Беларуская традыцыйная музычная спадчына
Алег Аляхновіч
Выдавец: Беларусь
Памер: 382с.
Мінск 2000
Асноўным пластом абрадавай паэзіі з’яўляюцца песні магічназаклінальнага зместу, якія маюнь адзіную функцыю — уздзейнічаць на прыроду для забеспячэння дабрабыту і шчасця, дапамагчы чалавеку ў яго барацьбе за будучае.
Паколькі гаспадарчая праца чалавека, яго жыццёвы ўклад звязаны з каляндарнымі цыкламі, у народнай песні адлюстравалася дзейнасць людзей, адпаведныя з’явы, звязаныя з той ці іншай парой года. У многіх песнях раскрываецца барацьба дзвюх пораў года, паказваецца працэс пераходу ад зімы да вясны, а затым да лета.
Каб паказаць вобразнае ўспрыманне чалавекам прыроды, адносіны яго да рэчаіснасці, ў народнай песні выкарыстоўваюцца разнастайныя паэтычныя сродкі і прыёмы: эпітэты, параўнанні, метафары, паўторы, псіхалагічныя паралелізмы і інш.
Многія фальклорныя песні маюць жартоўны змест, які раскрывае адмоўныя рысы характару і паводзіны людзей, малюе камічныя жыццёвыя сітуацыі і інш.
Вялікую групу песень утвараюць карагоды, асабліва веснавыя. Гэтыя творы нясуць яскравы эмацыянальны пачатак, спалучаюць драматычныя, танцавальныя, песенныя элементы. Карагоды як жанр з’яўляюцца прыкладам сінкрэтызму фальклору.
Творчая фантазія і вынаходлівасць чалавека знайшлі адлюстраванне ў гульнявых народных песнях. Змест гэтых твораў паказвае ўзаемаадносіны паміж людзьмі, чалавекам і прыродай у забаўляльнай форме.
Пры выкананні некаторых беларускіх песень, якія маюць гульнявы, танцавальны, рытмічны пачатак, выкарыстоўваюцца народныя музычныя інструменты, што дапамагае больш яскрава і глыбока раскрыць іх мастацкі вобраз, дазваляе пашырыць працэс маральна-эстэтычнага выхавання вучняў.
Музычная будова народнай песні разнастайная па сваёй структуры. У ёй сустракаюцца гукавышынныя інтэрвалы прымы, вялікай секунды, тэрцыі, кварты, а таксама квінты, сексты і інш. Для твораў з невялікім гукавышынным аб’ёмам характэрны простыя мела-
дычныя абароты, нескладаная гарманічная мова. Некаторыя творы адзначаюцца адсутнасцю ладавага імкнення.
Асаблівасцю народных песень з’яўляецца выкарыстанне такога прыёму, як распевы галосных гукаў на некалькіх нотах, што надае ёй больш яскравы характар гучання.
Аналізуючы народную песню, можна зрабіць некаторыя высновы:
у народнай песні закладзены вялікія магчымасці для маральнаэстэтычнага выхавання вучняў;
народная песня даступная для выканання, простая па форме, у ёй закладзены вялікія магчымасці для засваення інтанацыйных, гарманічных, ладавых, рытмічных асаблівасцей, прыёмаў і навыкаў інструментальнай апрацоўкі, навыкаў музычна-рытмічных рухаў, імправізацыі;
у народнай песні адлюстраваны розныя аспекты жыццядзейнасці чалавека, у якіх праяўляюцца яго маральна-эстэтычныя адносіны да рэчаіснасці;
багацце жанраў народнай песні, наяўнасць у ёй разнастайных паэтычных і мастацкіх сродкаў, вобразаў, рыс казачнасці найбольш адпавядаюць узроставым асаблівасцям вучняў, іх светаўспрыманню.
Наступны момант у рабоце над народнай песняй заключаецца ў вызначэнніяе рэгіянальнай, мясцовай прыналежнасці. Справаўтым, што кожны рэгіён мае свае асаблівасці, якія праяўляюцца ў дыялектах, мове, манерах выканання і інш. Пры жаданні настаўнік знойдзе адпаведную навуковую і метадычную літаратуру. Вывучаючы спецыфіку фальклору, неабходна пазнаёміцца з мясцовымі звычаямі, абрадамі, народным адзеннем, музычнымі інструментамі, народнымі выканаўцамі і ўмельцамі.
