Беларуская традыцыйная музычная спадчына  Алег Аляхновіч

Беларуская традыцыйная музычная спадчына

Алег Аляхновіч
Выдавец: Беларусь
Памер: 382с.
Мінск 2000
102.6 МБ
1 Салееў В. А. Этнапедагогіка ці народная педагогіка? // Адукацыя і выхаванне. Мн., 1996. № 5. С. 89.
гароху, сачавіцы, проса і грэчкі і ўсяго, што мне Бог судзіць пасеяць»1. Язычніцкі бог зімы Зюзя адразу выступае як жывы персанаж.
Духам старажытнасці прасякнута каляндарная і сямейна-абрадавая паэзія, для цэласнага ўспрымання якой неабходны абрадавы кантэкст. У спалучэнні з рытуальным дзеяннем народная песня, танец атрымліваюць архаічны падтэкст: культ зямлі, продкаў, вады, расліннасці, сонца і г. д. Гэтыя культы з’явіліся першапрычынай «мастацкасці» фальклору. Зразумела, што вывучэнне сэнсавага і сімвалічнага падтэксту фальклорных твораў узбагачае і эстэтычнае ўспрыманне вучняў, падымае яго на больш якасны ўзровень. «Эстэтыка» фальклору патрабуе распрацоўкі адпаведнага метадычнага падыходу да яго выкладання. «Мастацкасць» фальклору трэба разглядаць у свеце старажытных традыцый. Часам гэтыя тэксты разглядаюць з пункту гледжання эстэтыкі сучаснага чалавека. Так, вольна разважаюць аб глыбокай «маральнасці», «прыгажосці», «гармоніі», «вобразным бачанні», «аптымізму» як уласцівых фальклору якасцях. Але гісторыя развіцця народных жанраў сведчыць аб тым, што эмацыянальна-псіхалагічны план успрымання фальклору — здабытак новых пакаленняў, сацыяльных змен у жыцці грамадства. Многія фальклорныя творы не змаглі прыстасавацца да новых умоў, пачалі забывацца, знікаць з ужытку. Ужо актыўна не бытуюць замовы, загадкі, казкі, гульні, абрадавыя танцы і песні. Звычаі і абрады ператварыліся ў дзіцячую забаву. Між тым важна пры вывучэнні фальклору ў школе прадставіць яго як своеасаблівую з’яву культуры, пазбегнуць яго неадэкватнага ўспрымання.
Прырода эстэтычнага арыентавана на прыродныя якасці чалавека і пранізвае ўсе сферы яго дзейнасці. У старажытнага чалавека побач з язычніцкімі ўяўленнямі існавалі эстэтычныя адносіны да свету. «Што датычыцца эстэтычнага, — піша В. А. Салееў, — дык яго сутнасць складае пачуццёвая дасканаласць. Менавіта ў пачуццёвай дасканаласці, узятай з пункту погляду чалавечага роду, зліты разам прырода прадмета і прырода чалавека з дамінантай духоўнага ў апошнім»2.
Свет прыроды, праца чалавека, яго суадносіны з рэчаіснасцю са старажытнейшых часоў нараджалі прыгожае, эстэтычнае:
Да выйдзі, выйдзі, пане гаспадару, На сваё падвор’е вясёлае, На сваю ніўку да шырокую!
Што на тваёй ніўцы да дзеецца, Што дзеецца да бялеецца,
Да бялеецца, да сінеецца, Да сінеецца, да рыжэецца? Да рыжэецца буйнае жыта, Да бялеюцца маладыя жанцы Да сінеюцца сталяныя сярпы.
Чалавек мінулага абагаўляў прыроду, сонца, зямлю, ваду і агонь, надаваў ім вялікае эстэтычнае значэнне. Сонца, яго святло нясе
1 Шейн П. В. Матерналы для взучення быта н языка русского населення Северо-Западного края. СПб., 1887. Т. 1, ч. 1. С. 47. Зап. у Мазырскім пав. Мінскай губ.
2 Салееў В. А. Этнапедагогіка і эстэтычнае развіццё асобы. Мн., 1994. С. 23.
