Беларуская традыцыйная музычная спадчына  Алег Аляхновіч

Беларуская традыцыйная музычная спадчына

Алег Аляхновіч

Выдавец: Беларусь
Памер: 382с.
Мінск 2000
102.6 МБ
Народныя дзіцячыя песні добра прыстасаваны да асаблівасцей псіхікі вучняў. Тэкст і музыка гэтых твораў звычайна нескладаныя і вельмі выразныя, лёгка ўспрымаюцца. Яны ўзбагачаюць вучняў новымі ўражаннямі, даюць ім яскравыя ўзоры рэчаіснасці, вучаць радавацца добраму, спачуваць чужому ropy, выхоўваюць чулыя адносіны да ўсяго жывога.
Вобразна-паэтычнае мысленне народа адпавядае ўяўленням вучняў аб прыродзе і чалавеку. Менавіта таму ім цікавыя і даступныя многія народныя песні, якія спецыяльна для іх не ствараліся. Песні заахвочваюць сваім зместам, тым, што ў іх сцвярджаецца цудоўнае ў жыцці і ў чалавечых адносінах і не прымаецца брыдкае. Дзякуючы эмацыянальнай насычанасці песеннай лексікі, мноству пяшчотных слоў, эпітэтаў, багатай выразнай мелодыі ўздзеянне народных песень на эстэтычнае выхаванне вучняў цяжка пераацаніць. Яны імкнуцца размаўляць складна, прыгожа, развіваць пачуццё рытму.
На жаль, у школе не заўсёды ёсць магчымасць для праслухвання мелодыі народнай песні. Таму вялікае значэнне набывае праца настаўніка, накіраваная на эстэтычнае ўспрыманне тэксту. Тут вельмі важна не толькі тое, як настаўнік падрыхтуе вучняў да праслухвання песні, але і тое, наколькі выразна ён прачытае яе сам. Улічваючы ўражлівасць і эмацыянальнасць вучняў, трэба ў кожным асобным выпадку ствараць умовы для праяўлення і раскрыцця іх пачуццяў і перажыванняў, выкліканых паэтычным тэкстам, дапамагчы ім уявіць сабе карціны і вобразы песні.
Вельмі важна пры гэтым працаваць над мастацкім словам. Вучняў ужо з першага класа трэба знаёміць са сродкамі песні, з асаблівасцямі паэтычнай мовы, рытмікай верша. Падрыхтоўчая работа над словам пабуджае вучняў чытаць песню ўдумліва, выразна, так, каб адчуваліся адлюстраваныя ў ёй адносіны да прыроды з’яў, персанажаў і інш. Дзякуючы гэтаму многія вучні на занятках добра запамінаюць песні. Даступнай работай над словам настаўнік дапамагае вучням заўважыць асаблівасці стылю і рытмікі песні, адрозніць звычайную мову ад паэтычнай, песеннай. Можна заўважыць, што, чытаючы і дэкламуючы тэкст песні, яны не толькі разумеюць яе сэнс, але і адчуваюць паэтычны настрой.
Выразнае чытанне настаўніка садзейнічае вобразнаму ўспрыманню песні, якое дапамагае ўзнавіць у свядомасці вучняў вобразы твора.
Напрыклад, працуючы над веснавымі песнямі, настаўнік павінен расказаць вучням, што калісьці песні былі звязаны з народным абрадам Гуканне вясны. Для таго каб дзеці больш глыбока зразумелі сэнс гэтых песень, пажадана расказаць ім аб тым, як важна для селяніна вясна, з якой ён звязвае падзеі на добры ўраджай. Песня, такім чынам, выражае жыццёвыя патрэбы і імкненні селяніна.
Калі настаўнік растлумачыць вучням, як і чаму ўзніклі гэтыя песні, іх больш закрануць адлюстраваныя ў іх чалавечыя мары і надзеі, яны лепей зразумеюць сэнс і пачуцці вызначэнняў «высокі», «глыбокі», «светлы» і інш. Галоўны сэнс гэтых песень заключаецца ў пажаданнях добрага ўраджаю ў новым годзе.
3 цягам часу многія песні згубілі сувязь з абрадамі, ператварыліся ў звычайныя лірычныя песні пра вясну, лета і інш. Яны паказваюць чалавечыя радасці і надзеі.
