела, песні як жанр фальклору больш складаныя для ўспрымання і разумення, чым, напрыклад, загадкі і прымаўкі. Галоўнае прызначэнне песень — выпрацоўка эстэтычных поглядаў і густаў.
У змесце песні, яе выкананні і вывучэнні закладзены пэўныя заканамернасці, мэтанакіраваны педагагічны пачатак, сістэма выхаваўчага ўздзеяння. Некаторыя песенныя жанры разлічаны на канкрэтныя ўзроставыя групы, хаця большасць песень можа выкон-
вацца спевакамі розных узростаў. У наш час многія песні, якія раней выконваліся дарослымі, спяваюць дзеці. Таму размова можа ісці толькі аб пераважным выкананні тых альбо іншых песень у тым ці іншым узросце.
Як вядома, галоўная функцыянальная накіраванасць калыханак — супакоіць, «прыспаць» дзіця. Але разам з гэтым у калыханках адначасова заключаны вялікая сіла любові маці да свайго дзіцяці, якая перадаецца ўсім, хто даглядае яго, а таксама элементы народнай педагогікі. Калыханкі складаліся вякамі, яны адлюстроўваюць суадносіны думак, рухаў, настрояў, мелодый, рытмаў, слоў, разлічаных на развіццё дзіцяці. Таму можна гаварыць аб тым, што калыханкі — вялікае дасягненне народнай педагогікі, непарыўна звязанае з практыкай выхавання дзяцей.