жыццё, канцэнтруе прыгажосць і дасканаласць. У першабытных людзей пачуцці дамінавалі над рацыянальнасцю, яны нацзялялі розумам дрэвы, расліны, ваду і камяні, адчувалі сябе часткай прыроды. Прыродныя з’явы, велічнасць космасу — гэта першапачатковыя вытокі фарміравання эстэтычнага ў чалавеку мінулага. Родныя мясціны дзяцінства назаўсёды захоўваюцца ў свядомасці чалавека, асацыіруюцца з любоўю да Радзімы, бацькаўшчыны, эстэтычна ўзбагачаюць яго. Ф. Скарына так адлюстроўвае пачуцці да роднага краю: «Понеже от прнроження зверй. ходяіцйе в пустынй, знають ямы своя; птйцы, летаюшйе по возьдуху, ведають гнезда своя; рыбы, плаваюіцне по морю н в реках, чують вяры своя; пчёлы й тым подобная боронять ульев свойх, — тако ж й людй, ягде зроднлнся й ускормлены суть по бозе, к тому месту велякую ласку нмають»1. Прадаўжаючы традыцыі і ідэалы філосафаў мінулага Піфагора і Арыстонеля, якія распрацавалі канцэпцыю музычнага выхавання як часткі эстэтычнага, Ф. Скарына ў сваёй асветніцкай дзейнасці надаваў вялікае значэнне музыцы як аднаму са сродкаў эстэтычнага выхавання: «Восхйіцем лн пак учйтяся музыкй, то есть певснйцн, премножество стйхов й песней светых по всей кнйзе сей знайдеШй»2.
Традыцыйная музычная спадчына як частка музычнай культуры народа ўздзейнічае на пачуцці, свядомасць, фарміраванне асобы вучня. Таму для настаўніка вельмі важны выбар музычнага матэрыялу для заняткаў, каб вырашыць задачу далучэння вучняў да народнага мастацтва.
Музычная спадчына народа — каштоўны выхаваўчы матэрыял для выкарыстання як на ўроках музыкі, так і ў пазакласнай рабоце.
У вучняў фарміруюцца маральна-эстэтычныя адносіны да традыцыйнага мастацтва, выхоўваецца здольнасць успрымаць, эмацыянальна перажываць і ацэньваць народную песню, фальклорны інструментальны твор як з’яву мастацтва, узнаўляць іх у музычнай дзейнасці. Як вядома, гэта дзейнасць уключае наступныя моманты: слуханне музыкі, выкананне (народныя спевы і ігра на музычных інструментах, музычна-рытмічныя рухі), музычныя гульні.
Пры адборы фальклорнага песеннаАнструментальнага матэрыялу для дапаможніка былі ўлічаны наступныя маральна-эстэтычныя аспекты: 1) станоўчыя адносіны чалавека да лепшых рыс асобы — працаздольнасці, справядлівасці, сумленнасці, дабрыні, шчырасці і інш., адмоўныя адносіны да дрэнных якасцей — зла, ляноты, гультайства, непавагі і інш.; 2) адносіны чалавека да прыроды, яго захапленне яе прыгажосцю. Як вядома, у народных песнях адушаўлёныя і неадушаўлёныя аб’екты (жывёлы, істоты, рэчы, прадметы, дрэвы) надзяляюцца свядомасцю, дзейнічаюць як людзі, што падкрэслівае іх эстэтычны пачатак.
1 Францыск Скарына і яго час: Энцыклапедычны даведнік. Мн.: БелСЭ, 1988. С. 94.
2 Скарына, Францыск. Прадмовы і пасляслоўі. Мн., 1969. С. 62—63.
Вывучаючы музычную спадчыну, вучні далучаюцца да нацыянальнай кулыуры, гісторыі народа, відавочна, што ў развіцці творчых здольнасцей вучняў музычны фальклор павінен заняць больш прыкметнае месца.
Музычная фальклорная творчасць характарызуецна тым, што стварае варыянты народных песень у стылі канкрэтнай традыцыі. Для гэтага неабходна авалодаць своеасаблівымі мастацка-выразнымі сродкамі, развіць спецыфічныя навыкі і ўменні, ведаць умовы бытавання фальклорных твораў. У працэсе мэтанакіраванай вучобы трэба ўлічваць узроставыя асаблівасці вучняў і прынцыпы дыдактыкі, a таксама захоўваць фальклорную жанрава-стылявую адметнасць. Як паказвае практыка, малодшыя школьнікі добра засвойваюць першапачатковыя навыкі ў розных відах творчасці, у тым ліку фальклорнай.
Зразумела, што больш граматнае, прадуманае, кампетэнтнае засваенне музычнай спадчыны вучнямі мае на ўвазе распрацоўку некаторых тэарэтычных асноў, арганізацыі і правядзення заняткаў па музычным фальклоры, прынцыпаў, прыёмаў і метадаў работы над фальклорнымі творамі.