Заняткі музычным фальклорам лепш праводзіць ў форме гульні, бо псіхафізіялагічныя асаблівасці развіцця дзяцей найбольш адпавядаюць прыродзе традыцыйнага мастацтва, якому ўласцівы вобразнасць, рух, драматызацыя. Таму вакальнае, рытмічнае і слыхавое выхаванне вучняў лепш ажыццяўляць з дапамогай гульнявых прыёмаў, у прыватнасці інсцэніровак народных песень, а таксама метадаў і прыёмаў рытмічнага выхавання з дапамогай народных дзіцячых музычных інструментаў. У выхаванні пачуцця рытму асобая роля належыць сувязі музыкі з рухам. Толькі праз актыўную музычную свабоду магчыма развіць у вучняў рытмічную свабоду. Таму ў рабоце з дзецьмі перавага павінна аддавацца фальклору, у якім, як правіла, рытмічная арганізацыя звязана з тэкстам і рухам.
Найбольш просты і даступны спосаб далучэння вучняў да народнай песні — развучванне і выкананне карагодных песень, у якіх арганізуючай асновай рытму выступае рух. Шмат карагодаў па сюжэце складаюцца з дзвюх груп: адна пытае, другая — адказвае.
Зварот да фальклору, які бытуе сярод дзяцей, асабліва ў сельскай мясцовасці, патрабуе ад настаўніка ўмення быць і «музычным этнографам» (Б. Асаф’еў), г, зн. уважліва назіраць, у якія гульні гуляюць дзеці, якія песні спяваюць, а затым абагульніць назіранні, падабраць патрэбны матэрыял для заняткаў. Падобная методыка фарміравання фальклорнага матэрыялудля заняткаў далучае саміх вучняў да народнай творчасці. Яшчэ большую магчымасць дае пазакласная работа, напрыклад правядзенне фальклорнага свята ў школе. У час правядзення свята важна далучыць да народнай традыцыі ўсіх удзельнікаў, дзе кожны вучань выступае выканаўцам і гледачом адначасова, без падзелу на «артыстаў» і «гледачоў». Ніхто не сядзіць і не глядзіць, як выступаюць іншыя. Незвычайнасць таго, што адбываецца, падкрэсліваюць якія-небудзь атрыбуты свята: маленькія
вяночкі, зялёныя галінкі дрэў у руках, пэўныя касцюмы персанажаў і інш.
Як вядома, вялікую ролю ў фарміраванні асобы маюць эмоцыі. У малодшых школьнікаў пераважае жыццярадасны, бадзёры настрой. Пачуцці гэтага ўзросту адрозніваюцца непасрэднасцю, жвавасцю і яскравасцю праяўленняў.
Відавочна, што ў гэтым узросце адбываецца фарміраванне механізмаў псіхікі, асобы вучняў.
Эмоцыі аказваюць істотнае ўздзеянне на пазнавальны працэс вучняў. Як паказваюць даследаванні псіхолагаў, эмоцыі ўмеранай і высокай ступені інтэнсіўнасці выклікаюць у іх дакладныя змены. Звычайна станоўчыя эмоцыі садзейнічаюць павышэнню, а адмоўныя — зніжэнню ўзроўню вучобы.
У фарміраванні станоўчых эмоцый вучняў важнае месца належыць музыцы, і ў прыватнасці музычнаму фальклору, які найбольш даступны іх узросту, успрыманню псіхікі і развіццю музычных здольнасцей.
Зразумела, што зрабіць музычны фальклор даступным для выкарыстання вучнямі можа толькі настаўнік, які ведае традыцыйнае мастацтва народа, валодае ўменнем, вопытам вывучэння і выканання музычных твораў.
Важнае месца ў выхаванні вучняў 1—4-ых класаў павінна займаць народная педагогіка, якая дайшла да нас з сівой старажытнасці ў абрадах, звычаях, казках, загадках, прыказках, каляндарных і сямейных песнях, гульнях і інш. Без выкарыстання назапашанага народна-педагагічнага вопыту ў вучэбнай і выхаваўчай рабоце з малодшымі школьнікамі нельга стварыць падмурак нацыянальнай сістэмы адукацыі. Як сведчыць сусветны вопыт выхавання, без зберажэння ўласнай народнай педагогікі не могуць быць вырашаны многія праблемы сённяшняга выхавання і станаўлення самастойнай нацыянальнай школы.
Пытанні навучання і выхавання дзяцей разглядалі навукоўцы Е. Р. Раманаў, Я. Ф. Карскі, Н. Я. Нікіфароўскі, Ю. Ф. Крачкоўскі, П. В. Шэйн, М. В. Доўнар-Запольскі, У. М. Дабравольскі і інш. Этнапедагагічную спадчыну беларускага народа вывучаюць сучасныя даследчыкі Г. П. Арлова, В. А. Салееў, Г. А. Барташэвіч, С. В. Снапкоўская, В. П. Канаш і інш.