Некаторыя настаўнікі недаацэньваюць значэнне падрыхтоўчага этапу пры рабоце над народнай песняй, лічаць, што дастаткова знайсці ноты і словы... і справа зроблена. Вялікая памылка! Народная песня не ўкладваецца ў межы слоў і нотных знакаў. Нябачнымі ніцямі яна звязана з жыццём чалавека мінулага, якое можна зразумець, толькі сур’ёзна яго вывучаючы і асэнсоўваючы.
Вызначыўшы рэгіянальныя асаблівасці народнай песні, трэба ўдакладніць яе жанравую прыналежнасць. Высвятленне жанру народнай песні дапаможа вызначыць характар і сілу гуку, тэмп, асаблівасці падачы тэксту пры выкананні, прыёмы яе драматызацыі. Напрыклад, многія абрадавыя песні патрабуюць руху, разыгрывання, тэатралізацыі. Калі гэта карагодная альбо гульнявая песня, то трэба ў рухах перадаць яе таннавальны, гульнявы пачатак. Вобраз песні патрабуе адпаведных жэстаў, рухаў, мізансцэн і інш.
Падрыхтоўчая работа над песняй якраз і дапаможа настаўніку ў практычнай дзейнасці і выступленні на канцэрце.
Паколькі народная песня не толькі спяваецца, але і «іграецца», настаўніку неабходна ажыццявіць асаблівы рэжысёрскі аналіз яе кампазіцыі з завязкай дзеяння, персанажамі, развіццём сюжэта, канфліктам, кульмінацыяй, заканчэннем.
Вельмі адказны момант у рабоце — паказаць песню вучням, зрабіць гэта яскрава, уражліва, эмацыянальна. Пры гэтым магчыма выкарыстоўваць наступныя формы: асабістае выкананне, праслухванне гуказапісу, зробленага ў час фальклорных экспедыцый, паказ песні народным выканаўцам. Як сведчыць практыка, найбольш даступны прыём дэманстрацыі песні — асабістае выкананне настаўнікам, усе іншыя магчымасці — ідэальны варыянт.
Для адчування рытму народнай песні, асэнсавання зместу, яе эмацыянальнага стану, разумення падтэксту і, урэшце, яе выканання важна добра вывучыць, прааналізаваць паэтычны тэкст. Вусная дэкламацыя тэксту, выразнае чытанне паказваюць багацце моўных інтанацый, садзейнічаюць раскрыццю тэмы і ідэі песні.
Пасля работы над паэтычным тэкстам песні неабходна пачаць вывучаць яе мелодыю. Найбольш просты шлях запамінання напеву — гэта паўтор вучнямі мелодыі за настаўнікам. Карысна таксама праслухванне напеву пры выкананні яго на інструменце. Абрадавыя песні, як правіла, аднагалосыя, таму не трэба іх «аздабляць», далучаючы галасы. Зразумела, пазаабрадавыя творы, асабліва лірычныя, жартоўныя, можна апрацоўваць. Праўда, нельга зводзіць апрацоўку песні да механічнага далучэння да яе гарманічных гукаў, пабудаваных па вертыкалі. Ідэальная апрацоўка народнай песні — гэта стварэнне варыянтаў. Народныя спевакі заўсёды імправізуюць мелодыю, асабліва пры спевах з «пералівамі», з «паводкай». Зразумела, настаўніку вельмі цяжка стварыць атмасферу імправізацыі. Таму пры рабоце над шматгалоссем вучні павінны развучваць падгалоскі, загадзя запісаныя ў партытуры. На жаль, у нашых навучальных установах, уключаючы вышэйшыя, амаль не займаюцца імправізацыяй пры выкананні народных песень. Авалоданне імправізацыяй патрабуе распрацоўкі спецыяльнай методыкі народных спеваў.
Пры выкананні народнай песні вучнямі настаўніку неабходна звярнуць увагу на спалучэнне слова і руху, выразнай мімікі і жэстаў.
Што тычыцца народнай манеры спеваў, то яна павінна быць набліжана да гутарковай мовы. Дапамагчы захаваць пры спевах яскравасць, выразнасць, вобразнасць слова вучням дапамогуць чытанне забаўлянак, дражнілак, казак, прыказак, удзел у гульнях, вывучэнне тэкстаў песень, дзе маналогі і дыялогі персанажаў могуць быць праспяваны.
