Беларуская традыцыйная музычная спадчына  Алег Аляхновіч

Беларуская традыцыйная музычная спадчына

Алег Аляхновіч
Выдавец: Беларусь
Памер: 382с.
Мінск 2000
102.6 МБ
Нярэдка практыкі фальклорных спеваў лічаць, што дастаткова знайсці ноты і вывучыць народную песню. Пры гэтым да арыгінала дабаўляецца некалькі галасоў. Справа ў тым, што музычнае выхаванне ў нашай краіне арыентавана на заходнееўрапейскія альбо рускія ўзоры. Гэта не значыць, быццам аўтар супраць ведання прафесійных музычных культур іншых краін і народаў. Але настаў час самастойна вывучаць традыцыйную спадчыну, калі хтосьці бярэцца за выкананне фальклорных твораў. Асабліва добрыя ўмовы для вывучэння фальклору ў сельскай мясцовасці, дзе захаваліся яшчэ ў многіх кутках песенныя традыцыі. Трэба хутчэй пераймаць іх ад непасрэдных носьбітаў.
У наш час не ўсе кіраўнікі фальклорных калектываў, практыкі традыцыйных спеваў, хто мае дачыненне да народнай песні, усведамляюць, што выкананне народных твораў з раздзяленнем галасоў на сапрана, альты, тэнары і басы — гэта агульнаеўрапейская прафесійная манера выканання. У народзе так ніколі не спявалі і не спяваюць, хаця вытокамі акадэмічных спеваў з’яўляюцца народныя песенныя традыцыі. Арыентацыя на прафесійныя ўзоры харавых спеваў, дрэннае веданне народнай манеры выканання, нежаданне некаторых кіраўнікоў калектываў, асабліва народных хароў, вучыцца зрабілі па сутнасці гэтыя калектывы псеўданароднымі. Іншыя зусім не задумваюцца над творчай інтэрпрэтацыяй народнай песні, пачынаюць яе «ўдасканальваць», «аздабляць». А потым высвятляецца, што гэта песня абрадавая і апрацоўкай яе проста сапсавалі.
Шмат неапраўданай весялосці, моцнага гуку, крыку, танцаў, скокаў можна ўбачыць і пачуць са сцэнічнай пляцоўкі. Кіраўнікі і 22
выканаўцы зусім не задумваюцца над зместам, характарам песні — у ёй, напрыклад, роздум і трагедыя, а на сцэне — прытанцоўкі і выкрыкі. Іншымі калектывамі вельмі мала выконваецца спакойных, лірычных песень, балад, драматычных твораў, якія сведчаць аб майстэрстве выканання. Многія гарадскія народныя хары дэманструюць адсутнасць добрага мастацкага густу, павярхоўныя адносіны да народнай песні.
Зыходзячы з аналізу навуковай літаратуры і асабістай творчай практыкі, мы вылучаем перш за ўсё два тыпы народных спеваў: аднагалосыя і шматгалосыя. Апошнія, у сваю чаргу, утвараюць спевы антыфонныя, дыяфонныя, спевы з «пералівамі», спевы з «падводкай», галасныя, двухгалосыя, трохгалосыя, чатырохгалосыя.
Разгледзім асаблівасці кожнай з адзначаных песенных традыцый.
Аднагалосыя спевы выконваюцца звычайна адным спеваком альбо некалькімі выканаўцамі ва ўнісон. Тут у наяўнасці толькі адзін напеў, не ўтвараецца ніякіх сугуччаў. Меладычны пачатак аднагалосых народных песень заснаваны на мелодыі, якой уласціва лінеарнасць, г. зн. паслядоўная змена вышыні гукаў, у выніку чаго ўтвараецца напеў.
Аднагалосыя спевы распаўсюджаны на поўначы Беларусі, у Паазер’і. Менавіта там найбольш поўна захавалася старажытная, аднагалосая песенная традыцыя, якая існуе ў адзіночных альбо сумесных спевах ва ўнісон. Характар народных песень Паазер’я спакойны, роўны. Напеў разгортваецца павольна, дасягаючы сапраўднай свабоды і шырыні. Вельмі разнастайныя рытміка і кампазіцыйная пабудова аднагалосых каляндарных і сямейна-абрадавых песень Паазер’я. Для гэтага рэгіёна характэрны і іншыя тыпы спеваў, напрыклад антыфонны, але вядучым з’яўляецца аднагалосы. Арнаментальны строй народных песень лагічна ўкрапваецца ў мелодыю. Можна зрабіць вывад, што абрадавыя песні Паазер’я, як правіла, аднагалосыя. Да іх апрацоўкі трэба падыходзіць вельмі ўзважана і адказна — далёка не ўсе з іх трэба прыстасоўваць для мэт канкрэтнага калектыву. Апрацоўваць трэба тыя творы, якія адарваліся ад абраду альбо спяваюцца «абы-калі». Пазаабрадавыя песні Паазер’я таксама аднагалосыя і нагадваюць, дзякуючы разгорнутаму напеву, працяжныя песні.