У фальклоры знайшлі адлюстраванне разнастайныя этнапедагагічныя традыцыі беларусаў: працоўныя, эстэтычныя, патрыятычныя, фізічныя, гістарычныя і інш. Праз народныя святы і звязаныя з імі фальклорныя творы ў дзяцей і падлеткаў фарміравалі любоў да працы, выхоўвалі руплівасць, стараннасць, пачуццё задавальнення вынікамі працоўнай дзейнасці, эстэтычны густ, розум, патрыятызм, псіхічнае і фізічнае здароўе. Зразумела, што выхаванне чалавека працы — вядучая і вызначальная этнапедагагічная традыцыя беларускага народа. Без працы нельга забяспечыць дабрабыт і шчасце чалавека. Трэба падкрэсліць, што ў фальклоры маральныя якасці чалавека, іх выхаванне ажыццяўляюцца праз мастацтва. «Гэта выха-
ванне праз свет і з дапамогай свету эстэтыкі», — слушна заўважае В. А. Салееў1.
Пачуццё роднасці і адзінства з прыродай, разуменне значнасці прыродных цыклаў і з’яў і ўласнай кроўнай сувязі з імі, далучэнне да старажытных вытокаў роднай культуры, бачанне свету, у якім заўважаюцца нечаканыя сувязі розных рэчаў, адкрыццё таямнічага і нечаканага ў тым, што ўжо вядома, разуменне адказнасці перад бачным і нябачным сусветам — ці не адчуваем мы ў гэтым надзённую неабходнасць? Менавіта ў дзяцінстве і ў пачатковай школе далучэнне да гэтых бакоў рэчаіснасці і традыцыі з’яўляецца найбольш плённым.
Пры вывучэнні фальклору ў школе неабходна паказаць вучням мастацкую каштоўнасць традыцыйных жанраў, прадставіць фальклор як з’яву сінкрэтычную, якая спалучае дзеянне, слова, музыку, танец.
Мэтазгодна звярнуць увагу настаўнікаў на вытокі абрадава-святочнай культуры беларусаў і фальклорных жанраў, якія з імі звязаны. Старажытная эпоха валодала асаблівым светапоглядам, сістэмай каштоўнасцей. Рэчаіснасць, у якой жыў чалавек мінулага, была для яго таямнічай, не заўсёды добразычлівай. Старажытны чалавек не мог растлумачыць многія з’явы: маланку, агонь, дождж, навадненне, землятрус і інш. Ён адчуваў сваю залежнасць ад стыхійных з’яў прыроды і імкнуўся ўздзейнічаць на яе ў патрэбным для сябе накірунку, каб забяспечыць уласны дабрабыт і шчасце. На гэтай глебе ўзніклі першыя вусныя тэксты, якія мелі канкрэтныя практычныя функцыі: прыкметы як назіранні, якія ўтварылі аснову земляробчага календара, загадкі як таямнічая мова, абрадавая паэзія — сродак зносін з замагільным светам, нарэшце, песні, танцы, міміка, пантаміма, элементы тэатра, якія былі часткай абрадавых рытуальных дзеянняў. Менавіта ў той час сфарміравалася большасць фальклорных вобразаў і персанажаў, якія адлюстроўвалі светаўспрыманне старажытнасці. 3 цягам часу фальклор пачынае пераасэнсоўвацца. Функцыянальныя змены закранулі абрады і звычаі. Сёння яны ўспрымаюцца як гульні, забавы. Магічная функцыя фальклорных твораў уступіла месца мастацкай, эстэтычнай. Пераасэнсаванні ва ўспрыманні фальклору тлумачацца зменамі ў жыццёвым укладзе людзей. Як вядома, творы старажытнага мастацтва робяцца больш даступнымі, калі іх тлумачаць, каменціруюць, што раскрывае іх спецыфіку і асаблівасці. Фальклорныя вобразы, іх змест, сэнс цяжка зразумець, калі не звяртацца да старажытных вытокаў. Экскурс у мінулае надае большую рэальнасць, сапраўднасць фальклорным вобразам, іх учынкам, дзеянням і г. д. Так, замовы аб марозе становяцца больш зразумелымі, калі іх суаднесці са святам Каляды: «Мароз, мароз, хадзі куцці есці! Штоб ты не марозіў ячменю, пшаніцы,