Народная манера спеваў прадугледжвае валоданне скорагаворкай, дакладную дыкцыю. Для дасягнення гэтых якасцей неабходна спяваць на адным-двух гуках і з пэўным эмацыянальным настроем розныя прымаўкі, загадкі і інш. Развіваць магчымасці дыяпазону голасу неабходна ад прымарных гукаў, якія спяваюцца без напружання, імкнучыся да натуральнага гучання ўсіх нот.
Дзіцячы голас слабы і хутка змяняецца, таму празмернае напружанне можа яго сапсаваць. Займацца з вучнямі трэба з улікам іх узроставых і індывідуальных асаблівасцей.
Пачынаючы заняткі музыкай у школе, настаўніку пажадана
правесці індывідуальнае апытванне, праслухванне вучняў, каб пазнаёміцца з індывідуальнымі музычнымі здольнасцямі кожнага. Зразумела, што зрабіць гэта на працягу аднаго ўрока немагчыма, таму трэба знаёміцца з музычна-пеўчымі данымі вучняў у час пазакласнай работы.
Праслухванне павінна ўключаць праверку музычнага слыху, рытму, выяўленне тыпу голасу, асаблівасцей дыкцыі і дыхання, дыяпазону, гукаўтварэння, якасці тэмбру, па магчымасці, выяўленне эмацыянальнага складу і настрою вучняў.
У час праслухвання настаўнік, адзначаючы для сябе здольнасці вучняў, павінен паставіць задачы на будучае, каб у далейшай рабоце выправіць недахопы і ўдасканаліць станоўчае.
Настаўніку неабходна так праводзіць заняткі, каб ужо на першым уроку заставаўся час для спеваў з вучнямі.
Каб пазбегнуць празмернага стамлення галасавога апарату, спевы павінны не перавышаць 15—20 хвілін. Астатні час трэба выкарыстацьдля музычнай граматы і праслухвання музыкі.
3 першых урокаў неабходна выпрацоўваць правільныя пеўчыя навыкі, да якіх адносяцца: рытмічнасць выканання, дакладнасць вымаўлення, чысціня інтанавання, якасць тэмбру, правільнае дыханне.
Адным з самых складаных пеўчых навыкаў з’яўляецца правільнае дыханне. Звычайна вучнідыхаюць шумна, няроўна, высока падымаючы плечы пры ўдыху. Настаўніку трэба звяртаць увагу на неабходнасць правільнага дыхання, але не ставіць гэта самамэтай. 3 развіццём іншых навыкаў і будзе выпрацоўвацца правільнае дыханне.
Адной з важнейшых асаблівасцей пеўчага гучання з’яўляецца якасць мовы-дыкцыі. Пры спевах галасавы аппарат выконвае дзве задачы: забяспечвае дакладную выразнасць вымаўлення; з’яўляецца своеасаблівым музычным інструментам, які абумоўлівае тэмбр гучання галосных на розных вышынях. На дакладнасць дыкцыі ўздзейнічае і ўменне ўспрымаць і выконваць мастацкі твор, а таксама правільнае дыханне. Для паляпшэння дыкцыі і выразнасці выканання настаўнік павінен ставіць перад вучнямі канкрэтныя выканаўчыя задачы, каб зацікавіць іх.
Чысціня інтанавання з’яўляецца адным з самых складаных пытанняў працэсу спеваў. Дакладная інтанацыя залежыць ад шэрага прычын, напрыклад наяўнасці каардынацыі ў дзяцей паміж слыхавым успрыманнем і работай галасавога апарату.
3 вучнямі, якія спяваюць фальшыва, неабходна хоць адзін раз у тыдзень займацца дадаткова, будуючы працу на прымарным тоне, які яны інтануюць больш-менш дакладна, дадаючы да яго адзіндва гукі. На занятках трэба пасадзіць такіх вучняў побач з тымі, хто чыста інтануе, каб яны прыслухоўваліся да спеваў свайго суседа.
Для развіцця рытму ў вучняў трэба выкарыстоўваць разнастайныя практыкаванні. Вельмі карыснымі з’яўляюцца музычныя гульні з выкарыстаннем розных персанажаў.
Зразумела, што пеўчыя навыкі фарміруюцца ў выніку практыкаванняў з мэтай іх развіцця. Пры гэтым вучань павінен мець дакладнае ўяўленне аб тым, да чаго імкнуцца, а таксама ведаць канчатковы вынік кожнага практыкавання. Вядома, настаўнік павінен усё гэта растлумачыць, каб вучань у далейшай рабоце пазбавіўся ад недахопаў і памылак пры выкананні практыкаванняў.