Даволі распаўсюджаным тыпам шматгалосых спеваў з’яўляюцца антыфонныя. Яны ўзнікаюць тады, калі народная песня выконваецца па чарзе двума харамі альбо салістам і хорам. Па сваім паходжанні яны звязаны са старажытнагрэчаскай трагедыяй, дзе хор падзяляўся на два паўхары, якія спявалі па чарзе. «Антыфон» азначае голас, гук, які гучыць у адказ.
У музычнай практыцы ўсходніх славян антыфон выкарыстоўваўся пры ўзнаўленні розных абрадавых і культавых дзеянняў, a таксама ў хрысціянскіх богаслужэннях, дзе чаргаваліся мужчынскі і дзіцячы хары. Пазней, у касцёлах, — спевы свяшчэнніка і часткі хору альбо ўсяго хору, у праваслаўнай царкве — двух жаночых хароў, якія знаходзіліся на розных клірасах.
Антыфонныя спевы характэрны для многіх беларускіх каляндарных і сямейна-абрадавых песень. Напрыклад, у некаторых калядных альбо валачобных песнях хор паўтарае прыпеў, а саліст выконвае асноўны тэкст песні. Антыфонныя спевы больш захаваліся ў карагодных песнях, дзе ідзе спаборніцтва паміж рознымі групамі выканаўцаў, напрыклад хлопнаў і дзяўчат, альбо — галоўным выканаўцам і астатнімі ўдзельнікамі. Так, на Беларусі распаўсюджаны карагод «Проса», дзе выканаўцы спяваюць і рухаюцца разам насустрач адзін аднаму, а потым разыходзяцца. Антыфонныя спевы ўласцівы многім вясельным, жніўным песням. Можна зрабіць выснову, што яны займаюць важнае месца ў выканальніцкай мастацкай практыцы народа.
Цікавую форму антыфонных спеваў зафіксавала фалькларыст Л. П. Касцюкавец у Докшыцкім раёне пры выкананні абраду «Бараны», калі тры групы па чарзе спяваюць песні розных каляндарных жанраў адпаведна парадку размяшчэння іх у каляндарным гадавым крузе.
Антыфонныя спевы ўзнікаюць таксама пры выкананні веснавых песень-заклічак рознымі гуртамі ў розных месцах. Пры гэтым гурты могуць спяваць не толькі па чарзе, але і адначасова, ствараючы кантрастную поліфанію, спецыфічную «кашыцу».
Дыяфонныя спевы як тып старажытнага шматгалосся ўзнікаюць на бурдоннай аснове. Дыяфанія — ранні від поліфаніі, пераважна двухгалосая. Тэрмін «дыяфанія» бярэ свой пачатак ад грэчаскага і азначае разнагучча. 3 цягам часу ён пераасэнсоўваўся і ў IX—XIII стст. азначаў тое ж, што і арганум (ад лацінскага і грэчаскага — літаральна інструмент). «Бурдон» — тэрмін французскага паходжання, азначае густы бас. Гэта гук, які на працягу выканання не змяняецца па вышыні і цягнецца бесперапынна. Да нашых дзён на Палессі захаваліся элементы бурдонных спеваў у каляндарных і сямейна-абрадавых песнях. Многія купальскія песні з’яўляюцца прыкладам дыяфонных спеваў, якія ўзнікаюць на аснове антыфонных, калі два гурты спяваюць па чарзе на фоне доўгага гуку (бурдона). Прыкладам можа быць вядомая песня «Ой, рана на Йвана».
На Полаччыне сустракаюцца бурдонныя спевы па прынцыпе кананічнай імітацыі напеву рознымі галасамі ці групамі выканаўцаў, якія па чарзе спяваюць мелодыю. Выканаўцы такіх спеваў паўтараюць мелодыю вядучага голасу, уступаючы раней, чым гэта мелодыя скончыцца ў папярэдняга. Звычайна імітацыя народнай песні складаецца з двух галасоў з інтэрвалам паміж імі ў прыму.