Адным з метадаў выкарыстання народных песень, які актывізуе дзейнасць вучняў, з’яўляецца варыятыўны, заснаваны на прынцыпах паўторнасці, тэатралізацыі, спалучэння свабодных дзеянняў, рухаў, калектыўнага характару фальклорнай творчасці, імітацыі, пераймання і інш. Вельмі важна заняткі з вучнямі будаваць на гульнявых дзеяннях і рытмізаваных рухах, якія актывізуюць увагу і эмацыянальную сферу. Паўторы стабільных гукавых канчаткаў папевак на апорных тонах, выкананне зыходных інтанацый абрадавых песень, паступовае назапашванне неабходнага лада-інтанацыйнага багажу стварае станоўчыя ўмовы для рэалізацыі варыятыўнага метаду засваення фальклору, нараджэння варыянтаў песні.
У агульнаадукацыйнай школе музычны фальклор вывучаецца на аснове зафіксаванага тэксту — па нотах і фанаграмах. Гэта абумоўлівае супярэчнасць паміж неабходнымі для якаснага ўспрымання фальклору непасрэдным кантактам вучняў з носьбітамі традыцый і адсутнасцю яго ў класе. Народная музыка ў школе вывучаецца па-за натуральным бытавым асяроддзем, асабліва ва ўмовах горада, што стварае цяжкасці ў засваенні музычнай спадчыны вучнямі. Акрамя гэтага, у школе засвойваюцца толькі асобныя элементы фальклору, без уключэння харэаграфічных, тэатральных, абрадавых і інш.
Успрыманне музычнага фальклору ў школе звязана галоўным чынам з узнаўленнем яго як вучнямі, так і настаўнікамі ў адпаведнасці з правіламі пісьмовай традыцыі, што адлюстроўвае накіраванасць на прафесійную музыку. Вучні не маюць дастатковай магчымасці прыдбаць вопыт успрымання музыкі вуснай традыцыі, акрамя спецыяльных сустрэч з народнымі майстрамі, якія, можна з упэўненасцю адзначыць, праводзяцца вельмі рэдка. Музычны фальклор займае другаснае становішча.
Для выкладання музычнага фальклору асабліва важна, каб настаўнік сам займаўся практычнай фалькларыстыкай. Калі настаўнік абмяжоўваецца толькі тэарэтычнай праблематыкай, то яго выкладанне не арыентуе вучняў на засваенне фальклору ў яго шматбаковых жыццёвых сувязях.
Эфектыўным сродкам далучэння вучняў да музычнай дзейнасці з’яўляюцца народныя музычныя інструменты. Ігра на іх — актыўны сродак раскрыцця індывідуальнасці, а таксама спосаб зносін і рэалізацыі творчага патэнцыялу.
У старажытнасці музычныя інструменты займалі важнае месца ў выхаванні дзяцей. Гэта былі гукавыя цацкі-інструменты, свістулькі, кляшчоткі, званочкі і інш. Яны садзейнічалі выхаванню пачуцця рытму, каардынацыі рухаў, музычнасці.
Знаёмячыся з народнай музыкай і народнымі інструментамі, вучні вывучаюць традыцыі народа, асэнсоўваюць музыку іншых народаў і стыляў.
Музычныя народныя інструменты шматбакова ўздзейнічаюць на развіццё сенсорыкі, музычнага слыху і пачуцця рытму вучняў. У час музіцыравання на народных інструментах ствараецца спрыяльны псіхалагічны клімат. Мастацкае аздабленне народных інструментаў уплывае на эстэтычнае выхаванне вучняў, стварае ў час выканальніцтва атмасферу свята, развівае эмацыянальную сферу.
Ігра на народных інструментах, пошук новых гукавых фарбаў гучання, знаёмства з традыцыямі інструментальнага выканання — усё гэта ўзбагачае творчасць вучняў, стварае перспектывы іх музычнага выхавання і развіцця.
УЗНАЎЛЕННЕ НАРОДНАЙ ПЕСНІ Ў АБРАДЗЕ
Вывучэнне фальклору ў школе больш ускладняецца, калі ёсць этнаграфічны матэрыял. Разгледзім некаторыя аспекты гэтага пытання на прыкладзе папулярнага ў наш час народнага календара.
Жаданне далучыць вучняў да вывучэння народных абрадаў зразумела. Але мала хто задумваецца над тым, што большая частка запісаў абрадаў і звычаяў зроблена ў XIX ст. і што ў іх падкрэслены, як правіла, эмацыянальна-псіхалагічны аспект дзеяння. У больш позніх запісах практычна адсутнічае мяжа паміж новымі і старымі элементамі абрадаў і звычаяў. Узнікае пытанне: што ж магчыма пакідаць без змен у народным свяце. а што імправізаваць? Выкладчыкі школ таксама не ўсведамляюць, якія найбольш устойлівыя элементы трэба ўзнаўляць у народным свяце.