Дыяфоннае выкананне ўтвараецца таксама пры суправаджэнні спеваў музычнымі інструментамі — дудой і лірай з іх бурдоннымі гукамі.
Спевы з «пералівамі» ўзніклі на аснове ўнісонных групавых спеваў у выніку адхіленняў асобных галасоў ад асноўнага напеву і стварэння гетэрафонных спалучэнняў гукаў. Тэрмін «спевы з пералівамі», як ужо адзначалася, ужываецца ў народнай тэрміналогіі.
Менавіта з народнага асяроддзя ён запазычаны ў навуковую тэрміналогію. Тэрмін «гетэрафонія» паходзіць ад грэчаскага і азначае іншы, другі гук.
Гетэрафонны стыль выканання ўжо існаваў у старажытных грэкаў. Узнікненне гетэрафоніі як спецыфічнай шматгалосай манеры спеваў тлумачыцца натуральнымі адрозненнямі паміж чалавечымі галасамі, а таксама выканаўчай фантазіяй удзельнікаў творчага працэсу. У музычных культурах розных народаў назіраюцца своеасаблівыя накірункі гетэрафонных спеваў. Мелодыя можа вар’іравацца гарманічна, арнаментальна ці поліфанічна. Напрыклад, у беларускай народнай манеры спеваў гетэрафанічнага напрамку пераважае, на нашу думку, арнаментыка, а ў рускім народным песенным шматгалоссі ўвогуле ўтварыўся самабытны, так званы падгалосачны, стыль выканання.
Гетэрафонія — вельмі распаўсюджаны стыль выканання народных песень у славянскім фальклоры. У беларускай народнай песеннай традыцыі гетэрафонія ўяўляе сабой у асноўным эпізадычнае адхіленне голасу ці галасоў ад асноўнай мелодыі. Менавіта гэтыя адхіленні ствараюць так званыя «пералівы».
Спевы з «пералівамі» распаўсюджаны ў Магілёўскай вобласці і на Усходнім Палессі. Яны вызначаюцца яскравым полірытмічным малюнкам меласу, які абумоўлівае багатую арнаментаваную мелодыку. Паводле сведчання этнамузыказнаўцы 3. Я. Мажэйка, на Палессі існуе два тыпы гетэрафоннага стылю выканання. Першы — заснаваны на разнастайнай рытміцы арнаменту і разгортваецца ў гарызантальным накірунку. Для другога тыпу характэрны элементы бурдона, і пабудаваны ён па вертыкалі.
Вельмі маляўнічымі з’яўляюцца народныя спевы з «падводкай». Тэрмін «спевы з «падводкай» таксама запазычаны навукай з народнай тэрміналогіі. На Палессі з «падводкай» выконваюць звычайна лірычныя, а таксама бяседныя песні.
Пры спевах з «падводкай» вельмі важна, каб быў моцны ніжні голас, які ўтварае фундамент для «падгалоска». Імправізацыя характэрна для ніжняга і верхняга галасоў, але для «падводкі» гэта галоўная ўмова і паказчык творчага майстэрства. Асноўная мелодыя песні гучыць заўсёды ў ніжнім голасе.
Такім чынам, на Палессі выконваюцца шматгалосыя песні двух тыпаў — спевы з «пералівамі», якім уласцівы ўнісонныя гетэрафонныя адхіленні ад асноўнага напеву, і спевы з «падводкай», дзе свядома галасы раздзяляюцца на два, што знайшло замацаванне ў народнай тэрміналогіі — «басаваць» і «падводзіць».
Звычайна ў мінулым спевы з «падводкай» бытавалі на вуліцы, на вольнай прасторы, на полі.
Пры шматгалосых спевах з «пералівамі» і з «падводкай» выкарыстоўваюцца такія выканаўчыя прыёмы, як «закідванне» гуку ўверх і заканчэнне песні глісанда. Палескія спевы з «падводкай», з іх раздзяленнем на дзве дакладныя партыі, уяўляюць сабой самастойныя лады.
Галасныя спевы распаўсюджаны на поўдні Беларусі. Гэтыя песні, распеўныя па сваёй будове, выконваюцца вясной і летам. Яны разлічаны на выкананне ў лесе, на лузе, на рацэ. Для галасных песень уласцівы доўгія гукі, ферматы, воклічы «гу» ў веснавых песнях, глісанда і інш. Выканаўца галасных песень быццам зачаравана слухае сябе і тыя адгалоскі, якія ўзнікаюць пры спевах веснавых і жніўных песень.